ДВАЙНОЕ ПРОЗВIШЧА І АДНА МАРА НАСТАССІ МІРОНЧЫК-ІВАНОВАЙ
10 ВЕРАСНЯ 2020
409


Крок назад толькі для разбегу. Слаўны Слуцк Мінскай вобласці, дзе спрадвечна ткаліся паясы, а цяпер яшчэ і перамогі той, якая затыкне за пояс саперніц і дакажа, што патрыятызм і любоў да сваёй справы зробяць сваю справу. Пераможную. Настасся Мірончык-Іванова ў інтэрв'ю газеце "Мінская праўда".

Настасся, як Вы прыйшлі ў лёгкую атлетыку і ці лічыце пераможны шлях спартсмена нялёгкім?

Лічу, любая прафесія і дзейнасць на сумленне і з самааддачай з'яўляюцца нялёгкімі. Калі па душы і выкладвацца на ўсе сто – заўсёды будзе толк і дастойны рэзультат. У 13 гадоў я прыйшла ў СДЮШАР роднага Слуцка, дзе пачаўся мой спартыўны шлях. Стартам быў спрынт і скачковыя дысцыпліны.

Чаму пасля менавіта скачковыя дысцыпліны выйгралі спрэчку са спрынтам?

- Усе юныя таленты пачынаюць з мнагаборства, у якім і магчыма ўбачыць задаткі нейкага вызначанага віду Каралевы спорту. Мой першы трэнер бачыў ува мне спрынтаршу, хоць з добрымі рэзультатамі бегала і сярэднія дыстанцыі, але душа ўсё ж ляжала да скачковых дысцыплін, у якіх і хацелася сябе рэалізаваць.


Раскажыце самыя памятныя спаборніцтвы і чаму менавіта яны?

Гучыць гучна, але гэта праўда: самыя запамінальныя спаборніцтвы для мяне ўсе. Кожныя па-свойму. Я стараюся запомніць атмасферу арэны, падтрымкі гледачоў, перадаць ім свой настрой на далёкія метры. Фінальная нота канцэнтрацыі, яе павінен прымерыць і адчуць кожны, хто бачыць маю спробу.

Вы былі, у прамым сэнсе слова, «на валаску» ад бронзы ў 2011 годзе, якімі вачамі цяпер глядзіце на тую сітуацыю? (На чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы спробу Настассі палічылі па лініі яе валасоў у скачковай яме, фактычны рэзультат быў лепш, спартсменка «паляцела» далей – заўвага аўтара)

- Не перажывала першапачаткова аб тым, што здарылася, бо ведала, што зрабіла усё, што ад мяне залежыць. А спорт бывае несправядлівы. Гэта нармальна. Калі ты задаволены сабой, сваім скачком, бачыш, як тваё выступленне спадабалася гледачам – усё не дарма, гэта станоўчы вопыт.


Ваш трэнер з'яўляецца яшчэ і мужам. Ці атрымоўваецца падзяляць асабістае і прафесійнае?

Не задумвалася аб гэтым, не аналізавала. Мы адзін тандэм, блізкія людзі, якія вераць адзін у аднаго, берагуць і ідуць да адзінага рэзультату. Калі муж з'яўляецца трэнерам, гэта вельмі эфектыўна, бо ён побач 24 гадзіны ў суткі і кантралюе твой настрой, харчаванне, трэніроўкі, дапамагае і падтрымлівае. Я яму вельмі за многае ўдзячная.

Ваш сын у гэтым годзе пайшоў у першы клас. Якія пажаданні ён атрымаў ад мамы-чэмпіёнкі?

Нельга баяцца памылак, гэта норма жыцця. Калі памыляешся, ты прапрацоўваеш тое, што здарылася, і становішся лепш і мацней. Самаразвіццё немагчыма без памылак. Таксама важна верыць у сябе і любіць тое, што ты робіш і чым жывеш.


Раскажыце пра сваю сям'ю і Ваш вольны час. Якая Настасся Мірончык-Іванова для самых блізкіх і родных?

- Люблю не словам, а справай. Спытаеце маіх блізкіх, родных, кожны зможа нешта адзначыць і мяне ахарактарызаваць. Аб сваёй сям'і кажу з упэўненасцю – мая галоўная каштоўнасць, люблю кроўных блізкіх, роднымі людзьмі лічу і добрых сяброў. Мы праводзім час актыўна, не сядзім дома, любім прыроду і новыя падзеі, хочам паказаць сыну магчымасці нашага яркага і прыгожага свету, пашыраць кругагляд, пазнаваць новае.

Ці ёсць у Вас дэвіз або абавязковы рытуал напярэдадні важнай падзеі?

Не, я веру ў сябе, падрыхтоўку і свайго трэнера. Працавітасць ёсць лепшы рытуал.

Кім Вы бачыце сябе па завяршэнні спартыўнай кар'еры?

Я адкажу Вам на гэта праз гадоў шэсць. Навошта цяпер задумвацца аб такім? Калі спартсмен дапускае такія думкі, ён шмат чаго губляе ў сваім светаадчуванні і падрыхтоўцы. Адчуваю ў сабе велізарны спартыўны патэнцыял і веру ў яго поўную рэалізацыю. Іду да сваёй мары, стараюся паказваць лепшыя рэзультаты і развівацца як спартсменка.

Што для Вас патрыятызм і як ён праяўляецца?

Два кіты патрыятызму: любоў і нязменнасць пазіцыі. Вера ў сябе і свае думкі, пачуцці, адчуванні, якія не могуць пераламаць ніякія знешнія сілы. Патрыятызм – фундамент у спорце, я прадстаўляю на міжнароднай арэне сваю любімую Беларусь, у якую веру і вельмі цаню. Упэўненая, яшчэ не раз пачую родны гімн на п'едэстале гонару, зраблю для гэтага максімум.

Раскажыце, як Вы даглядаеце сябе, ці ёсць сакрэты прыгажосці?

- Зусім хутка мае сакрэты перастануць быць такімі, бо я падзялюся імі на сваім YouTube канале. Аддаю перавагу беларускай касметыцы, задаволеная якасцю, а таксама вылучаю час у сваім трэніровачным графіке для працэдур. Лічу, што дзяўчына павінна добра выглядаць заўсёды.


У вас з нядаўніх часоў з'явіўся творчы псеўданім Mirro. Можаце падзяліцца творчымі планамі?

- Асвойваю новую грань сваёй асобы, мне хочацца паспрабаваць спяваць. Жаданне ўжо прынесла свой плады, але пачакаем з прэм'ерай. Зараз неспакойны час і некаторыя могуць палічыць гэта «танцамі на касцях». Мне вельмі падабаецца выніковы прадукт нашай сумеснай творчасці, чакаю зручны момант для яго апублікавання.

Ці любіце Вы вандроўкі і якому фармату аддаеце перавагу: актыўны экскурсійны ці пасіўны пляжны?

- Вельмі люблю падарожжы, камфортны пляжны адпачынак мне па душы адзін дзень, потым надакучвае і хочацца даследаваць розныя гарады, іх гісторыю, традыцыі. Хочацца самім паглядзець і паказаць дзіцяці, якая прыгожая наша планета. Мару пабачыць на свае вочы Індыйскі акіян, вулканы. У Беларусі таксама ёсць «месцы сілы». Гэта бацькава хата ў Слуцку і ў лепшых сяброў у Магілёве. Дом там, дзе адпачывае наша душа і сэрца.

Какая у Вас цяпер мара і што трэба зрабіць для яе рэалізацыі?

- У мяне шмат жаданняў і думак, як іх увасобіць у жыццё. Самаўдасканаленне – працэс без фінішнай прамой. Аднойчы на трэніроўцы я паказала свой самы далёкі скачок. Вельмі хочацца паўтарыць яго на афіцыйным старце. Напрыклад, на Алімпіядзе ў Токіа ў 2021 годзе.

Да далёкіх метраў – кароткі часовы крок. Мы ўпэўненыя ў гэтым. Хай у краіне ўзыходзячага сонца ў надыходзячым годзе Вы знойдзеце сваё месца пад сонцам пад акорды роднага гімна і сэрцабіцця гонару і шчасця.

Дзякуй за прадуктыўны дыялог, Настасся!


КАЛЯНДАР МЕРАПРЫЕМСТВАЎ
ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ