Навіны
ДВУХРАЗОВАЯ ПЕРАМОЖЦА ПЕРШЫНСТВА КРАІНЫ СВЯТЛАНА КЕЗІК ПРА ПЕРАМОЖНЫ ЗАБЕГ НА 1500М
10 Июля 2020
354

На мінулым тыдні ў Гродне завяршылася першынство краіны сярод юнакоў і дзяўчат 2005-2006гг.н., якое парадавала цікавай барацьбой і добрымі вынікамі. Адной з гераінь спаборніцтваў стала юная бягуння з Віцебскай вобласці Святлана Кезік, якая ўзімку двойчы станавілася пераможцай спартакіяды ДЮСШ Рэспублікі Беларусь. Пасля таго, як у першы дзень спаборніцтваў гэтая дзяўчына ў бліскучым стылі выйграла дыстанцыю 1500м з новым асабістым рэкордам (4: 52.16), мы пагутарылі з ёй аб мінулым забегу, паказаным выніку, саперніцах, трэнеру і працэсе падрыхтоўкі. Забягаючы наперад, скажам, што на наступны дзень пасля дадзенага інтэрв'ю Света атрымала другую перамогу, фінішаваўшы першай у бегу на 3000м, а таксама была прызнана адной з лепшых спартсменак мінулага старту!

Света, распавядзі, калі ласка, пра свае адчуванні ад бегу.

- Калі я даведалася пра свой час, я была адначасова і ў шоку, і вельмі рада, што здолела паказаць такі вынік. Даўно хацела выбегчы з 5 хвілін. Гэта вельмі моцна і вельмі класна!

Напярэдадні старту мы разважалі пра тое, чаго чакаць ад першага дня спаборніцтваў, і, у тым ліку, ставілі і на тое, што ў бегу на 1500м у дзяўчат мы цалкам можам убачыць на фінішы час з 5 хвілін. У свой час і Майя Танкіх, і Насця Палуян упэўнена "мянялі" гэту рубеж. Мы сталі сведкамі таго, як і ты гэта зрабіла, прычым спачатку складалася адчуванне, што забег пачаўся павольна. Але праз паўтара круга ты рэзка дадала, дзяўчынкі спрабавалі за табой зачапіцца, але ў выніку гэта нікому так і не ўдалося. 

Распавядзі, каклі ласка, пра тактыку бегу. Гэта было зроблена па тваіх адчуваннях ці вы загадзя ўсё прагаварылі з трэнерам?

- Часткова гэта ішло ад мяне, часткова ад трэнера. Да спаборніцтваў я прадумвала, як мне лепш бегчы, і калі б я паскорылася, напрыклад, толькі на апошнім крузе, мне здаецца, мяне б маглі абагнаць. Таму я вырашыла зрабіць гэта за два круга да фінішу і паглядзець, што будзе.

І мы ўсе ўбачылі: ты чэмпіёнка Рэспублікі. Колькі табе зараз гадоў?

- Чатырнаццаць 3 жніўня споўніцца пятнаццаць.

І ты ўжо не ў першы раз на п'едэстале першынства краіны?

- Так, зімой на рэспубліканскай спартакіядзе ў Гомелі я таксама атрымала перамогу.

А колькі ты ўжо займаешся лёгкай атлетыкай?

- Атрымліваецца, што заканчваецца другі год маіх сур'ёзных заняткаў. Да таго, як я паступіла ў вучылішча алімпійскага рэзерву, я магла часам прапускаць трэніроўкі, але цяпер я старанна працую, і ў мяне пачынае нешта атрымлівацца.


Ты паверыла ў сябе?

- Так!

Дзе цябе знайшла твой трэнер? І з якога ты горада родам?

- Яна ўбачыла мяне зімой на першынстве вобласці, якое праходзіла ў горадзе Віцебску. А сама я з горада Мёры.

Што можаш сказаць пра свайго трэнера?

- Майго трэнера клічуць Вініцкая Алена Мікалаеўна. Яна вельмі добрая, і яна даволі шмат уклала ў мяне для таго, каб я паказала добры вынік. Калі ў нейкія моманты ў мяне нешта не атрымліваецца, яна заўсёды падтрымлівае, дапамагае, кажа, як трэба. Я вельмі моцна люблю свайго трэнера і вельмі рада, што яна са мной працуе.

Гэта прыгожыя словы. За два гады ты дамаглася сапраўды добрага прагрэсу. Дыстанцыю 1500м табе параіла трэнер, чаму не 800м?

- Мне лягчэй пераадольваць доўгія дыстанцыі, на 800м і менш мяне б проста не хапіла: у мяне вельмі моцна забіваюцца рукі, і я ледзь-ледзь магу дабегчы.

Гэта значыць, такую хуткасць ты не можаш вытрываць?

- Так.

Але па гэтым забегу было відаць, як ты спачатку трохі стрымлівала сябе, разбягалася, а потым адчула, што ты можаш вытрымаць гэты тэмп, і "дала".

Метраў за 150 да фінішу было відаць, што ты пачала падтрасаць рукі.

- Калі я бягу, у мяне могуць вельмі моцна забіцца альбо рукі, альбо ногі. Звычайна гэта адбываецца пад канец дыстанцыі, і я стараюся іх крыху паслабіць, каб добра фінішаваць.

У гэтым ёсць твой патэнцыял: калі вы з трэнерам напрацуеце гэты моманты, то зможаш дадаваць яшчэ. Ты адчуваеш гэта?

- Так.


Раскажы, калі ласка, пра сваіх саперніц. Хто, як ты думала перад спаборніцтвамі, табе мог даць бой?

- Я думала, што ў нас у забегу будзе добры фініш і мы будзем змагацца з Насцяй Леў з Гомеля. Чакала, што мы дабяжым разам.

Ты казала, што здзівілася, даведаўшыся пра свой час. Калі б не глядзела на табло пасля фінішу, як бы ты думала, з якім вынікам прабегла дыстанцыю?

- Я, вядома, адчувала, што выбегу з 5 хвілін, але не настолькі. Думала, што, магчыма, дзесьці 4:58-4:59. 04:52 я наогул не чакала.

Атрымліваецца, што ты скінула 10 секунд са свайго асабістага рэкорду?

- Так.

Тады настаў час спытаць, як табе гродзенская дарожка, як гэты стадыён?

- Тут добры стадыён і нядрэнныя дарожкі.

Гэта пакрыццё Mondo, яно ўкладвалася для падрыхтоўкі лёгкаатлетаў да Алімпійскіх гульняў яшчэ перад Пекінам. Таму гэта дарожка адна з лепшых у краіне.

- Так, мне спадабалася. Добра беглася.

Ты першы раз у Гродна?

- Не, ужо другі. Год таму, таксама ўлетку, тут праходзіла рэспубліканская спартакіяда школьнікаў таксама сярод 2005-2006гг.н. Толькі я выступала на дыстанцыях 1000м і 2000м.

Табе падабаецца падарожнічаць?

- Так, гэта цікава. Асабліва прыязджаць у гарады, у якіх яшчэ ні разу не была.

Што табе спадабалася ў Гродна?

- Сам горад вельмі прыгожы.

Але і Міёры таксама прыгожы горад. У вучылішчы сумуеш па сваёй малой радзіме?

- Часам бывае, што хочацца дадому. Але звычайна, калі захоплены працэсам, прывыкаеш і не сумуеш.

Колькі трэніровак ты выконваеш у тыдзень?

- З панядзелка па пятніцу ў мяне па дзве трэніроўкі ў дзень, акрамя серады і чацвярга, і яшчэ адна трэніроўка ў суботу. Нядзеля - выхадны.


А колькі доўжыцца твая трэніроўка?

- Гадзіну-паўтары.

Усё правільна. У тваім узросце трэба паступова ўцягвацца ў працу, і твой трэнер малайчына, што беражэ цябе для таго, каб ты стала сапраўды вялікай спартсменкай. Ты хочаш дасягнуць самых яркіх вышынь у спорце, такіх як выступленне на Алімпійскіх гульнях?

- Так, я вельмі моцна буду старацца для гэтага. І сапраўды я хачу паказваць у будучыні добрыя вынікі, каб і я была задаволеная сабой, і мой трэнер. 

Пакуль ты робіш толькі першыя крокі ў спорце, але ты б хацела быць у зборнай Беларусі?

- Так, напэўна.

Для гэтага трэба быць лепшай у краіне. Ты ж яшчэ не выступала на міжнародных стартах?

- Пакуль не.

Значыць, у цябе яшчэ ўсё наперадзе. Ты адразу зразумееш, што гэта за атмасфера, і як гэта быць часткай вялікай каманды. Мы рады тваім першым поспехам, перамогам, прыгожаму бегу і добрым вынікам. Твой трэнер вялікі энтузіяст. Мы рады, што такія хлопцы і дзяўчаты падрастаюць у нас у краіне, і мы жадаем табе пасябраваць з лёгкай атлетыкай на доўгія гады і праслаўляць Беларусь за мяжой на самых буйных спаборніцтвах. Поспеху табе!

 

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ