ДАЙДЖЭСТ НАВІН СА СВЕТУ ЛЁГКАЙ АТЛЕТЫКІ
25 ЛIСТАПАДА 2020
18


Пра апошнія лёгкаатлетычныя падзеі чытайце ў нашым традыцыйным дайджэсце навін са свету каралевы спорту.

***


Вызначаны імёны пяці фіналістак на званне «Лёгкаатлеткі года» па версіі Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі. Імі сталі тры бягунні на доўгія дыстанцыі, адна скакуха і адна спрынтарша: эфіопка Letesenbet Gidey, Sifan Hassan з Нідэрландаў, кенійка Peres Jepchirchir, Yulimar Rojas з Венесуэлы і Elaine Thompson-Herah з Ямайкі. Ніхто з намінантак раней не станавіўся пераможцай цырымоніі World Athletics Awards.

***


Арганізатары Брыльянтавай лігі апублікавалі папярэдні расклад на 2021 год. Турнір пачнецца 23 мая з этапу ў Рабаце, а завершыцца двухдзённым фіналам у Цюрыху 8-9 верасня. Пасля Рабата Брыльянтавая ліга накіруецца ў Доху (28 мая), а затым у Еўропу: Рым (4 чэрвеня), Осла (10 чэрвеня), Стакгольм (4 ліпеня), Манака (9 ліпеня) і Лондан (13 ліпеня). Турнір у сталіцы Вялікабрытаніі стане заключным перад Алімпійскімі гульнямі. Адкрые посталімпійскі перыяд этап у Шанхаі (14 жніўня), затым Юджын (21 жніўня) і 22 жніўня павінен прайсці яшчэ адзін турнір у Кітаі. Заключныя 4 этапы прымуць Лазана (26 жніўня), Парыж (28 жніўня), Брусэль (3 верасня) і Цюрых (8-9 верасня). Каляндар носіць папярэдні характар ​​і можа змяняцца ў сувязі з сітуацыяй у галіне аховы здароўя. Упершыню серыю турніраў адкрые не Доха, а Рабат. Стакгольм будзе праходзіць не ў чэрвені, а ліпені. Цікава будзе паназіраць за дзвюма кітайскімі і амерыканскім этапам, якія адбудуцца ўжо пасля Алімпійскіх гульняў у Токіа. Вялікабрытанія ў гэтым годзе прымае ўсяго 1 турнір Брыльянтавай лігі.

***


Польская федэрацыя лёгкай атлетыкі апублікавала афіцыйны ліст, у якім Еўрапейская лёгкаатлетычная асацыяцыя дзякуе ПФЛА і Сілезскі рэгіён з горадам Катавіцэ за выдатную прэзентацыю і заяўку на правядзенне чэмпіянату Еўропы 2024 года. Так як Рада Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі дазволіла прызначыць месца правядзення двух паслядоўных чэмпіянатаў Еўропы ў выпадку двух высакаякасных заявак, гэты ліст дазваляе Польшчы прэтэндаваць на правядзенне ЧЕ-2028. «Мы вельмі ўдзячныя, што і Федэрацыя, і рэгіён пагадзіліся неадкладна пачаць перамовы, якія, як мы спадзяемся, прывядуць да таго, што Катавіцэ прыме чэмпіянат Еўропы ў 2028 годзе», – гаворыцца ў лісце.

***


Yemaneberhan Crippa пакуль не вызначыўся з планамі на Токіа, хоць мае намер палепшыць рэзультаты на дыстанцыях 5000м і 10000м. «У дадзены момант я не думаю пра гэта: абедзве дыстанцыі або адна з іх. Рашэнне будзе прынята пазней... але я дакладна хачу бегчы хутчэй. У гэтым годзе я зняў 5 секунд з асабістага рэкорду на 5000м, і застаецца яшчэ пару, каб выбегчы з 13 хвілін. Вядома, мацней становяцца і іншыя, у гэтым годзе былі перапісаныя абодва сусветныя рэкорды. Таму я працягваю крок за крокам удасканальвацца», – кажа Crippa. Зараз спартсмен трэніруецца ў маленькай групе на вышыні на Канарскіх астравах.

***


223-е пасяджэнне Савета Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі пройдзе ў фармаце тэлеканферэнцыі 1-2 снежня і пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Себасцьяна Коэ.

***


Легендарны Кененіса Бекеле вяртаецца да трэніровак пасля таго, як не змог фінішаваць на Лонданскім марафоне ў кастрычніку. «Гэта быў складаны час, але праблема з траўмай вырашылася. Я вельмі рады, што зноў магу бегаць, у бліжэйшыя некалькі тыдняў мы паставім мэты на будучыню», – напісаў атлет у сваім Instagram.

***


Еўрапейская лёгкаатлетычная асацыяцыя апублікавала кваліфікацыйныя нарматывы на Кубак Еўропы ў бегу на 10000м, які пройдзе ў Лондане 5 чэрвеня 2021 года. З імі можна азнаёміцца ТУТ.