26 ВЕРАСНЯ ПРАЙШОЎ АРШАНСКІ ПАЎМАРАФОН
28 ВЕРАСНЯ 2020
79


У гэтым годзе вось ужо ў другі раз у Оршы прайшоў забег пад эгідай Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, на гэты раз – паўмарафон. Усім вядомыя прычыны, чаму гэты сезон апынуўся настолькі скамечаным і небагатым на старты. Аднак для тых, хто прагнуў пераадолець класічную паўмарафонскую дыстанцыю, шанец зрабіць гэта прадставіўся менавіта ў Оршы 26 верасня. Удзельнікі гэтай бегавой падзеі не толькі праверылі сябе на трываласць, але і прабеглі па цэнтральных вуліцах горада і наведалі культурныя цэнтры Оршы. Старт і фініш размясціліся ў самым цэнтры горада побач з Замкавай гарой – астравок на месцы зліцця Дняпра і Аршыцы. Менавіта тут у канцы 14-га стагоддзя быў заснаваны легендарны Аршанскі замак, які ўстойліва вытрымаў столькі аблог і быў цалкам разбураны ў гады Паўночнай вайны. Недалёка ад старту размяшчаецца Езуіцкі калегіум, які лічыцца галоўнай славутасцю і сімвалам Оршы. Ён памятае імператара Францыі Напалеона Банапарта, які кватараваў тут у 1812 годзе, адыходзячы з Масквы, і Мары-Анры Бейля, які больш вядомы як Стэндаль. «Орша – мой любы горад, мая спрадвечная маці…» – так казаў пра месца, дзе нарадзіўся, вучыўся і вырас класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. Сімвал Аршанскага паўмарафону – кветка лёну, які сімвалізуе знакамітую льняную вытворчасць у Оршы. Арганізатары пастараліся стварыць святочную абстаноўку падчас правядзення мерапрыемства, падрыхтавалі арыгінальныя і прыгожыя медалі фінішорам.

Спартыўнае свята адкрылася сямейным забегам на два кіламетры. Перад стартам да ўдзельнікаў, арганізатараў і гледачоў забегу звярнуўся намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Калачоў Віктар Сцяпанавіч:


- Паважаныя аматары бегу, аршанцы і госці нашага раёна. Вось ужо другі год запар пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі праводзіць Аршанскі паўмарафон. Бег – гэта, напэўна, самы дэмакратычны і даступны від спорту, які аб'ядноўвае мільёны людзей ва ўсім свеце. Правядзенне дадзенага спартыўнага мерапрыемства – гэта не толькі папулярызацыя бегу, але таксама і папулярызацыя здаровага ладу жыцця. А здароўе – гэта заклад будучай нацыі. Вельмі прыемна, што эпідэміялагічная сітуацыя не перашкодзіла нам правесці гэтае мерапрыемства. Дазвольце мне ад асобы Аршанскага раённага выканаўчага камітэта павіншаваць вас з правядзеннем дадзенага спартыўнага свята, пажадаць вам моцнага здароўя, удалага старту і добрага фінішу. Няхай пераможа наймацнейшы! Са святам вас!

У 11.00 па вуліцы Леніна пабеглі бацькі з дзецьмі 3-6 гадоў. Час, за які ўдзельнікі пераадолелі дыстанцыю, суддзі не ўлічвалі. Аднак дзеці і іх бацькі з поўнай адказнасцю падышлі да дадзенага старту і працягвалі змагацца да апошняга метра, пры гэтым атрымліваючы задавальненне ад бегу і выдатнага надвор'я, якое падарыў нам гэты восеньскі суботні дзень.




Амяльковіч Аліна з Оршы распавяла, што ўдзельнічаюць яны са сваёй дачкой у першы раз, а пра забег у сваім горадзе даведаліся ад выхавальнікаў дзіцячага сада:


- Вырашылі з ранняга ўзросту прывіваць дзіцяці любоў да спорту. Магчыма, у далейшым у яе з'явіцца ўнутраная ідэя і жаданне працягваць гэта ў сваім жыцці. Ёсць мноства розных марафонаў: рэспубліканскіх, еўрапейскіх, сусветных. Магчыма, у перспектыве яна захоча ў некаторых з іх паўдзельнічаць.

Апоўдні стартаваў паўмарафон, і адначасова пачаўся забег на 7км. У паўмарафоне маглі ўдзельнічаць спартсмены і аматары бегу не маладзейшыя за 15 гадоў, у забегу на 7км – спартсмены ад 10 гадоў. Рэзультаты фіксаваліся электроннай сістэмай хронаметражу.



У забегу на 7 км абсалютным пераможцам сярод мужчын стаў прадстаўнік Магілёўшчыны Сяргей Карпаў:


- Я ў поўным захапленні. Мне трэба было прыехаць, атрымаць эмоцыі ад такога бегу, бо зараз я з'яўляюся прафесійным спартсменам зборнай, і мне крыху не хапае такіх святочных адчуванняў. Таму я рады, што прыехаў, атрымаў задавальненне. Нават нядрэнна для сябе прабегся! Траса выдатная, дастаткова плыўная, акрамя апошняга адрэзка пад горачку. Але затое потым спуск класны пад фініш, так што, у прынцыпе, усё проста выдатна. Планую рыхтавацца да зімовага сезону, а там, калі адкрыюцца межы, планую адбор на чэмпіянат Еўропы на 1500м.

У забегу на 7 км абсалютнай пераможцай сярод жанчын стала Вольга Ціханоўская з горада Мінска. У гэтым годзе яна ўдзельнічала ў забегах упершыню, паколькі каронавірус умяшаўся ў ход лёгкаатлетычных спаборніцтваў, у літаральным сэнсе перакрэсліўшы каляндар спартсменаў і аматараў. Раней Вольга актыўна ўдзельнічала ў забегах на паўмарафонскія дыстанцыі, а таксама 10 і 5км, а пачала займацца бегам у 2013 годзе. Па рэкамендацыі трэнера сёння яна спынілася на дыстанцыі 7км, каб праверыць форму і «разбегчыся»:


- Нядрэнная дыстанцыя, былі ўздымы. Асаблівых цяжкасцяў не было, бегла адна, спакойна. Хацелася б, вядома, пабольш канкурэнцыі, але для першага старту на год я засталася задаволеная. Зараз з надзеяй гляджу на наступны год.


Пераможца на дыстанцыі 7км сярод жанчын у катэгорыі 20-29 гадоў Анастасія Фірсава прыехала з горада Віцебска і падзялілася сваім сакрэтам поспеху:


- Бегчы было цяжка з-за спякоты, але падтрымка гледачоў і жаданне дабегчы да фінішу перамаглі жаданне сысці з дыстанцыі і пайсці пагуляць, аддыхацца. Гэта мой першы старт у жыцці, і нечакана і прыемна для сябе я стала пераможцай. Мне проста пашанцавала, што не было больш моцных сапернікаў і прафесійных спартсменаў. Да гэтага старту я рыхтавалася з 20 жніўня па 2-3 трэніроўкі на тыдзень. Проста прапанавалі паехаць за кампанію сюды, я і пагадзілася. Пасля перамогі, думаю, дадасца матывацыі ўдзельнічаць і ў іншых забегах.

Мікіта Чахоўскі з г.Магілёва прыйшоў першым да фінішу на дыстанцыі ў 21км:

- Дыстанцыя далася цяжка, таму што дзесьці з трэцяга кіламетра пабег у адрыў з Карпавым Сяргеем, які бег 7 кіламетраў, і прыйшлося рабіць зачын, каб астатнія не даганялі. Псіхалагічна прасцей, калі бачыш, што хтосьці стаміўся, і даганяць яго. Давялося пацярпець першы вялікі круг, а апошнія 7 кіламетраў ужо «замінаўся»: бег павальней, спакайней, таму што не было з кім змагацца, толькі з часам. Але ў цэлым, траса вельмі няпростая. Па мне, нават цяжэй, чым у Мінску. У Оршы я ў першы раз, але відавочна не ў апошні. Людзі вельмі прыязныя. Усе падтрымліваюць, свішчуць, сігналяць клаксонамі веласіпедаў, даюць «пяцюні», махаюць, кажуць словы падтрымкі. Вельмі класна!

Першай паўмарафонскую дыстанцыю сярод жанчын пераадолела Ірына Лапіцкая, якая прадстаўляе клуб аматараў бегу «Сож». Яна засталася задаволеная забегам, добрым надвор'ем і прыгажосцю горада. Ірына адзначыла падтрымку гледачоў па трасе і распавяла, што людзі выходзілі з прыватнага сектара, махалі, крычалі словы падтрымкі, што матывавала спартсменку бегчы хутчэй.



У 14.30 пачаліся дзіцячыя забегі. Круг у 1.5км пераадолелі хлопчыкі, юнакі 9-10, 11-12, 13-15 гадоў. Кіламетр прабеглі дзяўчынкі, дзяўчаты 9-10, 11-12, 13-15 гадоў. На дыстанцыі 800м спаборнічалі хлопчыкі і дзяўчынкі 7-8 гадоў.




Максіменка Ліза з сярэдняй школы №6 горада Оршы заняла сёння 3 месца ва ўзроставай катэгорыі 7-8 гадоў. Удзельнічае юная спартсменка ў Аршанскім забегу ўжо другі год, заняўшы ў мінулым годзе 7 месца:


- У гэтым годзе мне беглася ўжо лягчэй у параўнанні з тым, як гэта было ў мінулым годзе першы раз. Улетку я прымала ўдзел у спаборніцтвах ад МНС і заняла там 3 месца. Зараз хаджу яшчэ і на баскетбол. Так што я актыўна займаюся спортам і люблю актыўна праводзіць час.

Пераможцы на паўмарафонскай дыстанцыі, а таксама на дыстанцыі 7 км у абсалютным першынстве сярод мужчын і жанчын атрымалі грашовыя прызы, а таксама памятныя сувеніры і майкі ОршаПаўмарафон. Усе фінішоры атрымалі памятны медаль. На дыстанцыі 800м, 1км, 1,5 км пераможцы ва ўзроставых групах сярод хлопчыкаў і дзяўчынак былі ўзнагароджаны памятнымі прызамі і майкамі ОршаПаўмарафон, прызёры атрымалі майкі ОршаПаўмарафон, а ўладальнікамі медалёў сталі тыя, хто заняў з 1 па 10 месца.




З поўнымі рэзультатамі, паказанымі на Аршанскім паўмарафоне, вы можаце азнаёміцца ​​ТУТ.

Толькі зарэгістраваныя карыстальнікі могуць пакідаць каментары. Увайдзіце , калі ласка.