Навіны
ВЫНІКІ І КАМЭНТАРЫІ ПЕРАМОЖЦАЎ КУБКА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ ПА ЛЁГКАЙ АТЛЕТЫЦЫ. ДЗЕНЬ ДРУГІ (ЗАВЕРШАНА) + ВЫНІКОВЫЯ ПРАТАКОЛЫ
17 Июля 2020
899


Добрай раніцы, дарагія чытачы! Брэст працягвае прымаць адзін з найважнейшых стартаў лёгкаатлетычнага сезону, а мы гатовы знаёміць вас з рэзультатамі гэтага самага старту.

ТУТ можна сачыць за тэхнічным анлайнам.

А расклад спаборніцтваў можна знайсці ТУТ.

Сёння на коне 18 камплектаў узнагарод, і зноў у раскладзе значацца 2 эстафеты. І гэтак жа, як і ўчора, наш дзень адкрываюць стаеры. Дыстанцыя - 3000 метраў. А ў сектары для скачка з шастом тым часам ужо размінаюцца мужчыны. Старт спаборніцтваў у сектары адбудзецца ў 09:50.

Свой дзень нараджэння сёння адзначае Іосіф Фёдаравіч Трахімчык. Ад імя Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі віншуем яго і жадаем даўгалецця, выканання ўсіх жаданняў і прафесійных поспехаў!

***

Мужчыны. 3000м

З сямнаццаці ўдзельнікаў забегу першым да фінішу прыйшоў прадстаўнік Магілёўскай вобласці Сяргей Платонаў. Яго рэзультат - 8:06.62.


- Сёння на дарожцы сабралася моцная кампанія. Асноўная мэта была на дадзены забег – перамагчы любой цаной. Таму са старту бег тактычна, а не як учора – на вынік. Але, тым не менш, гэтымі хвілінамі і секундамі я задаволены. Галоўны старт – чэмпіянат Беларусі і ён, хутчэй за ўсё, стане заключным у гэтым сезоне, таму накіроўваем усе сілы на яго і будзем старацца там рэалізавацца на максімум.

На другой пазіцыі фінішаваў Вячаслаў Скудны, які таксама выступае за Магілёўскую вобласць - 8:07.12. Спартсмен палепшыў сваё асабістае дасягненне больш чым на 6 секунд.

"Бронзу" прынёс камандзе горада Мінска Сяргей Краўчэня. Вынік спартсмена - 8:10.14, што больш чым на 2 секунды хутчэй яго асабістага рэкорду.

***

Жанчыны. 3000м

Дар'я Барысевіч, якая прадстаўляе горад Мінск і дэбютавала на дадзенай дыстанцыі, стала пераможцай Кубка Беларусі. Яе сённяшні вынік9:04.90.


- Бегчы 3000 метраў – гэта ўстаноўка трэнера і ідзе як падрыхтоўка да «паўтарашцы». Шчыра скажу, мне спадабалася. Не чакала ад сябе такога выніку, задаволена ім. Я паважаю Кацю Карняенка за тое, што заўсёды смела выходзіць наперад і не баіцца весці забег. Рыхтуемся да чэмпіянату Беларусі, які для мяне заўсёды свята ў родных, хатніх сценах. Там я пабягу свае профільныя дыстанцыі і, вядома, паспрабую ўсіх парадаваць.

Сярэбраны медаль дастаецца Кацярыне Карняенка з Магілёўскай вобласці, якая абнаўляе асабісты рэкорд на адкрытым паветры – 9:07.88. Кацярына трэніруецца пад кіраўніцтвам Башко, А.Б. Салсанава, А.А. Гардзеева.

Трэцяй на фінішы апынулася прадстаўніца Гродзенскай вобласці Людміла Ляховіч з вынікам 9:19.86. Трэнер – А.А. Гардзееў.

***

Жанчыны. 800м

Перамагла ў забегу прадстаўніца Магілёўскай вобласці Ілона Іванова2:05.67. Трэніруюць спартсменку А.І. Кіцэнка, С.А. Юдзянкоў, А.М. Баландзін.


- Беглася сёння дастаткова нядрэнна, і задачу, пастаўленую на гэты старт я выканала. Разлічвала паскарацца на заключным крузе, але так выйшла, што ніхто не захацеў выходзіць наперад, і прыйшлося весці забег. Гэта першыя спаборніцтвы ў сезоне, і было трохі хвалююча выходзіць зноў на дарожку. Перыяд без стартаў прайшоў як звычайна, мы не спынялі трэніроўкі, хоць у некаторыя моманты працавалі ў больш зберагалым рэжыме, таму што часам турбавала нага. Рыхтуемся да нашага галоўнага старту – чэмпіянату краіны, і спадзяюся паказваць там больш хуткія секунды, чым сёння.

Другой да фінішу прыйшла ўчорашняя пераможца фіналу на 1500 метраў Вольга Немагай, якая выступае за горад Мінск. Яе вынік – 2:07.00. Трэнеры: А.А. Гардзееў, Давыдзік, Н.С. Духнова, Карпаў, Бандарэнка.

Юлія Кароль, якая прадстаўляе Гродзенскую вобласць, заняла трэцяе месца – 2:07.06. Трэніруецца спартсменка ў Г.П. Карнацэвіч, Думнова, Бяляева.

***

У скачку з шастом у мужчын планка ўстаноўлена на вышыні 4.80м. У спаборніцтвах засталося пяць спартсменаў.

***

Мужчыны. 800м

Лепшы час па выніках двух забегаў і асабісты рэкорд у самым масавым відзе дадзеных спаборніцтваў паказаў прадстаўнік Магілёўскай вобласці Ілля Карнавухаў. Яго вынік – 1:49.28, і гэта другая перамога спартсмена на дадзеным старце. Трэнеры: А.І. Кіцэнка, брыгада Пякарскіх.


- Пасля «паўтарашцы» не было той свежасці, якой хацелася б, каб паказаць яшчэ больш хуткі час. На чэмпіянаце краіны будзе дзень адпачынку паміж відамі, таму там кожны з хлопцаў пакажа тое, на што гатовы. Сёння першы круг быў не такім хуткім і мне гэта адыграла на руку, засталіся сілы, каб паскорыцца на заключнай 100-метроўцы. Хоць і ўсталяваў свой асабісты рэкорд, але гэта не мяжа маёй гатоўнасці. Хочацца падзякаваць сваіх родных, дзяўчыну і, вядома, трэнераў за падрыхтоўку, падтрымку і веру ў мяне.

На другой пазіцыі завяршыў выступленне таксама прадстаўнік Магілёўскай вобласці Сяргей Карпаў1:49.63. Яго трэніруюць А.І. Кіцэнка, брыгада Пякарскіх.

Трэцяе месца сёння дастаецца Яну Слома, які прадстаўляе Гродзенскую вобласць. Яго сённяшні рэзультат1:50.58. Трэнеры: А.А. Гардзееў, Храмавы.

***

Па выніках пяці спробаў у жаночым кіданні дыска лідарам у сектары з'яўляецца Святлана Сярова. Яе лепшай спробай пакуль што з'яўляецца 52.25м.

***

А ў сектары для скачка з шастом спартсмены спаборнічаюць на вышыні 5 метраў. У сектары засталося чатыры скакуна: Аляксандр Грамыка, Вадзім Котык, Уладзіслаў Чамармазовіч і Дзмітрый Марфушкін.

***

Пераможцай першага забегу на дыстанцыі 200 метраў стала Крысціна Ціманоўская – 24.54 (Магілёўская вобласць). У другім забегу лепшыя секунды паказала Святлана Парахонька – 24.61 (Віцебская вобласць). У трэцім забегу першай да фінішу прыйшла Эльвіра Герман – 24.12 (Брэсцкая вобласць). У чацвёртым забегу перамогу атрымала Кацярына Жываева – 24.31 (Брэсцкая вобласць). Літаральна праз некалькі хвілін мы апублікуем для вас раскладку фінальнага забегу на гэтай дыстанцыі.

***

У сектары для скачка з шастом засталося два спартсмена. Планка ўстаноўлена на вышыні 5.10м. Уладзіслаў Чамармазовіч і Дзмітрый Марфушкін змагаюцца там за перамогу.

***

Жанчыны. Кіданне дыска

З рэзультатам 52.25м перамогу атрымала Святлана Сярова, якая прадстаўляе Магілёўскую вобласць. Яе трэніруюць Радзькова і Э.Э. Гурская.


Другое месца заняла яшчэ адна прадстаўніца Магілёўскай вобласці Аліна Нікіценка50.93м. Трэнеры: М.М. Дамаросаў, М.А. Чарэйчык.

Трэцяя пазіцыя сёння дасталася Вользе Грабцэвіч, якая выступае за Гомельскую вобласць,49.40м. Трэніруецца Вольга ў С.І. і Е.Н. Сцяпанавых.

***

Пераможцам першага забегу на 200 метраў у мужчын стаў Юрый Забалотны – 21.07 (Гомельская вобласць). Другі забег узначаліў Максім Богдан – 21.81 (Брэсцкая вобласць). А лепшы вынік у трэцім забегу паказаў Максім Грабарэнка – 21.56 (Брэсцкая вобласць).

***

Мужчыны. Скачок з шастом

Уладзіслаў Чамармазовіч, які выступае за Гродзенскую вобласць, атрымаў сёння перамогу, паказаўшы рэзультат 5.10мТрэнеры: Ю.Г. Кавальчук, Дзямідзік.


- Гэты сезон атрымаўся не такім, якім павінен быць. Я больш надаваў час вучобе, чым падрыхтоўцы. Сёння скакаў з кароткага разгону і з новым шастом, калі на чэмпіянаце буду скакаць добра, то буду рады.

На другой пазіцыі завяршыў выступленне Дзмітрый Марфушкін з Гомельскай вобласці з новым асабістым рэкордам на адкрытым паветры – 5.00м.

Трэцяе месца заняў Аляксандр Грамыка з горада Мінска з рэзультатом 4.80м.

***

У штурханні ядра ў мужчын пасля пяці спробаў лідзіруе Аляксей Нічыпар – 20.52м. Гэта паўтор асабістага рэкорду для Аляксея.

***

У скачку ў даўжыню ў жанчын таксама завяршылася ўжо тры спробы. Лепшыя метры належаць Настассі Мірончык-Івановай – 6.72м.

***

Фінальны забег на 200 метраў у жанчын будзе выглядаць наступным чынам:

Харашкевіч Кацярына (г.Мінск) – 24.75

Рашкаван Руслана (Віцебская вобласць) – 24.73

Жываева Кацярына (Брэсцкая вобласць) – 24.31

Герман Эльвіра (Брэсцкая вобласць) – 24.12

Ціманоўская Крысціна (Магілёўская вобласць) – 24.54

Блізнец Юлія (Гомельская вобласць) – 24.50

Луцэнка Яніна (Мінская вобласць) – 24.54

Парахонька Святлана (Віцебская вобласць) – 24.61

***

Мужчынскі фінальны забег на 200 метраў будзе мець дадзеную раскладку:

Сінкавец Віктар (Магілёўская вобласць) - 22.55

Міцько Кірылл (г.Мінск) - 22.51

Парахонька Віталь (Віцебская вобласць) - 21.87

Забалотны Юрый (Гомельская вобласць) - 21.07

Грабарэнка Максім (Брэсцкая вобласць) - 21.56

Богдан Максім (Брэсцкая вобласць) - 21.81

Пустабаеў Сяргей (Гродзенская вобласць) - 22.12

Карповіч Мікіта (Мінская вобласць) - 21.95

 ***

Жанчыны. 400м з/б

Аляксандра Хільмановіч паказвае лепшы час па выніках двух фінальных забегаў - 58.63. Спартсменка прадстаўляе Гродзенскую вобласць і трэніруецца ў Л.Л. Вяршыніна, Барсука.


- Гэта трэці старт у сезоне, і ён выйшаў нядрэнным. Па адчуваннях сёння бегла хутчэй, чым раней, але час выйшаў крыху горш. Не ведаю, чаму так. Быццам і стан нармальны, і надвор'е камфортнае. Хочацца на чэмпіянаце Беларусі зрабіць тое, што так добра атрымліваецца на трэніроўках і, вядома, перапісаць асабістае дасягненне.

Другі вынік паказала прадстаўніца Гомельскай вобласці Кацярына Паплаўская - 1:00.86. Трэнеры: Казлоў, Кавалёў.

Ангеліна Хісамудзінава, якая выступае за Мінскую вобласць заняла трэцяе месца з вынікам 1:03.18. Трэніруюць спартсменку Полагаў, Т.Ф. Нарэйка, брыгада М.А. Скарахода.

***

Мужчыны. Штурханне ядра

Аляксей Нічыпар з паўторам асабістага рэкорду - 20.52м, стаў пераможцам спаборніцтваў. Спартсмен выступае за Гродзенскую вобласць. Трэніруецца спартсмен у В.А. Пензікава, Арлова, Карпушкіна.


Прадстаўнік Віцебскай вобласці Алег Тамашэвіч заняў другое месца. Яго вынік - 19.74м. Трэнеры: І. Варанцоў, Нехвядовіч.

З вынікам 18.97м трэцім стаў прадстаўнік Брэсцкай вобласці Дзмітрый Карпук. Яго трэніруюць Л.У. і Д.А. Кунац.

***

Мужчыны. 400м з

Перамогу атрымаў Кірыл Борыс з вынікам 52.36. Спартсмен прадстаўляе Мінскую вобласць і трэніруецца ў У.М. Полагава, Т.Ф. Нарэйка, А.М. Турчына.


- У прынцыпе, мэты на гэты першы старт у сезоне я выканаў. Забег, вядома, даўся не зусім лёгка, прылятаў на кожны бар'ер з розных ног, але, галоўнае, што рытм не моцна збіваўся. Рыхтуемся да чэмпіянату і спадзяемся там дадаць.

Прадстаўнік Гомельскай вобласці Вадзім Жадько займае другое месца з новым асабістым рэкордам - 52.87. Трэнеры: А.І. Буднік, В.У. Платонаў, Казлоў.

Ягор Хаўратовіч з рэзультатам 53.10 становіцца трэцім па выніках двух фінальных забегаў. Спартсмен выступае за Магілёўскую вобласць і трэніруецца ў брыгады Пякарскіх.

***

Жанчыны. Скачок у даўжыню

З лепшым вынікам сезона ў свеце - 6.93м, паказаным у заключнай спробе, перамогу ў спаборніцтвах атрымала Настасся Мірончык-Іванова, якая выступае за Мінскую вобласць. Дадзены вынік прынёс бы спартсменцы ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіа, калі б не прыпыненне кваліфікацыйнага перыяду да 1 снежня гэтага года.


- Я шчасліва, што сёння знаходжуся ў Брэсце. Гэта другі пасля Мінска горад, які я вельмі люблю. Тут заўсёды ўтульна, цёпла, шмат гледачоў на трыбунах, і сустракае ён па-добраму. Для мяне спаборніцтвы тут - свята. Я рада, што сёння ў мяне атрымаўся вынік сярэдняга ўзроўню. Я так лічу, таму што на трэніроўках атрымлівалася лепш. Але да чэмпіянату краіны мы раскруцімся, знойдзем сябе і будзем выконваць скачкі правільна ў тэхнічным плане.

Другое месца займае Віялета Скварцова, якая прадстаўляе Віцебскую вобласць, - 6.37м.

На трэцяй пазіцыі спаборніцтвы завяршае Паліна Злотнікава з Гомельскай вобласці. Яе вынік сёння - 6.09м.

***

У кіданні дыска ў мужчын завершаны чатыры спробы. Лідарам прамежкавага пратаколу з'яўляецца Уладзіслаў Пучко - 53.43м.

***

Жанчыны. 200м

Выдатную перамогу атрымлівае прадстаўніца Брэсцкай вобласці Эльвіра Герман. Яе сённяшні рэзультат23.37.


- Вядома, я рада гэтай перамозе. Хочацца падзякаваць Крысціну за дастойную канкурэнцыю, дзякуючы якой я бегаю так хутка. Хацелася перапісаць асабісты рэкорд, не ўдалося, але ў любым выпадку блізка да яго. Забег даўся цяжкавата, на фінішы «паставіла» так, што, здавалася, бягу на месцы. На чэмпіянаце краіны, так як стартаў у гэтым сезоне мала, я таксама вазьму ўдзел на 200-метроўцы.

Другой да фінішу прыйшла Крысціна Ціманоўская, якая выступае за Магілёўскую вобласць і якая выканала на леташнім чэмпіянаце краіны кваліфікацыйны нарматыў на Алімпійскія гульні. Яе вынік - 23.56.

Кацярына Жываева з Брэсцкай вобласці стала трэцяй - 23.82.

Мужчыны. 200м

Двухразовым пераможцам Кубка краіны 2020 года становіцца Юрый Забалотны. Яго вынік на фінішы – 21.14 (0.2). Трэніруюць Юрыя А.І. Круг, Кавалёў, Л.І. Сафроннікаў, А.М. Лявонаў.


- Здаецца, у папярэднім забегу бег паслаблена, а вынік атрымаўся лепш, чым у фінале. Але, у любым выпадку, я рады таму, што здолеў падцягнуць 200-метроўку да сезону. Рады сённяшняй перамозе, а на чэмпіянаце краіны хачу прыбаўляць, перапісваць рэкорды і, вядома, пацвярджаць чэмпіёнства.

Другое месца заняў Максім Грабарэнка, які прадстаўляе Брэсцкую вобласць. Вынік спартсмена21.59 (0.2). Трэнеры: Мяснікоў, А.А. Сінкевіч, Вярэніч.

Трэцім фінішаваў барерыст Віталь Парахонька з вынікам 21.66 (0.2). Спартсмен выступае за Віцебскую вобласць. Трэнеры: Мяснікоў, Гуцін.

***

Мужчыны. Кіданне дыска

Перамогу сёння атрымаў юніёр Уладзіслаў Пучко, які прадстаўляе Гродзенскую вобласць. Яго вынік – 54.43м. Трэніруюць спартсмена Капцюх, Карпушкін.


- Хоць і паказаў асабісты рэкорд, але ведаю, што ёсць запас і рэзерв, які буду старацца рэалізаваць на чэмпіянаце Беларусі. Сёння падвёў агульны стан. Шкада, што не было ў сектары лідараў – Жэні Багуцкага, Віці Труса і Глеба Жука, якія склалі б вельмі дастойную канкурэнцыю.

Другое месца заваяваў Ягор Логаш з Гомельскай вобласці – 49.39м. Трэнеры: Купрыянаў, В.А. Баравая.

На трэцяй пазіцыі завяршыў выступленне Сяргей Роганаў, які прадстаўляе Магілёўскую вобласць. Сённяшні рэзультат спартсмена – 48.85м. Яго трэніруюць Радзькова, Цеплякова, Гурская.

***

Жанчыны. Скачок з шастом

Пераможцай спаборніцтваў стала прадстаўніца Гомельскай вобласці Крысціна Канцавенка. Усяго тыдзень таму Крысціна перапісала лепшае нацыянальнае дасягненне ў маладзёжнай узроставай катэгорыі, узляцеўшы на адзнаку 4.45м. А сёння яшчэ на 5 сантыметраў палепшыла сваё ж дасягненне – 4.50м. Віншуем спартсменку і яе трэнераў: Анатоля Мікалаевіча Марчанкава і Таццяну Рыгораўну Смяян.


- Я вельмі рада, што здолела пацвердзіць званне майстра спорту міжнароднага класа і зрабіць гэта, як і на на першынстве юніёраў, на 4.45 з першай спробы. Я ўпэўнена ўзлятаю на новыя для сябе рубяжы, адчуваю іх і гатова да іх. Думаю, што на чэмпіянаце Беларусі ў канкурэнцыі з лідарам Ірай Жук я змагу ўзляцець крыху вышэй, як гэта раблю ў трэніровачным працэсе. У першую чаргу хочацца падзякаваць гледачоў, федэрацыю лёгкай атлетыкі і майго трэнера за падтрымку, за матывацыю і працу.

На другой пазіцыі з вынікам 3.90м завяршыла выступленне мінчанка Марыя Хмяльніцкая. Яе трэніруе Ю.П. Каташ.

Трэцяе месца заняла прадстаўніца Брэсцкай вобласці Анастасія Гаўрылік. Яе вынік – 3.70м. Трэнеры: Цівончык, Цімашэнка.

***

У скачку ў даўжыню ў мужчын па выніках дзвюх спроб лідзіруе Арцём Гурын – 7.87м.

***

Перад заключнай спробай у жаночым штурханні ядра лідзіруе Алёна Дубіцкая – 18.83м.

***

Лідар у мужчынскім скачку ў даўжыню пасля трох спробаў не змяніўся. Гэта ўсё так жа Арцём Гурын і яго 7.87м.

***

Жанчыны. Штурханне ядра

Перамагла ў спаборніцтвах прадстаўніца Гродзенскай вобласці, уладальніца алімпійскай ліцэнзіі Алёна Дубіцкая. Яе рэзультат19.27м. Трэнеры: Г.М. Сініцын, Аўсейчык.


- Калі шчыра, падчас першых спробаў я яшчэ не да канца разумела, што нарэшце мы прымаем удзел у спаборніцтвах пасля такога зацяжнога перапынку. Не ўсё атрымлівалася тэхнічна, але пад завяршальныя спробы я разабралася з эмоцыямі, з тэхнічным выкананнем і здолела ўсталяваць новы асабісты рэкорд. Выніку, вядома, я рада. Мы і планавалі адкрываць сезон з такіх межаў. Думаю, што атмасфера чэмпіянату Беларусі яшчэ больш падштурхне і заматывуе, а я змагу рэалізаваць той патэнцыял, які натрэніраваны.

На другой пазіцыі завяршыла выступленне Алена Пасечнік з вынікам 18.28м. Гэта новы асабісты рэкорд спартсменкі. Трэнеры: Г.М. Сініцын, Кулінковіч, Пензікаў.

А на трэцяй пазіцыі сёння размясцілася Алена Абрамчук, якая выступае за Брэсцкую вобласць,17.48м. Трэніруюць спартсменку Л.У. і Д.А. Кунац.

***

Перад заключнай спробай у скачку ў даўжыню ў мужчын тройка лідараў такая: Арцём Гурын (7.87м), Уладзіслаў Булахаў (7.83м), Мікіта Лапаценка (7.83м). Чакаем завяршальных выхадаў у сектар ад скакуноў, а тым часам да старту рыхтуюцца жаночыя эстафетныя каманды ў дысцыпліне 4х400 метраў. Тут выступіць нацыянальная каманда Рэспублікі Беларусь у складзе: Аліна Лучшава, Крысціна Мулярчык, Юлія Блізнец, Кацярына Харашкевіч.

***

Жанчыны. Эстафета 4х400м

Нацыянальная каманда Рэспублікі Беларусь (Аліна Лучшава, Крысціна Мулярчык, Юлія Блізнец, Кацярына Харашкевіч) – 3:31.06.

Гродзенская вобласць (Аляксандра Хільмановіч, Вікторыя Кушнір, Валянціна Чымбар, Юлія Кароль) – 3:42.20.

Магілёўская вобласць (Уладзіслава Гайдук, Ілона Іванова, Людміла Рудзько, Кацярына Паплаўская) – 3:52.67.

***

Мужчыны. Скачок у даўжыню

Пераможцам спаборніцтваў стаў прадстаўнік Гродзенскай вобласці Арцём Гурын7.87мТрэнеры: С.А. Іваноў, Дземянчук, Бакач.


- Магу сказаць, што сёння атрымаўся толькі першы скачок, які з невялікім заступам быў у раёне 8.15. У астатніх спробах не мог сабраць скачок тэхнічна па правільных элементах. Але ведаю, што магу лятаць далёка. Калі на чэмпіянаце скокну 8-8.10, буду гэтаму рады. Гэты 8-метровы рубеж, як псіхалагічны бар'ер, калі пераадолееш раз, прашчупаеш яго, то будзеш паказваць яго стабільней.

Другое месца заняў Уладзіслаў Булахаў, які выступае за Магілёўскую вобласць,7.83мЯго трэніруюць Сафронаў, Я.П. Сапранкоў, Алейнік.

На трэцім месцы завяршае спаборніцтвы Мікіта Лапаценка, які прадстаўляе Гомельскую вобласць. Яго рэзультат таксама 7.83м.

Трэніруюць спартсмена Д.В. Селівёрстаў, П.М. Масціч.

Мужчыны. Эстафета 4х400м


Нацыянальная каманда Рэспублікі Беларусь (Ігар Зубко, Аляксандр Васілеўскі, Марк Пацей, Аляксей Лазараў) – 3:08.98.

Магілёўская вобласць (Ягор Хаўратовіч, Кірыл Ключнікаў, Кірыл Карачун, Ілля Карнавухаў)- 3:16.30.

Гродзенская вобласць (Максім Андралойць, Аляксандр Чарняк, Аляксандр Таўрук, Ян Слома)- 3:16.96.

***

Камандная барацьба

Брэсцкая вобласць – 193 ачкі

Магілёўская вобласць – 181 ачко

Гомельская вобласць – 181 ачко

Гродзенская вобласць – 177 ачкоў

г. Мінск151 ачко

Мінская вобласць – 140 ачкоў

Віцебская вобласць – 79 ачкоў

***

Дзякуем вам за тое, што былі з намі на працягу гэтых двух насычаных дзён. Жадаем вам выдатных выходных і ўбачымся на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы, праграма якога пачнецца ўжо 28 ліпеня са спаборніцтваў штурхальнікаў ядра.

ВЫНІКОВЫЯ ПРАТАКОЛЫ СПАБОРНІЦТВАЎ

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ