ДАЙДЖЭСТ НАВІН СА СВЕТУ ЛЁГКАЙ АТЛЕТЫКІ
23 ЛIСТАПАДА 2020
20


Добры вечар усім чытачам нашага сайта. Пачынаем тыдзень з агляду лёгкаатлетычных падзей, якія прайшлі ў выхадныя.

***


Генеральны дырэктар Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Крысціян Мілц дзеліцца ўражаннямі пасля трохдзённага візіту ў Торунь напярэдадні чэмпіянату Еўропы ў памяшканні-2021: «За тры дні ў Торуні мы сустрэліся з мясцовым аргкамітэтам, які працуе з усіх сіл у такіх няпростых умовах, і мы вельмі задаволеныя ходам падрыхтоўкі да турніру. Мы таксама праінспектавалі спартыўныя аб'екты, уключаючы Arena Torun, якая з'яўляецца адной з найлепшых у Еўропе для турніраў такога ўзроўню. Грунтуючыся на праведзенай рабоце і цесным супрацоўніцтве з аргкамітэтам і мясцовымі ўладамі, я з аптымізмам магу сказаць, што чэмпіянат у Торуні стане першым буйным турнірам з пачатку пандэміі».

***


На турніры Hachioji Long Distance Meet, які прайшоў 21 лістапада ў Токіа, на дыстанцыі 10000м 16 фінішораў выбеглі з 28 хвілін, 10 з іх - з 27:50. За выключэннем Сінобу Кубота, які стаў 14-м з рэзультатам 27:55.07, усе астатнія бегуны былі кенійцамі, якія трэніруюцца ў Японіі. Пераможца Юстус Согет дэбютаваў на дыстанцыі - 27:35:57, за ім з асабістым рэкордам фінішаваў Эванс Кеітані - 27:36:08. Трэцім стаў юніёр Самюэль Масаі - РВ 27:36:37.

***


Фернанда Карро стаў самым хуткім іспанцам, прабегшы 10k Alcobendas за 27:46. Праўда, рэкорд на гэтай трасе не будзе залічаны, бо яна не адпавядае параметрам з-за занадта вялікага спуску. Рэкардсмен Іспаніі ў бегу з перашкодамі прабег дыстанцыю на 2 секунды хутчэй дзеючага нацыянальнага рэкорду. Палову шляху Карро пераадолеў за 13:39. Хорхе Бланка фінішаваў другім - 27:51, на 5 секунд апярэдзіўшы Хесуса Рамаса. У жаночым забегу перамагла Марта  Гарсія - 32:38. На 4 секунды ад яе адстала Клара Віньярас. Лаура Луэнга стала трэцяй з рэзультатам 32:43.

***


Чэмпіёнка свету ў скачку ў даўжыню Малаіка Міхамбо на Алімпійскіх гульнях у Токіа хоча прыняць удзел у спаборніцтвах не толькі ў сваім каронным відзе, але і ў бегу на 100м. Нямецкая спартсменка з асабістым рэкордам 11.21 кажа: «Гэта планы на наступны год. Я заўважыла, што мне вельмі падабаецца бегаць, але для поспеху трэба шмат працаваць. Нічога нельга атрымаць бясплатна, трэба старанна трэніравацца. Але я матываваная і чакаю гэтага з нецярпеннем. І, вядома, не варта забываць, што ў скачку ў даўжыню я ўзначальваю нямецкі рэйтынг, а ў спрынце вельмі шмат добрых дзяўчат». Кваліфікацыйны нарматыў у бегу на 100 м - 11.15.

***


Рэкардысткі свету Брыджыт Касгеі і Абабель Йесхане возьмуць удзел у Дэлійскім паўмарафоне 29 лістапада. Кенійка Касгеі ўстанавіла сусветны рэкорд 02:14:04 на марафоне ў Чыкага ў мінулым годзе, Йесхане тады стала другой. Але ўжо на паўмарафоне ў Рас-эль-Хайме сёлета спартсменкі памяняліся месцамі і эфіёпская бягуння на 18 секунд апярэдзіла саперніц з новым рэкордам 64:31.

***


Андамлак Беліху, які на паўмарафоне ў Дэлі 29 лістапада рыхтуецца заваяваць трэці запар чэмпіёнскі тытул, накіраваны таксама перапісаць рэкорд трасы - 59:06. Эфіёпскі бягун, які ўстанавіў у мінулым годзе асабісты рэкорд 59:10, верыць, што ён можа паказаць больш, чым 5-е месца на чэмпіянаце свету па паўмарафоне: «Чэмпіянат свету ў Гдыні ў кастрычніку выдаўся цяжкім для мяне. Паколькі трэніровачныя пляцоўкі былі зачыненыя на значны час, мне было цяжка дамагчыся жаданага выніку. Але мой узровень фізічнай падрыхтоўкі сапраўды добры, і я адчуваю сябе ўпэўнена. У дадзены момант я адчуваю сябе цудоўна, і я хачу не толькі перамагчы, але і перапісаць рэкорд трасы».

***


Іспанскі 51-гадовы скараход Хесус Анхель Гарсія працягвае падрыхтоўку да свайго фінальнага турніру ў кар'еры - Алімпійскіх гульняў у Токіа. Гэта будуць яго 8-я Гульні. Першы раз спартсмен выступаў на Алімпійскіх гульнях у Барселоне ў 1992 годзе, дзе фінішаваў 10-м у спартыўнай хадзьбе на 50 км. Ён не баіцца завяршыць кар'еру, таму што хоча стаць артапедам і трэнерам па лёгкай атлетыцы.

***


Амерыканская спрынтарша-бар'ерыстка Лола Джонс вярнулася ў зборную ЗША па бабслеі. Двухразовая чэмпіёнка свету ў памяшканні ў бегу на 60м з/б, якая выступала за ЗША на Алімпійскіх гульнях 2014 года, у гэтыя выхадныя выканала нарматыў на трапленне ў зборную.