Навіны
ЛЕПШЫЯ З ЛЕПШЫХ. ПРА ЛІДАРАЎ І БЕЛАРУСАЎ У СУСВЕТНАЙ ЛЁГКААТЛЕТЫЧНАЙ ГІСТОРЫІ
29 Июня 2020
424


Час няўмольна ідзе, змяняючы ўсё на сваім шляху. Лёгкая атлетыка - не выключэнне. Укараняюцца новыя тэхналогіі, выкарыстоўваюцца навуковыя падыходы, перабудоўваюцца трэніровачныя працэсы. Развіваецца фармакалагічная галіна, спісы забароненых прэпаратаў папаўняюцца раней дазволенымі рэчывамі, а методыкі вызначэння наяўнасці допінгу ў арганізме становяцца ўсё больш дасканалымі. У некаторых лёгкаатлетычных дысцыплінах вынікі ў параўнанні з мінулым стагоддзем істотна выраслі, у іншых знаходзяцца на супастаўным узроўні, у трэціх рэкордныя лічбы трымаюцца да гэтага часу. Нязменным засталося, мабыць, адно: і тады, і цяпер лёгкаатлеты працуюць на знос, аддаючы спорту ўсяго сябе.

«Як было раней?» - пытанне заўсёды цікавае і актуальнае, і мы вырашылі сабраць статыстыку пра тое, хто ж з беларускіх прадстаўнікоў са сваімі вынікамі ўваходзяць у лік лепшых у гісторыі нашага віду спорту. У топ-100 для кожнай з лёгкаатлетычных дысцыплін на адкрытым паветры такіх спартсменаў набярэцца больш за 120.

Чаму варта пачаць з кідання молата? Ды таму, што ў ліку сотні лепшых апынуліся адразу 20 беларусаў - 11 мужчын і 9 жанчын. А яшчэ таму, што менавіта ў гэтым відзе праграмы нашы суайчыннікі размясціліся на найбольш высокіх пазіцыях. Трэція метры ў гісторыі сусветнай лёгкай атлетыкі належаць цяперашняму старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзіму Дзевятоўскаму, які ў 2005-ым адправіў снарад на адзнаку нацыянальнага рэкорду, якога да гэтага часу не маглі перавысіць - 84.90. Далей у 1986-м годзе кідалі толькі спартсмены зборнай каманды Савецкага Саюза родам з Расеі Сяргей Літвінаў-старэйшы - 86.04 - і сусветны рэкардсмен Юрый Сядых - 86.74. Усяго 4см лепшаму з беларусаў у гэтым рэйтынгу саступае японец Кодзі Мурафусі - часты і прынцыповы сапернік беларускіх малатабойцаў, які ў 2003-ім усталяваў асабісты рэкорд - 84.86. А вось пяты і шосты вынік адпаведна належаць таксама нашым атлетам: на 84.62 у 1992 кідаў Ігар Астапковіч, а ў 2008-м Іван Ціхан зафіксаваў 84.51. Следам на сёмым і восьмым радку размясціліся яшчэ два савецкіх спартсмена: масквіч Ігар Нікулін, які ў 1990-ым зафіксаваў спробу на 84.48 і эстонец Юрый Тамм, які шасцю гадамі раней кінуў снарад на 84.40. Дзявяты вынік у гісторыі - за венгерскім спартсменам Адрыянам Аннуш - 84.19 у 2003-ім годзе. А на дзясятай - лепшы з дзеючых малатабойцаў, якія працягваюць свае выступленні ў сектары, паляк Павел Файдак, які ў 2015-ым усталяваў асабісты рэкорд і рэкорд Польшчы - 83.93. Дзіўна, што на дзесяцёх лепшыя кідальнікі молата ўсіх часоў і народаў маюць 16 алімпійскіх медалёў і 19 узнагарод чэмпіянатаў свету.


Астатняя васьмёрка беларусаў, якая ўвайшла ў топ-100 выглядае так:

36 месца. Сяргей Алай – 82.00 (1992 год)

48 месца. Валерый Святоха – 81.49 (2006 год)

50 месца. Юрый Тарасюк – 81.44 (1984 год)

54 месца. Андрэй Варанцоў – 81.31 (2008 год)

71 месца. Аляксандр Красько – 80.78 (1994 год)

73 месца. Юрый Шаюноў – 80.72 (2009 год)

77 месца. Павел Крывіцкі – 80.67 (2011 год)

99 месца. Анатоль Чужас – 80.16 (1984 год)

Што тычыцца жаночага кідання молата, то ў гэтым відзе росквіт вынікаў даводзіцца, мабыць, менавіта на наш час. У праграму Алімпійскіх гульняў гэты від апынуўся ўключаным на старце новага тысячагоддзя - у 2000 годзе. Сусветным рэкордам валодае польская кідальніца Аніта Владарчык, якая ў 2016-ым паслала снарад на касмічныя 82.98, а з трохметровым адставаннем ад яе другім вынікам у гісторыі валодае немка Бэці Хайдлер - 79.42 у 2011-ым. Расіянка Таццяна Лысенка ў 2012-ым зафіксавала спробу на 78.51, што сягоння з'яўляецца трэцім паказчыкам, а вось чацвёрты быў паказаны ў мінулым 2019-ім годзе - лідар сусветнага сезона Дэана Прайс з ЗША адправіла молата на 78.24! Яшчэ адзін свежы вынік - 77.78 - быў паказаны ў 2018-ым амерыканкай Гвен Бэры, якая займае пятае месца ў гісторыі сусветнай лёгкай атлетыцы.

Лепшая з беларусак тут Аксана Мянькова, чыя спроба на 77.32, выкананая ў 2008-ым годзе, размяшчаецца на восьмым радку, а на пазіцыях з 11-ай па 26-ую размясціліся атлеткі, якія маюць за плячыма кідкі за 76 метраў. Вольга Цандар у 2005-ым адпраўляла молат на 76.66, і гэта з'яўляецца шаснаццатым вынікам. Алена Матошка ў 2012-ым годзе паказала дзевятнаццатыя метры - 76.56. Дар'я Пчэльнік са спробай на 76.33 у 2008-ым займае дваццаць першы радок, а цяперашні лідар беларускай каманды Ганна Малышчык, якая ў 2018-ым паказала 76.26, размясцілася следам на радок ніжэй.

У топ-100 уваходзяць яшчэ чатыры беларускі:

40 месца. Марыя Смалячкова – 74.65 (2008 год)

63 месца. Алена Собалева – 72.86 (2015 год)

81 месца. Алена Крэчык – 72.06 (2015 год)

83 месца. Анастасія Каламоец – 71.99 (2019 год)

Жаночая бар'ерная стометроўка ў Беларусі зараз на ўздыме - вынікі сусветнага класа дэманструюць дзве спартсменкі, яшчэ дзве знаходзяцца на падыходзе да гэтак высокага ўзроўня хуткасцяў. Нацыянальным рэкордам валодае Аліна Талай - 12.41, паказаныя два гады таму. Гэтыя секунды з'яўляюцца найхуткімі ў Еўропе за амаль 26-гадовы прамежак часу, а хутчэй нашай суайчынніцы ў 21 стагоддзі беглі адзінаццаць спартсменак. Пры гэтым у сусветным топ-лісце за ўсю гісторыю лёгкай атлетыкі Аліна Талай значыцца на дзевятнаццатай пазіцыі. Варта адзначыць, што ў дадзенай дысцыпліне ўзровень вынікаў знаходзіцца на супастаўным узроўні на працягу вось ужо каля сарака гадоў: сусветны рэкорд з 1988 года належаў балгарцы Іярданцы Данковай і быў роўны 12.21, пакуль у 2016-ым яго не перасягнула амерыканская барерыстка Кендра Харысан, якая праімчала дыстанцыю за 12.20. Трэція секунды ў гісторыі належаць яшчэ адной балгарскай спартсменцы Гінцы Загорчавай, якая ў 1987-ым паказала 12.25, а чацвёртымісекундамі - 12.26 - валодаюць расіянка Людміла Наражыленка (з 1992 года) і прадстаўніца ЗША Брыяна Макніл (з 2013 года). Яшчэ адзін вынік хутчэй 12.30 - 12.28 - належыць аўстралійцы Салі Пірсан, якая свой асабісты рэкорд устанавіла ў 2011-ым.


Шчыльнасць вынікаў у бегу на 100 м з бар'ерамі вельмі высокая - пра гэта кажа канкурэнцыя на любым з сучасных топ-турніраў. Тое ж самае можна сказаць і пра рэйтынг вынікаў з сусветнай гісторыі: у дыяпазоне 12.30-12.39 уключна размясціліся 10 лёгкаатлетак; 12.40-12.49 - 24; 12:50-12.59 - 27; 12.60-12.69 - 58. Адна з іх - беларуска Эльвіра Герман, чыё асабістае дасягненне 12.64 значыцца 89 вынікам у гісторыі. Дарэчы, гэтыя секунды наша маладая барерыстка зафіксавала ва ўзросце 21 года, і толькі 7 дзяўчат, якія размясціліся вышэй у топ-лісце і беглі хутчэй Эльвіры, былі маладзей на момант устанаўлення асабістага рэкорду.

Што ж тычыцца іншых спрынтарскіх дысцыплін, то ў топ-100 вынікаў у гісторыі ў індывідуальных відах ўвайшлі яшчэ чатыры паказчыка нашых спартсменаў. Прадстаўнік доўгага бар'ернага бегу Аляксандр Васільеў у 1985-ым годзе усталяваў рэкорд Беларусі (і СССР), прабегшы дыстанцыю за 47.92, і гэты паказчык займае 41 радок. Найхуткім на планеце на дадзены момант значыцца амерыканец Кевін Янг, які ў 1992-м у фінале Алімпійскіх гульняў усталяваў сусветны рэкорд - 46.78. Зрэшты, тры яго галоўных «пераследніка» па дадзеным рэйтынгу свае лепшыя паказчыкі фіксавалі ў апошнія два гады і кожны з іх выбягаў з 47 секунд. Хто ведае, можа быць хутка каму-небудзь з гэтых атлетаў - нарвежцу Карстану Вархольму (46.92), катарцу Абдэррахману Самба (46.98) або амерыканцу Раю Бэнджаміну (46.98) удасца перамясціцца вышэй.

У тым жа бар'ерным бегу на круг, але сярод жанчын, Таццяна Лядоўская ў 1991 годзе ўстанавіла найхуткія ў гісторыі краіны секунды - 53.11, што з'яўляецца 22 паказчыкам у гісторыі. На момант жа, калі дадзены вынік быў зафіксаваны, ён з'яўляўся другім і саступаў толькі сусветнаму рэкорду савецкай бар'ерысткі Марыны Сцяпанавай - 52.94. З тых часоў жа планетарнае дасягненне білася неаднаразова, пакуль у 2003-ем стараннямі расіянкі Юліі Пячонкінай не ўсталявалася на ўзроўні 52.34. Але сягоння гэты паказчык займае толькі трэці радок, бо у 2019-ым яго перавысілі адразу дзве амерыканскія спартсменкі: Далайла Мухамад (52.20) і Сіндзі Маклафлін (52.23). Сотню ж лепшых бягунняў на 400м з бар'ерамі ў гісторыі замкнула яшчэ адна наша суайчынніца Таццяна Курачкіна, якая ў 1988 годзе ў фінале Алімпійскіх гульняў у Сеуле заняла сёмае месца з вынікам 54.39. На жаночай 100-метроўцы Белая маланка Юлія Несцярэнка, якая стварыла 16 гадоў таму адну з самых гучных сенсацый спрынтарскага бегу, з вынікам 10.92, займае 58 радок. Недасягальны сусветны рэкорд спартсменкі з ЗША Флорэнс Грыфіт-Джойнер - 10.49 - стаіць з 1988 года, і яшчэ нікому ніколі не ўдавалася падабрацца да яго бліжэй, чым на 15 сотых секунды.


Эстафетная жаночая зборная 4х400м у складзе Юліяны Юшчанкі, Ірыны Хлюставай, Ілоны Усовіч і Святланы Усовіч у 2007-ым годзе разагналася да ўзрушаюча хуткіх секунд - 3:21.88, якія значацца пятнаццатым вынікам у гісторыі сусветнай лёгкай атлетыкі. Калі адняць вынік аб'яднанай каманды на Алімпійскіх гульнях 1992-го года, дзве неасноўных зборных ЗША і амерыканскую інтэрнацыянальную каманду, якая выступала на Кантынентальным кубку (тады яшчэ Кубку свету) у 2006-ым годзе, а заадно і такія не існыя цяпер краіны, як СССР, ГДР і Чэхаславакія, то сярод актуальных нацыянальных рэкордаў дасягненне нашых дзяўчат па праве займае восьмае месца ў свеце. Нядрэнны прыклад для падрастаючага пакалення 400-метравічак.

Мужчынскі скачок у вышыню ў апошнія гады стаў сапраўды беларускім відам, і адны з галоўных медальных надзей на топ-турнірах звязваюцца менавіта з ім. Нацыянальным рэкордам у дадзенай дысцыпліне з нядаўніх часоў валодае Дзмітрый Набокаў, які ў 2018-ым узляцеў на 2.36. Здаецца, на афіцыйных стартах любога маштабу такі вынік - гарант траплення на п'едэстал, але за сусветную лёгкаатлетычную гісторыю гэтага ўзроўню і вышэй дасягалі нямала спартсменаў. У агульным рэйтынгу скакуноў у вышыню ўсіх часоў гэты вынік займае 37 пазіцыю. Для прыкладу, Максім Недасекаў, чый вынік толькі на 1см ніжэй - 2.35, значыцца ўжо на 62 месцы. Экс-рэкардсмен краіны Андрэй Санковіч з вынікам 2.34 у гэтым спісе 78-ы. Цяжар лідарства - у легендарнага кубінца Хаўера Сатамайара, які ўзляцеў у 1993-ім годзе на 2.45. Усяго ж у яго актыве падчас спаборніцкай кар'еры маецца пятнаццаць стартаў, на якіх ён пакараў адзнаку 2.40 і вышэй! Акрамя яго ў свеце на сённяшні дзень гэты рубеж апынуўся падуладны яшчэ дванаццаці лёгкаатлетам.


У жаночых скачках у вышыню сусветнаму рэкорду таксама ўжо шмат гадоў. У 1987-ым балгарская спартсменка Стэфка Кастадзінава пераадолела 2.09, і, нягледзячы на тое, што ў розны час знаходзіліся скакухі, якія штурмавалі гэты рубеж, усё яшчэ нікому так і не ўдалося паўтарыць або перасягнуць гэта дасягненне. Другі вынік у гісторыі належыць яркай і эмацыянальнай харватцы Бланцы Власіч, якая амаль 11 гадоў таму ўзляцела на 2.08. А трэці радок дзеляць экс-рэкардсменка свету, яшчэ адна балгарка Людміла Андонава і расіянка Ганна Чычарава, якія пакарылі 2.07 адпаведна ў 1984-ым і ў 2011-ым. Усяго ж 2-метровы рубеж, які па праве лічыцца гросмайстарскім, у сусветнай гісторыі гэтага віду праграмы здолелі ўзяць 65 спартсменак. Сярод іх - дзве беларускі, рэкардсменкі нашай краіны, якія разам з яшчэ дзевятнаццаццю атлеткамі дзеляць 45 радок. Нагадаем, што Таццяна Шэўчык устанавіла нацыянальны рэкорд - 2.00 - у 1993-ім; Карына Дзямідзік яго паўтарыла летам 2019-га.

У сотню лепшых скакух увайшлі і яшчэ дзве нашы суайчынніцы:

79 месца. Валянціна Палуйка – 1.98 (1983 год)

79 месца. Таццяна Храмава – 1.98 (1995 год)

Беларускае прадстаўніцтва ў спісе лепшых у гісторыі скакуноў трайным вельмі немаленькае. Засмучае толькі тое, што за 17-метровую рысу ў нашай краіне не ляталі ўжо даўно. Зрэшты, калі разгледзець лідзіруючую дваццатку топ-ліста, то найстарэйшым вынікам - дванаццатым у рэйтынгу - валодае бразільскі скакун Жуан Карлуш дзі Аліў'ера, які ў далёкім 1975-ым уляцеў на 17.89. Пяць чалавек фіксавалі свае асабістыя дасягненні ў 1980-ых, яшчэ пяць, уключаючы і дзеючага рэкардсмена свету брытанца Джонатана Эдвардса (18.29), - у 1990-ых. Чацвёра зрабілі гэта ў 2000-ых і яшчэ пяцёра - у 2010-ым і пазней. Як раз на дваццаць першым радку размясціўся лепшы з беларускіх скакуноў, рэкардсмен краіны, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Сеуле Аляксандр Каваленка. Свой самы далёкі ў спартыўнай кар'еры вынік ён зафіксаваў у 1987-ім годзе, паляцеўшы на спаборніцтвах у Бранску на 17.77. Яшчэ адным прызёрам карэйскай Алімпіяды - срэбным - з'яўляецца іншы наш суайчыннік Ігар Лапшын, чый асабісты рэкорд размясціўся ледзь бліжэй напарніка па камандзе. На 17.69 ён здзейсніў спробу ў 1988-м у Мінску, і з гэтымі метрамі займае 28 месца. Дзмітрый Валюкевіч, які займаў 51 радок у 2003-ім, будучы грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, ляцеў на 17.57, але праз два гады стаў выступаць ужо за зборную Славакіі.

У топе наймацнейшых скакуноў размясціліся і іншыя нашы суайчыннікі:

55 месца. Васіль Грышчанкоў – 17.55 (1983 год)

58 месца. Генадзь Валюкевіч – 17.53 (1986 год)

58 месца. Аляксандр Главацкі – 17.53 (1998 год)

83 месца. Аляксандр Лявонаў – 17.45 (1987 год)

У жаночым трайным скачку рэкорд Беларусі быў устаноўлены ў маі 2012-га года на Кубку краіны ў Брэсце. Здзейсніла гэта Ксенія Дзяцук, паляцеўшы ў лепшым з выхадаў у сектар на 14.76. І гэта дасягненне - трыццаць дзявятае ў сусветнай гісторыі. З 1995-га не заваяваны метры ўкраінскай спартсменкі Інэсы Кравец, якая прызямлілася на адзнацы 15.50. Але ў верасні мінулага года 23-гадовая на той момант венесуэлка Юлімар Рохас стала другой атлеткай у свеце, якой удалося паляцець далей 15.40 - на 15.41. Трэці вынік - 15.39 - належыць камерунскай скакухе, якая пазней змяніла грамадзянства на французскае, Франсуазе Мбанга Этан. Усяго ж 24 лёгкаатлеткі ў розныя часы ляцелі за 15-метровую рысу. Што тычыцца беларусак, то другой сярод нашых суайчынніц значыцца Наталля Сафронава, якая ў 2000-ым усталявала асабісты рэкорд - 14.65, з якім займае 57 радок у топ-лісце.

Спаборніцтвы ў жаночым кіданні кап’я на сённяшні дзень беларускімі балельшчыкамі вельмі чаканыя. Свой уклад у гэта ўносіць і перспектыўная падрастаючая моладзь, але галоўная заслуга, вядома, належыць Таццяне Халадовіч. Уладальніца шаснаццатага асабістага дасягнення ў гісторыі, рэкардсменка Беларусі; два гады таму яна адправіла снарад на 67.47. Дасягненні ў гэтым відзе праграмы, у цэлым, вельмі маладыя, бо жаночае кап’ё перажыло рэдызайн толькі ў 1999-ім годзе. Самым далёкім у гісторыі вынікам і, адпаведна, сусветным рэкордам валодае легендарная чэская спартсменка Барбара Шпатакова. 72.28 яна паказала яшчэ ў 2008-ым, а за час сваёй спартыўнай кар'еры заваявала тры алімпійскія ўзнагароды і чатыры медалі чэмпіянатаў свету, большасць з якіх - залатыя. Акрамя яе за 70-метровую рысу кідалі яшчэ тры атлеткі: кубінка Аслейдыс Мянендас на 71.70 у 2005-ым, расіянка Марыя Абакумава на 70.53 у 2013-ым і немка Крысціна Обергфёлль - 70.20 у 2007-ым. Аўтарам самых далёкіх метраў, зафіксаваных у мінулыя некалькі гадоў, значыцца аўстралійка Кэтрын Мітчэл - 68.92, паказаныя у 2018-ым; і ёй належыць сёмы вынік у гісторыі.


Іншыя беларускі ў топ-100 жаночага кідання кап’я:

87 месца. Марына Новік – 63.25 (2009 год)

88 месца. Наталля Шымчук – 63.24 (2008 год)

У штурханні ядра ў жанчын лепшыя пятнаццаць вынікаў былі паказаны яшчэ ў мінулым стагоддзі і здаюцца ў цяперашніх рэаліях абсалютна фантастычнымі. Сусветны рэкорд савецкай спартсменкі Наталлі Лісоўскай - 22.63 - мабыць, даўно асуджаны стаць вечным. Нават да найвышэйшых паказчыках 21-га стагоддзя цяпер рэдка камусьці атрымоўваецца наблізіцца: у 2000-ым расіянка Ларыса Пеляшэнка адправіла снарад на 21.46 (16 вынік у гісторыі); новазеландка Валеры Адамс - на 21.24 у 2011-ым (22 вынік); беларуска Надзея Астапчук - на 21.09 у 2005-ым (27 вынік). Самымі свежымі і амбіцыйнымі метрамі могуць пахваліцца сягоння немка Крысціна Шваніц - 20.77 у 2015-ым годзе, амерыканка Мішэль Картар - 20.63 у 2016-ым, а таксама кітаянка Ліцзяо Гун - 20.43 у 2016-ым; пры гэтым гэтыя штурхальніцы займаюць толькі 39, 42 і 51 радок сусветнага топа адпаведна. Усяго ж у кар'еры далей 20-метровай рысы паказвалі вынікі 76 спартсменак.

Хто яшчэ з беларусак уваходзіць у лік наймацнейшых штурхальніц планеты:

41 месца. Наталля Міхневіч – 20.70 (2008 год)

43 месца. Яніна Правалінская-Карольчык – 20.61 (2001 год)

50 месца. Таццяна Арлова – 20.44 (1983 год)

89 месца. Юлія Леанцюк – 19.79 (2008 год)

Даволі на высокіх пазіцыях размясціліся беларускія дзесяціборцы, што, зрэшты, не дзіўна, улічваючы іх заслугі. Рэкорды і дасягненні ў гэтай складанай і шматстайнай дысцыпліне таксама вельмі маладыя: здавалася б, толькі нядаўна амерыканец Эштан Ітан на арэне пекінскага «Птушынага гнязда» ўсталяваў сусветны рэкорд - 9045 ачкоў (2015-ы год), як у 2018-ым яго ўжо перасягнула новая зорка мужчынскага мнагабор'я - француз Кевін Майер - 9126 ачкоў. Яшчэ адна легенда - чэх Раман Шэбрле - з сумай 9026 ачкоў мае трэці вынік у сусветнай гісторыі. Больш 9-тысячны рубеж не пакараўся нікому. Найлепшая сума ў гісторыі беларускай лёгкай атлетыкі належыць Эдуарду Хямяляйнену і была набрана ў 1994-ым годзе - 8735 ачкоў, што з'яўляецца 12-ым вынікам у свеце. У свой час гэты атлет, які мае фінскае паходжанне, але які нарадзіўся ў Савецкім Саюзе і выступаў за Беларусь, вярнуўся да сябе на радзіму. За час жа сваёй спартыўнай кар'еры ён у складзе нашай зборнай заваяваў два срэбра чэмпіянатаў свету, бронзу чэмпіянату свету ў памяшканні і срэбра чэмпіянату Еўропы. Андрэю Краўчанка належыць 27 месца і моладзевы нацыянальны рэкорд - 8617 ачкоў. Гэтую суму наш мнагаборац набраў у 2007-ым, будучы 21-гадовым, а праз год заваяваў срэбра Алімпійскіх гульняў.


Наш нацыянальны рэкорд у жаночым скачку ў даўжыню належыць Алене Бялеўскай, роўны 7.39 і быў усталяваны яшчэ ў 1987 годзе. Гэтыя метры - на шостым радку сусветнай лёгкаатлетычнай гісторыі, а далей за ўсіх ляцела савецкая спартсменка Галіна Чысцякова - на 7.52 у 1988 годзе. Амерыканка Джэкі Джойнер-Керсі праз шэсць гадоў змагла наблізіцца да яго так, як ніхто, зафіксаваўшы ў сектары 7.49. Трэці вынік, паказаны літаральна праз месяц пасля рэкорднага палёту Чысцяковай у тым самым 1988-ым, належыць прадстаўніцы ГДР Хайке Дрэкслер - 7.48. Найбольш далёкі скачок у цяперашнім стагоддзі здзейсніла расіянка Таццяна Котава, якая ў 2002-ім паказала вынік 7.42, а сярод дзеючых скакух максімальным асабістым дасягненнем можа пахваліцца амерыканка Брыттні Рыз - 7.31 і дзевяты вынік. Толькі 1см саступае ёй лідар мінулага сусветнага сезона немка Малайка Міхамбо, якая ў найбольш паспяховым пакуль што для сябе 2019-ым паляцела на 7.30. Але, дарэчы, гэта дасягненне з'яўляецца дванаццатым.

Таксама ў топ-100 скакух у гісторыі ўвайшлі яшчэ тры беларускі:

22 месца. Ірына Валюкевіч – 7.17 (1987 год)

39 месца. Анастасія Мірончык-Іванова – 7.08 (2012 год)

61 месца. Вераніка Шуткова – 7.01 (2012 год)

Жаночы скачок з шастом - від адносна малады. Прадстаўніцы прыгожага полу ўпершыню спаборнічалі ў ім у 1992-ым, а ў праграму Алімпійскіх гульняў ён увайшоў у 2000-ых. Дысцыпліна актыўна развіваецца, і менш чым за два дзесяцігоддзі сусветнае дасягненне вырасла на метр. Яго аўтар - расіянка Алена Ісінбаева - 28-разовая рэкардсменка свету, з якіх 17 былі паказаны на адкрытым паветры. Абсалютна лепшую ў гісторыі лёгкай атлетыкі вышыню - 5.06 - яна заваявала ў 2009-ым. Другі асабісты рэкорд належыць амерыканцы Сэндзі Морыс, якая ў 2016-ым узляцела на 5.00. Трэці вынік быў зафіксаваны ў мінулым годзе на чэмпіянаце свету ў Досе, дзе Анжаліка Сідарава, якая выступае пад нейтральным сцягам, адсвяткавала перамогу скачком на 4.95. У 2018-ым годзе яшчэ дзве дзяўчыны пакарылі планку на вышыні больш 4.90: 21-гадовая на той момант аўстралійка Эліза Макартні - 4.94, а таксама амерыканка Джэніфер Сур - 4.93, якая з 2016-га з'яўляецца рэкардсменкай свету ў памяшканні з вынікам 5.03. 4.91 бралі кубінка Ярыслей Сільва (у 2015-ым) і грачанка Кацярына Стэфанідзі (у 2017-ым). Што тычыцца нашай краіны, то ў пачатку стагоддзя беларускія скакухі не маглі пахваліцца канкурэнтаздольнымі на сусветнай арэне вынікамі. У адрозненне ад цяперашняга часу. Унутраная канкурэнцыя на дарослым узроўні ў гэтым відзе праграмы невялікая, але ў юнацкім спорце прыкметны прыток падрастаючага пакалення. Абсалютна лепшы вынік для Беларусі - 4.70 - належыць Ірыне Жук, і быў ён паказаны мінулым жніўнем пад скляпеннямі Нацыянальнага алімпійскага стадыёна «Дынама». Гэтыя метры - 39-ыя ў топ-лісце, і яшчэ дзесяць лёгкаатлетак у свой час дамагліся раўназначных поспехаў. Сотню ж лепшых шаставічак у гісторыі закрываюць скакухі, якія маюць у сваім актыве паспяховыя ўзлёты на 4.55. Да 2018-га нацыянальным рэкордам - 4.65 - валодала ўраджэнка Расіі Анастасія Шведава, якая змяніла грамадзянства і выступала ў нейкі перыяд часу за беларускую зборную. Аднак першы ў яе кар'еры ўзлёт на 4.65 датаваны 2007-ым годам, калі спартсменка яшчэ прадстаўляла сваю радзіму.


Зваротная сітуацыя ў мужчынскім скачку з шастом, дзе беларус Дзмітрый Маркаў з 1999-га года выступаў за зборную Аўстраліі. Яго лепшыя ў кар'еры метры - 6.05 - вызначаюць яго на трэці радок сусветнага рэйтынгу ўсіх часоў, але былі паказаны яны ўжо пад сцягам іншай краіны. Прадстаўляючы Беларусь, ён пакараў 6.00, што з'яўлялася б шаснаццатым вынікам у гісторыі. Рэкорд свету ж на адкрытым паветры да гэтага часу належыць украінцу Сяргею Бубке і роўны 6.14. Зрэшты, цяпер настаў менавіта той час, калі ў сектары мы раз-пораз бачым спартсменаў, гатовых яго біць.

У жаночым кіданні дыска рэкорд краіны легендарнай Эліны Зверавай, усталяваны ў 1988-ым, займае трынаццаты радок, роўны 71.59 і здаецца сягоння касмічным. Нават за 60-метровую рысу ў нас не кідалі ўжо даўно. Зрэшты, такая тэндэнцыя не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Сярод 24 лёгкаатлетак, якія кідалі ў кар'еры за 70 метраў, толькі двое зрабілі гэта ў 21 стагоддзі. Абсалютна лепшы вынік з 1988-га года належыць прадстаўніцы ГДР Габрыэле Райнш - 76.80(!); лепшы ў апошні час (і пятнаццаты ў гісторыі) - дзейснай спартсменцы з Харватыі Сандры Перкавіч - 71.41 у 2017-ым. У цэлым жа ў топ-100 наймацнейшых кідальніцы планеты значацца толькі сямнаццаць тых, хто паказаў свае вынікі ў 2010-ым і пазней.

Таксама туды ўвайшлі яшчэ дзве беларускія кідальніцы.

34 месца. Ірына Ятчанка – 69.14 (2004 год)

63 месца. Святлана Пятрова – 67.54 (1978 год)


Іншыя віды лёгкай атлетыкі, у якіх нашы суайчыннікі ўваходзяць у лік топ-100 сусветнай лёгкаатлетычнай гісторыі, прыведзены ніжэй.

Штурханне ядра (мужчыны):

1 месца. Рэндзі Барнас (ЗША) – 23.12 (1990 год)

2 месца. Ульф Цыммерман (ГДР) – 23.06 (1988 год)

3 месца. Аляссандра Андрэі (Італія) – 22.91 (1987 год)

3 месца. Джо Ковач (ЗША) – 22.91 (2019 год)

5 месца. Райан Крузер (ЗША) – 22.90 (2019 год)

5 месца. Томас Уолш (Новая Зеландыя) – 22.90 (2019 год)

29 месца. Сяргей Каснаўскас – 22.09 (1984 год)

33 месца. Міхаіл Косці – 21.96 (1986 год)

53 месца. Андрэй Міхневіч – 21.69 (2003 год)

87 месца. Міхаіл Дамаросаў – 21.44 (1984 год)

Кіданне дыска (мужчыны):

1 месца. Юрген Шульт (ГДР) – 74.08 (1986 год)

2 месца. Віргіліус Алекна (Літва) – 73.88 (2000 год)

3 месца. Герд Кантар (Эстонія) – 73.38 (2006 год)

35 месца. Георгій Калнавотчанка – 69.44 (1982 год)

39 месца. Уладзімір Дуброўшчык – 69.28 (2000 год)

89 месца. Васіль Капцюх – 67.59 (2000 год)

Кіданне кап'я (мужчыны):

1 месца. Ян Жалезны (Чэхія) – 98.48 (1996 год)

2 месца. Йоханэс Феттэр (Германія) – 94.44 (2017 год)

3 месца. Томас Роллер (Германія) – 93.90 (2017 год)

4 месца. Акі Парвіайнен (Фінляндыя) – 93.09 (1999 год)

48 месца. Уладзімір Сасімовіч – 87.40 (1995 год)

Спартыўная хада 10км (мужчыны):

1 месца. Раман Расказаў (Расія) – 37:11 (2000 год)

2 месца. Эрік Цюссе (Нарвегія) – 37:33 (2006 год)

3 месца. Вань Чжэнь (Кітай) – 37:44 (2010 год)

31 месца. Іван Троцкі – 38:52 (2003 год)

48 месца. Артур Меляшкевіч – 39:09 (2002 год)

59 месца. Артур Шумак – 39:18 (1992 год)

73 месца. Яўген Місюля – 39:31 (2003 год)

92 месца. Андрэй Талашка – 39:41 (2006 год)

Спартыўная хада 20км (мужчыны):

1 месца. Юсукэ Судзукі (Японія) – 1:16:36 (2015 год)

2 месца. Сяргей Марозаў (Расія) – 1:16:43 (2008 год)

3 месца. Йоанн Дзініс (Францыя) – 1:17:02 (2015 год)

30 месца. Артур Меляшкевіч – 1:18:12 (2001 год)

33 месца. Міхаіл Хмяльніцкі – 1:18:14 (2000 год)

64 месца. Франц Касцюкевіч – 1:18:51 (1990 год)

67 месца. Яўген Місюля – 1:18:54 (1989 год)

85 месца. Андрэй Талашка – 1:19:12 (2006 год)

Спартыўная хада 50км (мужчыны):

1 месца. Йоанн Дзініс (Францыя) – 3:32:33 (2014 год)

2 месца. Дзяніс Ніжагародаў асія) – 3:34:14 (2008 год)

3 месца. Матэй Тот (Славакія) – 3:34:68 (2015 год)

Яўген Іўчанка – 3:37:36 (1980 год) – Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыяй дадзены вынік не быў улічаны; у адваротным выпадку ён быў бы чатырнаццатым у гісторыі

36 месца. Аляксандр Паташоў – 3:40:02 (1990 год)

68 месца. Станіслаў Вежаль – 3:42:00 (1990 год)

72 месца. Віктар Гінько – 3:42:20 (1995 год)

Эстафета 4х800м (мужчыны):

1 месца. Джозэф Мутуа, Уільям Йампа, Ісмаэль Комбіч, Уілфрыд Бунгей (Кенія) – 7:02.43 (2006 год)

2 месца. Жэбрэ Харрыс, Дэвід Крумменэйкер, Сэм Бурлі, Хадзевіч Робінсан (ЗША) – 7:02.82 (2006 год)

3 месца. Себасцьян Коэ, Стыў Крам, Гары Кук, Петар Эліёт (Велікабрытанія) – 7:03.89 (1982 год)

21 месца. Міхаіл Старавойтаў, Павел Трашчыла, Уладзімір Падаляка, Мікалай Кіраў – 7:11.1 (1979 год)

25 месца. Андрэй Суднік, Азат Ракіпаў, Анатоль Макарэвіч, Іван Комар – 7:11.42 (1993 год)

Бег 800м (жанчыны):

1 месца. Ярміла Кратахвілава (Чэхаславакія) – 1:53.28 (1983 год)

2 месца. Надзея Алізаранка (СССР) – 1:53.43 (1980 год)

3 месца. Памэла Джелімо (Кенія) – 1:54.01 (2008 год)

4 месца. Кастэр Семеня (Паўднёвая Афрыка) – 1:54.25 (2018 год)

5 месца. Ана Фідэлія Кірот (Куба) – 1:54.44 (1989 год)

35 месца. Равіля Аглятдзінава – 1:56.24 (1985 год)

69 месца. Валянціна Пархута-Жукава – 1:56.97 (1984 год)

82 месца. Наталля Духнова – 1:57.24 (1996 год)

93 месца. Таццяна Грэбенчук – 1:57.35 (1990 год)

Бег 1500м (жанчыны):

1 месца. Гензебе Дзібаба (Эфіопія) – 3:50.07 (2015 год)

2 месца. Юнься Цюй (Кітай) – 3:50.46 (1993 год)

3 месца. Жан Бо (Кітай) – 3:50.98 (1997 год)

4 месца. Юнглай Лонг (Кітай) – 3:51.34 (1997 год)

5 месца. Юнься Вонг (Кітай) – 3:51.92 (1993 год)

6 месца. Сіфан Хассан (Нідэрланды) – 3:51.95 (2019 год)

60 месца. Равіля Аглятдзінава – 3:58.40 (1985 год)

99 месца. Раіса Смянова – 3:59.8 (1976 год)

Бег 3000м (жанчыны):

1 месца. Юнься Вонг (Кітай) – 8:06.11 (1993 год)

2 месца. Юнься Цюй (Кітай) – 8:12.18 (1993 год)

3 месца. Лінлі Джанг (Кітай) – 8:16.50 (1993 год)

4 месца. Сіфан Хассан (Нідерланды) – 8:18.49 (2019 год)

5 месца. Ліджан Ма (Кітай) – 8:19.78 (1993 год)

83 месца. Алеся Турава – 8:32.89 (2001 год)

Бег 3000м з перашкодамі (жанчыны):

1 месца. Беатрыс Чыпкоеч (Кенія) – 8:44.32 (2018 год)

2 месца. Рут Джэбет (Бахрейн) – 8:52.78 (2016 год)

3 месца. Сэллфін Чэспал (Кенія) – 8:58.78 (2017 год)

36 месца. Алеся Турава – 9:16.51 (2002 год)

98 месца. Святлана Кудзеліч – 9:27.95 (2014 год)

Сямібор’е (жанчыны):

1 месца. Джэкі Джойнер-Керсі (ЗША) – 7291 ачко (1988 год)

2 месца. Караліна Клюфт (Швецыя) – 7032 ачка (2007 год)

3 месца. Наффісату Ціам (Бельгія) – 7013 ачкоў (2017 год)

4 месца. Ларыса Нікіціна (СССР) – 7007 ачкоў (1989 год)

32 месца. Святлана Бурага – 6635 (1993 год)

52 месца. Наталля Сазановіч – 6563 (1996 год)

Спартыўная хада 5км (жанчыны):

1 месца. Хьерсці Цюссе Плетцэр (Нарвегія) – 19:46 (2006 год)

2 месца. Джыліан О’Саліван (Ірландыя) – 20:11 (2003 год)

3 месца. Элізабета Пероні (Італія) – 20:13 (2003 год)

4 месца. Алена Нікалаева (Расія) – 20:16 (2003 год)

5 месца. Алена Гінько – 20:24 (2006 год)

7 месца. Валянціна Цыбульская – 20:29 (2003 год)

9 месца. Вольга Кардапольцава – 20:37 (1991 год)

64 месца. Ганна Церлюкевіч – 21.32 – 61 (2019 год)

80 месца. Анастасія Рароўская – 21:41 – 75 (2019 год)

Спартыўная хада 10км (жанчыны):

1 месца. Алена Нікалаева (Расія) – 41:04 (1996 год)

2 месца. Ян Вонг (Кітай) – 41:16 (1999 год)

3 месца. Ірына Станкіна (Расія) – 41:17 (1997 год)

4 месца. Алімпіяда Іванова (Расія) – 41:24 (1997 год)

5 месца. Ларыса Рамазанава-Хмяльніцкая – 41:29 (1995 год)

26 месца. Валянціна Цыбульская – 42:06 (1999 год)

30 месца. Наталля Місюля – 42:13 (1999 год)

37 месца. Маргарыта Турава – 42:27 (2005 год)

38 месца. Вольга Кардапольцава – 42:29 (1997 год)

65 месца. Алена Гінько – 42:53 (2005 год)

69 месца. Людміла Далгаполава – 42:55 (1997 год)

Спартыўная хада 20км (жанчыны):

1 месца. Алена Лашманава (Расія) – 1:23:39 (2018 год) – дадзены вынік не быў прызнаны сусветным рэкордам у сувязі са зняццем зборнай Расіі ад спаборніцтваў, але ўлічваецца Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыяй у топ-лісце лепшых вынікаў у гісторыі

2 месца. Лю Хун (Кітай) – 1:24:38 (2015 год)

3 месца. Эльміра Алямбекава (Расія) – 1:24:47 (2015 год)

4 месца. Алімпіяда Іванова (Расія) – 1:24:50 (2001 год)

19 месца. Маргарыта Турава – 1:26:11 (2006 год)

87 месца. Валянціна Цыбульская – 1:28:10 (2003 год)

Спартыўная хада 50км (жанчыны):

1 месца. Клавдія Афанасьева (Россія) – 3:57:08 (2019 год) – дадзены вынік не быў прызнаны сусветным рэкордам у сувязі са зняццем зборнай Расіі ад спаборніцтваў, але ўлічваецца Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыяй у топ-лісце лепшых вынікаў у гісторыі

2 месца. Лю Хун (Кітай) – 3:59:15 (2019 год)

3месца. Лі Маоцо (Кітай) – 4:03:51 (2019 год)

4 месца. Ру Лян (Кітай) – 4:04:36 (2018 год)

15 месца. Алена Гінько – 4:12:16 (2004 год)

27 месца. Анастасія Яцэвіч – 4:16:39 (2019 год)

29 месца. Надзея Даражук – 4:17:29 (2019 год)

83 месца. Анастасія Родзькіна – 4:40:02 (2019 год)

100 месца. Кацярына Пашкоўская – 4:45:13 (2009 год)

Эстафета 4х100м (жанчыны):

1 месца. Ціана Барталета, Элісан Фелікс, Бянка Найт, Кармеліта Джэтар (ЗША) – 40.82 (2012 год)

2 месца. Вераніка Кэмпбэлл-Браун, Наташа Морысан, Элайн Томпсан, Шеллі-Энн Фрэйзер-Прайс (Ямайка) – 41.07 (2015 год)

3 месца. Марліс Гёр, Інгрыд Ауэрсвальд, Сабін Рыгер-Гюнтэр, Зілке Мёллер (ГДР) – 41.37 (1985 год)

46 месца. Юлія Несцярэнка, Наталля Салагуб, Алена Данілюк- Неўмяржыцкая, Аксана Драгун – 42:56 (2005 год)

Эстафета 4х800м (жанчыны):

1 месца. Людміла Барысава, Любоў Гурына, Надзея Алізаранка, Ірына Падялоўская (СССР) – 7:50.17 (1984 год)

2 месца. Ніна Ручаева, Равіля Аглятдзінава, Надзея Лабойка, Валянціна Пархута-Жукава (СССР) – 7:51.62 (1984 год)

3 месца. Элфі Зінн, Гунхільд Хофмайстар, Аніта Вэйсс, Ульрыке Брунс (ГДР) – 7:54.2 (1976 год)

12 месца. Аксана Мернікава, Таццяна Грэбенчук, Наталля Духнова, Равіля Аглятдзінава – 8:03.85 (1993 год)

41 месца. Даря Барысевіч, Ілона Усовіч, Вікторыя Кушнір, Марына Арзамасава – 8:20.07 (2017 год)

 

КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ