АГЛЯД СНЕЖАНЬСКІХ АБЛАСНЫХ СПАБОРНІЦТВАЎ. ЧАСТКА ПЕРШАЯ
28 СНЕЖНЯ 2020
51


Снежань – традыцыйны час абласных юнацкіх першынстваў, якія становяцца важным этапам фарміравання каманд на наступныя рэспубліканскія старты. З-за эпідэміялагічнага становішча не ўсе рэгіёны правялі спаборніцтвы, але ў некаторых усё ж рэзерв паспеў даволі-такі нядрэнна праявіць сябе. У гэтыя пераднавагоднія дні мы хочам здзейсніць агляд гэтых лёгкаатлетычных падзей і пазнаёміць вас з рэзультатамі, дастойнымі ўвагі.

Спартакіяда ДЮСШ Магілёўскай вобласці сярод юнакоў і дзяўчат 2004-2005гг.н.

16-17 снежня 2020


16 і 17 снежня ў магілёўскім спартыўным комплексе "Алімпіец" спаборнічалі юнакі і дзяўчаты старэйшай узроставай групы. Здзівіла сваім з'яўленнем на старце бегавых дысцыплін рэкардсменка краіны U18 у трайным скачку Анастасія Дрозд (2004г.н.) з Клічава. Яна стала пераможцай у бегу на 400м з рэзультатам 58.8 і на 200м з рэзультатам 25.8. Двойчы паднялася на найвышэйшую прыступку п'едэстала магіляўчанка Карына Кавалькова (2004г.н.), якая фінішавала першай на 60м (8.08) і 60м з бар'ерамі (8.5 р/х).

Традыцыйна нядрэннымі для пачатку сезона секундамі адзначыліся прадстаўнікі відаў вынослівасці. Магілёвец Ягор Рыжкоў (2004г.н.) выйграў 1500м з рэзультатам 4:11.0. Уладзіслаў Гарбулін (2004г.н.) з Бабруйска паказаў 9:13.8 на дыстанцыі 3000м. Яго калега па трэніроўках Дзіяна Будніцкая (2005г.н.) перапісала асабістыя рэкорды на "паўтарашцы" (4:56.4) і "тройцы" (10:45.5). Максім Нейштэтар і Алег Багдзевіч (абодва 2005г.н.), навучэнцы ў магілёўскім ВАР, паказалі адпаведна 6:28.0 і 6:29.8 на 2000м з перашкодамі.

Магілёўскі атлет Яраслаў Клімаў (2004г.н.), якога мы часцей бачым у сектары для скачка ў вышыню, выйграў спаборніцтвы ў сямібор'і, набраўшы 4270 ачкоў. Адзначым, што ў рамках мнагабор'я ён пераадолеў планку на адзнацы 2.08, што стала новым асабістым рэкордам маладога спартсмена. У астатніх відах праграмы ён паказаў наступныя рэзультаты: 60м – 7.30, даўжыня – 6.20, ядро – 11.18, 60м з бар'ерамі – 8.80, 1000м – 3:03.08.

У камандным заліку сярод раённых спартыўных школ перамогу адсвяткавала ДЮСШ г. Круглае, сярод гарадскіх – магілёўская СДЮШАР №5.

ВЫНІКОВЫЯ ПРАТАКОЛЫ

***

Спартакіяда ДЮСШ Брэсцкай вобласці сярод юнакоў і дзяўчат 2006-2007гг.н.

20-21 снежня 2020


Юнакі і дзяўчаты малодшай узроставай катэгорыі спаборнічалі на базе Брэсцкага абласнога ЦАР па лёгкай атлетыцы 20 і 21 снежня. Кобрынская бягуння Ксенія Бенедзіктовіч (2007г.н.) перапісала асабістыя рэкорды на дыстанцыях 400м (1:02.59) і 200м (27.07) і выйграла абодва віды праграмы. Скакуха з шастом Дар'я Мартысевіч (2006г.н.), якая прадстаўляе Бярозу, стала другой у бегу на круг з рэзультатам 27.10 і атрымала перамогу ў сваім асноўным відзе, узляцеўшы на 3.00.

Пінчанка Юлія Некрашэвіч (2007г.н.) выйграла фінал на 60м сярод дзяўчат, паказаўшы 8.181 і на 6 тысячных секунды апярэдзіўшы Дар'ю Шугай (2006г.н.) з Кобрына – 8.187. Пінская лёгкаатлетка Дар'я Пратасевіч (2007г.н.) адзначылася рэзультатам 5:10.45 на дыстанцыі 1500м. Пераможнымі дублямі ў спартыўнай хадзьбе адзначыліся берасцейцы Уладзіслаў і Уладзіслава Алясюк (абодва 2006г.н.). Улад пакрочыў 2000м за 9:24.94, а 3000м – за 14:16.8, Улада на гэтых дыстанцыях паказала адпаведна 10:01.60 і 16:00.37

Берасцеец Радзівон Гусеў (2006г.н.) паляцеў за 6-метровую рысу ў скачку ў даўжыню – 6.07, а таксама стаў першым і ў сектары для трайнога, дзе паказаў рэзультат 12.79. Яго калега па камандзе Лізавета Бойка (2006г.н.) першынствавала ў сектары для штурхання ядра – 13.02. Баранавіцкі спартсмен Даніла Лагвіненка (2006г.н.) набраў добрую суму ў шасцібор’е3644 ачкі, зафіксаваўшы наступныя рэзультаты: 60м – 7.77, даўжыня – 5.87, ядро – 9.81, 60м з бар'ерамі – 8.91, вышыня – 1.77, 1000м – 3:05.14.

Упэўненую перамогу ў спаборніцтвах адсвяткавала каманда Брэсцкай ОЦСДЮШАР прафсаюзаў. Другое і трэцяе месцы занялі СДЮШАР №2 г. Баранавічы і ДЮСШ г. Бяроза адпаведна.

ВЫНІКОВЫЯ ПРАТАКОЛЫ

***

Спартакіяда ДЮСШ Магілёўскай вобласці сярод юнакоў і дзяўчат 2006-2007гг.н.

22-23 снежня 2020


22 снежня ў барацьбу ўступілі магілёўскія лёгкаатлеты малодшага ўзросту. Прадстаўніца Шклова Дар'я Маршалка (2006г.н.) пераадолела 3-тысячны рубеж у пяцібор'і, набраўшы па выніках спаборніцтваў 3005 ачкоў. Яна прабегла 60м з бар'ерамі за 9.7, узляцела на 1.49 у вышыню, штурхнула ядро на 10.94, скокнула ў даўжыню на 4.79 і паказала 2:38.7 на 800м.

Вераніка Бурдаева (2006г.н.) з Бабруйска атрымала перамогу на дыстанцыі 400м з нядрэннымі секундамі – 1:01.8. Яшчэ адна прадстаўніца гэтага ж горада Валерыя Кучумава (2006г.н.) стала найхуткай у бегу на 60м з рэзультатам 8.20, а таксама фінішавала першай на 200м – 27.3. Магілёўская бягуння Дар'я Краўцова (2006г.н.) зафіксавала 2:27.0 на 800м. Лізавета Лістападава (2006г.н.) з Касцюковічаў пераадолела 1.55 у сектары для скачка ў вышыню. Магіляўчанка Дар'я Ласікава (2007г.н.) выйграла дзве дыстанцыі ў спартыўнай хадзьбе, паказаўшы 10.08.2 на 2000м і 15:40.0 на 3000м.

Сярод гарадскіх каманд пераможцамі сталі прадстаўнікі магілёўскай СДЮШАР №5. сярод раённых СУСУ роўных не было атлетам са СДЮШАР Крычаўскага раёна.

ВЫНІКОВЫЯ ПРАТАКОЛЫ