Навіны
З ЮБІЛЕЕМ, ЭЛІНА АЛЯКСАНДРАЎНА ЗВЕРАВА!
16 Ноября 2020
307


Сёння, 16 лістапада, свой 60-ы дзень нараджэння святкуе заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, алімпійская чэмпіёнка і двухразовая чэмпіёнка свету ў кіданні дыска Эліна Аляксандраўна Зверава. Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі ад душы віншуе нашу праслаўленую спартсменку са святам!

Эліна Зверава нарадзілася 16 лістапада 1960 года ў расійскім горадзе Тула. З дзяцінства яна спрабавала сябе ў розных відах спорту – фігурнае катанне, веласпорт, плаванне, баскетбол, валейбол. Але таленавіты трэнер Валерый Савельевіч Коваль змог прабудзіць у ёй цікавасць да кідання дыска – той самай дысцыпліне, якая ў будучыні зрабіла яе алімпійскай чэмпіёнкай. Ужо будучы майстрам спорту, Эліна Зверава на зборах у Адлеры пазнаёмілася з Мечыславам Аўсянікам, які запрасіў спартсменку трэніравацца да сябе ў Мінск. У 1986 годзе Эліна Зверава нарадзіла дачку, і сваю далейшую падрыхтоўку да галоўных сусветных стартаў спартсменка працягнула пад кіраўніцтвам свайго мужа – кап'якідальніка Віктара Бочына.


У паслужным спісе Эліны Зверавай срэбра чэмпіянату Еўропы 1994 года ў Хельсінкі, золата чэмпіянату свету 1995 года ў Гётэборгу, бронза Алімпійскіх гульняў 1996 года ў Атланце, срэбра чэмпіянату свету 1997 года ў Афінах, золата Алімпійскіх гульняў 2000 года ў Сіднэі, золата чэмпіянату свету 2001 года у Эдмантане. Яна ўдзельніца пяці Алімпіяд (1988, 1996, 2000, 2004, 2008). Чэмпіёнкай Сіднэя стала ва ўзросце 39 гадоў, а на Алімпійскіх гульнях у Пекіне ва ўзросце 47 гадоў здолела заняць 6-е месца. Перад галоўным стартам чатырохгоддзя ў Лондане ў 2012 годзе завяршыла спартыўную кар'еру і цалкам прысвяціла сябе трэнерскай працы. Яе найлепшы рэзультат – 71.58 – на працягу ўжо 32 гадоў з'яўляецца рэкордам Рэспублікі Беларусь у гэтым відзе лёгкаатлетычнай праграмы.

Эліна Аляксандраўна, прыміце шчырыя віншаванні з гэтай датай! Жадаем Вам моцнага здароўя і даўгалецця, жыццёвых сіл, энергіі і бадзёрасці духу, ажыццяўлення ўсіх жаданняў і цудоўнага настрою. Хай кожны новы дзень прыносіць мноства магчымасцяў, усмешак і натхнення і будзе напоўнены шчасцем, цяплом, пазітывам і дабром! З юбілеем!

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ