Навіны
ВЫБРАЦЬ НАЙЛЕПШЫХ. НАВАПОЛАЦК ПРЫНЯЎ ДРУГІ ЭТАП ПРАЕКТА "300 ТАЛЕНТАЎ ДЛЯ КАРАЛЕВЫ"
01 КАСТРЫЧНIКА 2020
180


Спартыўна-масавае мерапрыемства "300 талентаў для Каралевы" набірае абароты. Ужо шосты год запар тысячы вучняў другіх-чацвёртых класаў праходзяць праз сіта разнастайных тэсціраванняў і адбораў, каб выявіць свае (магчыма, якія пакуль застаюцца загадкай для іх саміх і іх блізкіх) здольнасці. У фінал, які ператвараецца для дзяцей у сапраўднае спартыўнае свята, трапляюць тыя, хто здолеў паказаць сябе лепш за астатніх.

Галоўны адборачны этап, па выніках якога будзе сфарміравана фінальная каманда кожнай з абласцей, адбыўся ўжо ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, акрамя Мінску. Сталіца будзе адбіраць наймацнейшых школьнікаў на наступным тыдні. Бег, скачкі, кіданні – для таго, каб стаць удзельнікам галоўнага пераднавагодняга спаборніцтва, трэба быць развітым усебакова ці ж вельмі ярка праявіць сябе ў адным з іх. А мы, тым часам, працягваем вас знаёміць з тымі, хто з рызыкай і бляскам у вачах выходзіць на старт другога этапа.


У гэты раз мы завіталі ў Наваполацк. Горад, які, па-першае, мае добрыя лёгкаатлетычныя традыцыі. Па-другое, рэгулярна "пастаўляе" ў каманду Віцебшчыны маленькіх фіналістаў праекта "300 талентаў для Каралевы". У мінулым годзе іх набралася дзесяць, у пазамінулым – дванаццаць, у 2017-м – трынаццаць. 29 верасня на базе спартыўнага комплексу "Атлант" сабраліся юныя, але вельмі спартыўныя жыхары горада і бліжэйшых раёнаў.

10-гадовы Антон Азаронак з 4 "В" класа лепельскай гімназіі ўжо не першы год прымае ўдзел у дадзеным спартыўна-масавым мерапрыемстве:


- Я ўдзельнічаў у праекце ў 2018 годзе, у мінулым годзе не атрымалася. Мне вельмі спадабалася, і я хачу трапіць на фінал зноў. Я хутка бегаю і добра кідаю мяч, каля 28 метраў. У будучыні я хачу стаць таксістам, таму што мне падабаюцца машыны. Ці яшчэ хацеў бы стаць спартсменам-плывуном. Хачу пажадаць усім удзельнікам спаборніцтваў, каб яны былі здаровыя і займаліся спортам!

Навапалачанка Вікторыя Даргель, вучаніца 4-га класа, таксама ўжо добра знаёмая з праектам:


- Я ўдзельнічала ў мінулым годзе ў фінале, было вельмі крута і я хачу трапіць туды яшчэ раз. Мне больш за ўсё спадабалася тое, як мы трэніраваліся на зборах у Віцебску. Я люблю кароткія дыстанцыі. Калі я вырасту, хачу стаць трэнерам па лёгкай атлетыцы і вучыць дзяцей бегаць. Дзякуй маёй маме за тое, што яна мяне заўсёды падтрымлівае!

Чацвёртакласнік з наваполацкай гімназіі №2 Саша Васілеўскі апынуўся на адборачным этапе найхуткім у бегу на вынослівасць:


- Я перамог на дыстанцыі 800 метраў сярод хлопчыкаў. Я ведаў, што выйграю, таму што заўсёды вяртаюся ў школе першым, і быў упэўнены сёння ў сваёй перамозе. Я займаюся футболам. У будучыні хачу стаць спартсменам, але, калі не атрымаецца, я паспрабую ў школе добра вучыцца. Я чуў аб праекце 300 талентаў і вельмі хачу патрапіць у Мінск на фінал. Цікава, якія там канкурэнты. Перадаю прывітанне маім маме і таце, таму што менавіта яны аддалі мяне ў футбол, і там я пачаў добра займацца і стаў хутка бегаць. 

А Каця Кухарэнка з 4 "А" класа сярэдняй школы №5 г. Наваполацка пакуль толькі знаёміцца з каралевай спорту і мае кулінарныя захапленні:


- У праекце я ўдзельнічаю ўпершыню. Я сёння прыбегла першая сярод дзяўчынак і вельмі гэтаму рада, не думала, што так атрымаецца. Калі вырасту, я хачу пайсці вучыцца на пекара, я ўжо ўмею печ бліны і смажыць яйкі. Перадаю прывітанне маім маме і таце. 

Суддзя спаборніцтваў Аляксандр Мікалаевіч Скуматаў – старшы трэнер аддзялення лёгкай атлетыкі СДЮШАР "Нафтан" – распавёў пра тое, чаму ў гэтым узросце хлопцам вельмі важна спаборнічаць:


- Па знешнім уражанням, не аналізуючы пратаколы і мяркуючы па адзначаемым часе, з упэўненасцю магу сказаць, што з кожным годам узровень падрыхтоўкі дзяцей становіцца вышэй. Дзеці і спрынт бягуць хутчэй, і на дыстанцыях 500м і 800м можна вылучыць таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. І практычна ўсе ўдзельнікі сканчаюць дыстанцыю, не пераходзячы на хадзьбу. Гэта сведчыць аб тым, што дзяцей гатуюць, што яны ўжо ведаюць, што і як ім рабіць. Гэта радуе. Відаць, што выкладчыкі клапоцяцца пра тое, каб у іх камандзе былі лепшыя. 

Трэнеры задаволеныя тым, што ёсць яшчэ адзін старт для дзяцей. Бо адна справа, калі дзіця наведвае толькі трэніроўкі і там добра сябе праяўляе, і іншая справа, калі ён удзельнічае ў спаборніцтвах, змагаецца з хваляваннем, пераадольвае сябе. І, вядома, самае галоўнае – дзеці набываюць вопыт спаборніцтваў, без гэтага складана выхаваць добрага спартсмена. Тых, хто прыходзіць сюды, прымушаць не трэба, яны імкнуцца, імкнуцца паказаць лепшы рэзультат. Як толькі яны сюды трапляюць, яны змагаюцца, выкладваюцца. У дзяцей матывацыі не займаць, ім цікава паказаць сябе толькі з лепшага боку і гэта, вядома, радуе. 

Ужо хутка мы будзем ведаць імёны тых самых 300 талентаў, якія ў 2020-ым збяруцца на арэне лёгкаатлетычнага манежа БДУФК, і, вядома, раскажам вам пра іх вынікі. Сярод фіналістаў, напэўна, зноў апынуцца і юныя жыхары Наваполацку.




КАЛЯНДАР МЕРАПРЫЕМСТВАЎ
ІНФАРМАЦЫЙНЫЯ ПАРТНЁРЫ