Навіны
ВЫБРАЦЬ НАЙЛЕПШЫХ. ДРУГІ ЭТАП ПРАЕКТА "300 ТАЛЕНТАЎ ДЛЯ КАРАЛЕВЫ" ПРАЙШОЎ У МІНСКАЙ ВОБЛАСЦІ
25 ВЕРАСНЯ 2020
205


Шосты сезон спартыўна-масавага мерапрыемства "300 талентаў для Каралевы" працягвае свой шлях па Беларусі. Праект, які аб'яднаў тысячы школьнікаў, заразіў іх жаданнем быць найлепшымі, прайшоўшы адбор для ўдзелу ў маляўнічых фінальных спаборніцтвах. У гэтыя дні традыцыйна праходзіць другі этап – абласны, па выніках якога і будуць сфарміраваны каманды рэгіёнаў, якія сустрэнуцца ў пераднавагоднія снежаньскія дні ў Мінску.

Сонечным восеньскім днём 23 верасня адборачныя спаборніцтвы правяла Мінская вобласць. Чатыры кропкі – Барысаў, Маладзечна, Слуцк і Бараўляны – сталі месцамі збору маленькіх спартсменаў, якім традыцыйна трэба было здаваць пяць нарматываў: бег 30м, чаўночны бег 4х9м, скачок у даўжыню з месца, кіданне тэніснага мяча, бег 800м (для хлопчыкаў) і 500м (для дзяўчынак). Вучні другіх, трэціх і чацвёртых класаў з усіх сіл стараліся праявіць сябе з найлепшага боку.


Дарэчы, пяць гадоў таму, у год дэбюту праекта "300 талентаў для Каралевы", менавіта прадстаўнікі Міншчыны атрымалі яркую перамогу ў камандным заліку. З тых часоў акцэнты зрушыліся: Гродзенская і Гомельская вобласці разгарнулі нежартоўныя кампаніі па адборы і падрыхтоўцы сваіх зборных, а самыя першыя чэмпіёны апусціліся да нізу турнірнай табліцы. А можа быць, у гэтым годзе дзецям з рэгіёну атрымаецца зноў заявіць пра сябе?!

Склады каманд, рэзультаты дзетак і фінальныя перспектывы зборных – усё гэта вельмі цікава і інтрыгавальна. Але пра іх мы даведаемся пазней. А пакуль мы хочам працягнуць наша знаёмства з удзельнікамі адборачных этапаў – маленькімі і мэтанакіраванымі. І вельмі хочацца верыць, што імёны некаторых з іх калі-небудзь прагрымяць на спартыўнай арэне на ўвесь свет!


Маша Ярмольчык і Яна Пажыган прыехалі на адборачны этап у Слуцк з аграгарадка Быстрыца Капыльскага раёна:

- Мы сёстры. Удзельнічалі ўжо некалькі разоў у гэтых спаборніцтвах. Больш за ўсё падабаецца бег, асабліва чаўночны. У нас хутка атрымліваецца. Хочам пажадаць усім удзельнікам заўсёды выйграваць толькі залатыя медалі і займаць першыя месцы.

Ева Цвілевіч жыве амаль па суседстве. Дзяўчынка родам з вёскі Руднае:


- Я з вялікага пасёлка, удзельнічаю першы раз. Рада что прайшла адбор. Мне падабаецца доўгія бяга, сёння я стала першай. У будучыні хачу рамантаваць кампутары і быць праграмістам. Мама сказала, што можна стаць спартсменкай і яшчэ тым, кім захочаш. На спаборніцтвы мяне прывёз тата і сказаў атрымаць першае месца. Перадаю прывітанне свайму браціку Рэнату.

Яшчэ адным госцем Слуцка ўчора стаў маленькі жыхар вёскі Навінкі Вадзім Крайко:


- Мне 9 гадоў, і я ўжо ў чацвёртым класе. Удзельнічаю не першы раз, але на фінал у Мінск яшчэ не трапляў. За мяне хварэе мама, тата і мае аднакласнікі, яны мне пажадалі, каб я быў на першым месцы. Мне больш за ўсё падабаецца кідаць мяч, звычайна я трэніруюся, кідаючы каменьчыкі. Хачу перадаць прывітанне сваім маме і тату. 

А вось Сафія Хаткевіч з Барысава прымала ўдзел у спаборніцтвах у родным горадзе:


- Я вучуся ў чацвёртым класе. Я ўжо ездзіла ў Мінск на спаборніцтвы, але з праектам "300 талентаў для Каралевы" пакуль не знаёмая. Мне падабаецца займацца спортам, люблю бегаць і скакаць. На гэтым адборы я выступіла не вельмі добра і думаю, што магу лепш. Пакуль я не заваёўвала медалі і прызавыя месцы, але, спадзяюся, усё наперадзе.

Дырэктар Слуцкага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра навучэнцаў Андрэй Мікалаевіч Валодзін падсумаваў мінулы адборачны этап і падзяліўся сваімі думкамі аб дзіцячым спорце:


- Сёння прайшоў этап спартыўна-масавага мерапрыемства «300 талентаў для Каралевы». У гэтым мерапрыемстве прымалі ўдзел прадстаўнікі сямі раёнаў: Слуцкага, Салігорскага, Старадарожскага, Клецкага, Капыльскага, Любанскага і Пухавіцкага. Дзяцей адбіралі па іх выніках прадстаўнікі федэрацыі лёгкай атлетыкі. Магу сказаць, вельмі прыкметна, што на гэты этап трапляюць дзеці, якія паказваюць сапраўды добрыя рэзультаты. Напрыклад, на мінулым тыдні мы праводзілі спаборніцтвы "Шкаліяда", і там навучэнцы пятых-шостых класаў паказвалі такія ж рэзультаты, хоць яны старэйшыя на адзін-два гады сённяшніх удзельнікаў. Гэта сапраўды таленавітыя дзеткі пачатковай школы, гэта пра многае сведчыць.

Я павінен сказаць, што ўсім дзецям уласцівы момант спаборніцкі, іх прымушаць нешта рабіць не трэба, паколькі яны хочуць змагацца, у чымсьці прымаць удзел і паказваць рэзультаты. А калі ідзе добрая ацэнка з боку настаўніка ці трэнера, то гэта, вядома, матывуе. У гэты раз прыязджалі прадстаўнікі Клецкага раёна, былі мамы, таты, бабулі, якія падтрымлівалі сваіх дзяцей і тым самым аказвалі вельмі добрую эмацыянальную падтрымку.

Хто, як не мы, заўважыць гэтых дзяцей. І хто, як не мы, дасць ім дарогу, каб зноў загучалі на лёгкаатлетычных спартыўных арэнах такія імёны, як наша случанка Настасся Мірончык-Іванова. Яны ж усе тут, сярод нас. Ужо пасля мы перададзім іх у секцыю лёгкай атлетыкі, у школы алімпійскага рэзерву і яны будуць далей развівацца, але іх першыя крокі павінны заўважыць мы.

***

Мінская і Брэсцкая вобласці ўжо завяршылі свае адборы, Віцебская і Магілёўская пакуль правялі іх часткова. Наперадзе нялёгкі працэс вызначэння наймацнейшых чакае дзяцей са сталіцы, Гомельшчыны і Гродзеншчыны. Сімвалічна, што менавіта гэтыя тры каманды на працягу апошніх двух гадоў дзеляць месца на п'едэстале гонару галоўнага спаборніцтва. І здаецца, там нам трэба будзе ўбачыць нямала знаёмых твараў, бо маленькія таленты, аднойчы патрапіўшы ў яркі фінал і выпрабаваўшы там незабыўныя эмоцыі, гатовыя на ўсё, каб апынуцца там зноў!




КАЛЯНДАР МЕРАПРЫЕМСТВАЎ
ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ