Навіны
300 ДЗЁН ДА АЛІМПІЙСКІХ ГУЛЬНЯЎ У ТОКІА!
25 Сентября 2020
314


Кожныя Алімпійскія гульні становяцца падзеяй, якая трывала ўваходзіць у сусветную гісторыю. Не дарма іх называюць галоўным стартам чатырохгоддзя, а атлеты мрояць ім з першых спартыўных крокаў. Такійская Алімпіяда, як і ўвесь 2020 год, дакладна запомняцца надоўга, а пакуль яны яшчэ нават не адбыліся! Да мультыспартыўнага форуму – 300 дзён.

Пра тое, што XXXII Алімпійскія гульні прыме Токіа было абвешчана 7 верасня 2013 года. Гарадамі-канкурэнтамі японскай сталіцы ў вырашальным раўндзе выбарчага працэсу былі турэцкі Стамбул і іспанскі Мадрыд, але абсалютная большасць галасоў была аддадзена менавіта краіне ўзыходзячага сонца. Яна ўжо станавілася гаспадыняй гэтага старту – у 1964 годзе. Гульні 1940 таксама былі запланаваны да правядзення ў Токіа, аднак спачатку апынуліся перанесены ў Хельсінкі з-за ўварвання Японіі ў Кітай, а пасля пачатку Другой сусветнай вайны і зусім адменены.


Сумныя наступствы маглі спасцігнуць Алімпійскія гульні і ў 2020-ым. З-за пандэміі Covid-19 лёс галоўнага спаборніцтва чатырохгоддзя доўга быў смутным, аднак 24 сакавіка было абвешчана аб пераносе Гульняў на год пазней. Яркая ўрачыстая цырымонія адкрыцця, за якой традыцыйна назірае ўвесь свет, пройдзе 23 ліпеня 2021 года. Кваліфікацыйныя турніры ў некаторых відах спорту стартуюць на дзень раней, а 25 ліпеня вызначацца першыя алімпійскія чэмпіёны!

Каралева спорту будзе жыць на Нацыянальным стадыёне з 31 ліпеня па 8 жніўня. У заключны дзень Алімпійскіх гульняў – 9 жніўня – будзе разыграны фінальны камплект узнагарод у марафоне сярод мужчын, якія, як і жанчыны і прадстаўнікі спартыўнай хадзьбы, будуць пераадольваць сваю дыстанцыю ў больш паўночным і пагодна спрыяльным Сапара.

Многія спартсмены ўжо зрабілі крок на чарговы віток сваёй падрыхтоўкі да доўгачаканага старту. Сёння ў скарбонцы нашай краіны, нагадаем, значацца 17 лёгкаатлетычных ліцэнзій. Іх уладальнікамі з'яўляюцца марафонкі Вольга Мазуронак, Настасся Іванова і Ніна Савіна, вышыннікі Максім Недасекаў і Карына Дзямідзік, бар'ерысткі Аліна Талай і Эльвіра Герман, хадакі Дзмітрый Дзюбін, Ганна Церлюкевіч і Вікторыя Рашчупкіна, малатабойцы Глеб Дудараў і Ганна Малышчык, кап’якідальніца Таццяна Халадовіч, шаставічка Ірына Жук, штурхальніца ядра Алёна Дубіцкая, спрынтарша Крысціна Ціманоўская і бягуння на 1500м Дар'я Барысевіч. Несумненна, гэты спіс яшчэ папоўніцца. А пакуль кожны дзень набліжае нас да таго моманту, калі спартсмены ступяць на алімпійскую дарожку, каб выканаць сваю мару!

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ