Навіны
ВЫНІКІ І КАМЕНТАРЫІ ПЕРШЫНСТВА РБ СЯРОД ЮНАКОЎ І ДЗЯЎЧАТ 2005-2006 Г.Н. + ПРАТАКОЛЫ
01 Июля 2020
708


Добрай раніцы, аматары лёгкай атлетыкі! У першы ліпеньскі дзень на дарожкі і ў сектары ЦСК "Нёман" у Гродне выйдуць юнакі і дзяўчаты 2005-2006 г. н. На сайце БФЛА вы можаце сачыць за іх вынікамі. Уся інфармацыя будзе з'яўляцца па меры апрацоўкі пратаколаў суддзёй-сакратаром.

Знаёмім вас з праграмай першага спаборніцкага дня:


Першымі на старт выйшлі юнакі-хадакі, якім трэба будзе пераадолець 5000м або 12,5 колаў па стадыёне. 

Юнакі. 5000м сп/х

Пераможцам спаборніцтваў з абноўленым асабістым рэкордам 25.07,17 становіцца Яўген Каляда (малодшы брат чэмпіёна Еўропы сярод юніёраў у спартыўнай хадзе на 10000м Мікіты Каляды). Спартсмен выступае за каманду Брэсцкай вобласці і трэніруецца ў Н.Н.Лукашэвіча.


 Пасля трэцяга кіламетра пачалі хварэць надкосніцы, так як мы рыхтаваліся і трэніраваліся на асфальтаваным пакрыцці, а тут - прафесійны стадыён. Але, тым не менш, спаборніцтвамі я задаволены. Сёння другі раз у жыцці я ішоў "пяцёрку" і перапісаў асабістае дасягненне. Хочацца сказаць дзякуй за падтрымку і падрыхтоўку сваім трэнерам і сябрам па групе.

Срэбным прызёрам першынства ва ўпартай барацьбе на фінішы стаў Арсеній Котаў (Магілёўская вобласць) - 25.11,89. Хадака трэніруе А.О. Карняенка. 

На трэцюю прыступку п'едэстала пашаны падымаецца яшчэ адзін прадстаўнік Брэсцкай вобласці Уладзіслаў Алесюк. Яго фінішны час 25.12,24, трэнер - М.В. Сіпчук.

Дзяўчыны. 3000м сп/х

Змагла ўтрымаць лідарства на ўсёй дыстанцыі прадстаўніца Брэсцкай вобласці Алеся Савонеўская. Яна прайшла 7,5 колаў па стадыёне за 14.16,19. Трэнеры: Я.А. Маісеенка, Н.А. Гарошка, М.М. Лукашэвіч.


Вельмі засумавала па стартах. Ішлося па дыстанцыі мне сёння добра, устанавіла новы асабісты рэкорд! Саперніцтва было на вышэйшым узроўні, і я нават спачатку трохі спалохалася, убачыўшы, як трымаюцца дзяўчынкі. Пакуль не абмяркоўвалі з трэнерам, ці будзем стартаваць са старэйшымі, але, думаю, што на гэтым мой сезон усё ж такі будзе скончаны. Нядаўна ў мяне нарадзілася сястрычка, і я хачу сказаць, што гэта перамога для яе!

Другой фінішную рысу перасекла яшчэ адна брэсцкая лёгкаатлетка Паліна Астапук - 14.34,71, якую трэніруе С.В.Астапук. 

Бронзавым прызёрам стала Ксенія Лобач (Гродзенская вобласць). Яе фінішны час - 14.48,84, трэніруюць спартсменку Казлоў, Мазоўка, Следзь.

Юнакі. 1500м 

Анатоль Букавец з Віцебскай вобласці падымаецца на вышэйшую прыступку п'едэстала пашаны з вынікам 4.22,77. Трэнер: Букавец


- Беглася добра, але не здолеў паказаць асабісты рэкорд, на які быў настроены. Магчыма, таму, што са старту трапіў у лідары і ніхто не склаў канкурэнцыю. Заўтра стартую на дыстанцыі 3000 метраў і хачу ўсталяваць новае асабістае дасягненне, а таксама пазмагацца за перамогу. Перадаю прывітанне сваім таварышам Ваню Папко і Арцёму Быкаву.

Срэбным прызёрам становіцца Кірыл Нікалайчык з Гомельскай вобласці, якога трэніруюць Батура, Карпаў. Яго вынік - 4.29,22.

З фінішным часам 4.30,50 замыкае тройку лідараў Ілля Басавец, які выступае за каманду Брэсцкай вобласці і трэніруецца пад кіраўніцтвам С.Б. Чабярака.

Дзяўчыны. 1500м

Першай фінішную рысу перасекла Святлана Кезік з каманды Віцебскай вобласці. Сёння яна ўпершыню выбегла з 5 хвілін, яе вынік 4.52,61, а трэніруецца Света пад кіраўніцтвам Вініцкай, Фацеева.


- Спачатку мне лёгка і добра беглася, і я выйшла наперад. На апошнім крузе цярпела, як магла. Чула, што мне крычалі, што ззаду ёсць саперніцы, і старалася паскарацца. Я была на самаізаляцыі, і было няпроста потым аднаўляцца і прыходзіць у форму, але я вельмі задаволена сваім вынікам. Перад гэтымі спаборніцтвамі я стартавала на першынстве вобласці, таму ўжо паспела адчуць барацьбу. Хачу сказаць вялікі дзякуй майму трэнеру Алене Мікалаеўне. Яна вельмі шмат у мяне ўкладвае, і я думаю, што сёння яна мной задаволена. І яшчэ перадаю прывітанне ўсім маім сябрам, якія мяне вельмі падтрымліваюць, і, вядома, маім радным.

Анастасія Леў з фінішным часам і асабістым рэкордам 4.58,52 становіцца сярэбраным прызёрам. Спартсменка прадстаўляе Гомельскую вобласць і трэніруецца ў Чагадаевай і Буткоўскай

На трэцюю прыступку п'едэстала пашаны падымецца Вольга Давыдзенка (Гомельская вобласць) - 5.01,81. Трэнеры: Кошмар, Карпаў. 

***

Па выніках двух забегаў на 100м з/б у дзяўчат вызначыліся ўдзельніцы фіналу, якія выйдуць на старт у 18:10.

Уладзіслава Казельцава - 18,26

Ксенія Тананко - 17,49

Лізавета Кобелева - 15,40

Дар'я Нянадзік - 15,71

Ганна Кавалёва - 15,85

Паліна Лапушынская - 16,44

Аліна Камбаева - 16,67

Валерыя Скачак - 16,91

***

Дзяўчыны. Кіданне молата

Безумоўным лідарам на працягу ўсіх спробаў была гарадзенская кідальніца Аліна Чулада, адзіная, хто адправіў молат за 60-метровую адзнаку. Пераможныя 61,80 яна зафіксавала ў шостым выхадзе ў сектар. Трэніруе малатабойку А.С.Бабуркін.

Кацярына Бяляева (трэнеры Пятроў, Цыцорын) з каманды Гродзенскай вобласці ў чацвёртай спробе адправіла снарад на 56,37.

На трэцюю прыступку п'едэстала пашаны падымаецца яшчэ адна прадстаўніца Гродзеншчыны Сняжана Янушкевіч. У пятым выхадзе ў сектар молат паляцеў на 47.50. Падрыхтоўкай спартсменкі кіруе Н.В.Германюк.

Юнакі. Штурханне ядра

Больш чым на метр у фінальнай спробе апярэдзіў сапернікаў Артур Арцёменка з Гомельскай вобласці - 16,40. Трэніруецца спартсмен у Лазарава, Захаранка


Атрымалася, вядома, у апошняй спробе сабрацца і палепшыць свае метры, але я не задаволены вынікам, так як гэта не мой узровень. Не атрымліваліся спробы тэхнічна, будзем працаваць і расці прафесійна. Хочацца сказаць дзякуй трэнерам за падрыхтоўку, падтрымку і цярпенне, а таксама перадаць дзякуй усім, хто хварэў, у тым ліку маім бацькам.

На другім месцы з вынікам 15,15 завяршыў спаборніцтвы Данііл Хадарсевіч (Гродзенская вобласць, трэнер - Валюк).

Бронзавым прызёрам стаў Канстанцін Перапяліца з каманды Мінскай вобласці. У фінальнай спробе ён зафіксаваў 14,58, трэнер - В. Грыцэвіч. 

***

У 18:20 на старт выйдуць удзельнікі фіналу ў бегу на 110м з/б. Імі сталі:

Даніла Лагвіненка - 16,67

Максім Піваварчык - 16,50

Максім Краснавус - 17,22

Дзмітрый Мірончык - 17,65

Аляксей Ляўко - 18,58

Павел Белкін - 19,06

***

У юнакоў па выніках трох папярэдніх забегаў у фінале ў бегу на 100м выступяць:

Іван Кузьменка - 12,48

Радзівон Гусеў - 12,47

Мікіта Малкін - 11,58

Мікіта Хадатовіч - 11,87

Уладзіслаў Дзенісюк - 11,99

Вадзім Яфімік - 12,17

Руслан Саломчанка - 12,35

Георгій Манееў - 12,41

***

У дзяўчат на гэтай дыстанцыі ў фінал трапілі:

Валерыя Вольская - 13,50

Мілана Арцёменка - 13,48

Карына Салаўёва - 13,04

Вераніка Самойлава - 13,04

Даря Шугай - 13,19

Даря Касцецкая - 13,26

Карына Місцюкевіч - 13,44

Ганна Артасюк - 13,46

***

На гэтым ранішняя праграма падыходзіць да завяршэння. Сустрэнемся ў 16:00 на цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў, а таксама ў гэты час на старт выйдуць кап’якідальніцы, якія дадуць старт вячэрняй праграме першынства.

Дзяўчыны. Кіданне кап’я

Пераможцай першынства з вялікім адрывам і асабістым рэкордам 48.12, зафіксаваным у пятай спробе, становіцца Надзея Лавнікевіч з каманды Гродзенскай вобласці. Трэнер – А. А. Коршун.


Я вельмі рада, што змагла сёння перамагчы! Не чакала такога выніку, разлічвалі паказаць у раёне 44-45 метраў, але атрымалася нават далей. Сёння ўсё добра складалася. Хачу сказаць дзякуй маім трэнерам за падрыхтоўку. Планую працягваць трэніравацца і далёка кідаць. 

На другую прыступку п'едэстала пашаны падымаецца Вікторыя Таболіч, якая прадстаўляе Брэсцкую вобласць. Лепшыя метры – 43.81 – яна зафіксавала ў першай спробе. Падрыхтоўкай спартсменкі кіруе Н.М. Семянчук. 

Бронзавым прызёрам стала прадстаўніца Гомельскай вобласці Дар'я Сербік. У чацвёртым выхадзе ў сектар яна адправіла кап’ё на 43.20. Трэнеры: Куліненка, Салдаценка. 

Юнакі. 2000м з/п

Залатую ўзнагароду заваяваў Яраслаў Заянчкоўскі, які прадстаўляе Гарадзеншчыну. Яго фінішны час 6:32.13. Трэніруюць спартсмена С.І.Кудзі, А.В.Блашкевіч, І.В.Крывеня.


- Сёння было вельмі горача пераадольваць дыстанцыю, але я рады таму, які паказаў вынік, і што здолеў перамагчы. Хочацца падзякаваць свайго настаўніка Ірыну Васільеўну Крывеню за падрыхтоўку да дадзенага старту.

Другім з вынікам 6:40.84 фінішаваў Цімафей Змушко з каманды Гомельскай вобласці. Трэнеры: Турчын, Карпаў. 

Замкнуў тройку прызёраў Павел Кузьміч 6:49.37. Лёгкаатлет выступае за каманду Брэста і трэніруецца пад кіраўніцтвам Новіка М.М., Раманюк А.Е.

Юнакі. Скачок у вышыню

Пераможцам першынства з паўторам асабістага рэкорду 1.90 становіцца прадстаўнік Віцебскай вобласці Мікіта Беразоўскі. Трэніруецца спартсмен пад кіраўніцтвам Кудравых

 

Антон Грыцэвіч з другой спробы ўзяў 1.80 і стаў срэбным прызёрам спаборніцтваў. Ён выступае за каманду Брэсцкай вобласці і трэніруецца ў Валчаніна К.А.

З трэцяга выхаду ў сектар 1.80 пакарыў Антон Зайцаў (Гомельская вобласць), і таму ён стаў уладальнікам бронзавай узнагароды. Трэніруюць яго Андрэеў, Курылін, Гулевіч. 

Дзяўчыны. 1500м з/п

Першай дыстанцыю пераадолела Кацярына Шаўчэнка з Гомельскай вобласці. Яе вынік - 5:39.14. Трэніруецца спартсменка пад кіраўніцтвам І.М.Турчына. 

 

5:44.55 - такі вынік зафіксавала сярэбраны прызёр Жанна Гарыцкая, якая таксама прадстаўляе зборную Гомельскай вобласці. Яе трэніруюць Е.Н.Пугачова, В.С.Соцкі. 

На трэцюю прыступку п'едэстала з фінішным часам 5:50.78 падымаецца Ульяна Віталева. Спартсменка выступае за Магілёўскую вобласць і трэніруецца ў С.А. Юдзенкова і Кіслова. 

Дзяўчыны. Скачок у даўжыню

Лепшыя на сёння метры зафіксавала Ганна Зданевіч у трэцім выхадзе ў сектар - 5.55. Скакуха прадстаўляе Брэсцкую вобласць і трэніруецца ў С.В.Салямановіча. 

 

Вельмі засумавала па спаборніцтвах і па адчуваннях барацьбы. Сёння быў першы старт, і я магу сказаць, што адчувала сябе не вельмі ўпэўнена. Цяпер буду рыхтавацца да першынства сярод старэйшых юнакоў, дзе будзе канкурэнцыя, якая мяне падштурхне. А за маю падрыхтоўку хочацца падзякаваць трэнера, які з дня ў дзень робіць мяне толькі мацней і лепш.

Дзіяна Бобыр (Гомельская вобласць) стала ўладальніцай сярэбранай узнагароды з вынікам 5.16, які паказала ў фінальнай спробе. Трэнер - А.В.Старыкаў

Замкнула тройку прызёраў яшчэ адна спартсменка з гомельскага рэгіёну - Паліна Якавенка. У першым выхадзе ў сектар яна зафіксавала бронзавыя метры - 4.99. Трэніруе Паліну А.В. Старыкаў

***

Пасля чатырох відаў тройка лідараў у мнагаборцаў выглядае наступным чынам:

Павел Кушняровіч (Гродзенская вобласць) - 2362 ачка (100м - 12.66; скачок у даўжыню - 6.02; штурханне ядра - 13.75; 400м - 56.73);

Іван Кавальчук (г. Мінск) - 2293 ачка (100м - 12.48; скачок у даўжыню - 5.69; штурханне ядра - 11.71; 400м - 54.40);

Анатолій Кукрэш (Магілёўская - Мінская вобласці) - 2167 ачкоў (100м - 12.55; скачок у даўжыню - 5.65; штурханне ядра - 11.94; 400м - 57.42).

***

Юнакі. Кіданне кап’я

Пераможцам першынства краіны з вынікам 54.05, зафіксаваным у фінальнай спробе, стаў Канстанцін Любаеў. Кідальнік кап'я прадстаўляе Гомельскую вобласць, трэнеры: Шаюк, Шведаў, Салдаценка.

На другім радку выніковага пратаколу яшчэ адзін прадстаўнік Гродзеншчыны – Аляксандр Каліта. У другім выхадзе ў сектар ён адправіў кап’ё на 49.80. Падрыхтоўкай спартсмена кіруюць Зубрэй, Салдаценка.

Бронзавую ўзнагароду павязе дадому Павел Мяснікоў з Віцебскай вобласці - 48.08. Трэніруецца лёгкаатлет пад кіраўніцтвам Бурмістрава.

Дзяўчыны. 400м 

Па выніках пяці фінальных забегаў перамогу атрымала Валерыя Адамовіч з каманды Гродзенскай вобласці. Сёння яна перапісала асабісты рэкорд - 59.14! Падрыхтоўкай спартсменкі кіруе Ж.В.Ліхачэўская.


Беглася сёння крута, толькі пад канец забіліся ікры. Вынікам вельмі задаволена, устанавіла новы асабісты рэкорд, на які мы з трэнерам і разлічвалі. Атрымалася даказаць усім, што я не слабейшая, хоць і хвалявалася перад забегам. Хочацца падзякаваць свайго трэнера, які ўкладвае ў мяне шмат сіл, а прывітанне перадаць бацькам і бабулі з дзядулем.

Срэбным прызёрам з вынікам 59.72 стала Аляксандра Савасцюк (г. Мінск). Трэніруецца дзяўчына ў А.В. Чыпізубава і Ю. Курыцынай. 

Бронзавы прызёр таксама размяняла хвіліну. Ганна Лаўрысюк фінішавала з трэцім вынікам - 59.93. Спартсменка выступае за Брэсцкую вобласць, трэнер - Е.В.Нікіценкава. 

Юнакі. 400м 

Па выніках трох фінальных забегаў лепшы час зафіксаваў Дзмітрый Новік з каманды Гродзенскай вобласці - 51.96. Трэнеры: В.А. Барсук, А.А. Павядайка. 

 

Паказаным вынікам я не задаволены. Думаю, што адбілася стомленасць. Тыдзень таму бег 800 метраў са старэйшымі, а пасля выйшаў на 400 метраў са сваім узростам. Сёння зноў на старце, а яшчэ і з першых крокаў пачаў хварэць бок. Планаваў, што калі б сёння добра набег, то паехаў бы на АДМ, але, напэўна, скончу свой сезон.

Другі вынік на рахунку мінскага спартсмена Мікіты Якімовіча - 53.13. Яго падрыхтоўкай займаюцца А.В. Чыпізубав, Ю. Курыцына

"Бронзавыя" секунды зафіксаваў Уладзімір Пятух з каманды Віцебскай вобласці. Спартсмен прабег круг па стадыёне за 53.83, трэніруе яго А.С. Мішчанка. 

Дзяўчыны. 100м з/б

Лізавета Кобелева (Віцебская вобласць) становіцца пераможцай першынства з вынікам 15.40. Трэнер - Пашкевіч.

 

У фінале мне беглася нашмат лепш, чым у папярэднім забегу. Раніцай не ўсё атрымалася на дыстанцыі. Засумавала па стартах, але гэта не першыя спаборніцтвы ў сезоне - ужо паспела выступіць на першынстве вобласці. Хачу сказаць вялікі дзякуй трэнеру і радным, а таксама ўсёй нашай камандзе.

Другі вынік і сярэбраны медаль у Дар'і Нянадзік з каманды Брэстчыны - 15.73. Падрыхтоўкай спартсменкі кіруе Л.С.Мізерыя. 

Бронзавым прызёрам стала прадстаўніца Гомельскай вобласці Ганна Кавалёва з вынікам 15.78. Трэніруюць бягунню Амеліна, Платонаў. 

Юнакі. 110м з

Максім Піваварчык з брэсцкай каманды становіцца ўладальнікам залатога медаля - 16.55. Трэнер - Н.А. Цівунчык. 

 

- Не вельмі задаволены сваім бегам у фінале, таму што збіў бар'ер. Саперніцтва было вельмі моцным, але я ехаў сюды з думкамі пра перамогу, і рады, што яе атрымаў. Гэта не першы старт у гэтым сезоне, але ўжо заключны. Хачу перадаць прывітанне і сказаць вялікі дзякуй майму любімаму трэнеру і ўсім, хто перажываў за мяне.

На другую прыступку п'едэстала падымаецца яшчэ адзін прадстаўнік Брэсцкай вобласці Даніла Лагвіненка. Спартсмен пераадолеў дыстанцыю за 16.65. Яго трэніруе К.А. Валчанін. 

Бронзавым прызёрам становіцца Максім Краснавус. На фінішы спартсмен зафіксаваў 16.77. Трэніровачным працэсам кіруюць Саўчанка, Максак. 

Дзяўчыны. Скачок у вышыню

Паўтарыла асабісты рэкорд і стала пераможцай першынства з вынікам 1.70 Лізавета Валуева. Спартсменка выступае за каманду Гродзенскай вобласці і трэніруецца пад кіраўніцтвам В.А.Барсука. 

 

- Рада, што здолела паказаць годны вынік. Дадаю з кожным стартам і не планую спыняцца на дасягнутым. Спадзявалася на сённяшнюю перамогу і шчасліва, што ўсё атрымалася. Здаецца, у гэтым годзе гэта быў апошні старт, таму рыхтуемся да новага года і дасягненняў.

Анастасіі Авласевіч (Гродзенская вобласць) сёння пакарылася вышыня 1.65. Яе трэніруе Н.В.Германюк. 

Замкнула тройку прызёраў з вынікам 1.60 Віялета Юхневіч са зборнай Віцебскай вобласці. Трэнер - Рускіх. 

Дзяўчыны. 100м 

На самай кароткай дыстанцыі перамогу святкавала Вераніка Самойлава, якая прадстаўляе сталіцу. На фінішы яна зафіксавала 12.85. Трэніруецца спартсменка пад кіраўніцтвам І.Ф.Трахімчыка 

 

Вельмі рада, што здолела перамагчы. Настройвалася на сур'ёзную барацьбу, упіралася да заключных метраў дыстанцыі. Усё атрымалася і, думаю, вынікам я задаволена. Хочацца сказаць дзякуй майму трэнеру Іосіфу Фёдаравічу Трахімчыку за падрыхтоўку і падтрымку. Рыхтуемся далей, а якім будзе наступны старт - вырашым з настаўнікам.

Другі вынік у Дар'і Шугай - 13.11. Спартсменка прадстаўляе Брэсцкую вобласць і трэніруецца ў Новіка М.М. і Раманюк Е.Е. 

Бронзавым прызёрам стала Карына Салаўёва, якая таксама выступае за Брэсцкую вобласць, - 13.13. Трэніруецца лёгкаатлетка пад кіраўніцтвам Е.В.Нікіценкавой. 

Юнакі. 100м

У фінале ў бегу на 100м перамогу атрымаў Мікіта Малкін (г. Мінск). Спартсмен, які трэніруецца ў бр. Трахімчыка, зафіксаваў 11.81.

 

-  Задаволены перамогай і тым, што пацвердзіў званне лепшага спартсмена краіны. Добрая ў нас канкурэнцыя ў спрынце, дзякуючы якой мы паказваем нядрэнныя вынікі. Перадаю прывітанне сваім сябрам: Івану Гардзейчыку і Мікіце Хадатовічу. Да сустрэчы на наступных стартах.

Срэбным прызёрам становіцца Уладзіслаў Дзенісюк з каманды Брэсцкай вобласці12.01. Яго трэніруюць Шчэрбіч, Бандзюк. 

На трэцюю прыступку п'едэстала з вынікам 12.09 падымаецца Мікіта Хадатовіч (Мінская вобласць). Падрыхтоўкай спартсмена кіруюць Ж.С. Шуляк, Т.Ф.Нарэйка

***

Пасля чатырох відаў у мнагаборак  тройка лідараў выглядае наступным чынам:

Даря Гарох (Брэсцкая вобласць) - 2546 ачкоў (100м з/б - 16.06; скачок у вышыню - 1.56; штурханне ядра - 9.41; 200м - 27.64);

Вікторыя Варнахова (Віцебская вобласць) - 2428 ачкоў  (100м з/б - 15.60; скачок у вышыню - 1.62; штурханне ядра - 8.20; 200м - 29.85);

Анастасія Рыбакова (Магілёўская вобласць) - 2382 ачка (100м з/б - 16.35; скачок у вышыню - 1.50; штурханне ядра - 8.87; 200м - 27.97).

***

Юнакі. Скачок у даўжыню

Адзіным, хто заваяваў 6-метровую адзнаку, стаў пераможца першынства - Роберт Эйсмант з Гродзенскай вобласці. У другой спробе ён паляцеў на 6.15

 

Родзін Гусеў (Брэсцкая воббласць) стаў уладальнікам сярэбранага медаля - 5.90. Трэніруе спартсмена С.В.Салямановіч. 

"Бронзавыя" метры на рахунку ў яшчэ аднаго брэсцкага лёгкаатлета Станіслава Любіча - 5.89. Яго падрыхтоўкай загадвае М.П. Паўлоўскі. 

Дзяўчыны. Штуханне ядра

На 1см перасягнула асабісты рэкорд і стала пераможцай першынства краіны Надзея Пястрак з брэсцкай зборнай. У фінальнай спробе яна штурхнула ядро на 13.71. Трэнеры: Цімашэнка, Кандрацюк.

 

Лізавета Бойка (Брэсцкая вобласць), якая трэніруецца пад кіраўніцтвам С.В.Салямановіча і А.А.Кандрацюка, у чацвёртай спробе адправіла снарад на "сярэбраныя" 12.28.

На трэцюю прыступку п'едэстала падымаецца яшчэ адна прадстаўніца брэсцкай каманды Варвара Сянкевіч - 11.83. Трэнеры: Сакоўская, Няведамскі. 

Юнакі. Кіданне молата

Залаты медаль першынства заваёўвае Аляксей Літвінаў, які выступае за Віцебскую вобласць. У чацвёртай спробе молат паляцеў на пераможныя 67.57. Трэніруе спартсмена И.Г.Карпушэнка. 

На другім радку выніковага пратакола з вынікам 65.22 - Ягор Машкоўскі. Малатабоец прадстаўляе Магілёўскую і Віцебскую вобласці. Трэнер - М.А.Попел.

Замыкае тройку прызёраў прадстаўнік Гродзенскай вобласці Аляксей Чупенкоў, які ў фінальнай спробе адправіў снарад на 62.31. Трэніруецца атлет пад кіраўніцтвам Губкіна, А.А.Дзенісенка

***

У каманднай барацьбе лідзіруе зборная Брэсцкай вобласці - 159 ачкоў. На другой прамежкавай пазіцыі Гомельская вобласць, на рахунку якой 133 балы. Замыкае тройку лідараў Гродзенская вобласць - 130 ачкоў.

***

ПРАТАКОЛЫ ПЕРШАГА ДНЯ СПАБОРНІЦТВАЎ

***

Вось такім выдаўся першы дзень першынства Рэспублікі Беларусь сярод юнакоў і дзяўчат 2005-2006 г.н. Мы жадаем усім дастойных вынікаў і баявога настрою! Да сустрэчы заўтра ў 9:00, калі на старт выйдуць юнакі-хадакі, якім трэба будзе пераадолець 3000м. 

Наперад, Беларусь! 

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ