ДЗМІТРЫЙ КАРПУК - ЧЭМПІЁН ЕЎРОПЫ СЯРОД МОЛАДЗІ Ў ШТУРХАННІ ЯДРА!
08 ЛIПЕНЯ 2021
42


Сёння, у першы дзень чэмпіянату Еўропы U23 у эстонскім Таліне, беларус Дзмітрый Карпук атрымаў перамогу ў штурханні ядра з вынікам 20.33!

Свой лепшы вынік наш спартсмен, які з'яўляецца лідарам еўрапейскага моладзевага сезона, паказаў у першым жа выхадзе ў сектар. А далей здзейсніў выдатную серыю спробаў, зафіксаваўшы паслядоўна 20.26, 19.90, 20.26, 19.50 і 20.16! Дзмітрый стаў адзіным, каму ў гэты дзень скарылася 20-метровая адзнака.

Серабро заваяваў прадстаўнік Турцыі Алперэн Карахан, які паказаў у лепшай са спробаў вынік 19.75. Бронзавым прызёрам стаў грэцкі спартовец Адысеас Музенідзіс, які ў заключным выхадзе ў сектар паказаў 19.41 і "адсунуў" на чацвёртую пазіцыю яшчэ аднаго беларускага штурхача Алега Тамашэвіча.


Наш спартсмен падзяліўся сваімі ўражаннямі ад спаборніцтваў і пераможнымі эмоцыямі з арганізатарамі:

- Я зрабіў сваю справу. Адчуванні змешаныя, таму што я сапраўды вельмі хацеў усталяваць асабісты рэкорд. Але з іншага боку, я выйграў, і гэта мая першая вялікая еўрапейская ўзнагарода. Вынік мог быць лепш, але гэта жыццё. Усё прайшло добра тут, і я б хацеў сказаць дзякуй маім трэнерам і сям'і за падтрымку. Я ўжо прывык да гэтай сітуацыі ў свеце, звязанай з тэстамі на covid-19 і абмежаваннямі. Я ўпершыню сутыкнуўся з гэтым у Торуні, і цяпер гэта ўспрымаецца аўтаматычна. У нас добрая каманда, і мы падтрымліваем адзін аднаго. Мы сябры, і я абавязкова прыйду на стадыён і заўтра, каб пахварэць за сваіх калегаў па зборнай.

Мы шчыра віншуем Дзмітрыя Карпука і брыгаду яго настаўнікаў - Кунац Людмілу Уладзіміраўну і Кунаца Дзмітрыя Аляксандравіча, а таксама першага трэнера Валерыя Мендэля з чэмпіёнскім званнем! Ганарымся вашым агульным поспехам і ўпэўненыя, што гэта толькі пачатак вялікіх перамог!

КАЛЯНДАР МЕРАПРЫЕМСТВАЎ
ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ