Навіны
"БЯРЭЗІНА-ТРЭЙЛ": У ПАГОНІ ЗА АДРЭНАЛІНАМ
08 Сентября 2020
346


Многія аматары бегу з пераадоленнем перашкод нядзелю, 6 верасня, чакалі з нецярпеннем. Яно і зразумела: у гэты дзень на гарадскім пляжы р. Бярэзіна адбыліся рэспубліканскія прыгодніцкія лёгкаатлетычныя спаборніцтвы «Berezina Trail». Гэты захапляльны спартыўны форум штогод "гуляе" па гарадах Беларусі, але Барысаў прыняў эстафету ўпершыню, сабраўшы каля 500 удзельнікаў з нашай рэспублікі, Літвы і Егіпта.

Галоўнае адрозненне трэйлу ад класічнага кросу – у ландшафце і перападзе вышынь. Брод па калена, шматлікія няроўнасці, кусты, зараснікі крапівы – сур'ёзныя перашкоды трэба было пераадолець дарослым. А вось для дзяцей арганізатары падрыхтавалі нескладаную праграму.



Першымі на старт выйшлі самыя малодшыя ўдзельнікі – малыя ва ўзросце ад 3 да 4 гадоў. Ім трэба было прабегчы дыстанцыю па пяску ў 30 метраў. Замілавальна было глядзець на тых, што бягуць дашкалят. Адным з самых хуткіх апынуўся Андрэй Жаброўскі, які заняў 2 месца:


Андрэй Жаброўскі з маці Кацярынай

– Я занимаюсь баскетболом, и сын растет спортивным: очень подвижный, любит бегать, играть в футбол. Поэтому и решили поучаствовать в соревнованиях, – рассказала Екатерина, мама Андрея.

Пасля малых на старт выйшлі дзеці старэйшыя – да 12 гадоў. На стартавай пляцоўцы журналіст «А» запрыкмеціў Кацярыну Ракіцкую, педагога гімназіі №2. Яна прыйшла з уласнымі дзецьмі і з вучнямі гімназіі. Адказваючы на пытанні, многія хлопцы адзначалі, што замест працяглага нядзельнага сну аддалі перавагу спаборніцтвам. І не пашкадавалі.


Кацярына Ракіцкая з дзецьмі



Бо, акрамя бегу, тут было шмат чаго цікавага. Напрыклад, працаўнікі Барысаўскага ГРАНС зладзілі сапраўдную водную феерыю: пад струмені забягалі не толькі дзеці, але і дарослыя. А якая чарга выстраілася да пажарнай машыны, каб пасядзець за рулём побач з ратавальнікамі!




Юныя ўдзельнікі спаборніцтваў не абыходзілі бокам і пляцоўку Чырвонага Крыжа і Барысаўскага ДАІ: фатаграфаваліся з роставымі лялькамі і атрымлівалі ў падарунак флікеры. Ну, і вядома, не абышлося без творчых нумароў!




150 чалавек зарэгістрыравалася на сямейны забег: бацькі разам з дзецьмі беглі дыстанцыю 2 кіламетры. Вядома, хлопцы стараліся не менш дарослых, але пад канец стаміліся і некаторых прыйшлося пасадзіць на плечы, каб усё ж такі дабегчы да фінішнай прамой.





Муж вайсковец, таму са спортам сябруе. Рады, што сямейны адпачынак праводзім актыўна і з карысцю для здароўя. Дачка таксама вельмі старалася, – падзяліліся ўражаннямі ад сумеснага прабегу Лізавета і Андрэй Амялюсік, бацькі 3-гадовай Сафіі.


Лізавета і Андрэй Амялюсік і іх дачка Сафія

Для дарослых аматараў бегу арганізатары падрыхтавалі адразу некалькі дыстанцый: 10 і 25 кіламетраў, каб кожны мог выбраць сабе маршрут па сілах.



Яўген Макаранка з Віцебска спыніўся на 10 км:

– Займацца актыўна бегам я пачаў у мінулым годзе. Рыхтаваўся да мінскага паўмарафону, але яго адмянілі – прыйшлося шукаць альтэрнатыву. Барысаў наведваю ўпершыню. Уражанні станоўчыя: як ад месца, так і ад арганізацыі спаборніцтваў.

Адзіным барысаўчанінам, які паспяхова прабег дыстанцыю ў 10 км, апынуўся 49-гадовы Сяргей Андрон. Ён пераадолеў гэтую адлегласць за 42 мін. 46 сек. Трохі хутчэй апынуўся мінчанін Сяргей Касячэнка – яго рэзультат склаў 41 мін. 25 сек.


Сяргей Андрон 

– Я займаюся бегам з 2003 года, купаюся зімой у палонцы. Максімальная дыстанцыя, якую я пераадольваў, – 117 кіламетраў. Таму сёння было бегчы нескладана. Траса была зразумелай: усюды віселі паказальнікі, – на фінішы распавёў Сяргей Андрон.

Добры рэзультат паказала і барысаўчанка Любоў Сытова: у катэгорыі «жанчыны маладзей за 40 гадоў» яна стала другой, пераадолеўшы дыстанцыю за 52,5 хвіліны.


Любоў Сытова

– Я ўпершыню бегла такую адлегласць. Вырашыла праверыць сябе: змагу ці не. Часу рыхтавацца асабліва не было, адзінае – на мінулых выхадных прабегла 5 кіламетраў. У паўсядзённым жыцці імкнуся займацца спортам, бо праца сядзячая, здароўе «ляціць» хутка. Сённяшняя траса стала своеасаблівай «сцежкай мужнасці»: калі бяжыш і ўвесь час спрабуеш намацаць глебу пад нагамі – гэта той яшчэ адрэналін!

Калі ж на дыстанцыю ў 10 км зарэгістрыравалася шмат барысаўчан, то на 25 км – адзінкі. У іх ліку – Ягор Крыно, трэнер па лыжных гонках. Яго рэзультат склаў 2 гадзіны 10 хвілін.


Ягор Крыно на фінішы


Ягор Крыно

Складанасцяў было нямала, адна з іх – вузкія сцяжынкі. Раз нават упаў... Але ўсё добра, без дрэнных наступстваў. Для мяне гэта быў вельмі захапляльны бег. Я жадаю ўсім здароўя і любіць спорт! – сказаў малады чалавек.

Абсалютным пераможцам у дыстанцыі на 25 км апынуўся трыятланіст Аляксандр Васілевіч з Мінска. Гэтую адлегласць ён прабег за 1 гадзіну 33 хвіліны. Мужчына прызнаўся, што на трасе крыху заблытаўся і пабег не туды – на гэтым страціў час. Але гэта не перашкодзіла стаць яму першым.


Аляксандр Васілевіч — абсалютны лідар у дыстанцыі на 25 кіламетраў 


Трыятланіст Аляксандр Васілевіч 

А вось Taha Elrefaey з Егіпта планаваў прыняць удзел у паўмарафоне ў Мінску, а апынуўся ў Барысаве. Taha прызнаўся, што сённяшняя траса – самая складаная, якую яму калі-небудзь даводзілася пераадольваць. Аднак падтрымка беларусаў дапамагла яму добра справіцца з дыстанцыяй.


Taha Elrefaey з Егіпта

З-за каронавіруса многія спартыўныя мерапрыемствы былі пастаўленыя на паўзу. Сённяшнія спаборніцтвы праводзіліся ўпершыню пасля працяглага перапынку. Сюды прыехалі людзі, якія любяць адрэналін.


Адчуваецца, што яны засумавалі па спаборніцтвах, ва ўсіх выдатны настрой – гэта самае галоўнае. Значыць усё нездарма, – падсумаваў начальнік аддзела спорту і турызму Барысаўскага райвыканкама Аляксандр Жэжа.

Крыніцаedinstvo.by

Фота: Павел Пашкевіч, Алёна Драздоўская

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ