Навіны
ЁСЦЬ, ШТО ЎСПОМНІЦЬ: САМЫЯ ВАЖНЫЯ МОМАНТЫ МІНУЛАГА СЕЗОНА
29 Октября 2020
257


Сезон у лёгкаатлетаў афіцыйна амаль завершаны. Застаўся адзін кросавы старт – чэмпіянат краіны, і можна будзе думаць пра зіму, адначасна спадзеючыся, што яшчэ адзін зімовы сезон у нас не адбяруць. На фоне ўсяго таго, што здарылася (а, дакладней, не здарылася) летам, рабіць высновы, будаваць прагнозы і наогул пра нешта разважаць няпроста. Суцэльны ўмоўны стан і здагадкі. Але, тым не менш, пакапаўшыся ў памяці, блог «Погляд з трыбун» сабраў разам усё, чым паспела запомніцца скарацечнае і непрадказальнае атлетычнае лета.

Геройствы Жук


Узімку Ірына Жук наглядна прадэманстравала, што настроена рашуча і скакаць здольная вельмі высока. Наперадзе маячыў алімпійскі сезон, і менавіта туды была накіравана падрыхтоўка спартсменкі. Плюс, вядома, чэмпіянат свету ў памяшканні. Сёння, вядома, бессэнсоўна гадаць, як склаўся б сезон, калі б не ўмяшаўся каронавірус і не здарыліся адмены. Лета ў Іры з-за траўмы ў любым выпадку атрымалася б вельмі няпростым. Але нават незавершанай з-за пераносу чэмпіянату свету зімы і, сканцэнтраванага ў адзіным старце – чэмпіянаце Беларусі – летняга сезону аказалася дастаткова, каб яшчэ раз здівіцца патэнцыялам гэтай спартсменкі. Яе скачок на 4.72 метра – рэкорд краіны! – стаў безумоўным упрыгожаннем мінулага сезону і сур'ёзнай заяўкай на наступны год.

Можна тут, вядома, успомніць пра Крысціну Канцавенка і яе асабісты рэкорд – 4.50 метра. Дзяўчына нават на гэтак кароткім часовым адрэзку зноў здолела здзівіць. 4.50 Крысціна ўзяла ўжо на другім старце лета. Але важна памятаць і пра тое, што Іры Жук для таго, каб пераадолець адлегласць паміж 4.50 і цяперашнімі 4.72, спатрэбілася больш за тры гады. У Крысціны можа атрымацца хутчэй: маючы побач арыенцір у выглядзе рэкардсменкі краіны, расцеш больш актыўна. Але прама цяпер Іра Жук – у Беларусі па-за канкурэнцыяй і перашкодзіць рэалізацыі яе планаў могуць толькі знешнія абставіны.

Лёгкасць Недасекава


Яшчэ адзін чалавек-сюрпрыз. Зіму практычна прапусціў, летам, пасля вестак аб адмене Алімпіяды, толкам не трэніраваўся. І пры гэтым на першым жа старце сезона, тым, які лічыўся асноўным, – чэмпіянаце Беларусі – бярэ 2.30 метра. 2.33 – на мемарыяле Жалабоўскага. Ееўрапейскія старты, якія адбыліся пазней, прынеслі больш сціплыя рэзультаты, але там умяшаліся акалічнасці. А калі іх адкінуць, застаецца канстатаваць фенаменальную зараджанасць спартсмена. І шкадаваць, што Алімпійскія гульні ўсё ж былі перанесены. Зрэшты, будучым летам Макс, не выключана, зможа прыгатаваць яшчэ больш уражлівы сюрпрыз. Да таго, каб узяць 2.35 метра, ён быў блізкі ўжо цяпер.

Эфектнасць Мірончык-Івановай


Насця ўсё больш актыўна рухае ў масы брэнд «Міро» і ўсё часцей радуе падпісчыкаў у сацсетках гарачымі фота. Тым больш, што сезон спрыяе: стартаў летам было не шмат. Але тыя, што былі, знялі ўсе магчымыя пытанні з нагоды рэальнасці сумяшчэння кар'ер спявачкі і спартсменкі топ-узроўню. Таму што калі вакальныя дадзеныя Настассі Мірончык-Івановай усім нам ацаніць у поўнай меры яшчэ трэба будзе, то са спартыўнымі дасягненнямі ўсё ясна тут і цяпер. Па-першае, Мірончык-Івановай удалося правесці адзін з найбольш паўнавартасных сярод беларускіх лёгкаатлетаў сезон. Восем стартаў, з іх менш за палову ў Беларусі. Ніводнага правальнага. Выключэнне хіба што французскія 6.66 метра, але і яны дазволілі атрымаць перамогу ў Марсэлі. Ды і ўсяго праз два дні беларуска паказала найлепшы ў гэтым сезоне рэзультат – 6.94, які дазволіў ёй завяршыць сезон на другім радку сусветнага рэйтынгу. Далей – толькі паляцела за 7 метраў немка Malaika Mihambo. Апошні раз так далёка Насця лятала толькі ў лепшым для сябе 2012 годзе. І, улічваючы ўсе абставіны гэтага года, верагоднасць таго, што асабісты рэкорд беларускі – 7.08 метра – мог рухнуць ужо ў гэтым сезоне, выглядае досыць высокай. А гэта – на любым турніры заяўка на вялікія здзяйсненні.

Прарыў Васькоўскай


Новы асабісты рэкорд Ірыны Васькоўскай – 14.24 – нават сам па сабе мае вялікае значэнне. На чэмпіянатах Еўропы гэта ўжо фінал і блізка да п'едэстала. У пераламленні на Алімпіяду – гэта далей за нарматыў у Рыа. Сягоння, на шляху ў Токіа, стаўкі ўжо вышэй, але і 14.32, якія лічацца цяпер прахаднымі, для Ірыны не выглядаюць ужо космасам. Таму што, перапісаўшы асабісты рэкорд у цяперашнім няпростым сезоне, Іра нібы пераадолела бар'ер, які перашкаджаў ёй рэалізаваць свае магчымасці на працягу апошніх гадоў. Улічваючы, што пасля рэкордных 14.24 у Васькоўскай былі яшчэ 14.05 на мемарыяле Жалабоўскага, яе дасягненне наўрад ці можна тлумачыць збегам абставін. А таму ўжо найбліжэйшай зімой гэтая спартсменка здольная працягнуць далёкія палёты. Тым больш, што галоўная канкурэнтка – Віялета Скварцова – у мінулым сезоне тройчы ляцела за 14 метраў, устанавіўшы новы асабісты рэкорд на ўзроўні 14.17!

Хуткасць Герман


Спрынт, і асабліва бар'ерны, – від, залежны ад спаборніцтваў. Рэзультат тут часцей за ўсё «разганяюць» праз старты, і таму для нашых бар'ерыстак цяперашні абрэзаны сезон, які пастаянна мяняў арыенціры і акцэнты, стварыў сур'ёзныя праблемы. Гэта трэба ўлічваць, ацэньваючы абсалютныя яго вынікі. Але самае цікавае ў гэты раз крыецца не там, дзе мы прывыклі яго шукаць. Эльвіра Герман, напрыклад, завяршыла сезон на трэцім радку сусветнага рэйтынгу. Крута! Нават калі прымаць у разлік тое, што ледзь ці гэты рэйтынг змясціў усіх магчымых саперніц. Сам найлепшы рэзультат беларускі – 12.73, – сур'ёзная заяўка на большасці топ-турніраў, але пры гэтым не мяжа яе летуценняў і магчымасцяў. І не толькі таму, што асабісты рэкорд Эльвіры – 12.64. Цяперашні сезон у яе выкананні дазволіў адчуць, што і гэтыя лічбы пры іншым збегу абставінаў павінны былі рухнуць.

Цяперашні season best паказаны быў не на міжнародных стартах у верасні, не на чэмпіянаце краіны, а на турніры РЦАП у канцы чэрвеня. Гэта тлумачыцца проста. Няма матывацыі, няма канкурэнцыі, няма зразумелага графіка і мэтаў на сезон, які дазволіў бы разганяцца, як мае быць. Пры гэтым, відавочна, што да лета 2020 года Герман падыходзіла з выдатнай базай. Пра яе, напрыклад, дазваляюць судзіць рэзультаты спартсменкі на сумежных дыстанцыях. На патрабавальнай незвычайнай трываласці і хуткасці «двухсотцы», напрыклад, Эля не толькі абнавіла асабісты рэкорд, але і здолела выйграць нетрывіяльную дуэль з Крысцінай Ціманоўскай, якая традыцыйна камфортна адчувае сябе менавіта на 200 метрах. Тая, вядома, максімальнай хуткасці таксама не паказала, але вось падапечныя Віктара Мяснікова праявілі сябе на "ўра" практычна ў поўным складзе. З асабістымі рэкордамі на 200 метрах, акрамя Герман, нагадаем, апынуліся і Руслана Рашкаван, і Святлана Парахонька, якая палепшыла адначасна і асабісты рэкорд на бар'ернай сотні. У выпадку ж Герман усе гэтыя моманты дазваляюць разважаць пра патэнцыйныя рэзультаты на піку ў раёне 12.5 – 12.6. А з такімі лічбамі і ў фінале Алімпіяды паказацца не сорамна. Засталося толькі пачакаць трохі і даведацца, наколькі аб'ектыўнымі выглядаюць цяперашнія ацэнкі.

Асабісты рэкорд Каткаўца


Кідальнікам гэты год падарыў фантастычную з пункту гледжання умоў надвор'я зіму і практычна пазбавіў спаборніцкага лета. Адмянілася амаль усё. Таму і найлепшыя рэзультаты, прадказальна, былі паказаны ў лютым, калі наперадзе яшчэ выразна маячылі і Кубак Еўропы па доўгіх кіданнях, і Алімпійскія гульні, і чэмпіянат Еўропы. Потым здарыліся спад і пераацэнка арыенціраў. Большасць пачалі працу на перспектыву – з прыцэлам на 2021 год. Таму і сусветныя рэйтынгі выглядаюць так, як выглядаюць, а ацэньваць вынікі варта ў кожным выпадку індывідуальна. Ганна Малышчык, напрыклад, завяршыла сезон на трэцім радку сусветнай класіфікацыі. Саперніцы, праўда, максімуму не паказалі, сама Аня да асабістага рэкорду таксама не дакінула, але яе цяперашнія 75.45 метра пацвердзілі, што спартсменка здолела справіцца з усімі праблемамі, і да алімпійскага сезону падыходзіла ў поўным узбраенні (рэзультат яна паказала ў лютым). Падобная гісторыя ў Таццяны Халадовіч. Улетку яна кідала ўсяго тройчы. Па разе ў чэрвені, ліпені і жніўні. У выніку на ўсіх гэтых турнірах саступіла свайму лютаўскаму рэзультату – 67.17, які і даў магчымасць у выніку апынуцца на трэцім радку сусветнага рэйтынгу. Вышэй – дзве кітаянкі (Lü Huihui і Liu Shiying), якія раскідаліся ўжо летам. Халадовіч, дарэчы, на галоўным для сябе старце – чэмпіянаце краіны – да лепшага рэзультату сезона наблізілася (66.85), пацвердзіўшы, што ў іншых абставінах магла б кідаць куды далей. Хочацца верыць, што цяпер ужо ёй нішто не перашкодзіць.

Зрэшты, гісторыя Аляксея Каткаўца на агульным фоне ўсё роўна вылучаецца. Фармальна, у яго таксама не было сэнсу ўпірацца і выціскаць максімум з сезону (не са стартаў). І, можна меркаваць, што, праходзь сезон па традыцыйным сцэнары, праца, стратэгія падрыхтоўкі і прагрэс вынікаў будаваліся б інакш. Але ў выніку, так ці інакш, мы маем асабісты рэкорд – 86.05, цікавы і паказальны адразу па некалькіх прычынах. Па-першае, гэта, сапраўды, вельмі сур'ёзныя метры. Для 22-гадовага спартсмена кідаць за 86 – крута, па азначэнні. Дарэчы, у гэтым сусветным рэйтынгу кінуць за 86 метраў атрымалася толькі семярым спартсменам, а ў леташнім – пятнаццаці. Па-другое, гэта – больш, чым на метр далей алімпійскага нарматыву. Акно, адведзенае для выканання гэтых нарматываў, пакуль, праўда, было закрыта, але ўсведамленне таго, што беларус патрапіць у яго здольны з вялікім запасам, каштуе дорага. Нарэшце, свой найлепшы рэзультат Каткавец аформіў не ў лютым, як большасць калегаў, а ў жніўні на чэмпіянаце краіны. Здолеў падвесціся, «стрэліў» па плане, што, у сваю чаргу, дазваляе разлічваць на тое, што схема будзе гэтак жа эфектыўна працаваць і праз год. У любым выпадку, патэнцыял і магчымасці гэтага хлопца ўжо не могуць выклікаць сумненняў. Засталося толькі чакаць.

Амбіцыі Дубіцкай


Штурхальнікі ў мінулым сезоне былі адны з найбольш актыўных. Па-першае, паспаборнічаць у рэжыме анлайн здолелі яшчэ ў той час, калі афіцыйныя спаборніцтвы па ўсім свеце былі спыненыя. Па-другое, прымудрыліся арганізаваць яркае шоў падчас чэмпіянату краіны: выступалі на набярэжнай каля Палаца спорту. Але, галоўнае, здолелі паказаць вельмі амбіцыйныя рэзультаты. Галоўны з іх належыць, вядома, Алене Дубіцкай. Усё ж яе новы асабісты рэкорд – 19.27 метра – гэта спроба з медальнымі прэтэнзіямі практычна на любым старце. А яе Алена, між іншым, аформіла на першым жа афіцыйным турніры – Кубку Беларусі ў ліпені. Зрэшты, ад яе, пагадзіцеся, чагосьці падобнага ўжо чакалі. Дубіцкая, без перабольшання, адна з вядучых штурхальніц свету, і проста «па сцэнары» павінна паказваць падобныя рэзультаты. Алена Пасечнік да такога статусу яшчэ імкнецца, але робіць гэта вельмі настойліва. Практычна кожны яе выхад у сектар у гэтым годзе – сапраўдная бітва. Эмацыянальная і яркая, якая сантыметр за сантыметрам набліжае спартсменку да мэты – алімпійскага нарматыву. У трэніровачным і разміначным рэжыме пераадолець тыя самыя 18.50 метра Пасечнік ужо ўдавалася. Афіцыйна найлепшым яе рэзультатам пакуль лічыцца 18.28, але гэта як раз той выпадак, калі выхад на новы ўзровень – пытанне вельмі хуткага часу. Ужо зімой нас, напэўна, чакаюць асабістыя рэкорды, а там і да нарматыву рукой падаць.

Нарэшце, у размове аб штурхальніках не варта забываць Аляксея Нічыпара. У гэтым годзе наш вядучы штурхальнік здолеў скалануць сябе і пачаў паказваць рэзультаты, якіх ад яго чакалі ўжо даўно. На Кубку краіны паўтарыў асабісты рэкорд (20.52), на чэмпіянаце адправіў ядро ​​на 20.42. За 20 было і зімой. Калі спартсмен не зменшыць абароты і не зменіць адносіны да падрыхтоўкі, можна пачынаць думаць пра досыць высокія месцы. Для пачатку – на чэмпіянаце Еўропы. Балазе, канкурэнты – Алег Тамашэвіч і Дзмітрый Карпук – ледзь ці дазволяць засумаваць і расслабіцца на гэтым шляху.

Настойлівасць Ніны Савінай


Да прадстаўнікоў доўгіх дыстанцый сезон таксама апынуўся бязлітасным. Падрыхтоўка ў іх куды складаней і больш знясільваючая, чым у большасці відаў атлетыкі, пры гэтым мэта пастаянна ставілася ўдалячынь, нібы дражнячы нашых стаераў. У выніку адмяніліся і марафоны, і паўмарафоны, і стадыённыя забегі. Сабраць у гэтай абстаноўцы мінімальна-прымальны спаборніцкі каляндар досыць праблематычна. Савіна не стала выключэннем, але пры гэтым менавіта ёй практычна ў кожным забегу ўдавалася аказвацца ў адной з галоўных роляў. Улічваючы заваяваную ліцэнзію для ўдзелу ў алімпійскім марафоне, цяперашні сезон спартсменка, большай часткай, планавала праводзіць за межамі стадыёна. У выніку галоўным стартам стаў чэмпіянат краіны, дзе на дыстанцыях 5 і 10 тысяч метраў эфектную бітву зладзілі Ніна Савіна, Святлана Кудзеліч і Кацярына Карняенка. Карняенка, дарэчы, заслугоўвае асобных слоў. Як мінімум, за валявы рывок на «дзясятцы» падчас чэмпіянату краіны. Як максімум, – за ўстаноўлены там жа асабісты рэкорд (33:26.39). Плюс ліпеньскае найлепшае дасягненне на «тройцы» – 9:07.88. Савіна максімальных хуткасцяў па зразумелых прычынах не паказала, але пры гэтым выйграла зімовую «траячку» ў памяшканні, «дзясятку» на чэмпіянаце краіны ў жніўні (на «пяцёрцы» там была бронза), плюс кросавы Кубак Беларусі. І, мяркуючы па ўсім, будзе галоўнай прэтэндэнткай на перамогу і на хуткім чэмпіянаце краіны па кросе. Улічваючы, што кар'ера Савінай блізкая да свайго росквіту, у найбліжэйшы час менавіта вакол гэтай дзяўчыны можа сканцэнтравацца ўсё найлепшае на доўгіх дыстанцыях у беларускай атлетыцы.

8 метраў Булахава


Адзнака ў 8 метраў у скачках у даўжыню ў мужчын – гросмайстарскі рубеж. Без скачкоў за гэту рысу разлічваць на сур'ёзныя месцы на міжнародным узроўні не варта. І таму не адзін год усе спаборніцтвы скакуноў у Беларусі мелі выключна мясцовае значэнне. З часоў Канстанціна Барычэўскага ляцець за 8 метраў тут нікому не ўдавалася. Мінулым летам да гэтай адзнакі падабраліся адразу трое. Уладзіслаў Булахаў яе пераадолеў: цяпер яго асабісты рэкорд – 8.10. І гэта, дарэчы, ва ўрэзаным каронавірусным сусветным рэйтынгу сезона аж шостае месца! Арцём Гурын быў вельмі блізкі. На спаборніцтвах на прызы РЦАП ён паляцеў на 7.96, але залічыць той рэзультат не дазволіў вецер, які перавышаў нарматыў. Зрэшты, і афіцыйнае дасягненне Арцёма – 7.89 – дазваляе казаць пра хуткі штурм васьміметровай адзнакі. Ды і рэзультат Мікіты Лапаценка – 7.83 – не так і далёка. Пры гэтым усім гэтым хлопцам – зусім няшмат гадоў. Булахаву – 21, Гурыну – 22, Лапаценка – 25. Для ўсіх траіх наступны сезон можа адкрыць дарогу на якасна новы ўзровень. І калі ўбачыць каго-небудзь з іх на Алімпійскіх гульнях можна пакуль толькі спадзявацца, то вось чэмпіянат Еўропы – цалкам рэальная задача, якую кожны з хлопцаў можа лічыць выканальнай.

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ