Партал Bet News паразмаўляў з адным с галоўных носьбiтаў беларускай мовы ў нашым спорце.
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Адмыслова да гэтага свята Bet News падрыхтаваў інтэрв'ю з топавай беларускай прадстаўніцай скачкоў у вышыню Карынай Дзямідзік. Мы распыталі ў дзяўчыны, адкуль карані яе шчырай любові да роднай мовы, якую яна транслюе праз свой Instagram. Ну і пра спорт мы, канешне, таксама паразмаўлялі.
— Спадарыня Карына, як справы спартовыя?
— Хацелася б лепш, але дзякуй і за тое, што ёсць:)
— Штосьці здарылася?
— З 2019 года сутыкнулася з некалькімі сур'ёзнымі траўмамі і двума аперацыямі. На жаль, гэта мае свае наступствы, і трэба шмат часу, каб павяртацца да высокіх скачкоў.
— Як ўвогуле зараз ацэніш стан беларускай лёгкай атлетыкі?
— Складана сказаць. Адсутнасць міжнародных спаборніцтваў цісне на спартсменаў. Быццам знаходзімся па іншы бок лёгкай атлетыкі, але мы трымаемся і мы ёсць. Спаборніцтвы ў Расii даюць дадатковую матывацыю і для дасягнення выніку, і для далейшага ўдасканалення. Таму думаю, што сітуацыя складаная, але мы справімся.
— Пасля заканчэння мінулай Алімпіяды кіраўнік Федэрацыі лёгкай атлетыкі Беларусі Іван Ціхан адзначыў: "Карына Дзямiдзiк паказвала ў скачках у вышыню 1,95 метра. На Алiмпiядзе такi скачок мог прынесцi ёй бронзавы медаль". Прыемна было чуць такі водгук?
— Безумноўна, прыемна. Я рада, што гэта адзначаюць. Але сама я да гэтага стаўлюся дваяка.
Так, я дасягнула бронзавага выніку на Алімпійскіх гульнях, і нават у гэтыя ж даты, але гэта нельга параўноўваць з вынікам, які б мог быць у Парыжы. Там канкурэнцыя іншая, настрой іншы, атмасфера... Невядома, колькі б я там скокнула…
— На Алімпіядзе-2021 ў Токіа табе выступіць давялося. Там ты заняла 19-е месца. Які самы яскравы ўспамін пра той час?
— Штодзённыя тэсты на каранавірус і абсалютна пустыя трыбуны. Неяк не так я сабе ўяўляла спаборніцтвы сваёй мары:)
— Што лічыш сваім галоўным дасягненнем у кар«еры?
— 6-е месца на чэмпіянаце свету і срэбра на этапе Дыяментавай лігі з вынікам 2 метры — гэта калі казаць пра спартыўныя вынікі. А калі ў цэлым, то вяртанне ў прафесійны спорт пасля сур'ёзнай траўмы спіны і аперацыі на ступні.
— Увогуле, як ты прыйшла ў прафесійны спорт?
— Я з дзяцінства была вельмі актыўнай. Займалася ўсімі відамі спорту і ва ўсіх гуртках, пра якія ведала ў нашым горадзе. Лёгкая атлетыка сама мяне знайшла. Мой першы трэнер — Чурыла Алена Аляксееўна — некалькі гадоў прыходзіла да нас у школу і запрашала мяне на трэніроўкі. Але я неяк не вельмі згаджалася на гэта, таму што была процьма іншых заняткаў. Але прыйшоў час, і я сама туды прыйшла. Як прыйшла, так больш ніколі і не сышла адтуль. Проста гэта месца, дзе я павінна быць!
— Ты нарадзілася ў Баранавічах. Апішы горад свайго дзяцінства.
— Ганаруся, што я там нарадзілася! Так, Баранавічы — гэта горад майго дзяцінства і майго мінулага жыцця. Паркі, вадасховішча Мышанка, цягнікі, чыгуначны вакзал, плошча ў цэнтры горада з кавярнямі побач — асноўныя ўспаміны пра Баранавічы.
— Легендарны баранавіцкі фастфуд "Лодачка" зараз такі ж па смаку, як у тваім дзяцінстве?
— Адназначна так. Гэта наогул дзіўна, як на працягу столькіх гадоў яны застаюцца такімі ж, як і раней. Я іх люблю. Цяпер ніводная паездка ў Баранавічы не абыходзіцца без "Лодачкі". Хоць у дзяцінстве гэтага не разумееш і не шануеш. Толькі з часам прыходзіш да таго, што гэта такое роднае, такое смачнае і такое кайфовае.
— Ты ўжо амаль 10 гадоў вядзеш свой Instagram па-беларуску. Значыць, любоў да роднай мовы ў цябе ўжо вельмі даўно? Адкуль усё гэта?
— Так, ужо вельмі даўно мой Instagram беларускамоўны, і я гэтым ганаруся. Беларуская мова са мной з нараджэння, бо я вельмі часта была ў бабулі ў вёсцы і шмат праводзіла з ёй часу — дзякуючы ёй я люблю сваю родную мову. Мая радавая вёска называецца Гарадзішча і знаходзіцца ў Ляхавіцкім раёне, там вельмі файна. Ды і калі казаць у цэлым, то ў маім дзяцінстве практычна ўсе гаварылі на беларускай мове, ну і на трасянцы. Таму гэта была норма для мяне.
Вядома, потым гэта стала ўжо не модна, і ў школе ты лічылася "вёсачкай", калі гаворыш па-беларуску — так і вынішчаюць гэтую цудоўную мову. У школе ў мяне з рускай мовай неяк не складалася, і я заўсёды лічыла, што беларуская мне бліжэй і лягчэй. Таму і здавала яе на тэставанні пасля 11-га класа. Я нават да рэпетытара па хіміі хадзіла, які выкладаў у беларускай школе.
— Зараз у асабістым жыцці часта спілкуешся па-беларуску?
— Цяпер з беларускай мовай усё складаней. Не часта сустрэнеш людзей, якія на ёй размаўляюць, і цяпер гэта ўспрымаецца па-іншаму. Вядома, я не буду сцвярджаць, што пастаянна размаўляю на беларускай мове ў звычайным жыцці. Але перыядычна са сваім трэнерам, бацькамі і падпісантамі я гэта раблю і атрымліваю задавальненне.
Раней я нашмат лепш ведала беларускую мову. Цяпер складаней, усё ж такі адсутнасць практыкі адбіваецца на гутарковай мове. Тое, што я вяду Instagram на беларускай мове, лічу, вельмі крута і павялічвае цікавасць да яго з боку людзей, у тым ліку з іншых краін. Наогул адной з маіх асноўных мэтаў вядзення Instagram на беларускай мове было тое, што я хацела, каб на міжнароднай арэне выразна разумелі, з якой я краіны, і не блыталі яе з Расіяй. Таму што такое неаднаразова было. Мы асобная краіна са сваімі мовай, людзьмі і каларытам. Цяпер часта атрымліваю прыемныя словы ад расійскіх спартсменаў, і не толькі пра тое, што вяду свой Instagram па-беларуску. Часам вучу іх нашым словам — гэта весела і прыкольна.
— Сярод тваіх калегаў у спорце шмат тых, хто выкарыстоўвае ў жыцці беларускую мову?
— Я вельмі рэдка сустракаю кагосьці са сваіх калегаў, хто гаворыць на беларускай мове. Але ў Instagram некаторыя з іх адказваюць на мае гісторыі менавіта па-беларуску.
— Што параіш пачытаць па-беларуску нашым чытачам?
— З дзяцінства мае ўлюбёныя творы на роднай мове — гэта "Насцечка" Кузьмы Чорнага і "Сэрца на далоні" Івана Шамякіна.
— Што трэба рабіць, каб беларусы не забываліся роднай мовы?
— Трэба, каб было больш рэкламы, аб'яў, тэматычных месцаў і гэтак далей на беларускай мове. Трэба надаць ёй больш увагі пры навучанні ў школах, універсітэтах. Люблю месцы, дзе размаўляюць па-беларуску, напрыклад, кавярні, крамы і гэтак далей. Гэта ўсё крута. Ну і галоўнае — не саромецца і казаць родныя словы.
— Алаіза Пашкевіч (Цётка) ці Яўгенія Янішчыц?
— Цётка.
— "Песняры" альбо Макс Корж?
— Падабаюцца розныя беларускія песні, абсалютна розных выканаўцаў. Заўсёды ў пошуках беларускіх песень, каб скакаць пад іх на спаборніцтвах. Ёсць ідэі? "The Up!" "Палярная зорка"? Добра, абавязкова паслухаю:)
— Калдуны ці верашчака?
— Верашчака з блінамі!
— LSTR або ZNWR?
— INSHY. Вельмі падабаецца мне гэты брэнд адзення.
— Тваё месца сілы ў Беларусі?
— Люблю беларускую прыроду, падабаецца падарожнічаць па Беларусі. Складана вылучыць нешта канкрэтнае, напэўна, гэта перш за ўсё нашыя лясы і азёры. Думаю, правільна сказаць, што Беларусь — гэта месца маёй сілы, тут я дома і тут мне добра.
— Твой дэвіз па жыцці?
— Ніколі не спыняйся, рухайся наперад. Усё часова, нішто не вечна. Увогуле #далейтольківышэй — асноўны хэштэг у маёй інсце.
Матэрыял betnews.by