АЛЯКСАНДРА КОНЬШЫНА - ЧЭМПІЁНКА ЕЎРОПЫ СЯРОД МОЛАДЗІ Ў КІДАННІ КАП'Я!
11 ЛIПЕНЯ 2021
34


У ранішняй праграме заключнага дня моладзевага чэмпіянату Еўропы беларуска Аляксандра Коньшына атрымала перамогу ў кіданні кап'я  з новым асабістым рэкордам - 59.14!

Саша пачала выступ з спробаў на 53.13 і 53.22, а ў трэцім выхадзе ў сектар адправіла снарад на адзнаку 59.14! На галоўным старце сезона спартсменка абнавіла асабістае дасягненне, якое трымалася з лютага 2019-га года!

Яна больш чым на паўтара метра абышла найбліжэйшую саперніцу: сярэбраным прызёрам спаборніцтваў з вынікам 57.37 стала турчанка Мунеўвер Ханджы, якая з'яўлялася адной з галоўных фаварытак чэмпіянату. Бронзу заваявала Францужанка Джона Эгуі - 55.82. На чацвёртым радку спынілася яшчэ адна беларуская спартсменка Ганна Каліноўская, у лепшай спробе якая паказала 53.91. У трэцяй беларускі Карыны Буткевіч выступ, на жаль, не задаўся - яна стала адзінаццатай з вынікам 47.74.


Пераможца пракаментавала сваё выступленне арганізатарам спаборніцтваў:

- Выходзячы на старт, я хацела не падвесці свайго трэнера і каманду. Мне ўдалося палепшыць асабісты рэкорд, таму я лічу, што выканала сваю задачу, а залаты медаль - выдатны бонус і ўзнагарода для мяне і маёй каманды! Вядома, тэхнічна гэтая спроба не была ідэальнай. Так што я думаю, што магу кідаць яшчэ далей. Я хачу падзякаваць свайго трэнера, фізіятэрапеўта і таварышаў па зборнай за вялікую падтрымку і дапамогу. Я адчувала, як яны хварэлі за мяне падчас спаборніцтваў, і гэта было вельмі прыемна! Я вельмі хацела добра выступіць перад імі. На дадзены момант спаборніцкі сезон падыходзіць да канца, і я вяртаюся дадому ў Кобрын, каб там правесці час з сям'ёй.

Мы ад усёй душы віншуем Аляксандру і яе трэнера Мікалая Мікалаевіча Майсеюка з заваяваннем залатой узнагароды чэмпіянату Еўропы U23! Ганарымся вамі і жадаем новых перамог і асабістых дасягненняў у будучыні!

КАЛЯНДАР МЕРАПРЫЕМСТВАЎ
ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ