Навіны
ДАЙДЖЭСТ НАВІН СА СВЕТУ ЛЁГКАЙ АТЛЕТЫКІ
19 Ноября 2020
226


Прапануем вашай увазе традыцыйны навінны дайджэст са свету лёгкай атлетыкі. 

***


Традыцыйная Генеральная Асамблея прадстаўнікоў еўрапейскіх турніраў прайшла ўчора ўпершыню ў анлайн-фармаце. Арганізатары аднадзённых турніраў (больш за 40 чалавек) абмеркавалі сезон-2020, які прайшоў у рэжыме пандэміі, а таксама падрыхтоўку да 2021 года. Сярод запрошаных спікераў выступіў генеральны дырэктар Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Jon Ridgeon, які прапанаваў усім арганізатарам быць смелымі ў пошуку новых шляхоў і паляпшэнняў у бліжэйшыя гады. Становішча ў сусветным рэйтынгу сезона патлумачыў Carlo de Angeli, сітуацыю ў еўрапейскім топе растлумачыў Jose Luis de Carlos. Таксама тэмай абмеркавання сталі спартыўныя календары на 2021-23гг. Пра свой вопыт правядзення спаборніцтваў ва ўмовах пандэміі каронавіруса распавялі дырэктар Bislett Impossible Games Steinar Hoen і адзін з арганізатараў этапу Брыльянтавай лігі ў Манака Remy Charpentier. Чэмпіён Еўропы 2006 года ў бегу на 800м Bram Som патлумачыў тэхналогію Wave Light, якая спрыяла ўсталяванню рэкордаў на доўгіх дыстанцыях. Усе ўдзельнікі сустрэчы спадзяюцца, што наступнае пасяджэнне пройдзе ў звыклым фармаце 15 кастрычніка 2021 года ў Лазане ў рамках Канферэнцыі Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі.

***


Шматразовая чэмпіёнка Еўропы ў памяшканні Лора Мьюр пакуль не вырашыла, ці будзе яна спаборнічаць у зімовым сезоне. «Пакуль у планах трэніравацца, – кажа бягуння. – Мы трэніруемся ў манежы, спадзяемся патрапіць на зборы, але пакуль усё вісіць у паветры. Я не ўпэўненая, што буду бегаць у зімовым сезоне, магчыма, толькі на некалькіх турнірах. Усё сканцэнтравана на Алімпійскіх гульнях. Гэта галоўная мэта».

***


Японскі бягун Джо Фукуда (РВ у марафоне – 02:09:52) стаў часткай NN Running Team. Гэта першы азіят у складзе каманды. У мінулым годзе на марафоне ў Фукуока атлет фінішаваў трэцім, і збіраецца прыняць удзел у гэтым прабегу 6 снежня.

***


30-ы Лісабонскі марафон пераносіцца ўжо ў трэці раз. Спачатку ён павінен быў прайсці 6 верасня 2020, затым 9 мая 2021г. Новая дата прабегу – 12 верасня 2021 года.

***


Экс-рэкардсменка свету ў бегу на 5000м Зола Бадд  збіраецца выпусціць новую кнігу, у якой, па яе словах, выкрываюцца абвінавачванні ў сэксуальных дамаганнях, здзек і ўтойванні інфармацыі ў спорце. Яе мемуары «Усе ведаюць маё імя» таксама ахопліваюць яе сумна вядомае сутыкненне з Мэры Дэккер на Алімпійскіх гульнях 1984 года.

***


Старшыня каардынацыйнай камісіі МАК John Coates даў станоўчую справаздачу пасля свайго першага з лютага візіту ў Токіа: «Гэта вельмі пазітыўны знак, што мы змаглі вярнуцца ў Японію на гэтым этапе падрыхтоўкі. Перамовы, якія адбыліся на працягу апошніх трох дзён, умацавалі нашу сумесную рашучасць правесці бяспечныя і паспяховыя Алімпійскія і Паралімпійскія гульні ў Токіа. Цеснае супрацоўніцтва і рэгулярныя кантакты з нашымі сябрамі ў Японіі, партнёрамі па ўсім свеце і ўсім алімпійскім рухам яшчэ раз паказалі, што разам мы мацней».

***


У Маскве, у Расійскім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, спорту, моладзі і турызму ў дыстанцыйным рэжыме прайшла канферэнцыя «Асаблівасці падрыхтоўкі і выступлення спартсменаў высокага класа і рэзерву ва ўмовах каронавіруса». На Канферэнцыі выступілі найлепшыя расійскія спецыялісты і трэнеры, а таксама іх замежныя калегі. Запіс другога дня Канферэнцыі, у якім выступалі трэнеры чэмпіёнаў свету Генадзь Габрылян (Марыя Ласіцкене), Сяргей Кляўцоў (Сяргей Шубянкоў), Алег Мухін (Раміль Гуліеў) і іншыя спецыялісты, можна паглядзець ПА СПАСЫЛЦЫ.

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ