Навіны
АЛЯКСЕЙ НІЧЫПАР ПРА НОВЫ ФАРМАТ СПАБОРНІЦТВАЎ У ШТУРХАННІ ЯДРА
12 Августа 2020
482

Мы пагутарылі з Аляксеем Нічыпарам адразу пасля заваёўвання чэмпіёнскага тытула ў штурханні ядра. У гэтым годзе ў рамках Беларускіх лёгкаатлетычных гульняў спаборніцтвы штурхальнікаў праходзілі ў новым фармаце – у фармаце гарадскога шоў прама ў цэнтры Мінска на набярэжнай Свіслачы.

Лёша, раскажы, як гэта было?

- Выдатна, выдатна, мне вельмі спадабалася! Выдатны фармат, выдатная атмасфера! Гледачы былі, балельшчыкі, былі сябры са Слоніма, усе хлопцы, сябры, таварышы падтрымлівалі. І ўсе, хто тут быў, нават людзі, якіх я не ведаў і якія мяне не ведалі, кажуць: «Лёха, мы за цябе хварэлі!» Ціснулі адзін аднаму рукі, абдымаліся. Мне спадабалася вельмі!


Мы ўпершыню праводзілі такі фармат менавіта ў штурханні ядра: выйшлі на вуліцу. Андрэй Міхневіч сказаў, што ён пра такі марыў, і шкада, што ў свой час у яго такой магчымасці не было. Вось як ты ацэньваеш працу па арганізацыі?

- Тое, што я бачыў, – усё выдатна. Я не спецыяліст…

Табе было камфортна?

- Так, мне ўсё спадабалася, было выдатна.

Як антураж, атмасфера?

- Гледачы ўсюды!

Як гук, святло, фаер-шоў?

- Вось гук мне трошкі перашкаджаў, таму што мне ў вуха правае страляла. Але я папрасіў зрабіць цішэй, і мне пайшлі насустрач. Святло не перашкаджала... У прынцыпе, калі я ўжо ў сектары, то мне ўжо нічога не перашкаджае.


У свеце такі фармат практыкуецца, і нават у Берліне на чэмпіянаце Еўропы ядро выносілі.

- Вось! Я забыўся, а Вы мне нагадалі! Я думаў, я ні разу не выступаў, а кваліфікацыя ж была!

Так, кваліфікацыя была ў цэнтры горада.

- Так, кваліфікацыя была ў цэнтры города. Усё выдатна, толькі гук для мяне быў занадта гучным. Калі ёсць далёкая сценка, перашкода ў канцы сектара, то здаецца, што ты можаш «заліць» наогул 23 метра. Адзінае, у мяне былі невялікія сумненні: усё-такі на бетоне штурхаем, а тут круг драўляны. Я думаў, калі дождж пойдзе, то будзе слізка. Я не ведаў, будзе дождж або не, і ўзяў некалькі пар абутку з рознай падэшвай.

Гэта сведчыць пра тое, што ты дасведчаны спартсмен! Цяпер раскажы пра свае вынікі і сваі адчуванні: да чаго гатовы быў, што паказаў для сябе, задаволены, не задаволены?

- Вядома, задаволены, таму што я лічу, усё, што за 20 – гэта выдатна. Хоць і на сусветным узроўні – гэта такі сярэдні рэзультат.

Чаму? Можна ў фінал трапляць пры пэўных абставінах. Бывае, і 20.40 праходзіць.

- У прынцыпе, я гатовы штурхаць за 21 нават. Проста я не расштурхаўся яшчэ, у мяне гэта трэці старт. Першы быў на прызы РЦАП, другі Кубак. На Кубку я вельмі моцна хацеў, я адчуваў, што магу «заваліць». Мы з Віктарам Аляксандравічам (заўв. Пензікавым, трэнерам) ведалі, што можам штурхнуць далёка, але тут 50 на 50 было: альбо траплю, альбо не траплю. І не атрымалася сёння паказаць тое, на што гатовы. У мяне літаральна два старты яшчэ: на прызы Міхаіла Жалабоўскага і... А ці будуць яшчэ старты ў Беларусі?


Мы планавалі пасля Жалабоўскага яшчэ ў Брэсце турнір памяці Яўгена Міхайлавіча Шукевіча.

Вось! Я б на Шукевіча з'ездзіў. І, можа, універсіяда ў верасні будзе... Я, у прынцыпе, да канца верасня магу яшчэ штурхаць. Потым 2 тыдні мяняю працу – адпачынак актыўны. І потым падрыхтоўчы перыяд ужо да зімы. Ведаеце, я хачу штурхнуць за 21, разумею, што нарматыў на Алімпіяду яшчэ не залічваюць з-за каронавіруса. Але для сябе, таму што я хачу рэкорд зімовы Андрэя Міхневіча... Дарэчы, ён прыйшоў сёння, дзякуй яму вялікі! Я яго паважаю і лічу вялікім для Беларусі чалавекам. Я сёння сказаў, што штурхану за 21 і ён пажадаў поспехаў.


Выдатна! Упэўненыя, ад душы.

- І зімой хачу падабрацца да 22. Гэта рэальна! Я зараз так аб'ектыўна ацэньваю сябе, калі я добра правяду восень, падрыхтуюся з трэнерам і папрацуем месяцы тры, то ўзімку можна будзе зараджаць вельмі далёка для сябе.

Па Алімпіядзе зразумела: ты ўжо абазначыў, што жадаў бы быць з ліцэнзіяй. А што скажаш пра маладых, якія растуць: Алег Тамашэвіч, Лёша Александровіч, Дзіма Карпук?

- Хлопцы добрыя, яны кураж любяць, як і я. Я нават часам перад спаборніцтвамі пішу: давайце па-добраму такі трэшток устроім у сетцы, каб цікава было. Віталя Парахонька я ўвесь час чапляю, мы ж змагаемся за лепшага спартсмена. Дарэчы, поспехаў усім!

Ты планку падняў, ты маеш рацыю! Бонусы – 1000 рублёў.

- Я ў скакунах не сумняваюся, у Віталіку не сумняваюся і ва ўсіх хлопцах, у прынцыпе. А, молат жа яшчэ! Кап’ё таксама …

Лёша Каткавец можа. Усё роўна ёсць здаровая канкурэнцыя!

- Хлопцы ўсе паказалі дастойныя і высокія вынікі. Я за беларускую лёгкую атлетыку, за адзінства, за яднанне!

Малайчына, Лёша! Прыемна, вядома, што столькі людзей прыйшло. Чакаў? Зразумела, што на лёгкую атлетыку мы гледачоў не напрацавалі. Па тэлевізары ёсць глядач, а вось яшчэ на жывую... Дарэчы Андрэй Гардзееў (заўв. Старшы трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы па відах вынослівасці) казаў, што яму паступіла шмат званкоў са шкадаваннем, маўляў, мы чаму не прыйшлі?! Убачылі карцінку па тэлевізары і ўсё. Ты чакаў столькі людзей?

- Тут жа ўсё-ткі люднае месца, будуць хадзіць – стане цікава. Ды і федэрацыя арганізавала шоў: дзякуй хлопцам з МНС і іх воднаму шоў, фаер-шоў, музыка добрая, ды-джэй круты. Усім яшчэ раз дзякуй: Белтэлерадыёкампаніі, усёй Федэрацыі, вялікі дзякуй трэнеру (заўв. Віктару Аляксандравічу Пензікаву). Ён звышчалавек, прыклад для пераймання. Дзякуй псіхолагу Таццяне.

Чакаў столькі людзей?

- Вядома, чакаў! Не тое, што прыйдуць менавіта на ядро, а будуць гуляць і ўбачаць!


Усё атрымалася! Што чакаў, то і ўбачыў?

- Так! Адзінае, я хацеў далей штурхнуць, але ўсё роўна задаволены рэзультатам!

Серыя добрая!

- Так, праўда, я не асоба памятаю серыю …

4 спробы за 20 метраў.

- Так, я дзве спробы крыху падціснуўся. Але ўсё добра!

***

Мы яшчэ раз віншуем Аляксея Нічыпара і яго трэнера Віктара Аляксандравіча Пензікава з перамогай і жадаем далейшых поспехаў і рэалізацыі намечаных планаў!

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ