Навіны
МАЙСТАР-КЛАС І АДКРЫТАЯ ТРЭНІРОЎКА З АНДРЭЕМ ГАРДЗЕЕВЫМ І СЯРЭБРАНЫМІ ПРЫЗЁРАМІ ЧЭМПІЯНАТУ ЕЎРОПЫ ПА КРОСЕ ПРАЙШЛА НА "ДЫНАМА" + ФОТА
14 Сентября 2020
420


На жаль, 2020 год стаў пераломным не толькі для прафесійнага спорту, але і для ўсіх аматараў бегу і здаровага ладу жыцця. Мноства міжнародных і ўнутраных стартаў былі перанесены і адменены з прычыны распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі. Мінскі паўмарафон, які на прасторах беларускай сталіцы аб'ядноўвае тысячы аднадумцаў, перанесены на 2021 год, бо здароўе і бяспека ўдзельнікаў забегу – асноўная задача для арганізатараў самай масавай бегавой падзеі краіны. Тым не менш, многія спартыўныя мерапрыемствы плануюцца, а падрыхтоўка ўдзельнікаў не спыняецца. Сёння, у дзень, калі павінен быў стартаваць шосты Мінскі паўмарафон, Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі сабрала бегуноў пад скляпеннямі стадыёна "Дынама" ў рамках майстар-класа, які правёў старшы трэнер нацыянальнай каманды па вынослівасці Андрэй Гардзееў, а таксама адкрытай трэніроўкі пад кіраўніцтвам сярэбраных прызёраў чэмпіянату Еўропы па кросе. Пра тое, як гэта было, чытайце ў нашым артыкуле.


10:30 на гадзінніку. Каля гістарычнай аркі галоўнай лёгкаатлетычнай арэны краіны сабраліся тыя, хто не ўяўляе сваіх будняў без бегу. Удзельнікі бегавога майстар-класа марылі выйсці на старт упадабанага многім мерапрыемства, але, як і ўся спартыўная грамадскасць, абавязаны падпарадкавацца правілам, якія дыктуе гэты няпросты год. Настрой ва ўсіх прысутных добры, а надвор'е адказвае ўсмешкам удзельнікаў цёплымі вераснёўскімі праменьчыкамі сонца. Кожны, хто сёння быў з намі, зараджаны на актыўную трэніроўку і дорыць навакольным толькі пазітыў. Настрой прыўзняты, а значыць дзень будзе прадуктыўным.


Каля сотні чалавек вырашылі даведацца пра бег новае, альбо замацаваць свае веды парадамі прафесіянала. Андрэй Аляксандравіч Гардзееў – чалавек, які, як і ўсе прысутныя, не ўяўляе свайго жыцця без бегу. За яго плячыма вялікая колькасць медалёў на прэстыжных міжнародных марафонах. У цяперашні час ён з'яўляецца старэйшым трэнерам нацыянальнай каманды па вынослівасці, пад чыім кіраўніцтвам вядзецца падрыхтоўка і куюцца медалі розных топавых турніраў не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Паўгадзінная гутарка прайшла з лёгкасцю і ў добрым настроі. Спікер падзяліўся асабістым вопытам і заклікаў бегуноў займацца любімай справай толькі з усмешкай на твары. Андрэй Аляксандравіч парэкамендаваў бегунам выкарыстоўваць у якасці пляцоўкі для трэніровак парк, лес ці грунтавое пакрыццё, але ні ў якім разе не асфальт ці плітку, якія наносяць каласальную шкоду каленным суставам. Таксама заклікаў не забываць аб правільным харчаванні, не злоўжываць нагрузкай, дадаючы кіламетраж з дня ў дзень дазіравана. Не засталіся ў баку пытанні матывацыі, дзе Андрэй Гардзееў параіў весці спартыўны дзённік, бегаць у камандзе, а таксама рэкамендаваў да прачытання кнігі пра гісторыі вялікіх бегуноў. "Абавязковай умовай у бегу з'яўляецца пастаноўка мэты. Калі вы вырашылі сур'ёзна захапіцца спортам, зразумейце для сябе, чаго вы хочаце дамагчыся," – падсумаваў мадэратар трэніроўкі.


Да апошняга моманту арганізатары сённяшняга мерапрыемства трымалі ў таямніцы імёны тых, хто пабяжыць рука аб руку і нага ў нагу з нашымі выдатнымі ўдзельнікамі. А пэйсмэйкерамі сталі сярэбраныя прызёры чэмпіянату Еўропы па кросе ў эстафетным бегу 4 па 1500 метраў Кацярына Карняенка, Арцём Калачоў, Вольга Немагай і Сяргей Платонаў. Да пачатку размінкі і цэнтралізаванай прабежкі ў слухачоў была магчымасць выйграць плюшавага талісмана Мінскага паўмарафону Зайку "Дзярзайку", адказаўшы правільна на пытанні Андрэя Аляксандравіча.


У пазітыўнай атмасферы госці мерапрыемства вызначылі для сябе дыстанцыю, якую хацелі пераадолець па дарожках легендарнага стадыёна "Дынама". Хтосьці настроіўся на пераадоленне пяці кіламетраў, хтосьці паставіў перад сабой мэту прабегчы ўдвая больш. Але сумненняў у тым, што ўдзельнікі атрымалі масу эмоцый і добра правялі сваю актыўна-спартыўную раніцу нядзелі, у нас не засталося пасля гаворкі з імі.





Вашай увазе эмоцыі бегуноў:

Ганна Любянкова – спартыўны каментатар тэлеканала "Беларусь 5", удзельнік зорнай каманды "Dream team" Мінскага паўмарафону:


- Вядома, кожны з нас чакаў гэты Мінскі паўмарафон. Не крывячы душой, магу сказаць, што ў гэтым годзе я была гатовая лепш, чым калі б там ні было. Але, напэўна, усё варта ўспрымаць як належнае, як дадзенасць. Будзем лепш гатовыя да наступнага сезона. Не губляю энтузіязму і матывацыі, іду далей. Калі шчыра, з весткай пра тое, што паўмарафон пераносіцца, я стала бегаць толькі больш. Вырашыла для сябе, але пакуль што гэта хутчэй толькі маральнае жаданне, прабегчы "дваццатку" ў наступным годзе. Такога я яшчэ не рабіла нават у рамках трэніровак. Гэта той выклік, які я павінна сабе кінуць. Добра рыхтавацца, больш часу і ўвагі надаваць харчаванню, доўгім трэніроўкам. Для мяне любое мерапрыемства, як, напрыклад, сёння – гэта магчымасць стаць лепш. Буду ўдзельнічаць у розных забегах, якія будуць праходзіць у краіне, каб да наступнага года і Мінскага паўмарафону быць у поўным узбраенні. 

Аляксей прадавец:


Мінскі паўмарафон для мяне – гэта матывацыя. Два гады таму я захапіўся тэмай бегу і пачаў рыхтавацца да гэтага мерапрыемства. У 2018 годзе прабег сваю першую "пяцёрачку", а ўжо на наступны год выйшаў на старт паўнавартаснага паўмарафону. У гэтым годзе, вядома, я планаваў бегчы 21 кіламетр, але з'явілася жаданне бегаць і працаваць на паляпшэнне сваіх уласных вынікаў, а не проста на павелічэнне дыстанцыі. Сёння, вядома, хацелася выйсці на старт самай масавай бегавой падзеі краіны, але цешымся з таго, што ёсць. Крута, што такія мерапрыемствы як сёння праводзяцца. Той падрыхтоўкі, якая была праведзена, вядома, шкада, але мы ж разумеем, што мы бегаем для сябе, для свайго росту і развіцця, таму пастаўленыя задачы будуць яшчэ рэалізаваныя. Няхай не сёння, але ў наступным годзе абавязкова!

Святлана – менеджэр па персаналу, але акрамя асноўнай працы захапляецца аматарскім спортам:


- Рада быць сёння тут і ўпершыню бегчы па дарожках гэтага цудоўнага стадыёна. Дзякуй федэрацыі лёгкай атлетыкі за прадстаўленую магчымасць. Бег – адно з маіх спартыўных захапленняў. Я з'яўляюся часткай бегавога руху #followminsk, а трэніруемся мы ў Парку Перамогі. Расстроілася, калі даведалася пра навіну аб пераносе Мінскага паўмарафону. Планавала бегчы пяць кіламетраў, на большае пакуль што я не гатовая, таму што ўсяго год мэтанакіравана захапляюся бегам. Але працягваю падрыхтоўку, бо ў наступным годзе хачу паменшыць свой тэмпавы час. Толькі з пазітывам гляджу наперад і ўпэўненая, што будучы год падрыхтоўкі пойдзе мне толькі на карысць. Аб удзеле ў іншых бегавых мерапрыемствах я пакуль не думала, але ўпэўненая, што зацікаўлюся імі пасля вашага пытання.

АляксандрQA-інжынер:


Бег для мяне – частка жыцця. Ён дапамагае трымацца ў каляіне, так як я працую ў IT-сферы, дзе шмат сядзячай працы. Да пераносу Мінскага паўмарафону я быў гатовы маральна, бо гэта не адзінае мерапрыемства, якое было перанесена або адменена сёлета. Думаю, што выйду на старт гомельскага "Экамарафону", таму ўсе сілы і падрыхтоўку накіроўваю туды. Такія мерапрыемствы важныя для людзей, таму што бегуны сустракаюцца з аднадумцамі, пазнаюць нешта новае не толькі на практыцы, але і ў тэорыі, папаўняюць багаж ведаў і дзеляцца сваім вопытам. Тым больш, стадыён "Дынама" – цудоўнае месца, якое зараджае і матывуе сваёй атмасферай.

Вероаніка Греэсь – генеральны сакратар Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, якая стала ўдзельнікам адкрытай трэніроўкі:


- Ідэя правядзення майстар-класа і адкрытай трэніроўкі з'явілася падчас прамога эфіру ў афіцыйным запісе Мінскага паўмарафону, дзе былі закрануты пытанні правядзення і перспектывы яго ў 2021 годзе. Гэта было прапанавана аматарамі бегу і, вядома, падтрымана Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі, таму што ўсе мы разумеем, як важна развіваць масавы спорт, наколькі актуальныя тэарэтычныя моманты заняткаў спортам, атрыманыя ад прафесіяналаў. Усе мы чакалі Мінскі паўмарафон, які ў гэтым годзе павінен быў сабраць сорак дзве тысячы ўдзельнікаў. Мы бачылі падчас розных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў нашай краіне, а таксама ў сацыяльных сетках думкі пра тое, што самую масавую бегавую падзею краіны чакаюць з нецярпеннем і рыхтуюцца да яго. Таму не адзначыць 13 верасня, як важны дзень календара для кожнага спартсмена-аматара бегу, было, напэўна, не зусім тактоўна, скажам так. Такім чынам БФЛА прыняла рашэнне аб правядзенні такога мерапрыемства як сёння, дзе можна было пераадолець тую самую доўгачаканую "пяцёрку" і "дзясятку" і зарадзіцца станоўчымі эмоцыямі на будучыя старты.


Больш здымкаў з мерапрыемства шукайце па спасылках: АЛЬБОМ 1АЛЬБОМ 2!

 

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ