Навіны
ТЭКСТАВЫ АНЛАЙН ТУРНІРУ КІДАЛЬНІКАЎ КАП'Я
12 Июня 2020
677


Услед за штурхальнікамі ядра і скакуноў трайным анлайн-турнір праводзяць і кідальнікі кап’я. У сектарах стадыёна «Брэсцкі» і спартыўнага комплексу «Стайкі» – без перабольшання мацнейшыя спартсмены краіны. А мы ў рэжыме анлайн будзем сачыць за іх бітвай.

Кіданне кап’я ў апошнія гады па праву носіць званне аднаго з найбольш паспяховых у беларускай лёгкай атлетыцы відаў, а сёння ў сектарах нашага анлайн-турніру сабраліся найбольш цікавыя кідальнікі. Таццяну Халадовіч прадстаўляць лішні раз не варта – тытулаў у яе хопіць на дваіх (хоць яна не супраць пашырыць спіс), а асабісты рэкорд спартсменкі значыцца на ўзроўні 67.47 метра. Далей з беларускіх спартсменак кап’ё ніхто і ніколі не кідаў. Дарэчы, у гэтым сезоне Таццяна ўжо адпраўляла кап’ё на адзнаку 67.17 метра. Прама зараз гэта першы радок сусветнага рэйтынгу!

Яе сапернікам стане Аляксей Каткавец. Літаральна на днях яму споўнілася 22 гады, але ўзрост не перашкаджае гэтаму спартсмену лічыцца адным з найбольш перспектыўных кідальнікаў Еўропы. Узімку Аляксей ужо абнавіў свій жа рэкорд Беларусі ў катэгорыі U23 – 82.84 метра, і ўжо сёння можа палепшыць гэтыя лічбы.

Вядома, каб ураўнаваць шанцы сапернікаў, Таццяне будзе прадастаўлена фора, якая нівеліруе розніцу паміж асабістымі рэкордамі Халадовіч і Каткаўца – 15 метраў і 67 сантыметраў. Пры гэтым, у адрозненне ад папярэдніх анлайн-спаборніцтваў, на гэты раз абодва прэтэндэнта будуць спаборнічаць твар у твар – у Брэсце.

Нагадаем, што пераможца атрымае вельмі салідны бонус ад партнёра БФЛА – банка «Дабрабыт» – сертыфікат на 500 рублёў!


Другую групу ўдзельнікаў нашага турніру складуць трое маладых кідальнікаў. Аляксандр Казлоўскі выйграў зімовы Кубак Беларусі (асабісты рэкорд – 79.11 метра). Мікалай Клімук цяперашняй зімой кідаў на 75.15, але год таму абнавіў асабістае дасягненне, паказаўшы 75.91. Зможа палепшыць? Нарэшце, Валерый Ізотаў. У гэтым сезоне ў яго ўжо была спроба на 76.65 метра, але на «Дынама» падчас матчавай сустрэчы ён паказаў 78.20, і гэта ўжо вельмі сур'ёзная заяўка. Нагадаем, што пераможца гэтай бітвы атрымае ад банка «Дабрабыт» сертыфікат на 300 рублёў.


Нарэшце, трэцяя група. Дакладней, дуэль. Удзельніцы – Паліна Ласко з Брэста і Карына Буткевіч, якая будзе кідаць у «Стайках». Асабісты рэкорд Ласко – 55.25 метра, у Буткевіч – 52.76 метра. Але ў анлайн-фармаце, як паказаў вопыт папярэдніх спаборніцтваў, усе ранейшыя дасягненні могуць быць цікавыя толькі з пункту гледжання статыстыкі. Гэтыя дзяўчаты будуць спрачацца за сертыфікат на 200 рублёў.


Нагадаем, што відэатрансляцыю турніру можна будзе паглядзець у адпаведным раздзеле сайта – ТУТ. Пачатак – у 18.00. Мы ж паспрабуем распавесці пра найбольш яркіх падзеі ў сектарах. У тым, што нас чакаюць вельмі моцныя спробы, сумненняў няма!

Надвор'е ў абодвух гарадах выдатнае, настрой у хлопцаў на прадстаўленні таксама пазітыўны. Відавочна, што будучы турнір для іх – доўгачаканае свята!


Першую спробу выконвае Паліна Ласко. Добра выканала дзяўчына! 54.42 метра! Вельмі нядрэнна для пачатку – блізка да асабістага рэкорду!

Карына Буткевіч рыхтуецца адказаць. У "Стайках" кідае гэтая дзяўчына. Карына на тры гады маладзейшая за саперніцу, ды і яе асабісты рэкорд пакуль ляжыць бліжэй. Але настроена дзяўчына сурёзна і гатова кінуць выклік сабе.

Ого! 57.86 метра !!! Гэта вельмі крута! Вядома, асабісты рэкорд, але і вынік, больш, чым на 2 метры перавышае асабісты рэкорд Ласко!

Тым часам Валерый Ізотаў 70.73 метра. Будзем лічыць, што гэта была размінка. Мікалай Клімук, на першы погляд, нядрэнна ўклаўся ў кідок, але ў выніку толькі 70.04 метра. Пакуль сціпла пачынае гэта група.

Аляксандр Казлоўскі ў першай спробе здзейсніў заступ – сарвалася спроба ў спартсмена. Лідарам тут пасля першай спробы застаецца Валерый Ізотаў.

А ў сектар тым часам выходзіць Аляксей Каткавец.

78.69 метраў у Каткаўца. Для першага выхаду ў сектар – нядрэнна. Хоць, відавочна, што Аляксей здольны на куды больш сур'ёзныя вынікі.

І, нарэшце, Таццяна Халадовіч на разбегу. Не самая залімітавая спроба ў яе выкананні, але выніку 63.80 хапае для таго, каб, з улікам форы, захапіць лідарства ў спрэчцы з Аляксеем Каткаўцом.


Другая спроба і ў сектары Паліна Ласко. 50.36 метра. Пакуль не змагла дзяўчына ні палепшыць свой вынік, ні перакінуць фантастычную спробу 18-гадовай Карыны Буткевіч. Зрэшты, Карына сарвала спробу і заступае за лінію, каб суддзі не праводзілі замер.


Другая група і Валерый Ізотаў
у сектары. Першая спроба ў спартсмена выдалася не самай далёкай, але ў другім выхадзе ў сектар Валерый паляпшае вынік – 73.69 метра. 

Мікалай Клімук укладаецца ў рух, імкнецца дацягнуцца да асабістага рэкорду (75.15), але пакуль толькі 72.21. Лепш, чым было ў першым выхадзе ў сектар, але па-ранейшаму сціпла. Зрэшты, нагадаем, гэта першы старт сезона, анлайн-фармат і тое, што хлопец паляпшае свае вынікі (хай і не дадае 5 метраў да асабістага рэкорду, як Карына Буткевіч) – добры знак!

Другі заступ у Аляксандра Казлоўскага. Трывожны знак. 

Аляксей Каткавец выконвае другую спробу. Спакойна і выразна выконвае рух спартсмен і прыкметна паляпшае свой вынік! За 80 метраў ляціць
кап’ё – 81.12 метра. Сур'ёзны выклік для Таццяны Халадовіч. Каб вярнуць лідарства, дзяўчыне давядзецца кідаць за 65 метраў.

Нажаль, пакуль толькі 61.25 метра. Вызначана, для Таццяны гэта не самы выбітны вынік. Два месяцы таму яна выдала ўражальную серыю падчас Кубка Беларусі, ушчыльную наблізіўшыся да нацыянальнага рэкорду!

Трэцяя спроба. У сектары Паліна Л
аско, але, здаецца, выступленне саперніцы адбілася на ўпэўненасці дзяўчыны. 51.05 метра. Складана сабрацца Паліне, але гэта сур'ёзны выклік для яе! Тым часам Карына Буткевіч у сектары. Планку яна перамясціла на залімітавы ўзровень і цяпер, па сутнасці, спаборнічае сама з сабой. 50.25. Нават не верыцца, што зусім нядаўна яна адправіла кап’ё за 57 метраў, але гэта было. І цяпер гэта стане свайго роду арыенцірам для дзяўчыны. Наблізіцца – гэта будзе проста фантастычным выступленнем.


Валерый Ізотаў
у сектары. Нажаль, 72.19 метра. Заступ у Мікалая Клімука, але цяпер цікава, ці зможа паказаць выніковую спробу Аляксандр Казлоўскі. На афіцыйных спаборніцтвах тры "крыжа" на старце адправілі б спартсмена на трыбуны.

Лінію ў сектары Казлоўскі не пераступіў, але кап’ё паляцела за межы сектара. Тры "крыжа" ў спартсмена, але ён працягвае выступленне ў нашым турніры. Хоць, трэба меркаваць, яму будзе пра што падумаць.

 

Аляксей Каткавец наступае на лінію. Недалёка адляцела кап'ё – у раён 75 метраў. Для Каткаўца гэта не вынік. 

Таццяна Халадовіч у сектары. 63.48 метра. Пакуль не можа спартсменка паказаць вынік, які задаволіў бы і яе, і яе прыхільнікаў. Як ні круці, але нават на старце сезона чакаюць ад Тані міжнароднага ўзроўню спробаў.

Палова турніру ззаду, і чацвёртую спробу будуць выконваць хлопцы і дзяўчаты. 



Паліна Л
аско паказвае 52.97. Набліжаецца да свайго лепшага выніку цяперашняга турніру спартсменка, але адабраць лідарства ў Карыны Буткевіч ёй будзе няпроста. Буткевіч, дарэчы, наступае на лінію – не лепшая спроба ў выкананні дзяўчыны.

Тым часам, Аляксандр Казлоўскі нарэшце паказвае выніковую спробу! Але гэта ўсяго 68.57 метра. Вельмі сціпла для спартсмена такога ўзроўню. Але, па меншай меры, у яго ёсць заліковая спроба. 


Заступ у Мікалая Клімука. Валерый Ізотаў спрабуе адправіць кап’ё на належныя для яго адлегласці. Нажаль, бліжэй 70 метраў прызямляецца кап’ё, і спартсмен наступае на лінію. Не складваецца ў хлопцаў у другой групе – лепшы вынік у хлопцаў пакуль толькі 73.69 метра.

У Таццяны Халадовіч, зрэшты, пакуль таксама 61.91 метра. Хацела заступіць спартсменка, але вырашыла ўсё ж залічыць спробу. А Аляксей Каткавец вылятае за межы сектара. Нажаль, не залік.

Пятая спроба ў выкананні ўдзельнікаў. 

Паліна Ласко выходзіць у сектар, але вяртаецца ні з чым. Заступ, ды і спроба была не вельмі далёкай.

Зрэшты, Карына Буткевіч да сваёй лепшай спробы пакуль таксама наблізіцца не можа – 50.81 метра. Здаецца, добра трапіла ў вецер спартсменка ў першым выхадзе ў сектар, але гэта нічуць не прымяншае значнасці яе дасягнення. 


Аляксандр Казлоўскі выконвае спробу. І зноў "крыж". Не трапляе ў сектар спартсмен, і толькі адна спроба застаецца ў яго, каб умяшацца ў спрэчку за перамогу. Мікалай Клімук таксама незадаволены выкананнем спробы і да
кранаецца нагой лініі. Дзесьці ў раён 65 метраў ляціць кап’ё.

Лідар у гэтай групе – Валерый Ізотаў – выконвае спробу. І таксама наступае на лінію. Ніяк не атрымліваецца ў хлопцаў паказаць добрыя метры. Усё ляціць бліжэй 70.


Таццяна Халадовіч незадаволеная сваёй спробай. І ёсць ад чаго.
Нават да 63 метраў не далятае кап’ё – 62.54 метра. Пры гэтым, каб апярэдзіць Аляксея Каткаўца ёй па-ранейшаму трэба кідаць за 65 метраў. 79.78 метраў паказвае Каткавец у пятай спробе. 


Заключную серыю выконваюць
удзельнікі. Паліна Ласко ў сектары, але вырашыла не фіксаваць вынік. Перамога ў гэтай дуэлі дастаецца Карыне Буткевіч і зараз у рангу пераможцы будзе выконваць заключную спробу. І, дарэчы, дзяўчыне атрымоўваецца на развітанне пляснуць дзвярыма. 52,70 метра. Не найлепшы яе вынік сёння, але яшчэ нядаўна гэта быў бы вельмі блізкі да асабістага рэкорду спартсменкі. Цяпер, праўда, у яе ўжо іншы арыенцір. Віншуем Карыну з эфектным пачаткам сезону!


Аляксандр Казлоўскі на развітанне таксама пастараўся ўкласціся ў рух, але ў выніку спартсмен не ўтрымаўся ў сектары. Нажаль, няўдалым апынуўся для Казлоўскага гэты турнір. Відаць, што расчараваны Аляксандр...


А вось Мікалаю Клімуку на развітанне атрымоўваецца вельмі нядрэнная спроба, але 72,19. Сціплыя вынікі ў гэтай групе, але, магчыма, Валерыю Ізотаву ўжо ў рангу пераможца ўдасца палепшыць лічбы ў пратаколе?

Віншуе Валерыя Ізотава з перамогай, але ледзь ці лепшы вынік 73.69 метра (заключную спробу – дзесьці ў раёне 66 метраў – спартсмен вырашыў не фіксаваць) у поўнай меры яго задавальняе.


Таццяна Халадовіч завяршае выступ
ленні. Разводзіць рукамі спартсменка – бліжэй за 60 метраў ляціць кап’ё (59.52 метра). Аляксей Каткавец становіцца пераможцам дуэлі і завяршае спаборніцтвы, выконваючы заключную спробу. 79.39 метра. Не мяжа, але Аляксей у любым выпадку можа быць задаволены дэбютам у сезоне. Як, зрэшты, і Таццяна Халадовіч. Наўрад ці на старце сезона ад яе варта было б чакаць максімальных вынікаў. Можна не сумнявацца, што ўсе ўдзельнікі спаборніцтваў гэтым летам змогуць не аднойчы абнавіць дасягненні!

Карына Буткевіч:


- Перш за ўсё, я хачу папрасіць прабачэння за тое, што такая далёкая спроба была толькі адна. Як ёсць – так ёсць, апраўдвацца не стану. Пасля яе было цяжкавата выходзіць у сектар, таму што эмацыянальна адразу "падрубіла". Сама не чакала такіх метраў, хоць на трэніроўках я ўжо паказвала добрыя вынікі. Хтосьці верыў у мяне, хтосьці – не. Вялікі дзякуй трэнеру і бацькам! На самой справе, як і ўсе, ужо вельмі засумавала па спаборніцкай атмасферы. Вельмі чакаю магчымасць выйсці ў сектар ўжо на класічных стартах і буду старацца там перапісваць ужо афіцыйныя асабістыя рэкорды!

Валерый Ізотаў:


- Сённяшнім вынікам я застаўся не асоба задаволены, таму што заўсёды хочацца кідаць далей. Тым больш, што ёсць куды рыхтавацца і за што чапляцца. На гэты старт ніякіх канкрэтных метраў не загадываў – гэта, на мой погляд, бессэнсоўна. Але настройваўся на больш далёкі вынік. Жаданне было, але даводзілася кідаць супраць ветру і трохі "падвязваць" ногі ў гэтым сектары. Вядома ж, рыхтуюся да выступлення на чэмпіянаце Беларусі, хачу даць бой Лёшы і выйграць Бафіка (смяецца). Гэта цікавы і прыгожы талісман!

Аляксей Каткавец:


- Сёння мне перашкаджаў толькі вецер, ён быў парывамі, а гэта горш, чым калі б ён дзьмуў раўнамерна. З трэнерам сённяшні вынік мы яшчэ не абмяркоўвалі, але я думаю, што ён задаволены, таму што 81 метр – гэта цалкам добра. У прынцыпе, я быў гатовы на гэтыя метры, можна было кідаць і далей. На трэніроўках, бывае, кап’ё ляціць лепш. Галоўным стартам у сезоне будзе, напэўна, наш чэмпіянат краіны, і я думаю, што ідэя арганізаваць яго ў нацыянальнай стылістыцы – гэта выдатна! Калі з цяперашнімі абставінамі і эпідэміялагічным становішчам людзі змогуць прыйсці і пахварэць за нас, будзе крута. Калі нехта нас глядзіць па тэлевізары, то гэта таксама добра, таму што людзі цікавяцца лёгкай атлетыкай. Звычайна ў сектары я стараюся сканцэнтравацца толькі на сваёй працы, але калі на трыбуне ёсць гледачы, якія бачаць наша выступленне ўжывую, то гэта выдатна, гэта зараджае! 

Мы ж развітваемся з Вамі і чакаем выхаду спартсменаў у сектары ўжо ў звыклым афіцыйным фармаце!

 

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ