Навіны
ВЫНІКІ ВЫСТУПЛЕННЯ БЕЛАРУСКІХ ЛЁГКААТЛЕТАЎ НА МІЖНАРОДНЫХ СТАРТАХ. ВІТАЛЬ ЖУК ПЕРАСЯГНУЎ 6-ТЫСЯЧНЫ РУБЕЖ У СЯМІБОР'І!
07 Февраля 2021
378


У гэтую нядзелю, 7 лютага, Віталь Жук працягнуў сваё выступленне ў сямібор'і, а Настасся Мірончык-Іванова выйшла ў сектар для скачка ў даўжыню на міжнародным турніры ў Германіі. Спяшаемся расказаць вам аб тым, як склаўся для іх сённяшні дзень спаборніцтваў.

Учора Віталь Жук, які выступае на International Indoor Combined Events Tallinn 2021, перапісаў тры асабістыя дасягненні і завяршыў першы дзень мнагабор'я на верхнім радку прамежкавага пратаколу. Другі дзень наш спартсмен пачаў чарговым асабістым рэкордам, пераадолеўшы дыстанцыю 60м з бар'ерамі за 8.16, што стала трэцім рэзультатам у гэтым відзе праграмы. Пасля гэтага беларус абнавіў свой найлепшы рэзультат у кар'еры ў скачку з шастом, пакарыўшы планку на адзнацы 4.91. Па выніках шасці відаў Віталь ішоў на трэцяй пазіцыі, але ў заключнай дысцыпліне – бегу на 1000м – здолеў адзначыцца яшчэ адным асабістым рэкордам (2:46.27) і адыграць адну пазіцыю. У выніку наш мнагаборац стаў сярэбраным прызёрам спаборніцтваў.


Віталь Жук набраў суму ў 6010 ачкоў, упершыню пераадолеўшы 6-тысячны рубеж і стаўшы пятым беларускім мнагаборцам у гісторыі, каму ўдалося гэта зрабіць! Яшчэ раз нагадаем вам яго рэзультаты: 60м – 7.04 (РВ), скачок у даўжыню – 7.01 (РВ), штурханне ядра – 16.51 (РВ), скачок у вышыню – 2.01, 60м з бар'ерамі – 8.16, скачок з шастом – 4.91 (РВ ), 1000м – 2: 46.27 (РВ). На сённяшні дзень ён займае трэці радок у сусветным топ-лісце. Лідзіруе цяпер эстонец Risto Lillemets, які выйграў спаборніцтвы ў Таліне, – 6089 ачкоў. Максім Андралойць мае другі рэзультат – 6057 ачкоў, Юрый Ярэміч шосты – 5950 ачкоў.


***

Настасся Мірончык-Іванова спаборнічала ў нямецкім Дортмундзе на PSD Bank Indoor Meeting Dortmund. Гэта другі старт лідара беларускай зборнай у скачку ў даўжыню гэтай зімой. Найлепшай спробай нашай лёгкаатлеткі стала другая, у якой яна прызямлілася на адзнаку 6.56, выйграўшы сярэбраны медаль спаборніцтваў. Дадзены рэзультат з'яўляецца для Настассі найлепшым у гэтым сезоне. Перамогу на турніры атрымала шведская спартсменка Сагнія Хаддзі, якая ў другім выхадзе ў сектар паляцела на 6.82, што дазволіла ёй стаць лідарам сусветнага сезона. Трэцяе месца заняла прадстаўніца Кіпра Filippa Fotopoulou – 6.52.



КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ