Навіны
ДАЙДЖЭСТ НАВІН СА СВЕТУ ЛЁГКАЙ АТЛЕТЫКІ
16 Ноября 2020
292


Добры вечар усім прыхільнікам лёгкай атлетыкі. Пачынаем тыдзень з падборкі навін са свету каралевы спорту. 

***


Самы хуткі спрынтар у гісторыі Usain Bolt у інтэрв'ю распавёў, што не думае, што хтосьці зможа пабіць яго рэкорды ў бліжэйшы час. Спартсмен упершыню выступіў публічна з таго моманту, як Міністэрства аховы здароўя Ямайкі аб'явіла, што ён заразіўся каронавірусам, і лічыць, што будучыня лёгкай атлетыкі «ў добрых руках». У той жа час ямаец не думае, што на сённяшні дзень хтосьці здольны наблізіцца да яго секунд. Bolt, які паспрабаваў сябе ў футболе, лічыць, што параўнацца з ім можа толькі Cristiano Ronaldo, які іграе за «Ювентус».

***


Чэмпіён свету 2017 года ў бегу на 1500м кеніец Elijah Manangoi дыскваліфікаваны на два гады за непадаванне інфармацыі аб сваім месцазнаходжанні. Перыяд дыскваліфікацыі пачаўся 22 снежня 2019г. 27-гадовы спартсмен сцвярджае, што першы пропуск здарыўся з-за таго, што ключ ад дома быў у багажы, які згубіўся ў час палёту, і таму Manangoi прыйшлося начаваць у гатэлі і на наступную раніцу прапусціць акно з 8 да 9 раніцы. У другі раз бягун затрымаўся ў пробцы і таксама не апынуўся ў прызначаным месцы своечасова. Трэці сцяжок атлет зарабіў з-за таго, што хтосьці, каму ён даручыў абнавіць яго месцазнаходжанне, увёў памылковыю інфармацыю. Elijah Manangoi каментуе рашэнне AIU: «Я прызнаў, што здзейсніў памылкі ў запаўненні ADAMS, і прыняў гэты вердыкт. Мне будзе вельмі цяжка дараваць сябе. Я чысты спартсмен, таму я вярнуся на дарожку і выйграю правільна». 

***


Бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы ў скачку ў вышыню Мары-Лоўрэнс Юнгфляйш, якая са жніўня 2019 года не прымала ўдзел у спаборніцтвах з-за працяглых праблем з ахілавым сухажыллем, кажа, што аднавілася і гатовая скакаць. «Я нарэшце гатова паказаць, на што я здольная, – распавядае спартсменка. – Я ў парадку, праблем са здароўем няма, што дапамагае ў сітуацыі». Юнгфляйш рыхтуецца прыняць удзел у зімовым сезоне-2021.

***


Уладальнік 10-га месца на чэмпіянаце свету ў Досе ў спартыўнай хадзьбе на 20км Эікі Такахасі пракрочыў 10000м на Juntendo University Long Distance meeting з вынікам 37:25.21, што з'яўляецца найлепшым часам у гісторыі (у гэтай дысцыпліне не рэгіструюцца сусветныя рэкорды). 27-гадовы японец палепшыў рэзультат іспанца Францыска Хаўера Фернандэса – 37:53.09, устаноўлены ў 2008 годзе.

***


Пола Рэдкліф і Карлас Лопес перадалі музею Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі ў якасці экспанатаў асабістыя рэчы. Лопес падарыў форму, у якой прымаў удзел у Алімпійскіх гульнях 1976 г. у Манрэалі, а Рэдкліф аддала шыпоўкі, у якіх заваявала свой першы тытул у 2001 годзе на чэмпіянаце свету па кросе ў Остэндзе.

***


Пяць гадоў таму Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя ў сувязі з допінгавым скандалам у расійскай лёгкай атлетыцы прыпыніла сяброўства УФЛА ў сваёй арганізацыі. «Гэта значна больш працяглы працэс, чым мы спадзяваліся ці чакалі, але Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя па-ранейшаму поўная рашучасці правесці рэформу ў Расіі. Савет СЛА ясна даў зразумець, што яму неабходна будзе ўбачыць доказы зруху ў спорце ў Расіі ў карысць чыстых спартсменаў, каб разгледзець пытанне аб аднаўленні федэрацыі», – сказаў прадстаўнік Сусветнай лёгкаатлетычнай федэрацыі. Марыя Ласіцкене пракаментавала гэта так: «Калі і пяці гадоў на вяртанне сцяга і гімна мала».

***


Галоўнымі мэтамі чэмпіёнкі Еўропы сярод юніёраў у скачку ў даўжыню Ларысы Іапікіна ў 2021 годзе будуць абодва юніёрскіх чэмпіянаты, але спартсменка не адмовіцца выступіць у Токіа, калі заробіць пуцёўку. «Вядома, я хачу абараніць свой тытул у Еўропе. Таксама я хачу прыняць удзел у чэмпіянаце свету ў Найробі, таму што я ніколі не спаборнічала на такім узроўні ў юніёрскіх турнірах. Хто не хоча паехаць на Алімпійскія гульні? Але ў дадзены момант у мяне няма ні выкананага нарматыву, ні ўпэўненасці ў маім становішчы ў рэйтынгу», – кажа Іапікіна.

***


Зорка канадскага спрынту Андрэ дэ Грас распавёў прэсе, што расчараваны тым, што не зможа выйсці на дарожку разам з Christian Coleman на Алімпійскіх гульнях. «Мне падабаецца спаборнічаць з найлепшымі, – кажа дэ Грас. – Гэта сумная сітуацыя для Крысціяна, я б ніколі нікому такога не пажадаў». Coleman сказаў, што будзе абскарджваць 2-гадовы бан у CAS. У выпадку апраўдання яму ўсё адно давядзецца прайсці праз жорсткі працэс Алімпійскага адбору Алімпійскіх гульняў у ЗША.

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ