«КАЛІ ЁН УЖО НАБЕГАЕЦЦА». ЛЯВОН АНАЦКА БЕГАЕ СУТКАМІ І ХУТКА «АБАГНЕ» ЗЯМЛЮ ПА ЭКВАТАРЫ

Свой першы звышмарафон Лявон Анацка з Ліды прабег у 2015 годе. Спартыўнага досведу ў 54-гадовага Лявона зусім не было. Тады за 12 гадзін ён адолеў 67 кіламетраў. За 4 наступныя гады прабег больш за 40 звышмарафонаў – каля 30 000 кіламетраў. Гэта больш за палову даўжыні зямнога экватару. Летась ён арганізаваў у Лідзе Міжнародны клуб ультрамарафону ULTRARUN VERAS, а сёлета збіраецца першым з беларусаў паўдзельнічаць у забегу на 5000 кіламетраў у Нью-Ёрку.

"ТЫ НІ З КІМ НЕ ЗМАГАЕШСЯ"

“Усе жыццё па-большасці займаўся фізічнай працай, хаця і вучыўся, і ў войску служыў. Але любіў на ровары ездзіць, па лесе хадзіць пешшу. Бегаць не вельмі любіў, але таксама бывала”, – узгадвае Лявон Анацка.

Пра першы звышмарафон ён кажа, што было добра, але мала. Таму праз два месяцы паехаў у Кіеў, на суткавы забег. Там за суткі прабег ужо 136 кіламетраў. Праз паўгода ў Вінніцы на 48-гадзінным забегу набраў 221 кіламетр. Пасля гэтага – “пайшло-паехала”.

“Звычайна ўсе здзіўляюцца, як гэта можна пачаць бегаць нават не з марафона, а з ультрамарафона. То зараз я ўсім кажу – калі няма ніякай падрыхтоўкі фізічнай, лягчэй пачынаць менавіта так. На суткі запісацца, ці на двое. Чым больш – тым лягчэй. І псіхалагічна быць гатовым, што ты ні з кім не змагаешся. Ва ультрамарафоне побач не супернікі, а калегі. Ты перамагаеш сябе, бяжыш са сваімі сябрамі-аднадумцамі, вучышся ў іх”.

Галоўнае – размеркаваць сілы і не стартаваць вельмі імкліва. “Гэта вельмі хочацца зрабіць, пакуль сіл шмат. Але першых шэсць гадзін трэба стрымліваць сябе. Бо небяспечна перасіліцца”.

Найлепшая крыніца энергіі на забегу – садавіна і гародніна, лічыць Анацка. “Яблыкі ці тапінамбур заўсёды з сабой бяру. Лімон з вадой – гэта ідэальна. Пасля 4-6 гадзін перакусы прапануюць. Я прашу капусты якой квашанай. Мяса ці кава не пойдзе, салодкае – таксама. Гэта можна сабе дазволіць у апошнія некалькі гадзін”.

Але самае галоўнае на звышдоўгай дыстанцыі не вынік, а адчуванне на фінішы, мяркуе Анацка. “Калі на апошніх гадзінах  ты радасны, можаш добра фінішаваць і потым хочаш пабегчы яшчэ  – то ўсё атрымалася. У мяне пакуль так і ёсць”.

"АДНАЎЛЯЮСЯ Ў БЕГУ"

Звычайна марафонцам патрэбны адпачынак пасля дыстанцыі. Але звышмарафон – трохі іншая справа.

“Я аднаўляюся ў бегу. Я так адпачываю. Калі рыхтаваў двухсуткавы забег у Лідзе, то на старце атрымаў задавальненне. Уся гэта нерватропка арганізатарская: адбудзецца – не адбудзецца, прыедзе нехта – не прыедзе, гэта вельмі выматвае. Дзесяцісуткавага забега ў Нью-Ёрку чакаю, каб адпачыць. Паглядзець людзей, пахадзіць з імі, пабегаць. Не стаўлю мэты неверагодныя тэмпы трымаць”.

У Амерыцы за 10 сутак Анацка плануе прабегчы каля 1000 кіламетраў. Гэта той мінімум, каторы патрэбен, каб патрапіць на наступнае запланаванае ім спаборніцтва – 3100 міль ці без малога 5000 кіламетраў.

“Гэта самы круты забег! Кожны год на яго бяруць толькі 12 чалавек. Усяго 37 чалавек у свеце яго пераадолелі, уклаўшыся ў нарматыў. Трэба не менш за 93 кіламетры ў суткі прабягаць, каб не знялі з гонкі. З Беларусі ў ім яшчэ ніхто не ўдзельнічаў. Хачу быць першым”.

Каб прабегчы 4987 кіламетраў дыстанцыі патрабуецца каля 50 дзён. Сусветны рэкорд – 41 дзень. Лявон ставіць сабе задачу “выбегчы” з пяцідзесяці. Да слова, гэта выпрабаванне не толькі для чалавечага арганізму, але і для спартыўнага абутку.

“Адзін украінец, пакуль прабег, 14 пар кедаў знасіў, другі 18. Я так думаю, трэба свае лідскія з сабой узяць. Інакш не абыдуся. У іх хутка не пабяжыш, але яны моцныя, хоць не паразбіваюцца. Пару вазьму чырвоных нашых”. Тым больш, што ў досведзе ў бегуна ёсць нават 100-кіламетровы забег у працоўных зімовых ботах.

"Я ЗАЎСЕДЫ БЫЎ БАГАТЫ"

Свае 40 стартаў Анацка ў асноўным аплочваў сам. Часам з выдаткамі на транспарт дапамагала Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі. Але пытанні пра грошы спартсмену задаюць часта. “Я так кажу: заўсёды быў багаты. Бо заўсёды меў, што хацеў. Чалавек багаты, калі мае дастаткова грошай. Мне іх хапала да сёняшняга дня. Зараз адчуваю, што можа не хапіць. Значыць, ёсць падстава станавіцца багацейшым, зарабляць больш”.

Наконт паездкі ў Амерыку пакуль што “прасіць не хочацца”, кажа Анацка і спадзяецца абыйсціся ўласнымі сродкамі. “Адзінае пытанне, калі за другі забег трэба будзе плаціць, бо я маю толькі на першы. Але калі я ў Беларусі за 100 долараў выжываў, то мо і там з голаду не памру. Мо на забег знайду. Ёсць там знаемыя, ёсць царква наша беларуская. Калі зусім не будзе чаго есці, то ёсць куды пайсці, каб пакармілі. Працы не баюся ніякай. Можа ў царкве нешта зраблю, можа якое ахвяраванне будзе. Закон парушаць не збіраюся. Зімой у Лондане я выжыў, то летам у Нью-Ёрку таксама не прападу”.

"ЖЫЦЦЁ - ТОЙ САМЫ МАРАФОН"

На дыстанцыі – як у жыцці: “Спачатку цяжка, а потым ужо і фініш, – жартуе Анацка. – Цікава, хто як стартуе, хто як фінішуе. Мне хочацца фінішаваць добра. Я ўжо 3-4 гады бегаю, 6-8 гадоў на марафоны сабе яшчэ пакідаю. То зараз, на фінішы жыцця, трошкі паскараюся”.

Незвычайнае захапленне Лявона Анацкі бегам прыцягвае да яго увагу людзей. “На мяне зараз шмат хто глядзіць. Адны чакаюць, калі ўжо ён набегаецца, ці ў якую бальніцу нарэшце пойдзе. А мне хочацца паказаць іншае. Што я, наадварот, сябе лепш адчуваю і паўсвету ўжо пабачыў. Пачынаў з Польшчы ці Грэцыі, а во зараз у Нью-Ёрк з’езджу, потым яшчэ дзе па свеце пакатаюся. Адчуваю, што ў мяне сілы на гэта ёсць і жаданне. Баяцца няма чаго. Фініш у мяне ўжо пачаўся. Асноўную частку жыцця я пражыў. Напрацаваўся ўжо за траіх фізічна, і хаты будаваў, і дрэвы садзіў, дваіх сыноў і дачку маю, дзякуй богу. Зараз час на тое, каб для сябе паэксперыментаваць”.

З іншага боку, сталаму чалавеку прасцей заявіцца на такую дыстанцыю нават з пункту гледжання асабістага часу. “Дзеці выраслі, магу сабе дазволіць. Калі малыя і есці просяць, то на суткі не пабяжыш”.

Сталыя спартсмены, паводле Анацкі, гэта карысныя ўдзельнікі ўльтрамарафонскай каманды. Для моладзі бегчы суткі складана, бо яны любяць “смак хуткасці” і не прывыклі сябе стрымліваць. А сталым ёсць сэнс паспрабаваць сябе ў суткавым бегу ці звышмарафоне хаця б дзеля таго, каб зноў адчуць сябе маладым.

ДОБРЫ ШАНЕЦ ПАЧАЦЬ І ПАДТРЫМАЦЬ КАМАНДУ

Самы галоўны сёлета забег для каманды – Чэмпіянат свету па суткавым бегу ў Францыі, у горадзе Альбі 26-27 кастрычніка. На яго Лявон збірае каманду з 18 чалавек – па 6 жанчын і мужчын у асноўны склад і па трое запасных.

Падтрымка ад Беларускай федерацыі лёгкай атлетыкі можа быць толькі ў выглядзе формы для бегуноў і ў аплаце часткі заявак на ўдзел. На большае разлічваць не прыходзіца. Суткавы бег не з’яўляецца алімпійскім відам спорту і не належыць да прыярытэтных спаборніцтваў.

Іншым спонсарам таксама цяжка патлумачыць неабходнасць падтрымкі: “На гэта глядзяць як на дзівацтва: столькі дзён бегаць, вы што здурэлі? Рабіць больш няма чаго?”

Таму для падтрымкі каманды Анацка ладзіць турыстычна-спартыўны праект, паўдзельнічаць у каторым зможа кожны ахвотны. Мяркуецца замовіць вялікі аўтобус і выправіцца ў падарожжа на 20 дзён, каб наведаць 6 краін свету і прабегчы звышмарафон.  У маршруце падарожжа – 10 еўрапейскіх гарадоў: Брэст, Кёльн, Вертон, Парыж, Альбі, Мілан, Венецыя, Браціслава, Будапешт, Львоў. Паездка мае пачацца 19 кастрычніка і працягвацца да 2 лістапада.

“Усім кажу – паедзьце з намі на спаборніцтвы – гэта і будзе спонсарства. Гэтымі складкамі вы падтрымаеце тых, каторыя пабягуць. Чым больш людзей, тым цікавей. Калі 500 чалавек на трасе – трошкі іншы настрой чым калі 5”.

Самым смелым Лявон прапануе не адмаўляцца і ад магчымасці прабегчы свой першы звышмарафон: “За суткі 43 кіламетры можна і пешшу адолець. Прайшлі – і вы звышмарафонец! Мо наступным разам не 43, а 73 ці 100 кіламетраў будзе. Пачынаць лепш з таго, што я здаровы і магу ісці”.

Па папярэдніх падліках, кошт падарожжа складзе каля 400 долараў з турыста. “Лепш павольней будзем рухацца, затое не стомімся і свет паглядзім. Не так, каб прыляцеў, прабег і усё, Парыж нават не пабачыўшы”.

Лявон плануе падарожжа такім чынам, каб спыняцца ў цікавых гарадах па маршруце і ночыць у хосталах. Яго меркаваннем, такое падарожжа  – гэта магчымасць атрымаць неабходны для забегу пазітыўны эмацыйны зарад. А за пару дзён да старту група мае прыбыць у Альбі, каб спартсмены змаглі адпачыць і акліматызавацца.

Калі вы натхніліся і не супраць паўдзельнічаць – ёсць магчымасць папярэдне паспрабаваць сябе ў забегу на 24 ці 12 гадзін бліжэй да Гродна. Найбліжэйшыя па часе спаборніцтвы ладзіць Шчучынскі клуб прыхільнікаў бегу “Аматар” 17 жніўня 2019 года.

***

Источник: grodno.life