Навіны
ВЫБРАЦЬ НАЙЛЕПШЫХ. У БЕЛАРУСІ ПРАХОДЗІЦЬ ДРУГІ ЭТАП ПРАЕКТА "300 ТАЛЕНТАЎ ДЛЯ КАРАЛЕВЫ"
20 Сентября 2020
373


Другая палова верасня традыцыйна адзначаная правядзеннем другога этапа ўпадабанага дзецям, бацькам, настаўнікам і трэнерам спартыўна-масавага мерапрыемства "300 талентаў для Каралевы". Па краіне крочаць адборачныя спаборніцтвы: школьнікі малодшых класаў ва ўсю стараюцца праявіць сябе, часам ставячы перад сабой вельмі амбіцыйныя мэты; суддзі старанна фіксуюць рэзультаты, бо часам у спрэчцы за месца ў фінале ўсё вырашаюць сантыметры і долі секунды; трэнеры прыглядаюцца да здольных хлопцаў, якія вылучаюцца на фоне астатніх хуткасцю, тэхнікай, фізічнымі дадзенымі, характарам і ўпартасцю. Менавіта так ужо ў шосты раз вызначаюцца фіналісты, якія ўжо ў снежні збяруцца ў Мінску на вялікае маляўнічае спартыўнае свята!

У кожнай з абласцей абраныя некалькі кропак правядзення адбораў – у найбольш буйныя гарады з'язджаюцца сотні прадстаўнікоў найбліжэйшых раёнаў, аграгарадкоў, вёсак. Вучні другога, трэцяга і чацвёртага класаў здаюць пяць тэстаў: бег 30м, чаўночны бег 4х9м, скачок у даўжыню з месца, кіданне тэніснага мяча і бег на вынослівасць (800м для хлопчыкаў і 500м для дзяўчынак). Па іх выніках будуць сфарміраваны каманды рэгіёнаў і горада Мінска, у якія ўвойдуць па 43 дзіцяці (у Брэсцкай вобласці – 42).


Спаборніцтвы адбыліся ўжо ў шасці гарадах Беларусі: 15 верасня Віцебск даў старт другому этапу, 16 верасня эстафету падхапіла Орша, 17 верасня прайшлі спаборніцтвы ў Магілёве, а 19 верасня ў справу ўступіла Брэсцкая вобласць – Брэст, Пінск і Баранавічы. А мы з задавальненнем будзем трохі падрабязней распавядаць вам пра тое, як у рэгіёнах адбіраюць дзяцей у праект, і знаёміцца з некаторымі яго ўдзельнікамі, іх эмоцыямі і чаканнямі.

Карына Жукавец з сярэдняй школы №6 г. Брэста год таму стаяла на вышэйшай прыступцы п'едэстала ў фінале праекта: быўшы другакласніцай, яна стала самай хуткай у бар'ерным бегу. Хоча адабрацца ў каманду дзяўчынка і ў гэтым годзе:


- Мне 9 гадоў, і я вучуся ў трэцім класе. У мінулым годзе я ўжо была ў фінале на "300 талентаў для Каралевы", і больш за ўсё мне запомнілася тое, што я там добра прабегла і заняла першае месца! У гэтым годзе таксама хачу перамагчы. Я рыхтавалася да гэтых спаборніцтваў. Пакуль нідзе не трэніруюся, займаюся на ўроках фізкультуры. Мне падабаецца бегаць, і ў мяне лепш за ўсё атрымліваюцца доўгія дыстанцыі.

Сярод удзельнікаў другога этапа нямала "другагоднікаў". Сённяшнія чацвёртакласнікі Давід Прышла, Данілюк Данііл, Аляксандр Багатка і Максім Казлоў (злева направа) з пасёлка Мухавец Брэсцкага раёна ўсе разам прымалі ўдзел у фінале у 2019-м годзе.


Сваімі ўражаннямі падзяліўся 9-гадовы Максім:

- У мінулым годзе я быў у Мінску на фінале, і мне ўсё вельмі спадабалася! Але больш за ўсё запомнілася, як у самым канцы на нас сыпаліся паветраныя шарыкі і мы іх лопалі! Я займаюся лёгкай атлетыкай ужо чацвёрты год, і больш за ўсё мне падабаецца бег на вынослівасць. Сёння я пакуль не вельмі задаволены сваім выступленнем, але спадзяюся, што ў гэтым годзе таксама траплю ў каманду.

Аляксандра Клімовіч з сярэдняй школы №10 г. Пінска таксама з праектам знаёмая не па чутках:


- Я ўжо ўдзельнічаю ў другі раз, у мінулым годзе я патрапіла на фінал праекта ў Мінск. Больш за ўсё мне падабаецца бегаць 30 метраў. У гэтым годзе было гэтак жа крута, як і ў мінулым. Сёння я лепш за ўсё прабегла 500 метраў – за 01:51. Я займаюся лёгкай атлетыкай, трэніруюся, рыхтуюся да спаборніцтваў. Спадзяюся, што прайду на наступны этап.

Яшчэ адна пінчанка Аляксандра Курадавец вучыцца ў той жа школе №10. У фінал юная спартсменка яшчэ не трапляла, але вельмі хоча гэта зрабіць у гэтым годзе:


- Я зараз займаюся футболам, раней хадзіла яшчэ на танцы і займалася лёгкай атлетыкай у сваёй мамы. Мне больш за ўсё падабаецца бегаць 500 метраў. Сёння я скокнула ў даўжыню 152см, кінула мяч на 19 метраў і прыбегла другой у забегу на 500 метраў. У мінулым годзе я ўжо ўдзельнічала ў гэтым праекце, хачу ў гэтым годзе таксама патрапіць на наступныя этапы.

10-гадовая Паліна (злева) і 7-гадовая Аня (справа) з Брэста ўжо займаюцца лёгкай атлетыкай, але ў праекце "300 талентаў для Каралевы" ўдзельнічаюць упершыню. 


Дзяўчынкі любяць бегаць, і распавядаюць, чаму ім па душы заняткі спортам.

Паліна:

- Я вучуся ў чацвёртым класе ў сярэдняй школе №11. Займаюся лёгкай атлетыкай, і больш за ўсё мне падабаецца тое, што тут можна ўдзельнічаць у спаборніцтвах і спрабаваць сябе. 

Аня:

- Я чакала спаборніцтваў. Вучуся ў другім класе ў школе №7 і ў "300 талентаў для Каралевы" ўдзельнічаю ў першы раз. У лёгкую атлетыку я прыйшла нядаўна, і мне таксама падабаецца, што тут можна паказаць сябе.

Захар Цямчык прыехаў на адборачны этап у горад Пінск з роднага Іванава, дзе вучыцца ў чацвёртым класе СШ №4:


- Гэта мае самыя першыя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы "300 талентаў для Каралевы", да гэтага ўдзельнічаў толькі ў іншых відах спорту. Мне больш за ўсё падабаюцца кіданні. Сёння я адправіў мяч на 25 метраў. Вельмі хачу прайсці на наступны этап, буду старацца. Магчыма, ўсё з-за таго, што мой любімы прадмет у школе – фізкультура.

Берасцеец Арцемій Супрунюк таксама толькі знаёміцца з каралевай спорту:


- Мне 9 гадоў, я вучуся ў гімназіі №2, у трэцім класе. Я займаюся плаваннем: два гады быў у не спартыўнай групе, а цяпер ужо два гады лічуся ў спартыўнай. Мне там падабаецца. Я першы раз прымаю ўдзел у такіх спаборніцтвах, дзе трэба бегаць, скакаць, кідаць, і хачу сёння перамагчы.

Галоўны суддзя спаборніцтваў у Брэсце Аляксандр Рыгоравіч Лазарчук распавёў пра тое, чым важна спартыўна-масавае мерапрыемства "300 талентаў для Каралевы" для трэнераў:


- Хочацца сказаць дзякуй Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі за гэты праект, які быў арганізаваны ў 2015-м годзе. Я, як дзіцячы трэнер, дзякуючы яму магу набраць сабе для заняткаў здольных рабят. Многія трэнеры, якія працуюць у спартыўных школах, таксама цяпер знаходзяцца на гэтых спаборніцтвах і вырабляюць адбор дзяцей у групы пачатковай падрыхтоўкі. Я ў гэтым праекце з самага яго пачатку, з 2015-га года працую з камандай на трэцім-чацвёртым этапах, на працягу двух гадоў мы займаемся правядзеннем адборачнага этапу. У гэтым годзе, калі казаць пра брэсцкую зону, на спаборніцтвах прысутнічала ў раёне 250 чалавек. У манеж прыехалі хлопцы з Брэста, Брэсцкага, Кобрынскага, Маларыцкага і Камянецкага раёнаў. Бачу знаёмыя твары, бацькоў, настаўнікаў, якія штогод прымаюць удзел у гэтым мерапрыемстве. Калі казаць пра тых дзяцей, якія ў мінулым годзе прайшлі ў фінал і працягнулі займацца лёгкай атлетыкай, то іх узровень адназначна вырас, яны ходзяць на трэніроўкі, прымаюць удзел у раённых і абласных спаборніцтвах, удзельнічаюць у матчавых сустрэчах.

***

Ужо на наступным тыдні спаборніцтвы працягнуцца: у сераду 23 верасня сваіх фіналістаў будуць вызначаць у Мінскай вобласці (Бараўляны, Слуцк, Маладзечна і Барысаў), а ў пятніцу 25 верасня праект прыедзе ў Крычаў (Магілёўская вобласць). Мы абавязкова працягнем распавядаць вам пра тое, як праходзіць другі этап у розных гарадах нашай краіны, а пакуль прапануем паглядзець невялікую фотоподборку і зарадзіцца самымі шчырымі эмоцыямі юных спартсменаў!















КАЛЕНДАРЬ МЕРОПРИЯТИЙ
ИНФОРМАЦИОННЫЕ ПАРТНЕРЫ