КАРАЛЕВА СПОРТУ XXI ВЕКА. УСПАМІНАЕМ 2013 ГОД
30 ЧЭРВЕНЯ 2020
184


Нашы ўспаміны пра самыя важныя выступленні беларускіх лёгкаатлетаў усё бліжэй падбіраюцца да цяперашняга часу. Здаецца, што 2013 год быў толькі нядаўна, але і ён ужо гісторыя. Галоўныя ж дзеючыя асобы гэтага часу ўсё яшчэ ў справе, працягваюць свой трэніровачны працэс і з'яўляюцца аднымі з нацыянальных лідараў. А пакуль мы зноў пагружаемся ў падзеі мінулых стартаў – зімовага чэмпіянату Еўропы і летняга сусветнага форуму.

Кантынентальнае першынство ў памяшканні 2013-га года стала першым афіцыйным посталімпійскім стартам і прайшло ў шведскім Гётэборгу ў перыяд з 1 па 3 сакавіка. Спартыўная арэна Scandinavium прыняла сотні ўдзельнікаў чэмпіянату, сярод якіх было і 12 беларусаў. Роўна трэць іх – чацвёра – па выніках спаборніцтваў падняліся на п'едэстал гонару.


Першыя ўзнагароды апусціліся ў беларускую скарбонку ў першы ж дзень чэмпіянату Еўропы. Сярэбраныя, адна з якіх пазней павярнулася золатам. У жаночым бар'ерным бегу ўсе тры круга спаборніцтваў прайшлі на працягу ранішняй і вячэрняй сесіі, а з выступленнем Аліны Талай небеспадстаўна звязваліся немалыя надзеі. У папярэднім забегу наша суайчынніца ўпэўнена фінішавала першай з вынікам 8.02, а ў сваім паўфінале паказала такі ж час, трохі прапусціўшы наперад сябе расіянку Юлію Кандакову. У вячэрнім фінале ж ва ўпартай барацьбе Аліна паўтарыла свой лепшы вынік таго сезону, які з'яўляўся і яе асабістым рэкордам, – 7.94, вырваўшы другую пазіцыю па дадзеных фотафінішу італьянкі Веранікі Борсі. Пераможцай таго забегу стала турэцкая барерыстка Нявін Яныт – 7.89, чые вынікі ўжо ў канцы лета былі ануляваны з-за станоўчай допінг-пробы.


Яшчэ адзін медаль у той дзень для нашай зборнай заваявала мнагаборка Яна Максімава. Праграму пяцібор’я пераадольвалі пятнаццаць удзельніц, сярод якіх была і яшчэ адна беларуска – дэбютанка топ-турніраў Кацярына Нецвятаева. Першы від – бар'ерная 60-метроўка – не самая моцная для нашых спартсменак. Максімава паказала на фінішы 8.63, Нецвятаева – 8.65, і пасля дадзенай дысцыпліны дзяўчыны займалі адпаведна дзясяты i дванаццаты радок. Усё змянілася ўжо ў скачку ў вышыню. Яна паўтарыла свае лепшыя метры ў сезоне і ў кар'еры, узляцеўшы вышэй саперніц – на 1.90. І адразу ж перамясцілася на вяршыні прамежкавага пратаколу з сумай у 2095 ачкоў. Зрэшты, у бліжэйшай праследавацельніцы яна выйгравала толькі 9 ачкоў. У наступным відзе – штурханні ядра – наймацнейшая з беларусак зафіксавала лепшыя метры сезону, адправіўшы снарад на 14.65. Гэта быў трэці вынік у гэтым сектары, але ён дазволіў Яне не толькі ўтрымаць лідарства, але і павялічыць адрыў ад канкурэнтак да 30 ачкоў. Усяго ў яе скарбонцы было 2932. У скачку ў даўжыню на рахунку Максімавай апынуўся толькі адзінаццаты паказчык – 5.94. Праследавацельніцы беларускі – францужанка Антуанэта Нана Джыму зафіксавала 6.32 і выйшла наперад па суме ачкоў – 3851. У нашай лёгкаатлеткі было 3763, у маладой бельгійкі Наффісату Ціам – 3744, ва ўкраінкі Ганны Касьянавай (Мельнічэнка) – 3743. Заключную 800-метроўку ўсе дзяўчаты пераадольвалі з апошніх сіл. Лепшы вынік – 2:14.84 – паказала як раз Яна Максімава, засцярогшы тым самым сабе срэбра. Французская спартсменка адстала амаль на 6 секунд, інтрыга захоўвалася, пакуль лічылі канчатковыя сумы, але, на жаль, ад звання чэмпіёнкі Еўропы беларуску аддзялілі ўсяго 8 ачкоў. Тым не менш, яна на 34 ачкі перасягнула суму асабістага дасягнення, набраўшы 4658 ачкоў, і стала сярэбраным прызёрам турніру. Кацярына Нецвятаева завяршыла сваё выступленне на адзінаццатым месцы з сумай 4092 – амаль на 400 ачкоў менш асабістага рэкорду. У скачку ў вышыню яна паказала 1.69, у штурханні ядра – 13.33, у скачку ў даўжыню – 5.55, на дыстанцыі 800м – 2:21.59.


У трэці дзень спаборніцтваў былі разыграны ўзнагароды ў жаночым штурханні ядра. Беларусь у гэтай дысцыпліне прадставіла Алена Абрамчук (тады яшчэ Копец). У Швецыю наша спартсменка прыехала, маючы ў сваім актыве вельмі далёкія метры – 19.06, а кваліфікацыю без лішняга напружання прайшла з другім паказчыкам – 18.24. У фінале з першага ж выхаду ў сектар яна захапіла лідарства, адправіўшы снарад на 18.53, але асноўным канкурэнткам здзейсніць заліковую спробу не ўдалося. У трэцяй спробе расіянка Яўгенія Каладко зафіксавала 18.71 і ссунула Лену з лідарскай пазіцыі, але ў чацвёртай беларуска адказала прыбаўкай – 18.59, а пасля таго, як у пятай немка Крысціна Шваніц уклінілася паміж імі з вынікам 18.64, і зусім вярнула сабе прамежкавае першае месца – 18.85. Праўда, адразу ж следам у сектар выйшла Яўгенія і зноў перайначыла пратакол – 19.04, а ў шостай спробе Шваніц зафіксавала лепшыя метры ў гэтым сектары і заваявала золата чэмпіянату Еўропы – 19.25. Беларуская штурхальніца паднялася на трэцюю прыступку п'едэстала пашаны, аднак пасля таго, як Каладко была пазбаўлена свайго срэбра з-за прымянення забароненых прэпаратаў, перамясцілася на сярэбраную пазіцыю.


Бягуння на 800м Марына Арзамасава перад чэмпіянатам кантынента ў якасці лепшых секунд сезона 2013 года мела 2:02.20, паказаныя ў сярэдзіне лютага ў Францыі. Гэты вынік яна палепшыла ўжо ў паўфінале, паказаўшы другі вынік дня – 2:01.22, а ў заключны дзень у фінале спаборніцтваў палепшыла яго яшчэ на адну сотую секунды – 2:01.21. Гэты вынік прынёс нашай суайчынніцы бронзавы медаль. Перад ёй фінішавалі ўкраінская бягуння Наталля Лупу (2:00.26) і расіянка Алена Катульская (2:00.98).


Дарэчы, калега Марыны па віду Аніс Ананенка спыніўся за крок ад п'едэстала, саступіўшы ў барацьбе за бронзу ўсяго адну сотую долю секунды. Фінальны забег са старту разгортваўся тактычна, і перамогу на чэмпіянаце Еўропы ў выніку адсвяткаваў вядомы польскі сярэднявік Адам Кшчот – 1:48.69. Другім на фінішы апынуўся іспанец Кевін Лопес – 1:49.31, трэцяе месца заняў брытанец Мухтар Махамед – 1:49.60. Час Аніса склаў 1:49.61. На шостым радку з новым асабістым рэкордам завяршыў сваё выступленне на чэмпіянаце Еўропы бар’ерыст Максім Лынша, у фінале прамчаўшыся 60-метровую дыстанцыю за 7.58. Тройка прызёраў у гэтай дысцыпліне замкнулася з вынікам 7.53.

***

Маскоўскі чэмпіянат свету, які прайшоў у "Лужніках" з 10 па 18 жніўня 2013 года, стаў самым масавым за ўсю гісторыю правядзення. 1974 лёгкаатлета з 206 краін прынялі ўдзел у галоўным старце летняга сезону, а спаборніцтвы ўвогуле наведалі больш за 270 тысяч гледачоў. Беларуская каманда была прадстаўлена на гэтым форуме 27 спартсменамі, але, на жаль, айчынная зборная вярнулася дадому без узнагарод у сваім актыве.


Бліжэй за ўсіх да медаля была наша скакуха ў даўжыню Вольга Сударава. У фінальных спаборніцтвах яна ў другім выхадзе ў сектар паляцела на 6.82 і да пятай спробы значылася на прамежкавым трэцім месцы. Аднак Іване Шпановіч атрымалася ў дакладнасці паўтарыць вынік беларускі і ўсталяваць новы нацыянальны рэкорд. Прыйшоў час параўноўваць метраж другой лепшай спробы, і менавіта сербка выйшла на бронзавую пазіцыю. Сударава, якая мела ў сваім актыве 6.66, трэба было ляцець за 6.70. Але пяты выхад у сектар Вольгі прынёс ёй вынік 6.64, а шосты – 6.50, і наша лёгкаатлетка засталася на чацвёртым радку выніковага пратаколу... Перамогу з палётам на 7.01 адсвяткавала амерыканка Брытні Рыз, срэбра заваявала нігерыйка Блессінг Акагбары – 6.99.

КАЛЯНДАР МЕРАПРЫЕМСТВАЎ
ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ