Навіны
БРЭСТ ЗНОЎ У ЛІДАРАХ. ПАДВОДЗІМ ВЫНІКІ КАМАНДНАЙ БАРАЦЬБЫ НА ПЕРШЫНСТВЕ БЕЛАРУСІ СЯРОД ЮНАКОЎ І ДЗЯЎЧАТ 2005-2006ГГ.Н.
04 Июля 2020
375


Камандная барацьба паміж зборнымі абласцей і сталіцы з'яўляецца неад'емнай часткай кожнага рэспубліканскага старту. І рэзерв, і дарослыя спартсмены з апошніх сіл змагаюцца не толькі за свае асабістыя пазіцыі ў выніковых пратаколах, але і за рэгіён, прадстаўнікамі якога яны з'яўляюцца. Першынство Беларусі сярод юнакоў і дзяўчат малодшай узроставай групы выключэннем не стала, а мы па традыцыі хочам падвесці вынікі выступлення каманд.

У першую чаргу, знаёмім вас з тым, як размясціліся вобласці ў выніковым пратаколе:

1 месца. Брэсцкая вобласць – 255 ачкоў

2 месца. Гродзенская вобласць – 244 ачкі

3 месца. Віцебская вобласць – 220 ачкоў

4 месца. Гомельская вобласць – 209 ачкоў

5 месца. Горад Мінск – 190 ачкоў

6 месца. Магілёўская вобласць – 184 ачкі

7 месца. Мінская вобласць – 136 ачкоў


Камандны кубак паехаў у Брэсцкую вобласць. Уласна кажучы, там ён прапісаўся з 2015 года, і з тых часоў забраць у паўднёва-заходняга рэгіёну лідарства на першынствах краіны дадзенай узроставай групы не атрымоўваецца нікому. Прадстаўнікам Брэстчыны ў гэты раз не было роўных і па суме ачкоў – 255, і па колькасці залікаў – 50 (36 з іх пайшлі ў актыў каманднай барацьбы). Па дзве перамогі на гэтым старце адсвяткавалі хадакі Алеся Савонеўская і Яўген Каляда і скакуха ў даўжыню і трайным Ганна Зданевіч. На вышэйшыя прыступкі п'едэстала падняліся Максім Піваварчык у бегу на 110м з бар'ерамі, Карына Салаўёва на дыстанцыі 200м, Надзея Пястрак у штурханні ядра. Па дзве асабістыя ўзнагароды для зборнай прынеслі Лізавета Бойка (другія месцы ў штурханні ядра і кіданні дыска) і Уладзіслаў Дзенісюк (другія месцы на дыстанцыі 100м і 200м). Эстафетныя зборныя юнакоў і дзяўчат заваявалі бронзавыя ўзнагароды, а яшчэ шэраг спартсменаў увайшлі ў лік прызёраў першынства краіны.


Гродзенская вобласць, як і ў мінулым годзе, завяршыла спаборніцтвы на другім месцы, пацвердзіўшы тое, што не першы год па праве знаходзіцца на лідзіруючых пазіцыях у краіне. У барацьбе за камандны кубак гаспадары спаборніцтваў брэстаўчанам у выніку саступілі 11 ачкоў, набраўшы ў сваю скарбонку 244 балы. Найбольшы ўклад у сярэбраную пазіцыю свайго рэгіёну ўклалі трохкратныя чэмпіёны гэтых спаборніцтваў Дзмітрый Новік (400м, 800м, эстафета) і Яраслаў Заянчкоўскі (2000М з/п, 300м з/б, эстафета). Два золата заваяваў Роберт Эйсмант, які стаў лепшым у трайным скачку і скачку ў даўжыню. Пераможцамі першынства сталі бягуння на 400м Валерыя Адамовіч, кідальнікі дыска Аляксей Чупянкоў і Мілана Калеснік, кап’якідальніца Надзея Лаўнікевіч, малатабойка Аліна Чулада, скакуха ў вышыню Лізавета Валуева, шаставічка Валерыя Кодзь і мнагаборац Павел Кушняровіч.


Паўтарыўшы леташнюю тройку прызёраў, на трэцюю прыступку каманднага п'едэстала паднялася зборная Віцебскай вобласці. Зрэшты, менавіта на гэтай пазіцыі дадзены рэгіён завяршае выступленне на першынстве юнакоў малодшай узроставай групы ўжо чацвёрты год запар. У гэты раз у іх актыве апынулася 220 ачкоў. Вялікі ўклад традыцыйна ўнеслі мнагаборцы, якія прыняслі сваёй зборнай увогуле 34 ачкі, пры тым што нікому з іх у гэты раз на п'едэстал гонару прабіцца не ўдалося. Па два золата (і адпаведна па 16 ачкоў) здабылі прадстаўнікі групы вынослівасці Святлана Кезік і Анатоль Букавец, якія выйгралі забегі на 1500м і 3000м. Лізавета Кобелева стала пераможцай у бегу на 100 м з бар'ерамі і бронзавым прызёрам на 200м, а Мацвей Краснавус стаў трэцім у кароткім бар'ерным бегу і другім – у доўгім. Віялета Юхневіч прынесла камандзе два трэція месцы ў скачку ў вышыню і трайным скачку, Аляксей Літвінаў і Ягор Машкоўскі пацвердзілі выдатныя традыцыі рэгіёну ў кіданні молата, а Мікіта Беразоўскі атрымаў перамогу ў сектары для скачка ў вышыню.


Гомельская вобласць у гэты раз аказалася чацвёртай. На аналагічным зімовым першынстве ў гэтым годзе зборная стала сярэбранымі прызёрамі і толькі трохі саступіла ў барацьбе за перамогу Брэстчыне, але летам рэгіёну паўтарыць поспех не ўдалося. Праблем з рэзервам у Гомельшчыны ўжо сапраўды няма – па-першае, гэта даказаў фінал праекта "300 талентаў для Каралевы", па-другое, дадзеная вобласць ужо не першы год аказваецца ў ліку мацнейшых на юнацкіх стартах, па-трэцяе, ГАЦАР па лёгкай атлетыцы традыцыйна прызнаецца адной з лепшых спартыўных школ па выніках года. На мінулым першынстве ў камандны залік зборнай Гомельскай вобласці не пайшлі ачкі ні ў мужчынскім, ні ў жаночым гладкім спрынце. Аналагічная сітуацыя на дзвюх дыстанцыях у спартыўнай хадзе і кіданні молата. Зрэшты, рабіць высновы па выніках сезона 2020 года відавочна не варта, да таго ж для юных атлетаў Гомельшчыны гэты старт быў першым і адзіным у сезоне.


Каманда горада Мінска год таму пазалеташні сёмы радок змяніла на шосты, а ў гэтым паднялася яшчэ вышэй, завяршыўшы барацьбу на пятым месцы. Парадавала пры гэтым прыкметнае скарачэнне адставання ў ачках, пры тым, што ў залікі сталіца трапляла радзей іншых рэгіёнаў – толькі 38 разоў (амаль усе – 36 – пайшлі ў скарбонку каманднай барацьбы). Усяго на першынстве рэгіён набраў 190 ачкоў. Так, ёсць у гэтым уклад і выхаванцаў РГВАР і Акадэміі лёгкай атлетыкі, якія даўно трэніруюцца ў сталіцы і даюць паралельны залік з іншымі рэгіёнамі, але такая магчымасць замацавана юрыдычна. Але нельга не адзначыць і вельмі дастойныя выступленні карэнных мінчан: у асабістых відах двойчы стаў чэмпіёнам спрынтар Мікіта Малкін, а яго калега Вераніка Самойлава выйграла 100-метроўку і стала другой на 200м. Аляксандра Савасцюк заваявала золата ў бегу 800м і срэбра на дыстанцыі ўдвая карацей, Іван Гардзейчык упэўнена першынстваваў у скачку з шастом. Нерадаснай пакуль што глядзіцца хіба што поўная адсутнасць якіх-небудзь ачкоў для каманды ў бегу на 3000м, спартыўнай хадзе і гарызантальных скачках.


Магілёўская вобласць леташнюю і зімовую пятую пазіцыю змяніла на шостую, набраўшы на праведзеным старце 184 ачкі. Узроставая група 2005-2006гг.н. у гэтым рэгіёне пакуль не адзначаецца шматлікімі перамогамі, але пры гэтым прадстаўніцтва ў Магілёўшчыны маецца ва ўсіх відах, ды і размеркаванне ачкоў па дысцыплінах аказваецца досыць роўным. У статусе пераможцаў дадому ў гэты раз адправіліся Ксенія Сляпцова, якая стала лепшай на бар'ернай 300-метроўцы, і мнагаборка Анастасія Рыбакова, прызёрамі сталі яшчэ шасцёра прадстаўнікоў Магілёўшчыны.


Мінская вобласць безальтэрнатыўна засталася сёмай з сумай у 136 ачкоў. Пры гэтым залікаў у зборнай набралася дастаткова – 44. Дзве бронзы камандзе прынёс спрынтар Мікіта Хадатовіч, трэцюю – штурхальнік ядра Канстанцін Перапяліца, срэбным прызёрам стаў мнагаборац Анатоль Кукрэш, які дае паралельны залік з Магілёўшчынай і прынёс падвоенныя балы. Большасць жа ачкоў, якія апынуліся ў скарбонцы Мінскай вобласці, апынуліся мінімальнымі з магчымых – адно, два, тры... Некаторыя з лідараў дадзенага рэгіёну прапусцілі гэты старт (і, такім чынам, сезон), і, магчыма, пры іх удзеле выступленне каманды склалася б крыху інакш.


КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ