Навіны
ТОП-5 СПРОБАЎ У КІДАННЯХ ЛЕТНЯГА ЧЭМПІЯНАТУ БЕЛАРУСІ ПА ЛЁГКАЙ АТЛЕТЫЦЫ
22 Октября 2020
212


Летні чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы стаў для спартсменаў аддушынай у такім нязвыклым сезоне, калі большасць рэспубліканскіх і міжнародных турніраў былі адмененыя. Нацыянальны форум парадаваў аматараў каралевы спорту россыпам дастойных рэзультатаў у выкананні нашых спартсменаў. Нагадаем, што за рэзультаты ўзроўню прызёраў Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі і партнёр прызавога фонду Банк Дабрабыт заснавалі бонусы. Сярод кідальнікаў былі тыя, хто атрымаў прыемны грашовы прыз. Учора мы прадставілі вам топ-5 скачкоў, а сёння – топ-5 спробаў у кіданнях.

АЛЯКСЕЙ КАТКАВЕЦ

На сённяшні дзень Аляксей Каткавец з'яўляецца лідарам зборнай у кіданні кап’я. У рамках чэмпіянату краіны спартсмен ужо ў першай спробе задаў тон спаборніцтваў, адправіўшы снарад на 83.09, што перавысіла яго ж маладзёжны рэкорд Беларусі. Але ў трэцім выхадзе на разбег Лёша здолеў парадаваць не толькі нас, але, як пазней ён сказаў у каментарыі, здзівіць сябе! 86.05 – гэта не толькі новы асабісты рэкорд атлета, а таксама нацыянальны рэкорд U23 у мужчынскім кіданні кап’я, але і метры, якія перавышаюць "бронзавы" рэзультат Алімпійскіх гульняў у Рыа. Аляксей не толькі стаў чэмпіёнам у сектары і папоўніў свой бюджэт прызавымі ў памеры 350 беларускіх рублёў, але і бонусамі ад Банка Дабрабыт, а гэта 2500 byn і 1000 byn за аднаго з найлепшых атлетаў Беларускіх лёгкаатлетычных гульняў! Вашай увазе яго найлепшая і рэкордная спроба.


ТАЦЦЯНА ХАЛАДОВІЧ

У рамках чэмпіянату Беларусі па лёгкай атлетыцы Таццяна Халадовіч зноў прадэманстравала добрую фізічную форму і даказала сваё лідарства ў краіне, у першай спробе ў сектары для кідання кап’я адправіўшы снарад на адзнаку 66.85. Акрамя гэтага яна паказала рэзультат лепш, чым залаты прызёр Алімпійскіх гульняў у Рыа, што дазволіла ёй стаць уладальніцай сертыфіката на суму 7000 беларускіх рублёў ад Банка Дабрабыт – партнёра Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Вашай увазе чэмпіёнская спроба Тані.


ПАВЕЛ БАРЭЙША

У сектары для кідання молата ў мужчын інтрыга захоўвалася да заключнай спробы. На момант выканання шостай спробы адзін з лідараў беларускай зборнай Павел Барэйша прайграваў свайму саперніку, які зусім нядаўна вярнуўся ў Беларусь, Мікалаю Башану ўсяго шэсць сантыметраў. Але здолеў-ткі Паша сабрацца і прыбавіць да выніковага рэзультату больш за метр. У выніку: 76.23 і ён чэмпіён краіны. Дарэчы, Коля таксама дадаў у заключным выхадзе ў сектар – 75.00, але завяршыў выступленне сярэбраным прызёрам. Вашай увазе найлепшая са спробаў пераможца.


АЛЯКСЕЙ НІЧЫПАР

Упершыню за ўсю гісторыю лёгкаатлетычныя спаборніцтвы класічнай каралевы спорту прайшлі ў гарадскім фармаце. У рамках чэмпіянату краіны найлепшыя штурхальнікі ядра правялі сваё выступленне на адкрытай пляцоўцы Палаца спорту. Крутыя эмоцыі атрымалі не толькі спартсмены, але і гледачы, балельшчыкі і ўсе датычныя. Дастойную барацьбу прадэманстравалі нам прызёры, а Аляксей Нічыпар – добрую серыю штуршкоў за 20-метровую адзнаку. Найлепшай стала яго трэцяя спроба на 20.42, якая прынесла спартсмену безумоўную перамогу. Вашай увазе відэапаўтор.


АЛЁНА ДУБІЦКАЯ

Жаночыя спаборніцтвы ў штурханні ядра ў рамках чэмпіянату Беларусі таксама прайшлі на плошчы каля Палаца спорту і атрымаліся не менш цікавымі, чым у прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва. У другой спробе лідар беларускай зборнай Алёна Дубіцкая паказала рэзультат 19.19, саступіўшы ўсяго восем сантыметраў свайму найлепшаму рэзультату ў сезоне. Спартсменка ў чарговы раз паказала гатоўнасць змагацца з найлепшымі спартсменкамі свету, а вашай увазе яе чэмпіёнская спроба.


У сваёй наступнай публікацыі, прысвечанай яркім падзеям Беларускіх лёгкаатлетычных гульняў, мы ўспомнім лепшыя моманты, якія прадэманстравалі спартсмены на бегавой дарожцы.

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ