Навіны
ХТО МОЖА СТАЦЬ ПЕРАМОЖЦАМ WORLD ATHLETICS AWARDS-2020?
06 Ноября 2020
280


У гэтым годзе ўручэнне прэміі World Athletics Awards 2020 пройдзе ў суботу 5 снежня. Назіраць за прамой трансляцыяй можна будзе на YouTube-канале Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі. Цырымонія адзначыць дасягненні, якія так няпроста даліся ва ўмовах пандэміі, тым не менш, лёгкая атлетыка дастойна адказала на выклікі 2020 года і змагла адаптавацца да новых умоў, правёўшы неверагодныя турніры.

На гэты раз прэмія будзе ўручана ў 8 намінацыях, тры з якіх будуць прысуджацца ўпершыню:

«Прэзідэнцкая ўзнагарода» – за выключныя заслугі перад лёгкай атлетыкай;

«За трэнерскія дасягненні» – уручаецца трэнеру за падтрымку і паспяховае выступленне спартсмена, асабліва ў гэты цяжкі год;

«Натхнёныя COVID» – гэтая ўзнагарода будзе прысуджацца асобнай асобе або групе асоб, чые намаганні нягледзячы на выклікі 2020 года прывялі да правядзення асабліва натхняльнага спартыўнага мерапрыемства або атрымання новага вопыту;

«Найлепшая федэрацыя» – гэтую прэмію атрымае Федэрацыя, якая нягледзячы на цяжкасці 2020 года здолела правесці натхняльнае спартыўнае мерапрыемства ці мерапрыемства па развіцці і атрыманню новага вопыту;

«Узнагарода ад Супольнасці спартсменаў» – спецыяльная прэмія ад спартсменаў групе людзей, якія дапамагалі і падтрымлівалі іх у цяжкі час;

«Лёгкаатлетычны фотаздымак года» – прысуджаецца фатографам па рашэнні судзейскай калегіі.

Яшчэ дзве ўзнагароды – гэта «Лёгкаатлет года» і «Лёгкаатлетка года». Гэтыя прэміі прысуджаюцца найлепшым спартсменам. У ходзе галасавання, у якім прымуць удзел Савет Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі, федэрацыі-члены, а таксама балельшчыкі і прыхільнікі (зрабіць гэта можна ў сацыяльных сетках WA) з 10 намінантаў у кожнай катэгорыі будуць вызначаныя пяць мужчын- і пяць жанчын-фіналістаў. Імёны пераможцаў мы даведаемся 5 снежня. А пакуль давайце крыху бліжэй пазнаёмімся з кожным з намінаваных лёгкаатлетаў. Сцісла распавядзем аб папярэдніх дасягненнях, а таксама аб рэзультатах, паказаных у гэтым няпростым годзе.

ЁГКААТЛЕТ ГОДА"


DONAVAN BRAZIER


Donavan Brazier (15 красавіка 1997г.) – амерыканскі бягун, які спецыялізуецца ў бегу на сярэднія дыстанцыі. У 2019 годзе стаў чэмпіёнам свету ў бегу на 800м з рэкордам Паўночнай Амерыкі і ЗША – 1:42.34. У маі 2019 годза ён стаў пераможцам чэмпіянату свету па лёгкаатлетычных эстафетах, які праходзіў у Ёкагаме. Разам з Сіярай Браўн яны заваявалі залатыя медалі ў змешанай эстафеце 2х2х400м – 3:36.92. У зімовым сезоне-2020 Brazier узначаліў сусветны рэйтынг на дыстанцыі 800м з рэкордам краіны і кантынента ў памяшканні – 1:44.22. І ў летнім сезоне не толькі выйграў усе 7 забегаў, у якіх прымаў удзел, але і захаваў лідарства сезона – 1:43.15.

JOSHUA CHEPTEGEI


Joshua Cheptegei (12 верасня 1996г.) – угандыйскі лёгкаатлет, які выступае ў бегу на доўгія дыстанцыі. У 2017 годзе Cheptegei заваяваў серабро чэмпіянату свету ў бегу на 10000м, а праз два гады стаў чэмпіёнам свету – 26:48.36. Таксама на рахунку спартсмена тытул чэмпіёна свету па кросе ў асабістым і камандным заліку і дза залатыя медалі Гульняў Садружнасці на дыстанцыях 5000м і 10000м. У 2020 годзе Joshua Cheptegei устанавіў тры сусветныя рэкорды: 5000м (12:35.36), 10000м (26:11.00) і 5км (12:51). А таксама бягун дэбютаваў на паўмарафонскай дыстанцыі на чэмпіянаце свету ў Гдыні, дзе фінішаваў чацвёртым.

TIMOTHY CHERUIYOT


Timothy Cheruiyot (20 лістапада 1995г.) – кенійскі бягун, які спецыялізуецца на сярэдніх дыстанцыях. У 2017 годзе стаў віцэ-чэмпіёнам свету ў бегу на 1500м, а праз два гады падняўся на найвышэйшую ступень п'едэстала – 3:29.26. У 2020 годзе ўзначальвае рэйтынг сезону на дыстанцыі 1500м – 3:28.45, атрымаўшы перамогі ва ўсіх трох забегах, у якіх прымаў удзел.

RYAN CROUSER


Ryan Crouser (18 снежня 1992г.) – амерыканскі штурхальнік ядра. У 2016 годзе Ryan стаў алімпійскім чэмпіёнам, устанавіўшы алімпійскі рэкорд, – 22.52. У 2019 годзе заваяваў сярэбраны медаль чэмпіянату свету з вынікам 22.90. У сезоне-2020 Crouser запісаў на свой рахунак пераможную серыю з 10 турніраў. Таксама амерыканец узначальвае сусветны рэйтынг – 22.91 – паўтор трэцяга найлепшага рэзультату ў гісторыі.

MONDO DUPLANTIS


Mondo Duplantis (10 лістапада 1999г.) – шведскі скакун з шастом. У жніўні 2018 года на чэмпіянаце Еўропы ў Берліне 18-гадовы атлет перамог з рэзультатам 6.05, абнавіўшы тым самым нацыянальны рэкорд. Mondo стаў першым з 1950 года шведам, які выйграў золата чэмпіянату Еўропы ў скачку з шастом, і першым з 1971 года шведскім прызёрам у гэтай дысцыпліне. У 2019 годзе Duplantis стаў віцэ-чэмпіёнам свету – 5.97. 2020-ы год стаў для маладога шведа па-сапраўднаму рэкордным. 8 лютага ў Торуні ён устанавіў сусветны рэкорд – 6.17, а праз тыдзень перапісаў яго на турніры ў Глазга – 6.18. У верасні ён устанавіў найвышэйшае сусветнае дасягненне на адкрытых пляцоўках – 6.15. І, вядома, увагі заслугоўвае той факт, што ў 2020 годзе Duplantis атрымаў 16 перамог у 16 ​​турнірах.

JACOB KIPLIMO


Jacob Kiplimo (14 лістапада 2000г.) – угандыйскі лёгкаатлет, які спецыялізуецца ў бегу на сярэднія і доўгія дыстанцыі. На рахунку Jacob «срэбра» юніёрскага чэмпіянату свету ў бегу на 10000м – 27:40.36 – і чэмпіянату свету па кросе – 31:44. У 2020 годзе Kiplimo стаў чэмпіёнам свету ў паўмарафоне з рэкордам турніру – 58:49. Таксама бягун узначальвае сусветны рэйтынг сезона ў свеце ў бегу на 3000м – 7:26.64, што з'яўляецца найлепшым рэзультатам з 2007 года.

NOAH LYLES


Noah Lyles (18 ліпеня 1997г.) – амерыканскі спрынтар. На глабальным форуме ў Досе стаў двойчы чэмпіёнам свету: у бегу на 200м (19.83) і эстафеце 4х100м (NR 37.10). У гэтым годзе Noah узначальвае сусветны рэйтынг на дыстанцыі 200м з рэзультатам 19.76, а таксама спартсмен атрымаў перамогі ў 5 фіналах.

DANIEL STAHL


Daniel Stahl (27 жніўня 1992г.) – шведскі кідальнік дыска. У 2017 годзе на чэмпіянаце свету Daniel стаў другім – 69.19, праз два гады ён заваяваў ужо чэмпіёнскі тытул – 67.59. Улетку 2019 года Stahl перапісаў нацыянальны рэкорд – 71.86. У сезоне-2020 спартсмен выйграў 17 з 19 турніраў, а таксама ўзначаліў сусветны рэйтынг сезона – 71.37.

JOHANNES VETTER


Johannes Vetter (26 сакавіка 1993г.) – нямецкі кідальнік кап’я. На чэмпіянаце свету ў Лондане заваяваў залаты медаль з вынікам 89.89, праз два гады ў Досе стаў бронзавым прызёрам – 85.37. У гэтым годзе Johannes з'яўляецца безумоўным лідарам – 97.76 – другі рэзультат у гісторыі. А таксама кідальнік кап'я атрымаў перамогі ў 8 з 9 турніраў у сезоне.

KARSTEN WARHOLM


Karsten Warholm (28 лютага 1996г.) – нарвежскі бягун, які спецыялізуецца ў бегу на 400м з/б. Karsten двухразовы чэмпіён свету (2017, 2019), чэмпіён Еўропы (2018) у бегу на 400м з/б, а таксама чэмпіён Еўропы ў памяшканні (2019) на дыстанцыі 400м. У гэтым сезоне спартсмен узначаліў рэйтынг сезона з другім самым хуткім рэзультатам у гісторыі на бар'ернай 400-метроўцы з рэкордам Еўропы – 46.87. Да сусветнага рэкорду Karsten не хапае 9 сотых. Warholm не было роўных у 9 забегах на 400м і 400м з/б, акрамя таго лёгкаатлет устанавіў найвышэйшае сусветнае дасягненне ў бегу на 300м з/б – 33.78.

ЁГКААТЛЕТКА ГОДА"


FEMKE BOL


Femke Bol (23 лютага 2000г.) – нідэрландская бягуння, якая выступае ў бегу на 400м і 400м з/б. У 2019 годзе Femke стала чэмпіёнкай Еўропы сярод юніёраў на дыстанцыі 400м з/б з вынікам 56.25. У гэтым сезоне 20-гадовая спартсменка была непераможнай у 6 забегах на бар'ернай 400-метроўцы, а таксама ўзначаліла сусветны рэйтынг сезону на гэтай дыстанцыі – 53.79.

LETESENBET GIDEY


Letesenbet Gidey (20 сакавіка 1998г.) – эфіёпская спартсменка, якая спецыялізуецца ў бегу на доўгія дыстанцыі і кросе. У 2019 годзе Letesenbet стала віцэ-чэмпіёнкай свету ў бегу на 10000м – 30:21.23. 17 лістапада 2019 года ў Нідэрландах Gidey устанавіла сусветны рэкорд на дыстанцыі 15км – 44:20, стаўшы першай у гісторыі жанчынай, якая прабегла 15км хутчэй за 45 хвілін. У 2020-м у Валенсіі яна перапісала рэкорд свету ў бегу на 5000м – 14:06.62.

SIFAN HASSAN


Sifan Hassan (1 студзеня 1993г.) – нідэрландская лёгкаатлетка, якая спецыялізуецца ў бегу на доўгія дыстанцыі. Sifan – чэмпіёнка Еўропы ў бегу на 1500м (2014г.) І 5000м (2018г.), а таксама дзеючая чэмпіёнка свету ў бегу на 1500м і 10000м. У сезоне-2020 Hassan устанавіла сусветны рэкорд у гадзінным бегу – 18930м. 10 кастрычніка на турніры ў Нідэрландах стала пераможцай забегу на 10000м з рэкордам Еўропы – 29:36.67 – і чацвёртым рэзультатам у гісторыі.

PERES JEPCHIRCHIR


Peres Jepchirchir (27 верасня 1993г.) – кенійская бягуння, якая спецыялізуецца ў бегу па шашы. У 2016 годзе Peres стала чэмпіёнкай свету ў паўмарафоне з вынікам 1:07:31. У гэтым годзе яна спачатку ўстанавіла сусветны рэкорд на «палоўцы» сярод жанчын у Празе – 01:05:34, а потым вярнула сабе чэмпіёнскі тытул і зноў перапісала рэкорд свету ў Гдыні – 01:05:16.

FAITH KIPYEGON


Faith Kipyegon (10 студзеня 1994г.) – кенійская лёгкаатлетка, якая выступае ў бегу на 1500м. Сярод узнагарод спартсменкі: «золата» Алімпійскіх гульняў у Рыа – 4:08.92; тытулы чэмпіёнкі свету (2017г.) – 4:02.59 і віцэ-чэмпіёнкі 2019 года – NR 3:54.22. У гэтым годзе Faith 5 разоў выходзіла на старт і 5 разоў была пераможцай. А таксама Kipyegon завяршыла сезон лідарам сусветнага сезона ў бегу на 800м (1:57.68) і 1000м (2:29.15).

LAURA MUIR


Laura Muir (9 мая 1993г.) – брытанская бягуння на сярэднія і доўгія дыстанцыі. Muir не раз станавілася чэмпіёнкай Еўропы ў бегу на 1500м і 3000м, у 2018 годзе яна стала віцэ-чэмпіёнкай свету ў памяшканні на дыстанцыі 1500м (4:06.23) і бронзавым прызёрам зімовага ЧС на дыстанцыі 3000м (8:45.78). У гэтым сезоне брытанка выйграла тры забегі з трох на «паўтарашцы», а таксама завяршыла сезон на верхнім радку рэйтынгу – 3:57.40.

HELLEN OBIRI


Hellen Obiri (13 снежня 1989г.) – кенійская бягуння на сярэднія дыстанцыі. У 2016 годзе спартсменка стала віцэ-чэмпіёнкай Алімпійскіх гульняў у бегу на 5000м – 14:29.77. Obiri двухразовая чэмпіёнка свету ў бегу на 5000м (2017г. – 14:34.86, 2019г. – 14:26.72). У 2020 годзе Hellen тройчы выходзіла на старт 3000м і 5000м і тройчы ўздымалася на верхнюю прыступку п’едэстала гонару. У бегу на 3000м кенійка ўзначаліла рэйтынг сезона ў свеце з вынікам 8:22.54.

YULIMAR ROJAS


Yulimar Rojas (21 кастрычніка 1995г.) – венесуэльская скакуха трайным. У Рыа Yulimar стала алімпійскай чэмпіёнкай – 14.98; у 2017 годзе стала чэмпіёнкай свету – 14.91, а праз два гады ў Досе абараніла тытул – 15.37. У 2020-м на ўсіх сваіх пяці турнірах (як у памяшканні, так і на стадыёне) атрымала перамогі, а 21 лютага ў Мадрыдзе ўстанавіла сусветны рэкорд у памяшканні – 15.43.

ELAINE THOMPSON-HERAH


Elaine Thompson-Herah (28 чэрвеня 1992г.) – ямайская бягуння на кароткія дыстанцыі. Elaine чэмпіёнка свету ў эстафеце 4х100м (41.07) і двухразовая алімпійская чэмпіёнка – у бегу на 100м (10.71) і 200м (21.78). У гэтым сезоне Thompson сем разоў была пераможцай на 100-метроўцы, а таксама ўзначаліла сусветны рэйтынг – 10.85.

ABABEL YESHANEH


Ababel Yeshaneh (22 ліпеня 1991г.) – эфіёпская бягуння на доўгія дыстанцыі. У сезоне-2020 устанавіла сусветны рэкорд у паўмарафоне на прабегу ў Рос-Эль-Хайме (ААЭ) – 01:04:31. На чэмпіянаце свету ў Гдыні фінішавала пятай з рэзультатам 1:05:41.

***

Каментуючы гэтыя намінацыі, прэзідэнт Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Себасцьян Коэ сказаў: «У разбуральны год нашы спартсмены працягвалі старанна трэніравацца, а нашы арганізатары мерапрыемстваў зрабілі ўсё магчымае, каб правесці восем этапаў Брыльянтавай лігі, сем залатых турніраў Кантынентальнага тура, чэмпіянат свету па паўмарафоне і шэраг інавацыйных анлайн-спаборніцтваў. Хоць гэта быў не той год, які мы планавалі, я ганаруся нашымі спартсменамі, арганізатарамі і камандай Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі за іх зацятасць і рашучасць. Менавіта за гэта мы і будзем узнагароджваць штогадовай прэміяй».

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ