Навіны
СЕМІНАР ДЛЯ ТРЭНЕРАЎ-ВЫКЛАДЧЫКАЎ, ІНСТРУКТАРАЎ-МЕТАДЫСТАЎ І СУДДЗЯЎ ПРАЙШОЎ У МІНСКУ
22 Марта 2021
215


Для суддзяў, трэнераў і, безумоўна, саміх спартсменаў вельмі важна быць падкаваным у пытаннях правілаў лёгкаатлетычных спаборніцтваў, умець граматна іх прымяняць і інтэрпрэтаваць. Традыцыйна Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі надаецца вялікая ўвага развіццю судзейства ў нашай краіне і павышэнню кваліфікацыі тых, без каго спаборніцкі працэс стаў бы папросту немагчымы.

У перыяд з 19 па 21 сакавіка ў Мінску на базе Нацыянальнага алімпійскага стадыёна "Дынама" адбыўся семінар-атэстацыя для інструктараў-метадыстаў, трэнераў-выкладчыкаў, суддзяў па лёгкай на тэму "Правы спартсменаў у выпадку ўзнікнення спрэчных момантаў падчас правядзення спаборніцтваў. Змены ў правілах спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы". У ім прынялі ўдзел 36 чалавек з усёй Рэспублікі Беларусь.

Лектарам семінара стала намеснік старшыні-спартыўны дырэктар ГА "БФЛА", сертыфікаваны лектар WA TOECS 1 ўзроўню Надзея Аляксандраўна Бут-Гусаім:

- Семiнар праводзіўся па ініцыятыве Рэспубліканскай калегіі суддзяў грамадскага аб'яднання "Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі". Першапачаткова было заяўлена большая колькасць удзельнікаў, але ў сувязі з эпідэміялагічным становішчам не ўсе змаглі прыехаць. У першай частцы семінара удзельнікі праслухалі курс лекцый, на якіх былі ўзняты пытанні арганізацыі спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, падрыхтоўкі дакументацыі, асаблівасці правіл спаборніцтваў усіх дысцыплін лёгкай атлетыкі, а таксама былі разгледжаны на відэа розныя спрэчныя моманты, якія адбываліся на спаборніцтвах. Пасля лекцый усе ўдзельнікі здавалі пісьмовы і вусны іспыты, а таксама рыхтавалі прэзентацыю на тэмы, звязаныя з абавязкамі і размяшчэннем суддзяў, вырашэннем спрэчных сітуацый падчас спаборніцтваў.

На 2021 год было запланавана правядзенне шэрагу семінараў ва ўсіх рэгіёнах краіны, але пакуль па эпідэміялагічных прычынах няма магчымасці правесці іх у належным аб'ёме. Але ў любым выпадку мы заўсёды гатовыя арганізаваць міні-семінары для спартсменаў і трэнераў, студэнтаў, суддзяў, калі гэта палічаць неабходным у рэгіёнах і спартыўных школах, універсітэтах.


Падзяліліся сваімі ўражаннямі ад мінулага навучальнага мерапрыемства і некаторыя яго ўдзельнікі.

Яўген Гарбарук:

- Семінар прайшоў плённа. Было цікава слухаць, пазначаць сабе нейкія моманты, абмяркоўваць іх з іншымі ўдзельнікамі. Я лічу, такія мерапрыемствы неабходныя, асабліва для такіх маладых суддзяў, як я, якія толькі пачынаюць гэты шлях. Ды і наогул абнаўляць веды карысна ўсім. Не магу вылучыць нешта прама вельмі цяжкае, але спачатку было няпроста з карткамі па хадзьбе. Пакуль мне складана казаць пра нейкі адын вiд і хочацца паспрабаваць прыняць удзел у судзействе ўсіх дысцыплін.

Вера Епімашка:


- Усё спадабалася. Лічу, што для гэтага ўзроўню інфармацыі ў лекцыях дастаткова, але, можа быць, хацелася б паралельна з лекцыямі разглядаць спрэчныя сітуацыі, звязаныя з дадзенымі правіламі, але тады і часу трэба больш... На маю думку, таксама можна трохі разнастаіць тэмы прэзентацый (напрыклад, "Вы такі-та суддзя, вашы дзеянні за дзень да спаборніцтваў, падчас спаборніцтваў і г.д."). Але ўвогуле, усё крута, і я думаю, такія семінары трэба абавязкова праводзіць і падключаць народ да ўдзелу ў іх.

Марына Мішкевіч:


- Семiнар прайшоў добра, цікава і пазнавальна. Падчас яго былі паўтораны ўжо знаёмыя ўсім правілы, вывучаны змены і максімальна разгледжаны магчымыя сітуацыі, якія ўзнікаюць на спаборніцтвах. На маю думку, вельмі важна праводзіць дадзеныя мерапрыемствы, каб падымаць узровень ведаў нашых суддзяў, асабліва таму, што ў нашай рэспубліцы праводзяцца міжнародныя спаборніцтвы. Экзамены былі нескладанымі, але вельмі хвалюючымі, хоць некаторыя пытанні прымушалі задумацца. Мне падабаецца прысутнічаць на спаборніцтвах у якасці суддзі, будзь яны гарадскія або міжнародныя, на кожных ты атрымліваеш вопыт. У будучыні, вядома, хацелася б максімальна павысіць свой узровень, і, магчыма, прыняць удзел у судзействе Алімпійскіх гульняў.

Па выніках семінара ўсе яго слухачы атрымалі сертыфікаты, якія сведчаць аб тым, што ўдзельнікам была паспяхова засвоена прапанаваная праграма і здадзены экзамены.

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ