Навіны
«КАНТРОЛЬНАЯ РАБОТА» ДЛЯ СКАРАХОДАЎ. ПРЭВ'Ю ЧЭМПІЯНАТУ БЕЛАРУСІ ПА СПАРТЫЎНАЙ ХАДЗЬБЕ
02 Октября 2020
344


Ужо заўтра ў Гродне адбудзецца галоўны старт гэтага няпростага сезона для прадстаўнікоў спартыўнай хадзьбы. Чэмпіянат краіны ў гэты раз аб'яднаўся і з Мемарыялам П.І. Пачанчука, і з юнацкімі рэспубліканскімі спаборніцтвамі «Нашы Надзеі", якія традыцыйна з'яўляюцца кубкавым «дадаткам». На старт абяцаюць выйсці практычна ўсе лідары зборнай, што не можа не радаваць.

На шашы ў 2020-ым годзе паспелі пастартаваць толькі адзінкі – і то ў лютым. На зімовым і летнім нацыянальным чэмпіянаце хадакі «спрынтавалі» – прадстаўленыя на дарожцы 5000м і 10000м, вядома, пра гатоўнасць спартсменаў сказалі дастаткова, але ўсё-ткі відавочныя паралелі з алімпійскімі дыстанцыямі не правялі. Некалькі ж нашых спартсменаў, якія выступілі два тыдні таму на міжнародным фестывалі ў Алітусе, глядзеліся вельмі нядрэнна.

Нягледзячы на адноўлены з 1 верасня кваліфікацыйны алімпійскі перыяд і сертыфікаваную трасу, заваяваць ліцэнзію ў Гродне будзе, на жаль, нельга. Адна з абавязковых умоў – наяўнасць міжнародных суддзяў – на чэмпіянаце Беларусі не будзе выканана. Тым не менш, менавіта заўтрашні старт стане адказнай праверкай сіл перад «іспытным» сезонам. Прычым унутраная канкурэнцыя інтрыгуе.


Галоўную цікавасць выклікае 20-кіламетровая дыстанцыя. У мужчын тут мы ўбачым лідара Аляксандра Ляховіча, які ў верасні ўжо паказаў рэзультат 01:22:06. Гэта 54 секунды да асабістага рэкорду і 66 – да нарматыву ў Токіа. І ў Магілёве, і ў Мінску на чэмпіянатах краіны ён даказваў сваю гатоўнасць крочыць вельмі хутка, перапісваючы асабістыя дасягненні на больш кароткіх дыстанцыях. Верагодней за ўсё, кіравацца на будучым чэмпіянаце Аляксандр будзе не хуткасцямі сапернікаў, а толькі ўласным планам на заход і паказчыкамі секундамера. Затое ён сам непазбежна павінен стаць арыенцірам для маладых спартсменаў.

У першую чаргу – для 20-гадовага Мікіты Каляды. Ён сягоння – нумар два ў зборнай услед за Ляховічам. Хлопец толькі першы год выступае ў маладзёжным узросце, але яшчэ год назад, у якасці юніёра, пракрочыў дваццатку за 01:24:35. І гэта хутка. Бо гэтая дыстанцыя тады яшчэ не была для яго профільнай. Пры гэтым здарыўся той заход праз паўтара месяца пасля асноўнага старту сезона – юніёрскага чэмпіянату Еўропы, дзе беларус адсвяткаваў золата ў хадзьбе на 10000м. За год з таго пераможнага рэзультату Мікіта "зняў" больш за 50 секунд. Кандыцыі растуць, а ўбачыць Мікіту на дыстанцыі 20км удвая цікавей яшчэ і таму, што амбіцыі ў гэтага хлопца вельмі пэўныя – алімпійскія.


З'явіцца на старце таксама 23-гадовы Дзмітрый Лук'янчук, які мае асабістае дасягненне на ўзроўні 01:24:41. Спартсмен стабільна прагрэсіруе і праз пару-тройку гадоў можа апынуцца ўжо не ў ліку праследавацеляў, а сярод задавалых тон. Паўлу Альховіку, які толькі выйшаў з юніёрскай катэгорыі, пераход на дыстанцыю ўдвая даўжэйшай даўся складаней, чым Калядзе, яго аднагодку. Зрэшты, 18 верасня на фестывалі ў Алітусе на другой у сваім жыцці дваццатцы малады чалавек абнавіў свой рэкорд да 01:31:41. Нядаўна хлопец змяніў трэнера, перабраўся ў Мінск, і яму пакуль трэба час для адаптацыі да новых абставінаў і рабочых працэсаў. Але ён у 20-гадовага спартсмена ёсць.

У жанчын у хадзьбе на 20км заяўлены абедзве беларускія ўладальніцы алімпійскіх пуцёвак – Ганна Церлюкевіч і Вікторыя Рашчупкіна, паміж якімі, па ўсёй бачнасці, і разгорнецца асноўная барацьба за тытул чэмпіёнкі. Асабісты рэкорд першай з іх датаваны аж 2014-ым годам і роўны 01:29:39. Ганна, якая крыху больш за год таму вярнулася ў спорт пасля нараджэння дзіцяці, у лютым ужо паказала 01:29:59, а яшчэ адзначылася нацыянальным рэкордам на дзясятцы ў памяшканні. 25-гадовая Віка з кожным годам дадае. Год таму на чэмпіянаце Беларусі яна перапісала асабісты рэкорд, які і прынёс ёй ліцэнзію для ўдзелу ў такійскіх Гульнях, – 01:30:15. Летні чэмпіянат краіны спартсменка прапусціла, а вось падчас зімовага была на вельмі добрым хаду.


Цікава будзе паназіраць за маладымі Анастасіяй Рароўскай і Наталляй Малчанавай. Гэтым дзяўчатам па 23 гады і яны толькі пачынаюць набіраць абароты. Насця год таму пракрочыла дваццатку за 01:33:19. У Алітусе два тыдні, праўда, атрымалася амаль на сем хвілін павальней, але наўрад ці па адным гэтым старце можна меркаваць аб яе цяперашняй форме. Асабісты рэкорд Наталлі датаваны 2017-ым і роўны 01:40:22, але менавіта ў гэтым годзе дзяўчына істотна перапісала свае дасягненні на больш кароткіх дыстанцыях. Чаму б у Гродна не аформіць для камплекта і яшчэ адзін асабісты рэкорд?

Самым доўгім заходам у Гродне стане дыстанцыя 35км, на якой мы ўбачым у справе тых, чыім галоўным прыярытэтам на дадзены момант з'яўляецца 50км. Вядома, з такімі марафонскімі метражамі ў першую чаргу асацыюецца імя Дзмітрыя Дзюбіна. Ён – у ліку еўрапейскіх лідараў і ўжо паўтара года як з запаветнай алімпійскай пуцёўкай у кішэні, і ўся яго падрыхтоўка, вядома, накіравана на адзін самы галоўны і важны турнір. Тых, хто мог бы пацясніць яго з найвышэйшай прыступкі п'едэстала на нацыянальным форуме, пакуль не відаць, але на будучым старце дэбют на няпростай дыстанцыі трэба будзе здзейсніць некалькім маладым атлетам. Напрыклад, Анатолю Гомелеву, які чатыры разы стаў бронзавым на чэмпіянатах краіны гэтага года.


У жанчын у гэтым відзе праграмы не выйдзе на трасу Анастасія Яцэвіч, затое з'явіцца на дыстанцыі ўдзельніца чэмпіянатаў свету і Еўропы Надзея Даражук, канкурэнцыю якой паспрабуе навязаць Анастасія Родзькіна. Акрамя дарослых хуткасцяў, нам трэба будзе ўбачыць і заходы падрастаючай моладзі. Юніёры і старэйшыя юнакі будуць стартаваць на пяцёрцы, у больш малодшых узростах дыстанцыі будуць карацейшыя. У заяўках імёны тых, хто ўжо хутка можа дарасці да звання не проста перспектыўнага рэзерву, а ўжо паўнавартасных лідараў. Антон Більдзюга, Дзмітрый Шміт, Лізавета Грышкевіч, Аліна Чарнушэвіч, Алеся Савонеўская, Дана Марозава, сёстры Зубковы – спаборніцтвы абяцаюць быць цікавымі, а рэзультаты, хочацца верыць, высокімі.

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ