МІНСК НЕ ПРЫМЕ КАМАНДНЫ ЧЭМПІЯНАТ СВЕТУ ПА СПАРТЫЎНАЙ ХАДЗЬБЕ
29 ЧЭРВЕНЯ 2021
50


Савет Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі прыняў рашэнне аб пераносе каманднага чэмпіянату свету па спартыўнай хадзьбе 2022 года з Мінска.

Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя вядзе перамовы з альтэрнатыўнымі гарадамі-арганізатарамі гэтай спартыўнай падзеі і разлічвае абвясціць аб новым месцы правядзення да наступнага пасяджэння Савета 28-29 ліпеня.

Рашэнне Савета было прынята ў выніку дакладу, падрыхтаванага Камітэтам па рызыках УЛА, у якім была зроблена выснова аб тым, што нявызначанасць у дачыненні да дыпламатычных адносін і абмежаванняў на міжнародныя паездкі ў Беларусь істотна паўплываюць на правядзенне чэмпіянату ў Мінску.

Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя па-ранейшаму ўпэўненая ў мясцовым арганізацыйным камітэце і Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, якія ўпарта і добра працавалі над правядзеннем гэтага мерапрыемства, нягледзячы на праблемы, выкліканыя пандэміяй, і шкадуе, што абставіны, якія не залежаць ад іх, прывялі да падобнага рашэння.

Зараз прыярытэтнай задачай з'яўляецца правесці чэмпіянат у іншым горадзе ў красавіку 2022 года, каб спартсмены па-ранейшаму мелі гэтую важную спаборніцкую магчымасць.

Нагадаем, што ў 2017 годзе Менск быў удастоены правесці камандны чэмпіянат свету ў спартыўнай хадзьбе 2020 года, які затым быў перанесены з траўня 2020 года на 23-24 красавіка 2022 года праз Covid-19.

КАЛЯНДАР МЕРАПРЫЕМСТВАЎ
ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ