Навіны
КАЦЯРЫНА КАРНЯЕНКА, СЯРГЕЙ ПЛАТОНАЎ І ІЛЛЯ КАРНАВУХАЎ – ПЕРАМОЖЦЫ "ЯНТАРНАЙ МАРСКОЙ МІЛІ" Ў КЛАЙПЕДЗЕ!
10 Октября 2020
315


Сёння ў Клайпедзе ля паўночнага ўскрайку Куршскай касы прайшоў адкрыты чэмпіянат Літвы па лёгкаатлетычным кросе, а таксама юбілейныя 20-ыя міжнародныя спаборніцтвы "Янтарная марская міля", у якіх паспяхова прынялі ўдзел і беларускія спартсмены.

Старт і фініш удзельнікам забегу быў дадзены на спартыўна-аздараўленчай базе, узгорыстая траса традыцыйна прайшла па ўзмор'і, вілася па лесе, затым па асфальтаванай дарозе ўздоўж дзюнаў пад шум марскіх хваляў. Пакрыццё: 60% – асфальт, 35% – лясная сцежка, 5% – прыморскі пясок. Даўжыня круга склала тры марскія мілі, што складае 5.56км. Мужчыны пераадольвалі два, г.зн. шэсць марскіх міль або 11.11км. Дарэчы, імёны і прозвішчы пераможцаў у бегу на гэтых дыстанцыях увекавечваюцца на мемарыяльным камені, які важыць 6 тон і быў узняты з дна заліва пры паглыбленні акваторыі порта.

У жаночым забегу на 3 марскія мілі на старт выйшлі дзве нашы суайчынніцы, і менавіта Кацярыне Карняенка ў гэты дзень не было роўных на дыстанцыі. Больш за тое, яна фінішавала з новым рэкордам трасы – 18:55! Адзначым, што яна ўсяго на адну секунду перавысіла ранейшае дасягненне літоўскай бягунні Расы Драздаўскайтэ, якое заставалася неперасягненым з 2009-га года. Яшчэ адна беларуская ўдзельніца гэтых спаборніцтваў Таццяна Шабанава стала шостай.


У мужчын перамогу ў забегу на 6 марскіх міль адсвяткаваў наш Сяргей Платонаў, які паказаў рэзультат 34:04. Дарэчы, хутчэй па дадзенай трасе бегаў толькі яе рэкардсмен украінец Віталь Шафар: 33:52 у 2015-ым годзе і 34:00 у 2011-ым. Пятым на гэтай дыстанцыі фінішаваў сёння Юрый Капцераў. Роўных не знайшлося і беларусу Іллі Карнавухаву, які стартаваў у бегу на 1 марскую мілю (г.зн. 1.85км)!



Ад душы віншуем нашых спартсменаў з паспяховымі забегамі і яркім выступленнем і з нецярпеннем чакаем нашага нацыянальнага кросавага старту! Ужо ў гэтую сераду ў Магілёве збяруцца ўдзельнікі Кубка Беларусі, якія нягледзячы на няпросты час і нязвыклы сезон паспрабуюць парадаваць і нават здзівіць сваімі рэзультатамі!






Фота: Вітаўтас Петрыкас (https://www.facebook.com/gintarinejurmyle/)

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ