АСВОЙВАЕЦЦА Ў СЕКТАРЫ З ДАРОСЛЫМІ І ЗМАГАЕЦЦА З САМОЙ САБОЙ. КАРЫНА БУТКЕВІЧ ПРА КІДАННЕ КАП’Я І ЛЕТНІ СЕЗОН
28 ЖНІЎНЯ 2020
106


Жаночае кіданне кап’я – для Беларусі від асаблівы. Асацыюецца з надзеямі, рэкордамі і медалямі. Галоўным чынам, вядома, дзякуючы заслугам Таццяны Халадовіч. Але пакуль лідар зборнай штурмуе сусветныя рубяжы, за яе спіной растуць і прагрэсіруюць маладыя спартсменкі. Адна з іх – 18-гадовая юніёрка Карына Буткевіч, якая гэтым летам устанавіла сваё асабістае дасягненне на адзнацы 56.98, а перад тым і зусім ашаламіла прыхільнікаў каралевы спорту неафіцыйнай спробай пад 58-метровую рысу. З ёй мы і пагутарылі пра мінулыя спаборніцтвы, стабільнасць, саперніц і многае іншае.

Карына, якую ацэнку можаш даць цяперашняму летняму сезону? Ён атрымаўся незвычайным, але досыць паспяховым для цябе…

- Самае галоўнае, што ў сітуацыі, якая склалася, адбыліся хоць нейкія старты. Першапачаткова я рыхтавалася да юніёрскага чэмпіянату свету, нашы хлопцы збіраліся ехаць на зімовы Кубак Еўропы па кіданнях, але яго адмянілі – і ўсе адразу паніклі. З гэтага моманту пачалася невядомасць. Усе сядзелі ў недасведчанасці і не ведалі, што чакае наперадзе. Але падрыхтоўку мы, вядома, працягвалі, і, у прынцыпе, сезон выдаўся даволі нядрэнным. Я не чакала сама ад сябе такога рэзультату.

Твая першая спроба на 57.86 падчас анлайн-спаборніцтваў па-добраму шакіравала ўсіх. Ці чакала такія метры напярэдадні выступлення і ці адразу паверыла ў тое, што зрабіла?

- У той спробе было бачна, што кап’ё добра паляцела, але я думала, у раён дзесьці 54 метраў. Трэнер, у любым выпадку, ведаў, на што я здольная, але сама ў сябе я, напэўна, не настолькі верыла і таго, што будзе амаль 58, зусім не чакала. Таму, скажам так, была шакіраваная. Усведамленне гэтых метраў не прыходзіла аж да наступных спаборніцтваў – турніру на прызы РЦАП. А канчаткова паверыла ўжо тады, калі на двух стартах запар намятала па 56 метраў.


Гэты рэзультат стаў дадатковай матывацыяй пацвердзіць гатоўнасць на наступных афіцыйных стартах?

- Вядома. Галоўным чынам, хацелася даказаць самой сабе, што я магу. І я даказала: і сабе, і іншым.

Так бывае, што спартсмен трапляе ў сябе, у снарад, фіксуе далёкую спробу, але пасля не можа наблізіцца да паказаных метраў. Чаму так адбываецца: адбіваюцца эмоцыі, не напрацаваны нейкія тэхнічныя моманты?

- Калі разглядаць наш мінулы анлайн-турнір, то з-за таго, што я не чакала такога рэзультату, я адразу ж расслабілася. Так атрымалася, што эмацыянальна вельмі падсела, і ўжо не рыхтавалася да астатніх спробаў, не магла сабрацца. На турніры на прызы РЦАП хоць усе спробы і былі за 50 метраў, але таксама не ўсім была задаволеная. Я ўсведамляла, што фізічна гатовая, але ўсё-ткі прысутнічала няўпэўненасць у сабе. А ўжо да першынства краіны сярод юніёраў я, напэўна, звыклася з думкай аб тым, што магу так кідаць, і спробы былі больш стабільнымі. Пасля такога сезону ўжо адчуваеш сябе нашмат больш упэўнена.

У гэтым годзе ты ўпершыню стала прызёрам нацыянальнага чэмпіянату, заваяваўшы бронзу. Як адчуваеш сябе ў сектары ў кампаніі дарослых?

- Гэта быў мой самы першы чэмпіянат Беларусі, і ў мяне былі з нагоды яго ўнутраныя перажыванні. Я разумела, што саперніцы сталей, яны больш вопытныя за мяне ў спаборніцкім плане. Выхадзіла ў сектар, перш за ўсё, з мэтай пераадолець сябе і свой страх. Ні трэнер, ні я сама канкрэтных планаў не ставілі: трэба было выйсці, пакідаць і проста дастойна скончыць сезон. На гэтым старце ў мяне былі невялікія праблемы з бегам, не ўсё складалася. Паліна Ласко ў пятай спробе дадала, і калі б я не сабралася, то магла б застацца на чацвёртым месцы.

Уменне мабілізавацца прыйшло з вопытам?

- Так, яно з'явілася з часам. Раней у мяне самымі далёкімі спробамі былі першыя дзве – і ўсё. А зараз з кожным выхадам у сектар пачынаю збірацца, магу дадаць і ў заключных.


2020 год – твой заключны ў юніёрскім узросце. Вялікія планы будавалі на яго да таго, як у звыклы ход рэчаў умяшалася пандэмія каронавіруса?

- Рыхтаваліся да юніёрскага чэмпіянату свету, але яго перанеслі на наступны год. З узроставай катэгорыяй, быццам бы, арганізатары яшчэ канчаткова не вызначыліся, але, у любым выпадку, мы будзем весці падрыхтоўку да летняга сезона. Як мінімум, адбудзецца моладзевы чэмпіянат Еўропы, і там ужо будзе моцная канкурэнцыя. Нават унутраная.

Дарэчы аб канкурэнцыі. З юнацкага ўзросту ты змагаешся ў сектары з Аляксандрай Коньшынай і Юліяй Макеевай. Гэта саперніцтва матывавала нястомна прагрэсіраваць? Пра што думала, калі хтосьці з дзяўчынак на спаборніцтвах апыняўся мацней?

- Канкурэнцыя абавязкова павінна быць, і яна ў нас заўсёды і была. Калі я прайгравала, злавалася толькі на сябе, што не змагла сабрацца і паказаць рэзультат. З Юляй мы трэніраваліся і жылі разам, дапамагалі адзін аднаму. З Сашай мы звычайна сустракаемся толькі ў сектары на спаборніцтвах, калісьці на адным з замежных стартаў жылі разам. Дзяўчынкі вясёлыя, у нас з імі добрыя адносіны і няма нейкай непрыязнасці. Мы падтрымліваем адзін аднаго, а канкурэнцыя заўсёды заводзіла і заводзіць. Але ж хочацца, у першую чаргу, заўсёды павялічваць свой рэзультат, таму ты змагаешся, хутчэй, з сабой, чым з кімсьці.

Выходзячы ў сектар, ты звычайна сканцэнтраваная толькі на сваім выступленні або сочыш за спробамі саперніц?

- Я наогул стараюся не сачыць за тым, як кідаюць іншыя. Вядома, калі Юля ездзіла на юніёрскі чэмпіянат Еўропы ў Бурос, я глядзела трансляцыю. Праўда, яе спробаў асабліва не бачыла, у асноўным там паказвалі прызёраў. Пыталася потым у трэнера, ён распавядаў пра выступленне. Але калі выходжу ў сектар сама, то не заўважаю іншых. Проста раблю сваю справу. Я чую, што дзяўчынак выклікаюць кідаць, але настолькі сканцэнтраваная на тым, каб зрабіць усё правільна, што не звяртаю ўвагі на чужыя спробы.


Раскажы пра свой прыход у лёгкую атлетыку. Чаму менавіта кіданне кап’я?

- Да лёгкай атлетыкі я на працягу трох гадоў займалася біятлонам у маленькім горадзе Новалукомлі. Мне падабалася, я была другая ў Рэспубліцы па паказчыках стральбы. З лыжамі было горш – я, хутчэй, хуткасная, чым вынослівая. Аднойчы на фізкультуры мы здавалі нарматывы, і я кінула 150-грамовы мяч, калі не памыляюся, пад 60 метраў. Мяне запрасілі на трэніроўку. Я прыходжу – мне проста даюць кап’ё і кажуць: «кідай». Я не ўяўляла, што з ім рабіць, але кідала. І атрымлівалася нешта падобнае да таго, як гэта павінна быць. Так і прыйшла ў лёгкую атлетыку. Нейкі час сумяшчала заняткі двума відамі спорту, але ўсё-ткі кіданне кап’я мне спадабалася больш, і я завязала з біятлонам.

Пад чыім кіраўніцтвам трэніравалася ў Новалукомлі?

- Пётр Міхайлавіч Іваноў – мой першы трэнер. Ён сам займаўся мнагаборствам, знаёмы з маім другім трэнерам, Новік Марынай Міхайлаўнай, і цяперашнім – Сасімовічам Уладзімірам Мікалаевічам.

Як прыйшло рашэнне аб пераездзе ў Мінск і паступленні ў Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву?

- Пасля прыкладна двух гадоў маіх заняткаў лёгкай атлетыкай, у 2015-ым годзе, я выступала на рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў у Жлобіне. Трэнер матываваў мяне так: калі кіну 35 метраў і займу прызавое месца, то паеду вучыцца ў Мінск, а ён падорыць мне валейбольны мяч Mikasa. Дык вось я проста хацела сабе гэты мяч (усміхаецца). У выніку спаборніцтвы тады выйграла Саша Коньшына, другой стала Соня Самасюк, а я трэцяй. Кінула 35 метраў з невялікім – задачу выканала. Вяртаюся дадому – трэнер дае мяч і тэлефануе ў Мінск. Мне тады яшчэ паступала прапанова з Гомеля, каб паступаць вучыцца туды, але Пётр Міхайлавіч настаяў, каб я ехала да Марыны Міхайлаўны. Спачатку трэніравалася ў яе, а з таго часу, як яна пайшла ў дэкрэтны водпуск, са мной працуе Уладзімір Мікалаевіч.

І з цяперашнім трэнерам вы рухаецеся да агульных мэтаў ужо не першы год. Як складваецца на працягу гэтага часу ваша сумесная праца і ўзаемаадносіны ў калектыве?

- З трэнерам у нас добрыя адносіны. Заўсёды ўмее падтрымаць, наладзіць і сматываваць. І за гэта яму вялікі дзякуй. У калектыве ў нас, вядома, часам бываюць непаразуменні, але гэта здараецца ва ўсіх, і мы стараемся такія моманты ліквідаваць.


Бывалі за час, праведзены ў спорце, моманты, калі апускаліся рукі? Як з гэтым змагалася і хто падтрымліваў на такіх этапах?

- Дзесьці года паўтара таму я вельмі хацела завязаць. Гэта быў мой першы год у юніёрах, змяніўся снарад. З кап'ём у мяне не атрымлівалася зусім нічога. Не складалася тэхнічна, псіхалагічна таксама ў сябе ў той момант не верыла. Я падышла да трэнера і сказала пра тое, што скончу 11 клас – і, напэўна, на гэтым усё. Ён сказаў: «Калі хочаш – я цябе не трымаю». Я тры дні праседзела ў вучылішчы без трэніровак... і прыбегла назад, таму што зразумела, што я не магу без кап’я. Трэнер мяне тады адчытаў, сказаў: «Трэба працаваць». Гэтыя яго словы заселі ў мяне ў галаве, і з таго часу працую над сабой кожны дзень.

У лютым на Кубку краіны па доўгіх кіданнях ты перапісала асабісты рэкорд, прычым папярэдні таксама быў усталяваны там жа годам раней. Да гэтага старту рыхтаваліся мэтанакіравана ці ён быў звычайным?

- На гэтым старце мы з трэнерам ставілі перад сабой задачу выканаць нарматыў майстра спорту – 53 метра. Мне для гэтага хапіла літаральна 24см. Нас з Сашай Коньшынай падзялілі 3см: у мяне было 52.76, а яна выйграла з рэзультатам 52.79. Тады было крыўдна, таму што я ў кожнай спробе адчувала, што магу дадаць, але ўвесь час нешта не атрымлівалася. Пасля гэтага да лета мы правялі вялікую тэхнічную працу, памянялі бег, адвядзенне, і вось – 57.86.

Умовы надвор'я моцны ўплыў на цябе аказваюць? Холад, дождж або наадварот моцная спякота выбіваюць з каляіны?

- Я б не сказала, што я ад іх моцна залежная. Так, ты разумееш, што, дапусцім, ідзе дождж, але табе трэба выходзіць і рабіць сваю працу, не засяроджваючыся на ўмовах. Ты ведаеш, што табе трэба зрабіць, – і ты гэта робіш. Год таму мы ездзілі на Сусветную Гімназіяду ў Марока, і там стаяла такое добрае надвор'е, што мне вельмі хацелася паплаваць. Але з-за таго, што спаборніцтвы ў мяне былі толькі на пяты дзень, не магла сабе гэтага дазволіць. Спякота, акліматызацыя, зусім іншы кантынент – ніхто не ведаў, як можа павесці сябе арганізм. І як толькі я выступіла – адразу пачаліся дажджы. Праўда, мы сябе перамаглі і ўсё роўна пайшлі купацца нават у дрэннае надвор'е (усміхаецца).


Ты ўжо паспела досыць паездзіць па міжнародных стартах: чэмпіянат свету U18 у Кеніі, Еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль і чэмпіянат Еўропы U18 у Венгрыі, Сусветная Гімназіяда ў Марока, матчавыя сустрэчы ў Турцыі і Іспаніі. Як табе адчуванні ад саперніцтва з дзяўчынкамі з іншых краін і камандная атмасфера?

- Мы заўсёды адзін аднаго вельмі падтрымліваем. У тым жа Марока мы штодня, прыязджаючы на размінку, заставаліся глядзець спаборніцтвы і хварэць за сваіх. Нас было, праўда, толькі дзесяць чалавек, але мы глядзелі выступленне кожнага і хварэлі. У выніку ў нас у камандзе было два чацвёртыя месцы і восем медалёў. Ды і ў прынцыпе, пасля таго, як мы кудысьці выязджаем на спаборніцтвы, мы працягваем зносіны адзін з адным. На юнацкім чэмпіянаце Еўропы ў Дзьёры, нягледзячы на тое, што паміж намі з Сашай ішло саперніцтва, таксама адчувалася ўзаемная падтрымка. Калі яна выйграла, я была вельмі рада за яе, але было крыўдна, што не справілася з сабой і сваім хваляваннем. На трэніроўках кідала далёка, у кваліфікацыі была на 100% упэўненая, што выканаю яе, а ў фінале трохі разгубілася...

Якія спаборніцтвы з тых, дзе табе давялося прыняць удзел на дадзены момант, для цябе самыя асаблівыя і незабыўныя?

- На самай справе, усе міжнародныя спаборніцтвы западаюць у душу. Запамінаюцца не гарады, не краіны, а эмоцыі. На кожных спаборніцтвах ты робіш сваю любімую справу і выпрабоўваеш новыя адчуванні. Таму кожныя спаборніцтвы падабаюцца па-свойму.

У гэтым годзе вы як ніколі шмат часу правялі на вучэбна-трэніровачных зборах у Стайках. Як табе гэты спартыўны комплекс?

- Мы там прабылі чатыры месяцы, і працаваць там – адно задавальненне. У Мінску зусім іншая атмасфера, мітусня, пастаянныя раз'езды на вучобу, на трэніроўку. А ў Стайках можна ў цішыні і спакоі працаваць і ні на што не адцягвацца.


Працяглы час на адной і той жа тэрыторыі, з адным і тым жа распарадкам, аднымі і тымі ж людзьмі. Не цяжка?

- Калі мы да гэтага ездзілі ў Стайкі, мне наадварот хацелася назад. Але ў гэты раз на кожнае пытанне трэнера, ці працягваем мы збор, уся група аднагалосна адказвала: «Працягваем!» У горад з цяперашнім эпідэміялагічным становішчам ехаць нікому не хацелася, а там усім усё падабалася. Працуеш – і ідзеш да сваёй мэты. Калі я паехала, у нас вучоба ішла анлайн. У такім жа рэжыме здавала і экзамены, спазнялася часам на трэніроўкі, але ўсё паспяхова закрыла. Скончыла першы курс вучылішча, перайшла на другі. Потым планую паступаць у БДУФК, праўда, з формай навучання яшчэ вызначаюся.

Сярод кап’якідальнікаў у цябе ёсць куміры?

- Калі казаць пра беларускіх спартсменаў, то гэта, натуральна, Таццяна Халадовіч. Калі пра замежных, то мне вельмі падабаецца стыль Машы Абакумавай і Barbora Špotáková, а сярод мужчын – Яна Жалезнага і Johannes Vetter. Мяне яны прыцягваюць менавіта ў тэхнічным плане, я не гляджу на тое, якія ў іх заслугі. Калі я толькі пачынала трэніравацца ў Пятра Міхайлавіча Іванова, па дарозе на кожныя спаборніцтвы ён уключаў мне відэа спробаў Жалезнага, я глядзела, запамінала і спрабавала зрабіць усё ў сектары сапраўды гэтак жа.

Гросмайстарская адзнака ў кіданні кап’я – 60 метраў – твая бліжэйшая мэта? Як ты думаеш, калі зможаш выйсці на рэзультаты такога ўзроўню?

- Не буду строіць такія планы. Будзем трэніравацца і паглядзім, як усё атрымаецца. Вядома, хацелася б кідаць за 60 метраў, але на гэта ўплывае цэлая сукупнасць фактараў: і псіхалагічная падрыхтоўка, і фізічная, і добрае здароўе, і адсутнасць траўмаў.

А калі казаць пра абсалютныя рэчы, пра што ты марыш у сваёй спартыўнай кар'еры?

- Мара ўсіх спартсменаў – алімпійскае золата. Але самая галоўная мэта – кожны раз выхадзіць і змагацца з самім сабой і сваім рэзультатам. На рэкорд Беларусі ў будучыні, вядома, было б нядрэнна замахнуцца, але да гэтага мне пакуль яшчэ вельмі далёка. Тым больш, што і Таня яшчэ будзе доўга кідаць, і, магчыма, не толькі па нацыянальных рэкордах, але і сусветных. А мы і не супраць, будзем толькі хварэць і падтрымліваць!


Наяўнасць у краіне спартсменкі такога ўзроўню натхняе, матывуе да дасягнення не меншых вяршыняў?

- Мы з Таняй знаёмыя, размаўлялі, яна вельмі вясёлы і пазітыўны чалавек. Добрая, чулая, прыязная – выходзячы з ёй у адзін сектар, бачыш, як яна наладжваецца сама і як спрабуе падбадзёрыць кожнага. І, вядома, адчуваеш гонар, што ў Беларусі ёсць топавыя лёгкаатлеты сусветнага ўзроўню. Тыя ж Макс Недасекаў, Эльвіра Герман, Аліна Талай. Глядзець іх выступленні на самым высокім міжнародным узроўні – невымоўныя адчуванні. А калі ўсё гэта адбываецца не праз тэлевізар, а прама з трыбуны, то эмоцыі наогул перапаўняюць!

Што тычыцца імкнення, то ў трэніровачным працэсе, напрыклад, я ўвесь час тягнуся за Вікай Ермаковай. Наша розніца ва ўзросце адчуваецца, і яна мацней за мяне, у любым выпадку. У штанзе, напрыклад, мне яшчэ рана з ёй «зарубацца», але ў кідках ядра або кіданні кап’я з месца яна часам дае мне фору, і я спрабую абысці яе. Калі працуеш адзін, няма такога моцнага жадання і матывацыі, але калі ёсць нехта наперадзе, то і ты сам імкнешся перадужаць сябе і дамагчыся новых мэтаў. Можна не быць лепш кагосьці, але лепш за сябе самога ты павінен стаць.

Фота: БФЛА і з асабістага архіва Карыны Буткевіч