14 лістапада ў Мінску пройдзе чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па марафоне і ультрамарафоне. Старт і фініш забегу адбудзецца каля Палаца спорту, а сама траса пройдзе па пешаходнай частцы веладарожкі. Рады паведаміць вам, што атрымана ўзгадненне Мінгарвыканкама на правядзенне дадзенага спартыўнага мерапрыемства.
Бег – гэта лад жыцця, які аб'яднаў мільёны людзей па ўсім свеце. Нягледзячы на тое, што некаторыя беларускія масавыя старты ў гэтым годзе апынуліся адмененыя, нам ёсць, што ўспомніць!
Ужо ў наступную суботу, 31 кастрычніка, Каробчыцы зноў прымуць чэмпіянат і першынство Беларусі па лёгкаатлетычным кросе на прызы "Народной газеты". У рамках спаборніцтваў, як і ў мінулым годзе, адбудзецца забег на 1.5км, прысвечаны памяці гродзенскіх трэнераў Уладзіміра і Іваны Храмавых.
Нядзельнай раніцай 11 верасня ў Гродне адбыўся традыцыйны лёгкаатлетычны шашэйны забег "Гарадзенская Вандроўка", які ў гэтым годзе поўнасцю змяніў маршрут. Удзельнікам трэба было пераадолець 5км ці ж дыстанцыю ўдвая даўжэйшую. Траса пралягла ад базы адпачынку "Прывал" да вёскі Навумавічы і назад.
Пераносы і адмены разнастайных мерапрыемстваў у бягучым годзе, на жаль, ужо звыклая рэч. З жалем паведамляем усім прыхільнікам бегу, што запланаваны на 25 кастрычніка Экалагічны марафон, які традыцыйна праходзіць па маляўнічых месцах Гомельшчыны, не станецца і будзе праведзены ўжо ў наступным годзе.
Калі разважаць, на што багаты 2020 год, дык гэта на пераносы бегавых мерапрыемстваў. Аднак забегі ад гэтага становяцца толькі больш доўгачаканымі. У нядзелю, 4 кастрычніка, у гістарычным Нясвіжы прама каля брамы замка ў палацава-паркавым комплексе стартаваў чарговы бегавы фэст. Само месца правядзення, зараджанае шматвяковай гісторыяй, стварыла непаўторную атмасферу свята. Узнікненне ў Нясвіжы мураванага замка звязана з дзейнасцю Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі. Ён вырашыў, што княжая рэзідэнцыя павінна быць магутнай крэпасцю, адпавядаць сучасным патрабаванням фартыфікацыі і наглядна дэманстраваць веліч радзівілаўскага роду. Таму замест таго, каб перабудоўваць стары драўляны замак, князь пачаў будаваць новы на паўвостраве, створаным двума штучнымі азёрамі на р. Уша. Работы пачаліся ў 1582-1583гг. і, у асноўным, былі скончаны да 1600г. Пабудаваны замак стаў адной з найлепшых крэпасцяў Вялікага Княства Літоўскага.
Трэйлавы забег у Капылі – гэта чацвёрты заключны этап Суперсерыі прыгодніцкіх забегаў, які прайшоў на незвычайнай трасе капыльскага ландшафту. Гэтая асаблівасць і дала назву спаборніцтваў "Капыльскія пагоркі". Забегі ў Капылі праводзяцца вось ужо больш за 20 гадоў. Прыгожыя пейзажы гэтага горада нікога не пакінуць раўнадушнымі, таму ў 2016 годзе ўпершыню быў праведзены новы від спаборніцкага забегу: бег па бездаражы, які вельмі папулярны ва ўсім свеце.
12 верасня ўжо ў 5-ы раз «Каробчыцкі Алімп» сабраў лёгкаатлетаў на самую незвычайную дыстанцыю бегавой лігі рэгіёну. «Начная дзясятка» прайшла пры падтрымцы абласной федэрацыі лёгкай атлетыкі і кіравання спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама. З году ў год такі фармат спаборніцтваў набірае папулярнасць. А пра тое, як гэта было, прапануем вам даведацца ў артыкуле газеты "Гродзенская праўда".
На жаль, 2020 год стаў пераломным не толькі для прафесійнага спорту, але і для ўсіх аматараў бегу і здаровага ладу жыцця. Мноства міжнародных і ўнутраных стартаў былі перанесены і адменены з прычыны распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі. Мінскі паўмарафон, які на прасторах беларускай сталіцы аб'ядноўвае тысячы аднадумцаў, перанесены на 2021 год, бо здароўе і бяспека ўдзельнікаў забегу – асноўная задача для арганізатараў самай масавай бегавой падзеі краіны. Тым не менш, многія спартыўныя мерапрыемствы плануюцца, а падрыхтоўка ўдзельнікаў не спыняецца. Сёння, у дзень, калі павінен быў стартаваць шосты Мінскі паўмарафон, Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі сабрала бегуноў пад скляпеннямі стадыёна "Дынама" ў рамках майстар-класа, які правёў старшы трэнер нацыянальнай каманды па вынослівасці Андрэй Гардзееў, а таксама адкрытай трэніроўкі пад кіраўніцтвам сярэбраных прызёраў чэмпіянату Еўропы па кросе. Пра тое, як гэта было, чытайце ў нашым артыкуле.