Навіны
САБРАЦЬ РАЗАМ. ЧЭМПІЯНАТ КРАІНЫ ПА МНАГАБОР'ЯХ СТАНЕ ВАЖНЫМ ЭКЗАМЕНАМ ДЛЯ ЎСІХ УДЗЕЛЬНІКАЎ
26 Января 2021
271


Заўтра ў Гомелі стартуе чэмпіянат Беларусі па мнагабор’ях у памяшканні. Турнір, які ў гэтым сезоне мае асаблівае значэнне. І не толькі з-за асаблівасцяў міжнароднага календара.

Мужчыны

Галоўным стартам зімы ў мнагаборцаў павінен стаць чэмпіянат Еўропы ў памяшканні. Але тут, мяркуючы па ўсім, дарэчы выкарыстоўваць часцінку «бы». Таму спаборніцтвы ў Гомелі для мнагаборцаў могуць папросту апынуцца галоўным і ледзь ці не адзіным сур'ёзным зімовым турнірам. Пры гэтым, як наглядна паказаў мінулы летні сезон, у Беларусі ёсць тыя, хто здольны замахнуцца на топавыя рэзультаты. У хлопцаў, перш за ўсё, усплывае імя Віталя Жука. Але пры гэтым, успомніце, якіх намаганняў яму каштавала перамога на «Дынама»! У Беларусі сягоння, як мінімум, двое спартсменаў, здольных збіраць у дзесяцібор'і больш за гросмайстарскія 8000 ачкоў, і, відавочна, што для Максіма Андралойця ўдзел у чэмпіянаце Беларусі сягоння выглядае наймагутнай матывацыяй. У Віталя Жука, якога мяркуецца ўключыць у склад беларускай зборнай на чэмпіянат Еўропы ў памяшканні, будучы старт – арыенцір некалькі іншага роду. Але вось для Андралойця, які пераадолеў няпросты перыяд у кар'еры, сам Жук у якасці арыентыру – выдатны раздражняльнік. Пры гэтым сам Максім ужо адзначыўся вельмі нядрэннымі рэзультатамі ў скачках у вышыню (2.00 метра) і штурханні ядра (14.74). Не асабістыя рэкорды, але заяўка на барацьбу сур'ёзная. Тым больш што Жук пакуль сябе толкам праявіць не паспеў, хоць яго 15.86 метра ў штурханні ядра выглядаюць вельмі самавіта. А ёсць жа яшчэ здольны ўмяшацца ў спрэчку ветэран Эдуард Міхан, ёсць Юрый Ярэміч, заўсёды здольны паказаць нядрэнны ўзровень, як мінімум, у бегавых відах праграмы.


Меркаванне

Сяргей Каваленка, старэйшы трэнер па мнагабор’ях:

- Зразумела, што для ўсіх хлопцаў удзел у чэмпіянаце краіны – сур'ёзны выклік. Улічваючы цяперашнюю сітуацыю з календаром, ім трэба не проста набраць добрую суму ачкоў, але трапіць у шасцёрку наймацнейшых у еўрапейскім рэйтынгу. Гэта дазволіла б прыняць удзел у чэмпіянаце Еўропы ў памяшканні (у мінулым зімовым сезоне топ-6 мнагаборцаў у Еўропе замкнуў паляк Павел Веселек, які сабраў 6050 ачкоў – заўв.), куды трапляюць 12 найлепшых спартсменаў. Варыянтаў цяпер не вельмі шмат. Тыя міжнародныя старты, якія першапачаткова былі запланаваны, адмяняюцца. Віталь Жук, напрыклад, планаваў выступіць у Францыі, але там увялі карантын, і турнір адмянілі. З іншага боку, летам Віталю было вельмі няпроста сапернічаць з Максімам Андралойцям, я чакаю, што Максім зможа скласці канкурэнцыю і ў Гомелі. Я назіраў за працай абодвух спартсменаў падчас збораў у Мінску, і што Віталь, што Максім гатовыя цяпер вельмі добра. Юры Ярэмічу цяжкавата канкурыраваць у дзесяцібор'і – у яго традыцыйна не вельмі моцна ідуць доўгія кіданні, але вось у сямібор'і ён можа паказаць вельмі добры рэзультат і ў шасце, і ў даўжыні, і ў спрынце.

Жанчыны


У дзяўчын таксама кампанія збіраецца вельмі сур'ёзная. Чэмпіянат Беларусі, нагадаю, выйграла Дзіяна Рабкова. Яе асабісты рэкорд, паказаны на «Дынама» – 5937 – не выглядае мяжой летуценняў для міжнароднага класа лідараў, але, тым не менш, выглядае амбіцыйна. У Гомелі Дзіяне трэба будзе абараняць пазіцыі, і гэта будзе няпроста. Таму што ёсць Юлія Роўт, якая паляцела, між іншым, на 5.76 у скачках у даўжыню. Ёсць Яна Максімава, якая вярнулася пасля нараджэння дзіцяці і паспела ўжо адзначыцца перамогай на «Мінскай зіме» ў скачках у вышыню. 1.80 – не бог ведае на фоне найлепшых вынікаў гэтай спартсменкі, але заяўка вельмі сур'ёзная. Рабкова, напрыклад, вышэй 1.69 зімой не ўзлятала, ды і летні асабісты рэкорд у яе – 1.78. Дзіяна, праўда, перш канцэнтравалася на 400 з бар'ерамі, а мнагабор'і для яе – адносна нядоўгая гісторыя. Але ад гэтага яшчэ больш цікавая!


Меркаванне

Сяргей Каваленка, старэйшы трэнер па мнагабор’ях:

- Сустрэчы дзяўчат таксама чакаю з нецярпеннем. Дзіяна – пераможца летняга чэмпіянату краіны, але цяпер ёй будзе вельмі нялёгка. Яна добра гатовая, узровень саперніцтва цяпер таксама высокі. Напрыклад, Яна Максімава. Яна, вядома, пакуль не ў аптымальнай форме, у параўнанні з тым, што было 4-5 гадоў таму, але паступова дадае. Разлічваю, што да лета яна павінна выйсці на добрыя рэзультаты, а будучы чэмпіянат краіны ў памяшканні для яе павінен стаць свайго роду кантрольным турнірам, які дазволіць абазначыць перспектывы і мэты.

***


Зрэшты, адзінкавыя рэзультаты ў пераламленні на мнагабор'і, вядома, мала што могуць сказаць. А чэмпіянат краіны для пераважнай большасці спартсменаў стане першым стартам новага сезону, і таму сюжэты нас могуць чакаць самыя непрадказальныя. Пакуль, праўда, галоўныя ролі адведзены ўжо знаёмым лідарам, але, перакананы Сяргей Каваленка, цяперашнія старты для ўсіх стануць вельмі каштоўным вопытам.

- На жаль, у нас ёсць пэўны правал: моладзь, якая зараз магла б кінуць выклік лідарам, не праглядаецца. Пры гэтым, ёсць вельмі цікавыя хлопцы сярод юніёраў. Так, у іх пакуль іншыя, палегчаныя снарады, але спрэчка там таксама абяцае быць вельмі гарачай. Асабліва, з улікам таго, што ўсе спартсмены засумавалі па спаборніцтвах. Моладзі будзе цікава паглядзець за тым, як рыхтуюцца і выступаюць дарослыя атлеты, а лідары правераць сваю гатоўнасць ва ўмовах дэфіцыту стартаў. Будзе цікава.

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ