Навіны
ЧЭМПІЁН ЕЎРОПЫ ПА СПАРТЫЎНАЙ ХАДЗЬБЕ – ПРА ПРАВІЛЫ І ДЫСКВАЛІФІКАЦЫІ, ПЛАНЫ НА СЕЗОН І ПЕРАНОС КАМАНДНАГА ЧЭМПІЯНАТУ СВЕТУ Ў МІНСКУ
30 Мая 2020
418


Карэспандэнт Выдавецкага дома "Беларусь сегодня" пагутарыла з хадаком Мікітам Калядой, у якога на гэты сезон былі вялікія надзеі. Нягледзячы на тое што хлопцу, які ў мінулым годзе заваяваў золата на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы, пакуль яшчэ 19 гадоў, ён планаваў годна паказаць сябе на камандным чэмпіянаце свету ў Мінску і пазмагацца за ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіа. Зрэшты, таму, што з-за пандэміі каляндар у лёгкаатлетаў сур’ёзна змяніўся, Мікіта не хвалюецца. У гэтым годзе ён перайшоў у моладзевую ўзроставую катэгорыю і разумее: адтэрміноўка ў спаборніцтвах для яго – дадатковы час на падрыхтоўку да суперніцтва на новым узроўні.

Камандны чэмпіянат свету па спартыўнай хадзьбе ў Мінску павінен быў праходзіць у пачатку мая. Нядаўна стала вядома, што турнір перанеслі на 2022 год. У сітуацыі, якая цяпер склалася ва ўсім свеце, кажа Мікіта, гэта, напэўна, лепшы варыянт з магчымых. Каляда на хатнім турніры павінен быў стартаваць не на звыклай дыстанцыі ў 10 кіламетраў, а на больш складанай «дваццатцы». Рыхтаваўся да гэтага і нават паспеў апрабаваць будучую трасу на Кубку краіны ў мінулым годзе.

– Траса добрая, хуткасная. На дыстанцыі ёсць невялікая горка, але ў гэтым нічога страшнага няма. Да таго ж траса працягнута па горадзе, што мне вельмі падабаецца. На юніёрскім чэмпіянаце Еўропы ў Швецыі, дзе я атрымаў золата, мы, напрыклад, хадзілі па стадыёне. 10 кіламетраў – гэта каля 25 колаў. Калі шчыра, надакучвала бачыць вакол адно і тое ж. Ды і асфальтаванае пакрыццё мне падабаецца больш, чым дарожка на стадыёне. Па-першае, мы ў асноўным трэніруемся на асфальце, а па-другое, калі спаборніцтвы праходзяць на стадыёне, там сканцэнтравана большая колькасць суддзяў, больш увагі надаецца тэхніцы, так што расслабляцца нельга.

З боку можа здацца, што нейкіх сурёзных правілаў у спартыўнай хадзьбе няма. На самой справе гэта не так, тлумачыць Мікіта:

– Асноўнае правіла: трэба кантраляваць фазы, у якіх калена павінна быць выпрастана. Акрамя таго, калі мы ідзем вельмі хутка, ногі павінны дакранацца асфальту, гэта значыць фазы палёту дапускаць нельга. За гэта штрафуюць: спачатку выносяць тры папярэджанні, пасля суддзі могуць спыніць спартсмена на пэўны час, а пры наступным парушэнні – зняць з дыстанцыі. На фінішы парушаць правілы нельга – за гэта дыскваліфікуюць адразу. Я ўжо з гэтым сутыкаўся. У 2016 годзе на юнацкім чэмпіянаце Еўропы ў Тбілісі ішоў другім, а на фінішы апярэдзіў спартсмена-лідара, парушыўшы правілы. Мяне знялі, таму з тых часоў больш уважліва стаўлюся да тактыкі, якую выбіраем на той ці іншы старт.


Тактыкі, тлумачыць спартсмен, могуць быць рознымі ў залежнасці ад задач. Калі, напрыклад, хадок плануе пераадолець дыстанцыю за пэўны час, ён разбівае яе на ўчасткі і кантралюе час праходжання кожнага з іх, адсочваючы паказчыкі на спартыўных гадзінніках. Калі змагаецца за перамогу, то асаблівую ўвагу надае кантролю за сапернікамі, каб потым, за некалькі кіламетраў да фінішу, пайсці на апярэджанне.

Трэніроўкі ў хадакоў сур’ёзныя, і ўключаюць яны не толькі заходы на доўгія дыстанцыі. Спартсмены бегаюць кросы, займаюцца агульнафізічнай падрыхтоўкай, падчас якой умацоўваюць мышцы спіны, прэса і іншых груп.

– Трэніроўкі ў нас бываюць розныя. Часам робім адрэзкі з максімальным паскарэннем, часам ідзем на доўгія дыстанцыі. Бывала, і 30 кіламетраў праходзілі. Зараз працуем не ў закрытым рэжыме, трэніруемся ў Брэсце. Любімыя месцы ў мяне тут – за Брэсцкай крэпасцю, хоць і на вяслярным канале нядрэнна займацца. Мы ўжо пачалі падрыхтоўку да чэмпіянату краіны, які запланаваны на жнівень, таму зараз у нас па дзве трэніроўкі ў дзень.

З вясны па восень хадакі ў асноўным займаюцца на вуліцы. У халодны час трэніроўкі праводзяць у манежы, калі не выязджаюць на замежныя зборы. Але нават зімой кросы яны бегаюць на вуліцы.

– Вядома, надворе вельмі моцна ўплывае на вынікі ў спартыўнай хадзьбе. Напрыклад, калі на вуліцы вельмі горача, вынікі будуць слабымі. Узгадайце хаця б чэмпіянат свету, які праходзіў у Досе. Тэмпература там была не менш за 30 градусаў, было душна. У такіх умовах цяжка ісці хутка. Для мяне аптымальная тэмпература 1820 градусаў, можа, крыху вышэй. А сонца ці дождж – не так важна, галоўнае, каб нядушна.


Спадзяваліся нашы спартсмены і на тое, што ў гэтым годзе ўдасца стартаваць і на чэмпіянаце Еўропы, які таксама падвергнуўся адмене. Для Мікіты гэта стала б дадатковай магчымасцю паспрабаваць сябе на новай дыстанцыі, бо пакуль 20 кіламетраў ён праходзіў толькі на чэмпіянаце краіны. Цяпер спартсмена чакае куды больш сур’ёзнае саперніцтва з ужо дарослымі хадакамі, і Мікіта глядзіць на гэта з аптымізмам:

– Пачынаецца сапраўдны спорт! Зараз трэба паказваць усё, што ўмею, і імкнуцца да лепшых вынікаў.

А імкнення Мікіту не займаць. Пра Алімпійскія гульні ў Токіа хлопец задумваецца сурёзна. Кажа, кваліфікацыйны нарматыў на дыстанцыі 20 кіламетраў выканаць яму будзе цяжка. Ён складае 1 гадзіну 21 хвіліну. Лепшы жа час Каляды на гэтай дыстанцыі – на 3,5 хвіліны больш. Шансы трапіць у Токіа, тым не менш, ёсць: для гэтага трэба на трох афіцыйных стартах паказаць годны вынік і трапіць у лік 60 спартсменаў, якія не адабраліся на Гульні наўпрост.

Крыніца: sb.by

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ