Навіны
ІРЫНА І ВІТАЛЬ ЖУК ПРА СЯМЕЙНУЮ ІДЫЛІЮ І ПРА СПОРТ ЯК ГАЛОЎНАЕ ЗАХАПЛЕННЕ Ў ЖЫЦЦІ
19 Сентября 2020
664


Сезон-2020 выдаўся для лёгкаатлетаў небагатым на яркія здзяйсненні. Галоўны старт для большасці – чэмпіянат краіны. На сталічным "Дынама", у фармаце "Беларускiх гульняў", але са звыклым складам удзельнікаў. Зрэшты, тыя спартсмены, што засталіся, фактычна, без міжнароднага календара падарылі гасцям стадыёна і эфектныя супрацьстаянні, і рэзультаты з сусветнымі прэтэнзіямі. Ірына і Віталь Жук здолелі вызначыцца ў абедзвюх "намінацыях".

Шаставічка, перажыўшы не толькі адсутнасць стартаў, але і траўмы, якія чакалі яе па ходзе падрыхтоўкі, узляцела на вышыню, пра якую большасць айчынных скакух толькі мараць. У сёмы раз лідар зборнай перапісала нацыянальны рэкорд, 4.72. Тады як яе муж здзейсніў невялікі спартыўны подзвіг у дзесяціборстве. У пагоні за золатам заключную дыстанцыю ў спісе дысцыплін, 1500 метраў, ён прабег так, што пасля фінішу папрасіў дапамогі медыкаў. У выніку абедзве перамогі апынуліся з шэрагу надзвычайных – поўнымі і драмы, і эмоцый. У інтэрв'ю газеце Pressball спартсмены распавялі пра цікавае са спартыўнага і паўсядзённага жыцця.

ВітальРэзультаты чэмпіянату Беларусі прынеслі два асабістыя рэкорды: на той самай "паўатарачцы" і ў кіданні дыска. Нядрэнна, але я – максімаліст. Заўсёды хачу большага. Таму адчуў радасць толькі ад таго, што адчуў атмасферу рэальнага старту пасля даўжэзнай паўзы. Сезон апынуўся, хутчэй, трэніровачным, чым спаборніцкім. У алімпійскі год падсвядома прагнеш чагосьці большага, чым імкнення выйсці на поўныя разгоны. Тым больш, па адчуваннях, запасу сіл хапала на восем відаў, якія засталіся без асабістых рэкордаў.


ІрынаУ той час, калі саперніцы сядзелі на карантыне, магла трэніравацца. Ці гэта не радасць? Без стартаў спартсмену высокага ўзроўню цяжка рэалізавацца. Выходзячы ў сектар на "Дынама", разумела: не магу "прафукаць", па сутнасці, адзіны старт года. Няма вопыту? Далёкая ад аптымальнай форма? Не важна! Павінна выціснуць з сябе ўсё. 4.72 – рэзультат вельмі неадназначнага сезону, але ніяк не мой максімум... Навіна аб пераносе Алімпіяды ані не зламала: прыйшлося перагледзець падрыхтоўку і вывесці яе на паўтарагадавы цыкл. Адзін этап закрыты. Наперадзе год узмоцненай працы.

Іра, з часоў дэбюту на юнацкай Алімпіядзе ў Сінгапуры ў тваёй кар'еры хапала і "драўляных" медалёў, і не ўзятых пачатковых вышынь. Цяперашні чэмпіянат краіны самы памятны?

ІПа-свойму люблю кожны старт. Але летні чэмпіянат краіны-2016 па спектры эмоцый не параўнаецца пакуль ні з чым. Яшчэ за год да спаборніцтва паставіла мэту – заваяваць пуцёўку ў Рыа, пакарыўшы нарматыў 4.50. І гэта пры асабістым рэкордзе 4.25!.. Справа дайшло да трэцяй спробы, якая вырашала лёс маёй першай Алімпіяды. І ўсё атрымалася! У той момант сапраўды зразумела, "калі вельмі захачу, то змагу ўсё". Ну, ці амаль усё.

ВА ў мяне гэта, відавочна, чэмпіянат Еўропы ў Берліне.


Раскажы пра тыя "бронзавыя" эмоцыі…

В: Калі ў кампаніі топавых спартсменаў устанаўліваеш восем асабістых дасягненняў у асобных відах і набіраеш рэкордную ў кар'еры суму, то разумееш, што прайшоў турнірную дыстанцыю ідэальна. Канкурэнцыя на Еўра была вельмі высокай. Хоць планетарны лідар, француз Кевін Майер, сышоў даволі хутка, але і без яго хапала тых, з кім даводзілася змагацца. У таго ж Іллі Шкуранева лепшая сума ў кар'еры вышэй за 8600 ачкоў, Ніклас Каўль – паўнамоцны чэмпіён свету – у Берліне застаўся толькі чацвёртым. Тая бронза далася няпроста, але ў выніку стала свайго роду трамплінам у свет вялікага спорту.

Чатырохразовы прызёр "мундыяляў" Эдуард Хямяляйнен, які змяніў беларускае грамадзянства на фінскае пасля Алімпіяды-96, мае найлепшую для беларусаў суму дзесяціборства, 8735. Зусім крыху не дацягнуў да яе Андрэй Краўчанка, 8617. Цяперашнім часам складаней паўтарыць гэтыя лічбы?

ВСыходжу з таго, што недасяжных рубяжоў няма. Паверце, гэта не проста прыгожая заезджаная фраза. Усё проста растлумачыць і пралічыць. Для таго каб набіраць такія сумы, мне дастаткова выйсці да галоўнага старту на пік формы і прайсціся па кожным відзе з асабістымі рэкордамі. Як у Берліне. Запэўніваю, тады лічбы Хямяляйнена можна перакрыць. І, так, падобны рэзультат – гэта, хутчэй за ўсё, медаль на любым міжнародным старце. Хай гэта вельмі высокі ўзровень, але ён дасягальны. Не прама зараз: адкарэктавалі падрыхтоўку на паўтарагадавы цыкл. Пераключыліся не толькі фізічна, але і маральна. Але да будучага лета плануем выйсці на блізкія да рэкордаў рэзультаты.


У свеце ўсяго тры чалавекі маюць рэзультат за 9000 ачкоў. Ці рэальна набіраць такія сумы ў дзесяціборстве?

ВНа свае вочы бачыў, як рэкардсмен свету Кевін Майер ішоў да рэзультату 9126 ачкоў ад віду да віду. Крутое відовішча: дзевяць асабістых дасягненняў і лепшая ў гісторыі сума. Яго выступленне было фантастычным, але менавіта тады зразумеў, на што сапраўды здольны чалавечы арганізм. І такія подзвігі – не проста збег абставінаў. Гэта велізарная самааддача, самаахвяраванне на трэніроўках і вельмі складаная праца вялікай каманды. Не толькі спартсмена, але і трэнераў, псіхолагаў, урачоў і фізіятэрапеўтаў.

Іра, у цябе ўжо сем нацыянальных рэкордаў. Але на кожных спаборніцтвах гледачы чакаюць чарговага дадатку ў вышынях. Ці гэта цісне?

І: Самым складаным было паверыць, што паказваць такія рэзультаты магчыма ў прынцыпе. У тое, што рэальна скакаць вышэй, чым 4.60. Вось гэта зрабіць было вельмі няпроста. Цяпер жа з кожным новым рэкордам упэўненасць толькі дадаецца. Магчыма, лепту ўнеслі міжнародныя старты, якіх з кожным сезонам у графіку станавілася ўсё больш. Калі знаходзішся ў сектары і бачыш, як побач з табой саперніцы з лёгкасцю спраўляюцца з вышынямі, якія ты вызначала, як завоблачныя, гэта вельмі дапамагае зняць псіхалагічныя бар'еры і навучыцца верыць. Пры гэтым адзначала: хтосьці слабейшы за мяне фізічна, хтосьці больш павольны. Але ж яны бяруць планку! Задавалася пытаннем: "Чаму не магу, як яны?" Гэты бар'ер пераадольвала з цяжкасцю, але атрымалася ж! Цяпер усё крыху прасцей. Мною рухае пастаўленая мэта. Кожны дзень разам збіраю крупінкі працы, каб дасягнуць таго, чаго сапраўды хачу. Прыступкі на шляху да мэты – фармальнасць, калі чалавек сапраўды хоча атрымаць поспех. Я ж не крычу пра тое, што перапрацоўваю на трэніроўках і часам асвойваю аб'ём, удвая больш за вызначаны. Часам плачу ад стомы. Але выразна разумею, дзеля чаго іду на гэтыя ахвяры, і ведаю, што з кожнай трэніроўкай раблюся бліжэй да мэты.

У такім выпадку скажы: сусветны рэкорд Алены Ісінбаевай, 5.06 – гэта мэта або мара?

ІДакладна ведаю: дасягненне хутка ўпадзе. Толькі пакуль не магу сказаць, ад чыіх рук і ног. Сусветны, еўрапейскі і нават наш унутраны ўзровень у скачку з шастом моцна вырас. Раней рэзультат 4.70 лічыўся касмічным. Цяпер ім не здзівіш нават у Старым свеце. На "мундыялі" вышэй за гэтую адзнаку могуць узляцець адразу дзевяць фіналістак.


Такія вынікі нараджаюць вельмі сур'ёзную канкурэнцыю. Гэта ўплывае на адносіны ўнутры свету шаставічак?

ІЯк такавога сяброўства няма. Але існуюць падтрымка і ўзаемадапамога ў сектары. Дапамагчы ў адсутнасці трэнера і паглядзець пробную спробу? Без праблем. Ніхто нікому ніколі не адмовіў. Калі збіраемся разам, нам весела. Не было ні моманту, каб не было пра што пагаварыць. Расіянка Анжаліка Сідарава, напрыклад, вельмі просты чалавек не толькі ў сектары, але і за яго межамі. Падтрымліваем зносіны і заўсёды адзін аднаму рады.

Крысціна Канцавенка мінулы сезон завяршыла юніёрскім нацыянальным рэкордам, 4.50. Бачыш у ёй саперніцу?

ІНяма, паколькі факусіруюся толькі на ўласнай працы і мэтах. Казаць, што Крысціна ідзе па маіх слядах, напэўна, па-дурному: мае юніёрскія 4.10 яна даўно пераскочыла. Яе рэкорд – вельмі моцны рэзультат у такім узросце. Галоўнае расці і прагрэсіраваць. Перспектыва і талент у гэтай дзяўчынцы сапраўды ёсць. І так, яна дакладна не апынецца адной з тых, хто, паказаўшы высокія рэзультаты ў юніёрскім спорце, пазней губляліся.

Расійскі вундэркінд Мацвей Волкаў, які голасна кідае выклік рэкардсмену свету ў памяшканні шведу Armand Duplantis, у свае 16 мае гросмайстарскbz 5.50. Што скажаш пра гэтага хлопца і яго жаданні выступаць за зборную нашай краіны?

І: Сказаць па шчырасці, навіне пра тое, што Волкаў хоча выступаць за нашу краіну, узрадавалася. Люблю Беларусь. Яна мяне выгадавала і выхавала як спартсменку. Павіншавала Мацвея асабіста з такім выбарам і крокам. Ведаю, што тут яму будуць рады. А мы ўсе з задавальненнем паназіраем за імкненнем маладога спартсмена, здольнага як мінімум разбавіць застаялую ўнутраную канкурэнцыю ў мужчынскім шасце. У нас падрастае пара-тройка маладых хлопцаў. Але закрываць дадзены від на камандным чэмпіянаце Еўропы ў Суперлізе, які ў наступным годзе пройдзе ў Мінску, камусьці трэба. Як той казаў: адзін добры шаставік у краіне – добра, два – яшчэ лепш.

Віталь, гляджу, больш адмоўчваецца і не перахопліваць ініцыятыву! Гэтаму цябе навучыў трохгадовы вопыт сямейнага жыцця і веданне Ірынага характару?

ІХарактар у мяне, так, сталёвы. Але ён такі толькі тады, калі гэта трэба. У звычайным жыцці я мяккая і добрая.

ВМы лёгка ўжываемся – без сварак, канфліктаў і рознагалоссяў. Знайсці кампраміс у вырашэнні пытанняў? Лёгка. Ніхто не робіць гэта праз сілу. Мы ж нават пазнаёміліся на стадыёне, працуем там жа. У нас аднолькавыя інтарэсы, погляды і разуменне мэтаў. Гэта вялікі плюс у сямейным жыцці. Не патрабую ад Іры гатавання баршчу пасля цяжкай трэніроўкі, яна не просіць убіць умоўны цвік, калі бачыць, што я стомлены. Ці гэта не сямейная ідылія?


Раскажыце пра свой вольны час і інтарэсы.

ВГалоўны інтарэс у нашым жыцці – спорт. На яго трацяцца амаль усе сілы і вялікая частка часу. Падрыхтоўчы перыяд даецца асабліва цяжка, таму, калі атрымліваецца адпачыць, то аддаем перавагу пасіўна ляжаць. Але мы не зусім гультаі. Стараемся выбірацца на прагулкі. Калі выдаецца цэлы вольны дзень, сумяшчаем прыемнае з карысным: арандуем лазню, едзем у басейн або аквапарк. Адпачынак у гэтым годзе, напрыклад, быў вясковым. Поўная перазагрузка перад цяжкім годам падрыхтоўкі да Алімпіяды. Калі казаць пра перавагі, то мы за актыўна-экскурсійны адпачынак, чым качанне на пляжы.

Хобі Віталіка – рыбалка. Іра, ён прывучыў цябе да лоўлі рыбы або ты лепей дома з кніжкай застанешся?

ІУ жанчын жа ўсё пад настрой. Часам сапраўды цікава пасядзець з вудай ля вады, і я з вялікім задавальненнем еду з мужам. Віталік добры апавядальнік і настаўнік. Па сутнасці, менавіта ён адкрыў для мяне свет снасцяў, прынад і разнавіднасцяў рыб.

ВЯ ж просты хлопец з вёскі, дзе захапленняў у дзяцінстве не так і шмат. Побач з домам возера, на якое хлапчукамі бегалі цэлае лета. Хтосьці купаўся, а я рыбу лавіў. З узростам цікавасць да рыбалкі толькі ўзрастала. Зараз цікавы ўжо не вынік, а сам працэс. Злоўленую рыбу, часцей за ўсё шчупака, выпускаю.


Якія яшчэ ў вас сямейныя захапленні?

ІЖывем настолькі спантанна, што ні адзінай звычкі ўспомніць не магу. Сёння перад трэніроўкай не снедаем, заўтра – з'ядаем палову змесціва халадзільніка. Арыентуемся на адчуванні. Няма такога, што па чацвяргах ходзім у краму, па суботах – ядзім дранікі. Бывае, што хлеба дома няма, і гэта не праблема. А здараецца, пасярод ночы зрываемся ў краму. Слухаем арганізмы і падладжваемся. Часам у нас нават абедзенныя стравы адрозніваюцца. Так, мы спартсмены, павінны прытрымлівацца рэжыму, але падобны стыль жыцця нас задавальняе. Стараемся класціся спаць не пазней адзінаццаці. Не заўсёды атрымліваецца, але спрабуем.

Іра, у інстаграме ты пісала, што з дзяцінства чула фразу: "Дзе пачынаецца каханне, там заканчваецца спорт". Каханне для цябе – гэта ...?

ІКомплекснае паняцце: быць за каменнай сцяной, атрымліваць клопат, падтрымку, дапамогу ад другой палоўкі. Ведаю, што для мужа я – галоўнае ў жыцці. У адказ дару яму любоў, стараюся быць для яго натхненнем ва ўсім, цаню моманты і шаную кожным днём. Любую праблему вырашаем разам. Праўду кажуць: быць замужам – значыць за мужам. У нашай сям'і менавіта так. У Віталіка знайшла ўсё, што шукала.

Калі пакапацца ў інтэрнэце, то высветліцца, што Ірына Жук, вядомая таксама як анлайн-трэнер, а заадно бьюці- і фуд-блогер ...

ІСтараюся не замыкацца выключна на спорце. Таму прайшла шмат-анлайн курсаў. Умею рабіць макіяж, пастаянна чэрпаю новае і актуальнае са свету касметалогіі. Бо дзяўчынкам важна ўмець даглядаць за сабой і рабіць гэта правільна. Разумеючы, што падпісчыкам можа быць цікава, штосьці выкладвала ў сетку, дзелячыся напрацаваным вопытам. Аднак пасля некаторых падзей у жыцці прыйшла да высновы, што больш правільна будзе многае трымаць у сабе. Так што з блогерствам, лічы, завязала. Магчыма вярнуся пасля заканчэння кар'еры.


На фоне жонкі Віталь выглядае сціплым хлопцам, у якога нават інстаграм-акаўнта няма. Гэта прынцыповая пазіцыя або недахоп часу?

В: Ды я неяк з самага пачатку не зрадніўся з гэтымі сацыяльнымі сеткамі. Час для вядзення акаўнтаў знайшоў бы, але што рабіць, калі не цікава? Ці раўную Іру да багацця падпісчыкаў і іх увагі? Не, рэўнасцю ніхто з нас не пакутуе. Ды і нагодаў адзін аднаму не даем. Не заўважаў, напрыклад, каб жонка выкладвала пахабныя і непрымальныя фота ў агульны доступ.

ІДы якая рэўнасць? Такія хлопцы, як Віталік, – від мужчын, які вымірае ў наш час. Іх трэба шанаваць і берагчы. Увогуле з цяжкасцю ўяўляю, як мужык будзе напаказ песціцца, выкладваць фатаграфіі голага цела і расказваць, як ён папраўляе чубок. Сапраўдны мужчына – гэта абаронца. Стрыманы, тактоўны, які адказвае за свае словы і ўчынкі чалавек. І я шчаслівая, што ў мяне менавіта такі муж.

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ