Навіны
ДАБРАМІР КАРАМАРЫНАЎ АБРАНЫ ПРЭЗІДЭНТАМ ЕЎРАПЕЙСКАЙ ЛЁГКААТЛЕТЫЧНАЙ АСАЦЫЯЦЫІ
14 Октября 2021
164


Сёння ў швейцарскай Лазане стартаваў 27-ы Еўрапейскі лёгкаатлетычны кангрэс. У рамках мерапрыемства прэзідэнтам Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі аднагалосна быў абраны Дабрамір Карамарынаў.

Карамарынаў стаў шостым прэзідэнтам ЕА пасля Адрыяна Паўлена (1970-1976), Артура Голда (1976-1987), Карла-Олафа Хомена (1987-1999), Хансйорга Вірца (1999-2015) і Свена Арнэ Хансена (2015-2020). Дабрамір выконваў абавязкі прэзідэнта з сакавіка 2020 года пасля таго, як Свен Арнэ Хансен памёр у чэрвені 2020 года з-за інсульту.

У сваёй падзячнай прамове новы прэзідэнт ЕА падзякаваў калегам за іх выбар і падтрымку, аказаную яму. Таксама ён заявіў, што прыкладзе максімум намаганняў, каб апраўдаць давер і працягне шчыра і сумленна працаваць на карысць еўрапейскай лёгкай атлетыкі.

Карамарынаў нарадзіўся ў Балгарыі ў 1958 годзе. Упершыню ён быў абраны ў Еўрапейскі лёгкаатлетычны савет у 2007 годзе. Прапрацаваўшы два тэрміны ў якасці члена Савета, ён быў абраны першым віцэ-прэзідэнтам у 2015 годзе, а з сакавіка 2020 года выконваў абавязкі часовага прэзідэнта. Раней ён быў трэнерам па лёгкай атлетыцы і мае вышэйшую адукацыю ў галіне спартыўнага менеджменту. На сённяшні дзень ён з'яўляецца прэзідэнтам балгарскай лёгкаатлетычнай Федэрацыі, а таксама Асацыяцыі балканскіх спартыўных федэрацый.

Таксама ў рамках кангрэса француз Жан Грасiя быў абраны віцэ-прэзідэнтам ЕА. У склад лёгкаатлетычнага савета ўвайшлі немец Юрген Кесінг і паляк Хенрык Альшэўскі. Нагадаем, што з вясны 2019 года ў Савет ЕА ўваходзіць спартыўны дырэктар і намеснік старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Надзея Аляксандраўна Бут-Гусаім, а сам Савет з'яўляецца найважнейшым выбарным органам Еўрапейскай асацыяцыі, які прымае рашэнні па пытаннях дзейнасці і будучыні еўрапейскай лёгкай атлетыкі.

Ужо заўтра, 15 кастрычніка, Савет прыступіць да выканання сваіх абавязкаў і правядзе насычаны графік семінараў. 16 кастрычніка ўвечары адбудзецца цырымонія ўзнагароджання Golden Tracks, на якой будуць абвешчаныя найлепшыя спартоўцы года і ўзыходзячыя зоркі сярод мужчын і жанчын у Еўропе. Прамую трансляцыю глядзіце на  YouTube канале ЕА.

Ад беларускага боку ўдзел у Кангрэсе прымаюць старшыня БФЛА Іван Ціхан, спартыўны дырэктар, намеснік старшыні і член Савета ЕА Надзея Бут-Гусаім і генеральны сакратар Вераніка Грэсь.


Еўрапейская лёгкаатлетычная канвенцыя 2022 года пройдзе ў эстонскім Таліне ў перыяд з 20-22 кастрычніка, а Еўрапейскі лёгкаатлетычны кангрэс 2023 года адбудзецца 21-23 красавіка ў сербскім Бялградзе.

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ