Новости
Марына Арзамасава: У спорту не жаночае аблічча
17 Января 2016
1457

Пасля бліскучага фінішу на чэмпіянаце свету ў Пекіне на дыстанцыі 800 метраў Марына Арзамасава даказала, што яна не толькі еўрапейская, але і сусветная лёгкаатлетычная зорка. Для кагосьці гэтая перамога выглядала як сенсацыя, але для Марыны гэта заканамерны вынік карпатлівай шматгадовай працы. У спартыўным асяроддзі яна вядомая яшчэ як адна з самых экстравагантных і стыльных спартовак. Мы завіталі ў госці да Марыны ў яе новую кватэру, дзе яна падзялілася з намі сакрэтамі жаночай прывабнасці, прадэманстравала ўлюбёныя рэчы са свайго гардэробу і распавяла пра падрыхтоўку да галоўнага старту чатырохгоддзя — Алімпіяды ў Рыа.

“На спаборніцтвах ты павінная забыць пра сваю жаночую сутнасць”

Напярэдадні чэмпіянату свету я вычытала дзесьці ў інтэрнэце цікавы выраз: “Не забывай, што ў першую чаргу ты — мужчына, а толькі потым — слабая і безабаронная дзяўчына”. І гэта цалкам пра нас, спартовак. На спаборніцтвах ты павінная забыць пра сваю жаночую сутнасць. Каб перамагаць, трэба мець мужчынскі байцоўскі характар і пастаянна дабівацца ад сябе “нежаночых” эмоцый. Таму, перафразаваўшы нашу нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч, у спорту не жаночы твар.

Зразумела, разумны баланс таксама мусіць быць. Гэта часам складана, але нельга забываць пра сваю жаночую сутнасць і рабіцца гром-бабай. Асабіста я ў пазаспартовым жыцці імкнуся рабіць тое, што ўласціва толькі жанчынам: радую сябе прыгожай вопраткай, прычоскай, манікюрамі-педыкюрамі, нават жаночыя серыялы часам гляджу. Гэта здорава падымае настрой і дапамагае дасягнуць душэўнай раўнавагі. Нездарма ў самы складаны для нас перыяд — перад важным стартам — большасць лёгкаатлетак робіць прычоску, макіяж. Гэты своеасаблівы рытуал дапамагае нам супакоіць унутраны мандраж, настроіцца на старт і выйсці на бегавую дарожку прыгажунямі. Усё ж такі жанчыну жанчынай робіць жаноцкасць і хатнія абавязкі. Калі ёсць час, абавязкова нешта гатую для мужа і дачкі, прыбіраюся. Напрыклад, я не дазваляю свайму мужу мыць падлогу — не мужчынская гэта справа!

https://i2.wp.com/budzma.by/wp-content/gallery/arzamasova/Tarantino.by-2015-FG-Arzomasova-0333.jpg?w=474

“Ніколі не аддам за сумку 2 тысячы даляраў”

Я прытрымліваюся розных стыляў. У мяне няма б’юці-ікон. Мне вельмі падабаецца даглядаць сябе і быць у авангардзе модных трэндаў. Але пры гэтым я імкнуся быць непаўторнай і запамінальнай. У мяне ўжо склаліся пэўныя ўяўленні пра тое, што мне падабаецца і пасуе, а што — не. З фаварытаў — стыль кэжуал. А яшчэ вельмі люблю элегантныя сукенкі яркіх адценняў, рваныя джынсы, кеды, майкі. Кватэру ўжо распірае ад маёй вопраткі!

Я вельмі заняты чалавек. Часу катастрафічна не хапае. У асноўным я папаўняю свой гардэроб за мяжой, бо там больш модных навінак, ды і цэны значна ніжэйшыя. Вельмі мне даспадобы брэнд Guess. У іх такія прыгожыя сумкі, капелюшы, шалікі, кеды! А на дызайнерскія рэчы я толькі любуюся, бо яны вельмі шмат каштуюць. Пры ўсёй маёй любові да іх, я адэкватна гляджу на рэчы. Грошы мне даюцца ой як нялёгка! Колькі намаганняў трэба прыкласці, каб іх зарабіць… Можа, калі б я жыла за чыйсьці кошт і не працавала, то без турбот магла б заплаціць за сумку ад Шанэль ці Дольчэ Габана 2 тысячы даляраў. А так трэба думаць пра сям’ю і заўтрашні дзень. Гэты год наогул быў прысвечаны нашай новай кватэры, у якой мы рабілі рамонт, набывалі мэблю. На абнаўленне гардэробу не было ні часу, ні грошай, таму куплялі толькі самае неабходнае.

https://i2.wp.com/budzma.by/wp-content/gallery/arzamasova/Tarantino.by-2015-FG-Arzomasova-0354.jpg?w=474

“Ніколі не трэба сябе запускаць”

Жанчына ніколі не павінная сябе запускаць і заўсёды дбаць пра сваю прыгажосць, якія б цяжкасці ні здараліся ў жыцці. Калі ты добра выглядаеш, то і адчуваеш сябе больш упэўнена, а настрой проста цудоўны! І людзі адпаведна да цябе ставяцца. У чалавека на ўзроўні інстынктаў закладзеная прага да прыгажосці і гармоніі. Мой касметычны мастхэв — гэта розныя хайлайтары, танальныя крэмы і базы пад макіяж, бляскі і памады, асабліва чырвоныя. Я аддаю перавагу маркам MAC і Loreal. Вельмі ўважліва падыходжу і да выбару парфумы.

Але мужчын у жанчыне перш-наперш прываблівае бляск шчасця і дабрыні ў вачах. Трэба думаць пазітыўна і абавязкова рабіць добрыя ўчынкі. Гэта рэальна працуе. Не трэба пачынаць з нечага глабальнага, проста кожны дзень гаварыце сустрэтым людзям больш цёплых і добрых словаў. Дабрыня выяўляецца ў дробным: ветлівая ўсмешка, камплімент, пакармі зімовым днём птушак, дапамажы беспрытульнаму сабачку ці кату знайсці старых ці новых гаспадароў, папрацуй хаця б адзін дзень валанцёрам у хоспісе ці бальніцы… Адзін невялічкі добры ўчынак можа змяніць сусвет і прынесці ў яго дабрыню! Гэтаму я вучу і сваю маленькую дачушку Аляксандру. Яна ў мяне расце сапраўднай модніцай і мае досыць упарты характар. У яе свае ўражанні пра прыгажосць і стыль, і часам мы доўга спрачаемся, якую сукенку і пад якія чаравічкі трэба надзець для дзіцячага садка. Дзяўчынка — будучая жанчына, таму павінная з дзяцінства расці ў прыгажосці. Але ў выхаванні Сашы мы з мужам вялікую ўвагу надаём духоўным каштоўнасцям, каб усё было гарманічна.

https://i2.wp.com/budzma.by/wp-content/gallery/arzamasova/Tarantino.by-2015-FG-Arzomasova-0513.jpg?w=474

“У Бразіліі мяне б зразумелі”

Мы, спартоўцы, больш увагі надаём свайму целу, таму нядзіўна, што часта ўпрыгожваем яго татуіроўкамі. І я — не выключэнне. У мяне іх шэсць. Першую зрабіла ў 17. Тады мне жудасна гэтага хацелася, і было без розніцы, які малюнак набіць. Потым ужо падыходзіла да гэтай справы з розумам. Не думаю, што спынюся: абавязкова зраблю яшчэ. За мяжой татуіроўкі даўно сталі нечым звычайным, і толькі ў нас да іх яшчэ ставяцца з асцярогай. Памятаю, у свой першы візіт у Бразілію мяне вельмі здзівіла вялікая колькасць тату на целах мясцовых жыхароў. Там вельмі цёпла, людзі шмат часу праводзяць на пляжах, таму і любяць упрыгожваць сваё цела, каб нечым вылучацца. Я тады пажартавала: “Я мару тут жыць, бо мяне з маёй прагай да тату тут добра зразумеюць”.

https://i0.wp.com/budzma.by/wp-content/gallery/arzamasova/Tarantino.by-2015-FG-Arzomasova-0775.jpg?w=474

“Беларусаў вызначае цяга да прыгажосці”

Як і ўсе дзяўчынкі, у дзяцінстве я вельмі любіла палазіць па мамінай касметычцы. У 90-я гады галоўным мастхэвам для жанчын былі вялікія наборы касметыкі, якія раскладваліся на некалькі ярусаў. Там было ўсё! У маёй маці іх было некалькі. Штосьці захавалася нават да сённяшняга часу. Бабуля хацела мне іх аддаць, каб я карысталася. Смешна, там даўно скончыўся тэрмін прыдатнасці. Можна было б выкінуць, але гэтыя касметычныя наборы для мяне каштоўныя як напамін пра маці.

Асэнсавана я пачала карыстацца касметыкай у падлеткавым узросце падчас жыцця ў Калінінградзе, куды пераехала пасля трагічнай гібелі матулі — вядомай савецкай бягунні Равілі Аглятдзінавай. Там мяне выхоўвалі яе сябры — трэнеры. Яны забаранялі мне карыстацца не толькі касметыкай, але нават парфумай. Маўляў, добрым дзяўчынкам гэта не пасуе. І я ўсё рабіла ўпотайкі. А калі ў 11 класе вярнулася да бабулі ў Мінск, ужо яна спрабавала мяне “выхоўваць”. Але дапамагала мала, бо я проста ашалела ад таго, што нарэшце дарвалася да касметыкі! Адразу пафарбавала валасы ў нейкі незразумелы яркі колер. Як, пэўна, ва ўсіх, першыя мае б’юці-эксперыменты былі досыць смешныя.

У мяне нетыповая знешнасць: усё дзякуючы маці-татарцы і бацьку-ўкраінцу. Па шчырасці, у дзяцінстве я праз гэта пакутавала, бо дзеці часам бываюць вельмі жорсткімі і кажуць розныя дрэнныя словы… Толькі пасталеўшы, я зразумела, што мая знешнасць — гэта разынка, якая надае індывідуальнасць і шарм.

Я лічу сябе беларускай, гэта мая краіна. Тут жывуць мае самыя блізкія людзі, тут пахаваная мая матуля. Беларусы — вельмі добрыя, гасцінныя і працалюбівыя людзі. Калі б у мяне спыталі: “У чым адметнасць беларусаў, як нацыі?”, я б адказала — у празе да прыгажосці. Прыгожых рэчаў, мясцін. Дастаткова паглядзець на помнікі архітэктуры і мастацтва, якія стварылі продкі беларусаў, на чысціню, што пануе на вуліцах гарадоў сёння, на прыгожа і стыльна апранутых людзей, якія шпацыруюць па іх, каб зразумець гэта.

https://i1.wp.com/budzma.by/wp-content/gallery/arzamasova/Tarantino.by-2015-FG-Arzomasova-0491.jpg?w=474

Караткевіч — the best

Беларускую мову я вывучала толькі да 6 класа, пакуль не пераехала ў Калінінград. Калі зноў вярнулася ў Мінск і пайшла ў выпускны клас, мяне, зразумела, вызвалілі ад здачы экзаменаў па беларускай мове. Я не забыла яе, усё разумела, але з граматыкай былі сур’ёзныя праблемы, якія я не змагла б за год ліквідаваць. А вось літаратуру, геаграфію і гісторыю краіны я без праблем вывучала на беларускай мове. З тых часоў у мяне засталася любоў да творчасці Уладзіміра Караткевіча. “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі” дагэтуль не магу забыць. Я шмат чытаю, бо вельмі люблю гэтую справу. Нядаўна ўпершыню ў гісторыі Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымала наша суайчынніца Святлана Алексіевіч. Гэта вялікі гонар, таму хачу знайсці час і абавязкова бліжэй пазнаёміцца з яе творчасцю. Асабліва мяне цікавіць кніга “У вайны не жаночы твар”. Тэма жанчын на вайне і іх змагання з абставінамі — цяжкая і трагічная, але яна сугучная мне.

https://i1.wp.com/budzma.by/wp-content/gallery/arzamasova/Tarantino.by-2015-FG-Arzomasova-0118.jpg?w=474

“У спорце ўсё ў найлепшых традыцыях Галівуду: пасля пройгрышу цябе хутка забываюць”

Да Алімпіяды ў Рыа яшчэ шмат часу. Асноўны этап падрыхтоўкі пачнецца дзесьці ў сакавіку. А пакуль у нас з маім цудоўным трэнерам Наталляй Духновай базавы перыяд, калі мы выконваем чарнавую працу. Так бы мовіць, прамацваем глебу. Безумоўна, я настроеная рашуча, але пакуль шмат не думаю пра Алімпіяду, каб не загнаць сябе эмацыйна. Перамога на чэмпіянаце свету мяне вельмі ўзрушыла і дала новы імпульс для далейшай працы. Але ўнутры я зусім не змянілася: спадзяюся, такая ж сціплая, як і была да гэтага. А вось людзі на мяне рэагуюць крыху па-іншаму, асабліва спартоўцы. І мяне гэта крыху бянтэжыць: “Во-во, паглядзі — чэмпіёнка свету пайшла!”, “О, я з ёю гарбату побач піў!”. На што я не вытрымала і сказала: “Людзі, хопіць ужо, супакойцеся!” А на вуліцах мяне і цяпер рэдка пазнаюць…

Да перамог і паразаў я адношуся па-філасофску, бо добра ведаю, што ў спорце ўсё ў найлепшых традыцыях Галівуду: пасля пройгрышу цябе хутка забываюць.

 

 Ліна Мілаш

Фота Аляксандра Ждановіча

Больше фото на budzma.by

 

Только зарегистрированные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.
КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ