ЯК ЖЫВЕ "ЗАЛАТАЯ" ПАЛІНА КІБЕРАВА.
16 ВЕРАСНЯ 2020
97


«Залатая» – так празвалі ў Ваўкавыску Паліну Кібераву, адну з самых таленавітых беларускіх лёгкаатлетак, прызёра рэспубліканскіх чэмпіянатаў па гэтым алімпійскім відзе спорту. Два гады таму дзяўчына паспяхова скончыла гімназію № 1 і паступіла ў БДУФК на спартыўна-педагагічны факультэт масавых відаў спорту. За гэты кароткі час яна паспела сябе зарэкамендаваць ва ўніверсітэце як мэтанакіраваная спартсменка. Як зараз жыве наша зямлячка і якія планы будуе на будучыню? "Наш час" даведаўся з першых вуснаў:

– На дадзеным этапе жыцця маімі прыярытэтамі з'яўляюцца вучоба і лёгкая атлетыка. Можна сказаць, што для мяне цяпер самае галоўнае – гэта добра вучыцца, трэніравацца і паказваць дастойны рэзультат. Вучоба заўсёды патрабуе шмат часу і намаганняў, як і трэніроўкі, якіх звычайна па дзве ў дзень. Нягледзячы на гэта, я ўсё паспяваю, як і ў школьныя дні. Як гаворыцца, трэба толькі захацець.


На пытанне, што ў вас змянілася за апошні год, дзяўчына адказвае:

– Памянялася стаўленне да самой сабе, напэўна. Усё ж такі прыйшлося ўсвядоміць, што наступіла дарослае жыццё. І спорт цяпер дарослы. Пра вучобу, напэўна, нічога казаць не буду. Ужо з першага курсу стала ясна, што гэта далёка не тая школа, якую я скончыла. Про спорт жа, наадварот, можна казаць доўга. Галоўным плюсам з'яўляецца тое, што цяпер трэніроўкі змяніліся, патрабаванні вышэй, адпаведна, і рэзультаты павінны быць вышэй. І нават тады, калі ўсе трэніроўкі ты адпрацоўваеш на 100%, рэзультату можа не быць. Ён можа з'явіцца пазней, неяк нечакана, альбо адсутнічаць зусім. А колькі працы і часу сыходзіць на тэхніку... Мне трэба яшчэ працаваць і працаваць, каб станавіцца лепш. Так што можна зрабіць выснову, што памянялася і стаўленне да працы. Я не кажу, што калі была дзіцём, то ленавалася. Я заўсёды працавала як трэба. Але цяпер мы працуем над самымі дробнымі дэталямі, працуем над псіхалагічнай падрыхтоўкай, адточваем усе тыя навыкі і ўменні, над якімі працавалі з першымі трэнерамі, толькі цяпер на іншым узроўні. Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць падзяку дзяржаве за магчымасць развівацца, за падтрымку спартсменаў і спорту ў цэлым.


Паліна па-ранейшаму настроена на спартыўную кар'еру:

– Пакуль я жадаю цалкам рэалізаваць сябе ў лёгкай атлетыцы. У будучыні, магчыма, мне хацелася б працаваць з дзецьмі. Мне заўсёды было лёгка знаходзіць агульную мову з імі, дзяцей я вельмі люблю.

Больш падрабязна пра планы на будучыню Паліна распавядаць не любіць. Аджартоўваецца:

– У нас такія прыкметы: свае планы не афішыраваць. Але планую я бегчы хутка!

Крыніцаvolkovysknews.by