Навіны
ДАЙДЖЭСТ НАВІН СА СВЕТУ ЛЁГКАЙ АТЛЕТЫКІ
24 Ноября 2020
267


Вітаем усіх чытачоў сайта Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі і прапануем даведацца пра падзеі са свету каралевы спорту.

***


Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя абвясціла імёны пяці фіналістаў у намінацыі «Лёгкаатлет года». Імі сталі: Joshua Cheptegei, Ryan Crouser, Armand Duplantis, Johannes Vetter і Karsten Warholm. Ніхто з намінантаў раней не атрымліваў узнагароду. Імёны пераможцаў мы даведаемся 5 снежня на цырымоніі World Athletics Awards 2020.

***


За 600 дзён да чэмпіянату свету ў Арэгоне мясцовы арганізацыйны камітэт прадставіў новы лагатып, а таксама запусціў САЙТ і акаўнты ў сацыяльных сетках. «Наша мэта прапанаваць найлепшае ўсім спартсменам, балельшчыкам і медыя, якія наведваюць або глядзяць турнір ва ўсіх кутках свету», – кажа выканаўчы дырэктар ЧС-2022 Нільс дэ Вос.

***


Чэмпіёнка свету і Еўропы ў скачку ў вышыню Марыя Ласіцкене плануе адкрыць зімовы сезон 7 студзеня турнірам у Екацярынбургу. Затым спартсменка выступіць 19 студзеня ў Чэлябінску, а 24 студзеня на «Бітве палоў» у Маскве.

***


Фіналістка чэмпіянатаў свету і Еўропы ўкраінская малатабойка Ірына Клімец будзе выступаць у зімовым сезоне ў ходзе падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў. «Я маю намер выступаць зімой. Вазьму ўдзел у зімовым чэмпіянаце Украіны па кіданнях і Кубку Еўропы па кіданнях, дзе хачу выканаць алімпійскі нарматыў, каб потым спакойна рыхтавацца да Гульняў у Токіа», – кажа Ірына. Зараз спартсменка праводзіць збор у Мукачава, а ў наступным месяцы спадзяецца адправіцца ў Анталію.

***


Фіналіст чэмпіянату Еўропы ў бегу на 200м Eseosa Desalu спадзяецца выступіць на Алімпійскіх гульнях на 200-метроўцы, а таксама ў эстафеце 4х100м. «Гэтыя Алімпійскія гульні заўсёды былі маёй мэтай, па меншай меры апошнія 8 гадоў. Не Гульні ў цэлым, а менавіта Токіо, таму што на іх я буду менавіта ў тым узросце, які дазволіць мне выступіць у найлепшай форме. У мяне вялікія чаканні ад 200м, але таксама, мне здаецца, мы зможам сказаць сваё слова з атлетамі такога ўзроўню як Filippo Tortu, Marcell Jacobs, Federico Cattaneo і Davide Manenti, які ўстанавіў рэкорд Італіі на чэмпіянаце свету ў Досе», – кажа Desalu. Спартсмен плануе пачаць сезон у красавіку перад чэмпіянатам свету па лёгкаатлетычных эстафетах, які пройдзе 1-2 мая ў польскім Хожуве.

***


Пад хэштэгам #MaratónResponsable арганізатары Валенсійскага марафону і паўмарафону пашырылі свой план па бяспецы. Усе спартсмены павінны будуць здаць тэст на каронавірус перад тым, як адправіцца ў Валенсію. Па прыбыцці яны таксама здадуць тэст і будуць знаходзіцца ў ізаляцыі ў адным з двух афіцыйных гатэляў да атрымання рэзультатаў. Таксама арганізатары будуць выкарыстоўваць 1000 спецыяльных прылад, распрацаваных кампаніяй Movistar, для ананімнага дыстанцыйнага кантролю і адсочвання ўсіх акрэдытаваных асоб.

***


Прэзідэнт Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Себасцьян Коэ выкарыстаў сваю калонку ў нядзельнай газеце Mail on Sunday, каб заклікаць выкарыстоўваць спорт у якасці сродку для барацьбы з уздзеяннямі абмежаванняў каронавіруса на псіхічнае здароўе дзяцей. Заклікаючы да дзеяння членаў Парламента Вялікабрытаніі, ён напісаў: «Тыя з нас, хто працуюць у спорце і арганізоўваюць мерапрыемствы, робяць гэта паспяхова і з сацыяльным дыстанцыяваннем... Дык чаму ж дабрачынныя арганізацыі і грамадскія клубы, якія даказалі, што могуць бяспечна адчыняцца ў значна меншых маштабах, не могуць працягваць бяспечна праводзіць заняткі спортам на карысць нашых менш схільных рызыцы дзяцей? Я вельмі спадзяюся, што нашы дэпутаты пераасэнсуюць уплыў абмежавання пазакласных заняткаў і спорту на жыццё моладзі, асабліва ў бедных грамадах, для якіх доступ да спорту часта можа быць вельмі тонкай, але жыццёва важнай рысай».

***


Алімпійскі чэмпіён 1988 года ў дзесяціборстве немец Крысціян Шэнк вяртаецца ў лёгкую атлетыку. 55-гадовы былы спартсмен пачаў трэніраваць паралімпійцаў у Мекленбургу-Пярэдняй Памераніі.

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ